Рэспубліканскі праект пад назвай «Дапамога ветэрану — памяць у дзеянні» накіраваны ў першую чаргу на аказанне адраснай дапамогі ветэранам галіны і ўдзельнікам аднаўлення краіны пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Першае мерапрыемства ў рамках акцыі адбылося напярэдадні ў Шчучыне, дзе каля 40 прадстаўнікоў моладзі Гродзеншчыны сустрэліся з ветэранам працы Шчучынскай раённай ЖКГ Лідзіяй Вайтко. Жанчына больш за 35 гадоў прапрацавала на прадпрыемстве, прайшоўшы шлях ад радавога супрацоўніка да майстра азелянення.
Абласная арганізацыя не толькі аказала матэрыяльную падтрымку ветэрану галіны, але і арганізавала круглы стол, падчас якога Лідзія Іванаўна падзялілася з маладымі людзьмі ўспамінамі аб сваёй працы, расказала аб цяжкасцях і дасягненнях. Яна адзначыла, што раней у работнікаў не было такіх магчымасцей, як цяпер — ад умоў працы да сучасных тэхналогій. Ветэран працы заклікала моладзь шанаваць тое, што ёсць сёння ў галіне.
— У першую чаргу гэтая акцыя пра ўвагу да людзей працы, якія прыклалі ўсе сілы, каб закласці трывалы падмурак для развіцця галіны. Іх веды і досвед неацэнныя. Таму такія сустрэчы важныя і для маладых людзей, якія больш апускаюцца ў прафесію, могуць з першых вуснаў пачуць аб станаўленні сферы ЖКГ. Дарэчы, ініцыятарам рэспубліканскай акцыі выступіла менавіта моладзь, таму ўсе мерапрыемствы будуць праводзіцца з іх актыўным удзелам, — адзначылі ў прэс-службе Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання. — Падтрымка ветэранаў прадугледжвае разнапланавую дапамогу. Не толькі фінансавую, але і бытавую — ад пакупкі прадуктаў, прыгатавання ежы і да добраўпарадкавання дамоў.
Так, рэалізацыя праекта толькі на першапачатковым этапе прадугледжвае правядзенне каля 50 мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Сустрэчы ў зручным для ветэранаў працы фармаце, дапамога менавіта тая, якая неабходна. У прыярытэце — пажаданні і магчымасці людзей.
Ужо сёння моладзь сферы ЖКГ сустрэліся на Магілёўшчыне з ветэранам працы Магілёўскага гарадскога прадпрыемства цеплаэнергетыкі. Маладыя людзі навялі парадак на прыдамавой тэрыторыі былога работніка арганізацыі, а пасля ў невялікім коле пагутарылі з ветэранам на актуальныя тэмы. А 6 чэрвеня эстафету прымае Віцебск — дапамога ад моладзі галіны чакае былога работніка «Віцебскжылпаект». Сустрэча пройдзе на базе роднага для ветэрана прадпрыемства.
Алена КРАВЕЦ