Top.Mail.Ru

Алена Стэльмах — пра важнасць кнігі ў выхаванні чалавека

Мода на здаровае слова

Грамадскі савет па маральнасці выступіў з ініцыятывай правядзення ў рамках Тыдня бацькоўскай любові з 14 да 21 кастрычніка маштабнай акцыі «Я і мая сям’я — без брыдкаслоўя». Наша інтэрв’ю — з першым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, сакратаром Грамадскага савета па маральнасці Аленай Стэльмах. 

— Алена Анатольеўна, як вядома, тэму культуры мовы савет трымае ў полі зроку ўжо працяглы час. Чым выклікана неабходнасць правядзення маштабнай акцыі ў гэтым кірунку? 

— Мова з’яўляецца адной з асноў культуры, найважнейшым інструментам, які фарміруе свядомасць чалавека, яго светаўспрыманне. Мова адлюстроўвае духоўны стан асобнага чалавека, выяўляе менталітэт народа, яго традыцыі, мараль, сістэму нормаў і каштоўнасцей. З дапамогай слова можна як ствараць, так і разбураць.

Апошнім часам у Беларусі і за яе межамі назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя разбурэння моўных асноў, якая праяўляецца ў стаўленні да нецэнзурнай лексікі як да аднаго з варыянтаў нормы, пры дапамозе якой дапушчальна выказваць думкі ў грамадскай прасторы. Гэта тэндэнцыя ахапіла не толькі старэйшае пакаленне, яшчэ ў большай ступені — моладзь, падлеткаў, дзяцей.

Беларуская Праваслаўная Царква і Саюз пісьменнікаў Беларусі аб’ядноўваюць свае намаганні для адстойвання культуры мовы. Для нас вельмі важны духоўны стан чалавека. Нездарма кажуць: «Чысціня слова — чысціня душы чалавека». Аб гэтым неаднойчы гаварылася на пасяджэннях савета. Прайшоў круглы стол з удзелам спецыялістаў Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі». Паглыбленне ў праблему, якая носіць сапраўды вельмі востры сацыяльны характар, падштухнула нас да больш актыўных дзеянняў, далучэння да яе вырашэння шырокай грамадскасці. Гэтым і абумоўлена правядзенне акцыі «Я і мая сям’я — без брыдкаслоўя». 

— А чаму для гэтага выбраны менавіта «Тыдзень бацькоўскай любові»? 

— Такая негатыўная тэндэнцыя шмат у чым вызначаецца сямейным выхаваннем. Ведаем, што пачатак усіх пачаткаў — сям’я, бацькоўскі дом. Тут першыя крокі, першыя словы і першыя жыццёвыя памылкі. У інтэрнэце хапае відэа, дзе дзіця ўжывае брыдкія словы, а бацькі цешацца, быццам гэта мілая забава малога. У іншай сям’і брыдкаслоўе — звычайная з’ява, дарослыя нібы сябе апраўдваюць: «Так зручна, для сувязі слоў». Аўтарытэт дарослых становіцца прыкладам для пераймання. А далей — маладзёжнае асяроддзе, вуліца. Хочацца быць не горшым за іншых, сказаць больш моцнае слоўца. Таму ў Тыдзень бацькоўскай любові прапаноўваем яшчэ глыбей асэнсаваць характар узаемаадносін у сям’і. Няхай добрыя і цёплыя словы, якія прагучаць у гэтыя святочныя дні, стануць для ўсіх прыкладам сапраўдных чалавечых зносін. 

— Вы можаце падказаць адрасы правядзення акцыі? 

— Думаю, іх будзе многа. Таму што Грамадскі савет па маральнасці звярнуўся за падтрымкай акцыі ў міністэрствы, ва ўстановы, да грамадскіх арганізацый. Паўсюдна прагучалі галасы заклапочанасці гэтай праблемай і парапануюцца розныя мерапрыемствы, дзе будзе гаварыцца пра культуру мовы беларусаў як аснову нашай нацыянальнай годнасці. 

Гаварыць правільна — паважаць сябе і сваё асяроддзе. Мода павінна быць не на лаянку, не на штучны слэнг, які зараз хлынуў з інтэрнэта. І хто ім валодае, часам не зусім усведамляе, што такім чынам становіцца «кліпавай» асобай. Наадварот, лічыць сябе суперсучасным. Наш трэнд: мода на здаровае слова! 

— Якія актыўнасці прапануюць пісьменнікі? 

— Ва ўсіх абласных аддзяленнях СПБ — вялікая праграма. Напрыклад, Віцебскае абласное аддзяленне сумесна з Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмай Віцебска правядуць выстаўкі твораў пісьменнікаў Віцебшчыны на тэму «Беражыце багацце і прыгажосць роднай мовы». Мінскае абласное аддзяленне аб’явіла марафон, дзе будуць гучаць вершы аб маці, бацькоўскай любові, святасці роднага слова. Магілёўскае абласное аддзяленне ў абласной бібліятэцы зладзіць творчую імпрэзу «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль. І словы мы нясём ад маці». У публічнай бібліятэцы № 7 г. Мінска пройдзе літаратурны вечар «Маміна слова — культуры аснова».

— Алена Анатольеўна, як можна пазбавіцца ад брыдкаслоўя? 

— Нізкі моўны ўзровень — ад няведання літаратуры, кніг. Каб выправіць сітуацыю, трэба хутчэй запісвацца ў бібліятэку або бегчы ў кнігарню. Кнігі даюць нагоду для разваг і асэнсавання. Яны ўзбагачаюць чалавека.

Марыя ЛІПЕНЬ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю