Top.Mail.Ru

Алена Пасюта расказала, як дэпутаты далучаюцца да Года добраўпарадкавання

Мясцовыя Саветы дэпутатаў ужо актыўна ўключыліся ў рэалізацыю Года добраўпарадкавання. Але, як падкрэсліла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, работа гэта ніколі не спынялася, таму што пытанні, звязаныя з навядзеннем парадку, стварэннем камфортных умоў для жыцця насельніцтва і грамадзянскімі ініцыятывамі, заўсёды ў топе актуальных.


Рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў дазваляе аб’яднаць людзей дзеля вырашэння праблем і пытанняў, якія ў першую чаргу хвалююць іх саміх. Мінулы год быў плённым, рэалізавалі 15 ініцыятыў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Яны былі адабраны з 54 прапаноў. На іх рэалізацыю было выдаткавана 300 000 рублёў, з абласнога бюджэту дадаткова выдзелена яшчэ 100 000 рублёў.

— Былі пабудаваны сцэнічныя і спартыўныя пляцоўкі, адрэстаўраваны тры памятна-гістарычных месцы. Таксама была вырашана праблема падтаплення ўчасткаў у гарадскім пасёлку Астрына, аформлена экасцежка, — расказала Алена Пасюта. — І ў цэлым хочацца адзначыць, што людзі актыўна далучаюцца да навядзення парадку на зямлі. Таму заканамерна, што на рэалізацыю праектаў у гэтым годзе выдзелена больш сродкаў — 400 000 рублёў. У абласны Савет на разгляд ужо паступіла 40 грамадзянскіх праектаў. Аналізуем іх, каб вырашыць, якія ідэі вартыя ўдзелу ў конкурсе.

Але ўжо можна вылучыць цікавая праекты, якія маюць усе шанцы прайсці адбор. Шэраг прапаноў прысвечаны 80-годзю Вялікай Перамогі. 
Напрыклад, ініцыятыва «Памяць у імя будучыні». Аўтары ставяць задачу навесці парадак на тэрыторыі пахавання часоў вайны ў весцы Задвор’е, што ўвекавечвае памяць 260 мірных жыхароў, ахвяр карнай аперацыі.

Мастаўчане прапаноўваюць стварэнне ландшафтнага саду з ленд-арт-аб’ектамі, падзеленага на дзве тэматычныя зоны. Аўтары хочуць стварыць маляўнічае месца, у якім хваёвыя дрэвы як сімвал вечнасці будуць аб’ядноўвацца з яблынямі, сімвалам Перамогі.

— Увогуле, у Мастоўскім раёне вядзецца маштабная работа па навядзенні парадку на памятных месцах. Грамадзяне клапоцяцца, каб памяць аб тых трагічных днях жыла і перадавалася нашчадкам. І гэта задача вельмі ўдала выконваецца ў рамках ініцыятыў «Твой ход», «БТР: БУДЗЕМ ТРЫМАЦЦА РАЗАМ!», а таксама праекта «Памяць» па стварэнні макетаў спаленых вёсак. Усё гэта дазваляе прыцягваць моладзь да даследчай працы, праводзіць экскурсіі і мерапрыемствы, а таксама паглыбляць веды беларусаў пра жахі і гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У Астравецкім раёне працягваецца рэалізацыя праекта «Мая малая радзіма — 80 гадоў пад мірным небам», які прысвечаны 80-годдзю са дня вызвалення Беларусі. Праект мае на ўвазе стварэнне сквера, дзе будуць размешчаны малыя архітэктурныя формы, памятныя стэнды з інфармацыяй аб ветэранах працы, людзях, якія зрабілі важкі ўнёсак  у развіццё гаспадаркі. «Сквер Юбілейны», у гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі, прапануюць высадзіць у Бераставіцкім раёне.

Цікавы праект — «Любимых уЛИЦ имена». Яго аўтар — Беларускі саюз жанчын горада Гродна — прапаноўвае правядзенне даследчай работы па зборы інфармацыі аб жанчынах, у гонар якіх названы вуліцы абласнога цэнтра. Па выніках плануецца выданне зборніка, набору паштовак з фатаграфіямі і інфармацыяй аб жанчынах, а таксама высадка памятнай алеі ў іх гонар.

Алена Пасюта адзначыла, што ўсе падыходзяць да сваіх праектаў творча і намагаюцца не проста зрабіць сваю малую радзіму больш утульнай і прыгожай. Да тэхнічнай часткі амаль заўсёды далучаюцца дадатковыя сэнсы. Напрыклад, у Смаргонскім раёне прапануюць разбіць сквер «Сузор’е сем’яў», дзе ўсе элементы будуць датычыцца дадзенай тэмы.

— «Сквер сям’і, кахання і вернасці» хочуць стварыць у Ваўкавыскім раёне і зрабіць яго прыгожым, размясціць тэматычныя арт-лаўкі: сям’і, сяброўства, закаханых. Маюцца эскізы. Парк павінен стаць пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў, якія будуць звязаны з сям’ёй і сямейнымі каштоўнасцямі: уступленнем у шлюб, святкаваннем вяселляў, гадавін...

Ёсць ідэі, якія датычацца стварэння месцаў адпачынку. У Карэліцкім раёне прапануюць адкрыць скейт-парк і ў цэлым па вобласці — шэраг спартыўных пляцовак з вулічнымі трэнажорамі.

Праблемным пытаннем застаюцца зямельныя ўчасткі і закінутыя будынкі. У рамках выканання Указа № 116 мясцовая сельская ўлада праводзіць актыўную работу па выяўленні такіх дамоў. Вядзецца работа са спадчыннікамі, якія па тых ці іншых прычынах не жадаюць займацца сваёй маёмасцю.

Падводзячы вынікі размовы, Алена Пасюта адзначыла, што ўзровень ініцыятыў і іх падрыхтоўкі значна ўзрос. Быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку навучальныя семінары. У кожным раёне ёсць спецыяльныя фокус-групы, якія дапамагаюць афармляць і пісаць праектныя заяўкі.

Аліса ВОЎК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю