Нацыянальная бібліятэка Беларусі зноў парадавала сваіх наведвальнікаў працягам папулярнага праекта «20 пытанняў пісьменніку». Сёлета ў творчым марафоне прыняла ўдзел Алена Стэльмах, чыя шматгранная асоба і творчасць выклікаюць жывую цікавасць як у калег па пяры, так і ў шырокай чытацкай аўдыторыі.
Алена Анатольеўна вядомая не толькі сваёй актыўнай грамадскай дзейнасцю на пасадзе першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і як змястоўны аўтар. Яе проза знаходзіць водгук у сэрцах чытачоў. Так, у пачатку года ў часопісе «Нёман» была апублікавана яе патрыятычная аповесць «Дзень свету надыдзе», адметная глыбокай псіхалагічнай прапрацоўкай персанажаў. У аснове твора ляжыць гісторыя сям’і аўтара, што надае яму асаблівую шчырасць і кранальнасць.
Яшчэ адной значнай творчай працай Алены Стэльмах стала кніга, прысвечаная яе малой радзіме — вёсцы Навасады Дзяржынскага раёна. За гэтае выданне пісьменніца была ўдастоена прэміі Федэрацыі Прафсаюзаў. Сама Алена Анатольеўна падкрэслівае важнасць такіх кніг, лічачы, што яны павінны быць у кожнай сям’і. Вывучэнне ўласнага радаводу, на яе думку, — гэта хвалюючы і ўдзячны працэс, які звязвае нас з продкамі і з’яўляецца каштоўнай спадчынай для будучых пакаленняў.
Асобнае месца ў творчасці Алены Стэльмах займае дзіцячая літаратура. Яе кнігі, напоўненыя сямейнымі каштоўнасцямі, заснаваны на рэальных, «падгледжаных» з жыцця сюжэтах. За кнігу «Пашка і сонечны праменьчык» аўтар была ўдастоена прэстыжнай Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Пісьменніца актыўна сустракаецца са сваёй юнай аўдыторыяй у школах і бібліятэках. Гэтыя сустрэчы становяцца яшчэ больш яркімі дзякуючы таму, што Алена Стэльмах прыходзіць туды разам з цацкамі — казачнымі героямі, створанымі дызайнерам Вольгай Камелягінай паводле яе кніг.
На пытанне «Ваш любімы фільм» Алена Анатольеўна, адказала «Класная» — фільм, які нядаўна з’явіўся на экранах кінатэатраў. І на імпрэзе ў бібліятэцы была яе класная — Людміла Васільеўна Цюшына, якая спецыяльна прыехала з Дзяржынска, каб пабачыцца з любімай вучаніцай.
Алена Анатольеўна пачытала і свае вершы. Зусім не лічачы сябе паэтам, яна мае паэтычны вопыт. І гэта дзякуючы свайму асяроддзю, прызнаецца аўтар. Бо калі знаходзішся сярод людзей апантаных творчасцю, мімаволі сам станеш паэтам.
Гаворачы аб сваіх узнагародах, пісьменніца падкрэсліла, што самай каштоўнай застаецца любоў чытачоў. Аднак, яна таксама з цеплынёй адзначыла медаль Францыска Скарыны, які надзела з нагоды гэтай памятнай сустрэчы.
Час, праведзены з Аленай Стэльмах аказаўся настолькі насычаным і эмацыйным, што колькасць зададзеных пытанняў, мабыць, перавысіла заяўленыя дваццаць. Пісьменніца з задавальненнем дзялілася з чытачамі ўспамінамі пра дзяцінства, расказвала пра свой прафесійны шлях, пра любоў да беларускага лесу, з якім была звязана працяглы час у якасці галоўнага рэдактара «Белорусской лесной газеты». Згадвала і пра свой вопыт вывучэння сусветных практык прыцягнення да чытання ў розных краінах.
На пытанне аб тым, як ёй удаецца ўсё паспяваць, Алена Стэльмах адказала мудра: «Навучылася з галоўнага выбіраць галоўнае. Насамрэч часу шмат, трэба ўмець ім правільна распарадзіцца!»
Напрыканцы сустрэчы Алена Анатольеўна пажадала ўсім чытачам творчых поспехаў і натхнення. Яна заклікала не баяцца марыць, не баяцца тварыць, не баяцца выказваць свае думкі і пачуцці. Бо менавіта творчасць робіць наша жыццё больш яркім і насычаным.
А праект «20 пытанняў пісьменніку» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, безумоўна, працягвае выконваць сваю важную місію — знаёміць чытачоў з таленавітымі беларускімі аўтарамі і садзейнічае развіццю літаратурнага працэсу ў краіне. Сустрэча з Аленай Стэльмах стала яшчэ адным яскравым пацверджаннем гэтай высакароднай справы.
Марыя Ліпень
Фота Віктара Іванчыкава