На егіпецкіх курортах Хургада і Шарм-эш-Шэйх акулы ўсё часцей сталі нападаць на людзей, паведамляе Точка. Турыстаў просяць наведваць пляжы арганізаванымі групамі. У гэтай папулярнай для адпачывальнікаў краіне нават выпусцілі памятку для турыстаў.
Міністэрства навакольнага асяроддзя Егіпта заклікае ў існуючых умовах выконваць меры засцярогі пры купанні.
Адпачывальнікам рэкамендуюць не плаваць у адзіночку. Забаронена купацца ў адкрытай вадзе, на глыбіні. Непажадана рабіць заплывы раніцай ці падчас заходу сонца.
Улады настойліва просяць не спускацца ў марскую ваду пры наяўнасці парэзаў або падчас крывацёкаў. Калі вы параніліся пры купанні, неабходна тэрмінова пакінуць ваду.
Для турыстаў дзейнічае асобнае правіла: апускацца ў ваду лепш у складзе групы і пад наглядам дасведчанага гіда або навучанага супрацоўніка гатэля. Акрамя таго, катэгарычна нельга плаваць у ювелірных вырабах або яркай, бліскучай вопратцы. У месцах адпачынку таксама забаронена падкормліваць рыбу або выкідваць у ваду рэшткі ежы.