Задачы для «пяцёркі»
Ад агульнага рынку газу да кліматычнага парадку дня. У Кыргызстане прайшло пасяджэнне Еўразійскага эканамічнага міжурадсавета ў вузкім складзе пад старшынствам Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына. Падрабязнасці — у нашым матэрыяле.
Кіраўнік беларускага ўрада знаходзіцца з двухдзённым рабочым візітам у Кыргызстане. У першы дзень візіту пад яго старшынствам прайшло пасяджэнне ЕМУС у вузкім складзе, у другі запланаваны сустрэча з Прэзідэнтам Кыргызстана Садырам Жапаравым і пасяджэнне міжурадсавета ў пашыраным складзе з падпісаннем выніковых дакументаў.

Нагадаем, што сёлета наша краіна старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза. Цяперашняе пасяджэнне кіраўнікоў урадаў «пяцёркі» было вырашана правесці ў невялікім мястэчку Чалпон-Ата, што знаходзіцца на ўзбярэжжы легендарнага возера Ісык-Куль. У дзяржаўнай рэзідэнцыі Кангрэс-хол удзельнікі ЕМУС вырашалі актуальныя пытанні Еўразійскага эканамічнага парадку.
- Як распавяла па выніках пасяджэння ЕМУС у вузкім складзе намеснік Прэм’ер-міністр Наталля Пяткевіч, работа над дакументамі ажыццяўляецца спачатку на экспертным узроўні, потым на ўзроўні Савета ЕЭК. Калі кансэнсусу не ўдаецца дасягнуць на папярэдніх стадыях — пытанне выносіцца на вышэйшы ўзровень (альбо кіраўнікоў урадаў, альбо кіраўнікоў дзяржаў).
Як распавяла віцэ-прэм’ер, на пасяджэнні ў вузкім складзе разглядалі чатыры пытанні, дыскусіі па адным з якіх вяліся каля года, а кампраміс дасягнуты літаральна на працягу апошняй гадзіны пасяджэння. Яна падкрэсліла, што, ствараючы адзіную прастору, інтэграцыйнае аб’яднанне, бакі кіруюцца галоўным прынцыпам — пошукам кампрамісаў.
— Не заўсёды гэта магчыма, не заўсёды да гэтага ёсць гатоўнасць і жаданне. Зразумела, ёсць і пэўныя сілы ўнутры краіны. Сплесці ў клубок гэты комплекс інтарэсаў заўсёды вельмі складана, — пракаментавала Наталля Пяткевіч.
Яна дадала, што падчас цяперашняга пасяджэння абмяркоўваліся досыць сур’ёзныя і складаныя пытанні:
— Гэта пытанні мытнага рэгулявання, таму што ўсе праблемы, якія ў свеце ўзнікаюць з мытнымі пошлінамі, кантрафактам, натуральна, адбіваюцца на нашых дзяржавах. Таму вельмі важна ўсім разам абараніць сваю мытную прастору. Гэта патрабуе адаптацыі заканадаўстваў і мытных практык і пэўнай лічбавізацыі (працэсы складаныя ў тэхналагічным плане, не менш складаныя яны і ў прававым рэгуляванні).
Наталля Пяткевіч таксама паведаміла, што бакі завяршаюць выкананне Стратэгіі-2025:
— У нас ёсць жаданне паспрабаваць прыйсці да поўнага выканання Стратэгіі. Для гэтага цяпер ва ўзмоцненым рэжыме працуюць усе структуры на ўсіх узроўнях, каб паспрабаваць знайсці кампрамісы
Віцэ-прэм’ер дадала, што бакі таксама разгледзелі дастаткова складанае пытанне па абароне нацыянальных вытворцаў краін — удзельніц ЕАЭС:
— Ёсць пэўная розніца і ў прававым рэгуляванні, ёсць некаторыя адрозненні ва ўмовах знешнеэканамічнай дзейнасці. І кіраўнікі нашых урадаў спрабавалі знайсці кампраміс. Вельмі прыемна, што ёсць узаемны рух насустрач. І хоць пакуль рашэнне не прынята, але ўзята пауза на месяц. І, прынамсі, усе бакі поўныя гатоўнасці ў Мінску гэтае пытанне нарэшце завяршыць.
Дарэчы, у пашыраным складзе бакі абмяркуюць пытанні не менш актуальныя. Адзначым, што гэтым разам на парадак дня ЕМУС былі вынесены два дзясяткі пытанняў, сярод якіх зацвярджэнне праграмы развіцця біржавых таргоў на агульным біржавым (арганізаваным) рынку тавараў у рамках ЕАЭС; гадавой справаздачы ЕЭК аб стане канкурэнцыі на трансгранічных рынках і мерах, якія прымаюцца па спыненні парушэнняў агульных правілаў канкурэнцыі на іх за 2024 год; унясенне змены ў план мерапрыемстваў па рэалізацыі асноўных напрамкаў і этапаў рэалізацыі скаардынаванай (узгодненай) транспартнай палітыкі дзяржаў — членаў ЕАЭС на 2024 — 2026 гады.
- Таксама ўдзельнікі азнаёміліся з дакладамі аб ходзе фарміравання ў 2024 годзе агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС, агульнага рынку газу «пяцёркі», з канцэпцыямі развіцця агульнага рынку лекаў і медвырабаў у ЕАЭС. Заслухалі ход рэалізацыі ў мінулым годзе плана першачарговых мерапрыемстваў па лічбавізацыі грузавых чыгуначных перавозак у ЕАЭС і мерапрыемстваў, прадугледжаных раздзелам «Лічбавізацыя транспартных калідораў» плана па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і КНР.
У полі зроку ўдзельнікаў таксама выкананне даручэння ЕМУС аб рэалізацыі падыходаў па рэгуляванні пытанняў кліматычнага парадку дня і даклад аб мэтазгоднасці збліжэння кваліфікацыйных патрабаванняў па найбольш запатрабаваных прафесіях на рынку працы ЕАЭС і парадку пацвярджэння прафесійных кваліфікацый.