«Для любога доктара найлепшая ўзнагарода — калі папраўляецца пацыент»
Званне «Вучоны года НАН Беларусі — 2025» днямі прысвоена дырэктару Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, доктару медыцынскіх навук, прафесару, акадэміку, члену Савета Рэспублікі, галоўнаму пазаштатнаму хірургу-трансплантолагу Міністэрства аховы здароўя Алегу РУМО. Да таго ж 2025-ы быў самым паспяховым годам для беларускай трансплантацыі, паколькі выканана рэкордная ў нашай краіне за ўсю гісторыю колькасць трансплантацый. Гэта 531 перасадка органаў — печані, нырак, лёгкіх, сэрца. Адметна, што гэтыя аперацыі былі выкананы з вынікамі, якія пераўзыходзяць паказчыкі папярэдніх гадоў. Пра плён навуковых даследаванняў, практычнай работы і асабістае карэспандэнт «Звязды» паразмаўляла з Алегам Румо.
— Алег Алегавіч, за якую працу вы атрымалі высокую навуковую ўзнагароду?
— Любая навуковая дзейнасць на сучасным этапе, асабліва ў медыцыне, вядома, не вынік працы аднаго чалавека. Пачыналі мы яшчэ ў даковідны час, калі планавалі навуковыя даследаванні, звязаныя з найноўшымі распрацоўкамі ў сферы перш за ўсё трансплантацыі органаў і тканак. І мінулы год фіналізаваў дастаткова вялікі пласт навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў цэнтры.
Яны прысвечаны распрацоўцы новых метадаў імунасупрэсіі пацыентаў пасля трансплантацыі органаў. Гэта вельмі важная і патрэбная частка працы, паколькі ёсць пэўная катэгорыя пацыентаў, якім немагчыма прызначаць стандартную імунасупрэсіўную тэрапію, адпаведна, немагчыма атрымаць чаканы эфект ад трансплантацыі. Калі мы гэту працу скончылі, сталі дзяліцца з шырокай навуковай грамадскасцю ўсяго свету атрыманымі вынікамі.
2025-ы быў своеасаблівым годам распаўсюджвання сярод шырокай медыцынскай супольнасці ўсіх гэтых новых сучасных методык імунасупрэсіі. Яны былі апублікаваныя ў высокарэйтынгавых часопісах, даклады на дадзеную тэму былі прадстаўлены на вядучых сусветных кангрэсах і канферэнцыях. Галоўным вынікам стала ўкараненне гэтых тэхналогій у практыку, што дазволіла палепшыць вынікі лячэння пацыентаў.
Акрамя ўсяго іншага, была праведзена вялікая работа па распрацоўцы банка, які выкарыстоўваецца на сёння амаль ва ўсіх медыцынскіх установах Беларусі. Гэта банк тканак, графтаў сасудаў, касцявых графтаў, укаранёны ў шырокую клінічную практыку. Усё гэта таксама вынік працы вялікага калектыву, і я вельмі рады, што мне пашчасціла ў гэтым калектыве працаваць.
— А што для вас найлепшая ўзнагарода і адзнака?
— Для любога доктара найлепшая ўзнагарода яго прафесійнай дзейнасці — калі папраўляецца пацыент. Але для доктара-навукоўца яшчэ вельмі важна, каб пацыенты папраўляліся ў тым ліку пры выкарыстанні тых методык, якія ён распрацаваў. Таксама прызнанне навуковай супольнасці — ацэнка важнага, але пры гэтым вельмі строгага цэнзара, які разглядае любое дасягненне, укараненне з розных бакоў і вызначае як пазітыўныя, так і негатыўныя магчымыя ўплывы. Калі навуковец атрымлівае прызнанне сваіх калег, якія ў тэме і могуць даць высокакваліфікаваную прафесійную ацэнку, гэта вельмі важна.
— Над чым ведзяце навуковую работу цяпер?
— У мяне ёсць пэўная колькасць маладых урачоў, якія з’яўляюцца аспірантамі. Ёсць пэўная колькасць кандыдатаў навук, якія займаюцца навуковай дзейнасцю і рыхтуюцца да абароны доктарскай дысертацыі.
І асноўная мая навуковая дзейнасць прысвечана рабоце з гэтымі маладымі ўрачамі, якія стануць вядучымі спецыялістамі. Што датычыцца асабіста мяне, найбольш цікавіць ужыванне менавіта тэхналогій лячэння пацыентаў, у якіх ёсць захворванні печані, падстраўнікавай залозы і якія маюць патрэбу ў выкананні найскладанейшых высокатэхналагічных аперацый па іх трансплантацыі.
— Што новага чакаецца ў рабоце вашага цэнтра ў найбліжэйшы час?
— Паколькі толькі нядаўна набылі высокатэхналагічны робат для выканання аперацый на органах брушной поласці, ён хутка будзе ўсталяваны ў нашым цэнтры, і мы станем выконваць такія аперацыі. Адкрылі новае аддзяленне ўралогіі, паколькі робат вельмі запатрабаваны пры выкананні ўралагічных аперацый. Вясной пачынаем будаўніцтва новага прыёмнага аддзялення цэнтра. Гэта вялікі інвестыцыйны праект, разлічаны на некалькі гадоў. Спадзяёмся, што да канца 2028-га аддзяленне запрацуе.
Дапамога нашых спецыялістаў, а яны ўнікальныя, запатрабавана ва ўсёй краіне. Літаральна сёння забралі пацыентку, якой патрэбна дапамога, з адной з клінік Мінска. У яе лячэнні трэба выкарыстоўваць тэхналогіі ЭКМА. Амаль кожны дзень забіраем пацыентаў з рэгіёнаў для таго, каб аказваць ім высокатэхналагічную дапамогу, выкарыстоўваючы не толькі трансплантацыі, але і іншыя тэхналогіі. Сёння выязджалі ў Брэсцкі рэгіён, бо трэба было дапамагчы спыніць крывацёк, а спецыялістаў, якія здольныя выконваць падобныя аперацыі, у краіне няшмат.
У нашай клініцы найбольшы вопыт выратавання падобных пацыентаў, і мы едзем да іх.
— Што самае складанае ў вашай рабоце?
— Ведаеце, я ўвесь час думаю, што калісьці будзе лягчэй, а лягчэй ніяк не становіцца. Па простай прычыне: жыццё мяняецца. Я ўсё ж такі чалавек ХХ стагоддзя, я ў ім нарадзіўся, і ў мяне свае ўяўленні аб тым, як чалавек павінен жыць. Тыя, хто прыходзяць на працу цяпер, — людзі ХХІ стагоддзя. Па сутнасці, яны з крыху іншым успрыманнем свету. Пры гэтым у іх добрае чалавечае разуменне, успрыманне, стаўленне. Проста для іх стымулявання трэба знайсці нейкія іншыя падыходы, чым тыя, што прымяняліся да мяне. І гэта часам няпроста.
Па сваіх ведах, па адаптацыі да жыцця, па валоданні замежнымі мовамі, здольнасці мець зносіны з людзьмі з іншых краін моладзь пераўзыходзіць нас. Каб убачыць першую трансплантацыю печані, мне спатрэбілася 13 гадоў прафесійнай дзейнасці. Яны ж яе бачылі, калі былі яшчэ студэнтамі.
У тым ліку, вядома, дзякуючы таму, што мы яе ўкаранілі ў клінічную практыку. Аднак трэба зрабіць так, каб яны прасоўвалі і развівалі тое, што намі дасягнута. Хочацца, каб яны за нашымі спінамі напрацавалі велізарны аўтарытэт, у тым ліку і міжнародны, і потым годна прадстаўлялі нашу краіну.
— Якія якасці найбольш шануеце ў маладых спецыялістах, якія да вас прыходзяць?
— Магчыма, яны пададуцца не самымі сучаснымі, але, на мой погляд, недастаткова быць добра адукаваным. Калі ты пры гэтым яшчэ прыстойны і крэатыўны, то тады ў цябе шмат што ў жыцці атрымаецца. Менавіта такія спецыялісты ў перспектыве будуць складаць касцяк загадчыкаў аддзяленняў, кіраўнікоў вялікіх структурных падраздзяленняў і высокакампетэнтных урачоў.
Алена КРАВЕЦ