Top.Mail.Ru

Актывізацыя ўзаемадзеяння ў галіне лічбавай трансфармацыі — адзін з прыярытэтаў беларускага старшынства ў ЕАЭС


Ён адзначыў, што прыярытэты працы нашай краіны на гэты перыяд вызначаны. І асобным пунктам у гэтым пераліку стаіць актывізацыя ўзаемадзеяння дзяржаў-членаў ЕАЭС у галіне лічбавай трансфармацыі. 

— Прычына зразумелая: рэалізаваць задачы, якія стаяць перад намі, сёння немагчыма без выкарыстання лічбавых тэхналогій, у прыватнасці тэхналогій штучнага інтэлекту. Але галоўнае — сумесная дзейнасць у гэтым кірунку, — падкрэсліў Раман Галоўчанка. 

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што штучны інтэлект ва ўсіх на слыху: адны бачаць у ім магчымасці для тэхналагічнага прарыву, іншыя асцерагаюцца непрадказальных наступстваў, якія ўтойваюцца за ўсім новым. Трэція спекулююць і на рызыках, і на выгадах. 

— Але ўсе мы працягваем гонку за інавацыямі. Гэта неабходнасць у сучасным свеце, які хутка змяняецца, — канстатаваў Прэм’ер-міністр і працягнуў. — Для нас ключавая задача — знайсці баланс паміж укараненнем перадавых тэхналогій і бяспекай, сацыяльнай стабільнасцю і дабрабытам грамадзян.

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка адзначыў, што ўкараненне тэхналогій штучнага інтэлекту ў нашай краіне ідзе па двух асноўных напрамках.

Першы і найважнейшы — забеспячэнне сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Тут асноўны ўпор робіцца на медыцыну, біятэхналогіі і фармакалогію. 

— Кампутарны скрынінг і малекулярнае мадэляванне, апрацоўка вялікіх аб’ёмаў медыцынскіх і генетычных дадзеных, пошук новых лекаў, ранняя дыягностыка і папярэджанне цяжкіх захворванняў — гэта тыя напрамкі, у якіх Беларусь дасягнула значных поспехаў, — паведаміў Раман Галоўчанка і канкрэтызаваў. — Так, распрацаваны «разумныя» біяметрычныя касцюмы для рэабілітацыі, мадэлі і алгарытмы штучнага інтэлекту для выяўлення лёгачных і розных відаў анкалагічных хвароб на раннім этапе. 

Ён адзначыў, што ўнікальнасць беларускіх распрацовак у галіне медыцыны ў тым, што яны арыентаваны ў першую чаргу на грамадзян. 

Раман Галоўчанка таксама паведаміў, што рашэнні на базе штучнага інтэлекту інтэграваныя ў спартыўную сферу: 

— Сёння распрацоўкі групы беларускіх кампаній Парку высокіх тэхналогій, а гэта камп’ютарны зрок, «разумныя» спартыўныя касцюмы і многае іншае, запатрабаваныя ва ўсім свеце. 

Другі напрамак прымянення штучнага інтэлекту ў нашай краіне — стандартызаваныя вытворчасці і аўтаматызацыя руцінных працэсаў: 

— Рашэнні на базе штучнага інтэлекту — ужо цяпер складнікі ўнікальнай сельскагаспадарчай і горназдабыўной тэхнікі МТЗ, БЕЛАЗа і «Гомсельмаша». У сельскай гаспадарцы гэтыя машыны павялічваюць дзённую выпрацоўку больш чым на 20 працэнтаў і скарачаюць страты ўраджаю на чвэрць. 

Ён падкрэсліў: укараненне штучнага інтэлекту ў тандэме з іншымі «скразнымі» тэхналогіямі істотна аптымізуе вытворчыя працэсы: 

— Напрыклад, адзін робататэхнічны комплекс на малочнай вытворчасці «адводзіць» з траўманебяспечнага ўчастка ад 4 да 20 работнікаў. Выкарыстанне штучнага інтэлекту для аптымізацыі лагістыкі ў харчовай прамысловасці скарачае час працы на 17 працэнтаў, значыць, гарантуе захаванне якасці прадуктаў харчавання. 

Яшчэ адзін са стандартызаваных працэсаў, які прывёў у прыклад Раман Галоўчанка — нарматворчасць. 

Паводле яго слоў, у Беларусі сёння больш за 135 тысяч дзеючых заканадаўчых актаў. І тут штучны інтэлект — незаменны памочнік: 

— Мы выкарыстоўваем яго для сістэматызацыі дакументаў, а пры распрацоўцы новага нарматыўнага акту — для выключэння дублявання палажэнняў раней выдадзеных дакументаў. Менавіта так фарміруецца баланс пры выкарыстанні штучнага інтэлекту: на сённяшнім узроўні разумення тэхналогій яны павінны прымяняцца для стандартызаваных, строга рэгламентаваных працэсаў, але не для прыняцця складаных рашэнняў пра жыццё чалавека.

Маргарыта ЗАРОЎКІНА

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю