Top.Mail.Ru

Алена Турава — пра мульцікі, якія выхоўваюць, прыклад уласных бацькоў і зоркі, якія не знойдзеш на небе

«Што закладзём, тое заўтра і атрымаем»

Чалавек трансліруе свету найперш тое, што жыве ў ім. І беларускі рэжысёр, сцэнарыст, мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алена Турава сваім прыкладам пацвярджае гэта. За амаль сорак гадоў у кіно яна не толькі ўзбагаціла наш кінематограф, але і паказала, што талент і вернасць уласным ідэалам заўсёды дапамогуць знайсці свой адметны шлях на творчым небасхіле. Сустрэліся з Аленай Віктараўнай, каб распытаць пра ўменне ствараць чароўныя сусветы, пра сучасных гледачоў і пра бацькаву пахвалу.

— У кінатэатрах па ўсёй краіне стартавалі паказы анімацыйнага дзіцячага серыяла «Ваўчок», над якім вы працавалі з Ірынай Тарасавай і шматлікай камандай калег. Работа ўжо атрымала як першыя рэакцыі аўдыторыі, так і ўзнагароды. Ці задаволеныя вынікам?

— Калі мы зрабілі гэты анімацыйны фільм, то ўжо ладзілі папярэднія паказы для фокус-групы, у якой былі як маленькія дзеці, так і дарослыя. Перажывалі, бо разумелі, што маленькім дзецям у сілу ўзросту цяжка доўга трымаць увагу на чымсьці. А ў нас фільм 12 серый па 5 хвілін. Але ўсе выседзелі і пасля актыўна абмяркоўвалі ўбачанае. Шчыра веру, што фільм палюбяць, і ў яго з’явіцца працяг.

— У рабоце для вас, улічваючы прафесійны вопыт, што важней: любоў аўдыторыі ці ацэнка прафесіяналаў?

— Калі коратка: разумнае і таленавітае кіно неабавязкова павінна быць нудным. Часцей за ўсё фільмы ўмоўна дзеляцца на фестывальныя і камерцыйныя. А мне падабаецца, калі ў кінастужцы ёсць такая бонусная сярэдзіна, тады мы і глядзім з інтарэсам, бо там — і драматургія, і эмоцыі, і гісторыя нас трымае, але, разам з тым, кіно добра і якасна зроблена. Безумоўна, я хачу, каб нашы фільмы былі запатрабаванымі ў масавага 

гледача, і лічу гэта адной з галоўных сваіх задач. Яшчэ і таму, што кіно — справа калектыўная і дарагая. Ствараць яго для вузкага кола спецыялістаў, будзем шчырымі, несумленна. Ты ж бярэш грошы ў дзяржавы, якая прапануе рабіць прадукт для гледачоў. Пры гэтым несумленна і вырабляць нейкую «гумку» для ўсіх і кожнага. Трэба ўсё ж падцягваць культурны ўзровень гледача і прапаноўваць яму добрае кіно.

— На ваш погляд, мульцікі — добры інструмент у выхаванні дзяцей?

— Па-першае, мульцікі любяць усе: і дзеці, і дарослыя. Па-другое, ёсць выдатная фраза «Сёння дзеці — заўтра народ». Ідзе барацьба за душы і фактычна за нашу будучыню. Таму тое, што сёння мы закладзём, тое заўтра і атрымаем. Я пераканана, якой бы ні была добрай ідэя (а трэба даваць дзецям устаноўку на дабро, на веру ў свае сілы і ў тое, што ўсё павінна быць справядліва), але ні ў якім разе нельга трансліраваць яе дыдактычна і назойліва. Трэба расказаць гісторыю, зацікавіць ёю і так паступова навучыць важнаму. Няхай глядач робіць высновы на аснове ўбачанага, але самастойна, без адчування ціску. Калі гэта атрымліваецца, то мы маем добрае кіно.

У інтэрнеце дзеці могуць дацягнуцца да чаго заўгодна. Бацькам трэба, па магчымасці, цікавіцца і адсочваць, што глядзіць іх дзіця. 

Іншае пытанне, як гэта рабіць, калі ў кожнага свой тэлефон. Тут ужо такая комплексная гісторыя пра давер у сям’і, калі пытанне ў тым, да каго пойдзе сын ці дачка за тлумачэннямі ў нейкай сітуацыі, з кім будзе абмяркоўваць уражанні ад убачанага.

— І ўсё ж выхаванне ў сям’і, бадай, галоўнае. Калі казаць пра асабістае... У чым ваша маці стала для вас прыкладам?

— Мая мама моцна паўплывала на тое, каб дачка адчула смак мастацтва. Я расла ў 1960-я −70-я гады, калі прысутнічаў дэфіцыт многіх рэчаў. Уменне знайсці спосаб ператвараць звычайныя, банальныя рэчы на штосьці цікавае — гэта ў мяне ад мамы. Дома я бачыла, да прыкладу, як можна з дапамогай фарбаў шкляныя дзверы зрабіць вітражнымі. У нас нават калі пэндзляў не было, то мы вату намотвалі на запалку і, намачыўшы яе ў фарбу, малявалі. Так фарміравалася маё разуменне, як можна зрабіць свет вакол сябе прыгажэйшым.

Яшчэ мама неяк параіла збіраць маркі з жывапісам. Тады не было такой колькасці цікавых і карысных кніг па мастацтве, але маркі выходзілі штомесяц. Так даведалася пра творчасць многіх мастакоў. У выніку гэтыя веды пасля мне вельмі дапамаглі ў жыцці.

— З прыходам у прафесію, улічваючы вядомае прозвішча, вам давялося даказваць, чаго вы вартая. Вам самой, дачцэ славутага Віктара Турава, было важней даказаць гэта навакольным ці сабе і бацьку?

— Татава пахвала мела для мяне вялікае значэнне, але ён рэдка выказваў яе. Пасля аднаго майго інтэрв’ю на радыё тата сказаў: «Дзякуй богу, у мяне дачка не дурная!», і гэта для мяне быў самы вышэйшы камплімент, на які я магла спадзявацца. І калі я паказвала яму нейкія свае работы, то не магла зразумець, падабаецца бацьку альбо не. 

Абсалютна перакана, што ён не раіў мне ісці ў гэтую прафесію, бо якраз улічваў тое, як няпроста псіхалагічна працаваць у кінасферы. У нас шмат стрэсу і выпрабаванняў рознага кшталту, якія вельмі небяспечныя для тонкай псіхікі. Але, як і ў любога дзіцяці, у мяне была ўпэўненасць: калі будзе зусім невыносна цяжка, то ёсць тыл... Думаю, я нават не імкнулася нікому нічога даказваць, бо жыла ў сваім творчым свеце.

— У фільме «Зоркі сёмага неба» гучаць словы «Калі не глядзець на зоркі, то можна развучыцца марыць». Ці часта вы дазваляеце сабе і адно, і другое?

— Мару я пастаянна. У кожнага свае мары і галоўнае, каб іх было шмат, каб яны спраўджваліся і з’яўляліся новыя. Часам здараецца, што ў людзей ужо ўсё ёсць, і тады пачынаецца псіхалагічны крызіс, пошук дзіўных забаў. Ці іншая сітуацыя, калі ў чалавека дэпрэсія, і яму нічога не хочацца. Таму важна жадаць і дасягаць жадаемага. 

Што датычыцца зорак, то ў горадзе іх складана разгледзець на небе. Але, калі разважаць вобразна, то замест іх можна заўважаць тое, што дорыць сэрцу радасць. Тая кветка, смоўжык пасля дажджу, кроплі расы... Так свае зоркі можна адшукаць паўсюль, не толькі на небе. Калі мы самі не настроім сабе фокус, каб бачыць добрае і пазітыўнае, то наўрад ці варта разлічваць на дапамогу звонку. Хаця здараюцца і прыемныя сюрпрызы.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю