Top.Mail.Ru

Актыўна ўключыўся ў пасяўную кампанію самы паўночны рэгіён краіны

Надвор'е спрыяе

Віцебская вобласць замыкае пачатак палявых работ у краіне з прычыны кліматычных асаблівасцяў рэгіёна. Тым не менш у канцы сакавіка ўсе яе раёны пачалі вясенне-палявыя работы.

— Падкормлена больш як трэць азімых культур — і азімыя збожжавыя, і азімы рапс, — расказаў у праекце БелТА «Краіна гаворыць» старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Андрэй БУЛАЎКІН. — Таксама ўсе раёны ўключыліся ў сяўбу ранніх збожжавых культур, і мы нават крыху апярэджваем узровень мінулага года. Сказаць, што дзесьці адстаём, не магу.

Пасяўная кампанія ў вобласці ідзе. Усе віды палявых работ вядуцца: і падкорм, і падрыхтоўка глебы, 

і абавязковы прыём закрыцця вільгаці, падкрэсліў ён:

— Усе раёны вобласці па гатоўнасці тэхнікі падышлі адносна раўнамерна. Гатоўнасць складае больш як 90 %. Калі браць кропкава, то энерганасычаныя трактары — больш як 95 %, спецмашыны тыпу «Раса», «Дзвіна» — стапрацэнтная гатоўнасць.

Па словах старшыні камітэта, тэрміны завяршэння пасяўной кампаніі зараз прагназаваць складана:

— Але калі браць раннія збожжавыя, якія сеем цяпер, то плануем завяршыць работы ў першай палове красавіка. Далей будзем выходзіць на сяўбу лёну, кукурузы і іншых цеплалюбівых культур — арыенціровачна каля 10 мая.

У тэму

Мінская вобласць поўнасцю забяспечана насеннем і ўгнаеннямі

На Міншчыне пасяўная ў поўным разгары. Цэнтральны рэгіён забяспечаны насеннем больш як на 180 %. Аднак галоўная задача цяпер стаіць не проста ў колькасці, а ў якасці пасяўнога матэрыялу.

— Мы актыўна супрацоўнічаем з навуковымі цэнтрамі, ацэньваючы эфектыўнасць розных сартоў, якія ёсць у наяўнасці. Адбор культур вядзецца з улікам іх прыдатнасці для нашай перапрацоўкі. У гэтым кірунку мы працуем сістэмна і планава, таму праблем не бачым, — заявіў у праекце БелТА «Краіна гаворыць» старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей ПРЫМАЧЭНКА.

Па яго словах, па ўгнаеннях таксама прымяняецца штогадовы планавы падыход:

— Нягледзячы на складанасці, мы поўнасцю забяспечаны ўгнаеннямі як для падкорму, так і для яравой сяўбы. Закупкі вядуцца планава, згодна з даведзенымі графікамі. Па фосфару дамоўленасці забяспечаны на 100 %, па калію — больш як на 75 %, азотныя ўгнаенні — у такім жа аб’ёме. Мы працягваем нарошчваць запасы і плануем выкупіць усе квоты. Аднак ужо цяпер трэба думаць аб наступнай пасяўной кампаніі. Яна не за гарамі, таму неабходна загадзя прапрацоўваць пытанні закупкі ўгнаенняў пад восеньскую сяўбу.

Што датычыцца падрыхтоўкі да пасяўной, кожны раён ішоў у сваім тэмпе, але ж з ёй справіліся ўсе, адзначыў Сяргей Прымачэнка:

— Вядома, ёсць больш моцныя раёны, ёсць больш слабыя. Мы аказваем усялякую падтрымку і дапамогу прадпрыемствам, якія самі не могуць справіцца з пастаўленымі задачамі. А асноўнай з задач было своечасова падрыхтаваць спецтэхніку. Мы падрыхтавалі апырсквальнікі «Раса», энерганасычаную тэхніку, якая сёння ўдзельнічае ў работах. Гэта датычыцца ўсёй неабходнай сельгастэхнікі, што будзе выкарыстоўвацца не толькі ў вясенняй кампаніі, але і ў далейшым. Перад Мінскай вобласцю стаіць задача да 1 мая максімальна падрыхтаваць кормаўборачную тэхніку — яна ўжо нас непакоіць больш.

Дзякуючы Прэзідэнту і ўраду ўдзяляецца асаблівая ўвага ўсім абласцям краіны па набыцці тэхнікі.

— Каб выконваць задачы і аб’ёмы, якія нам даводзяцца, абнаўленне тэхнікі павінна быць пастаянна, — лічыць старшыня камітэта. — Напрыклад, у Мінскай вобласці непазбежна кожны год трэба купляць 200–250 энерганасычаных трактароў.

Дарэчы

«Падсалодзяць» палі

У Беларусі пачалася масавая сяўба цукровых буракоў, паведамілі ў прэс-службе Мінсельгасхарча. Плануецца засеяць імі больш як 106 тыс. га.

— Паводле аператыўных даных на 2 красавіка, цукровыя буракі пасеяны на крыху больш як 6 тыс. га, што складае амаль 6 % ад планавых плошчаў. Тэмп палявых работ адпавядае мінулагоднім паказчыкам, — адзначылі ў прэс-службе Мінсельгасхарча.

У сяўбу ўключыліся Брэсцкая (1,2 тыс. га), Гродзенская (4,1 тыс. га) і Мінская (0,86 тыс. га) вобласці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю