У Год беларускай жанчыны асабліва ярка выяўляецца шматлікія ролі прадстаўніц жаночага полу. У рабоце жанчыны не толькі прафесіяналы, але і носьбіты культурнага кода, што аб’ядноўвае, садзейнічае перадачы народных традыцый. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Алена Валадзько — сапраўдны прыклад таго, як можна гарманічна спалучаць функцыі кіраўніка з духоўна-культурнай місіяй.
Алена Уладзіміраўна нарадзілася ў Беларусі, але ранняе дзяцінства правяла ў Расіі. Аднак карані аказаліся мацнейшымі: вярнуўшыся на радзіму, яна паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова, выбраўшы факультэт славянскай філалогіі. Гэты выбар вызначыў не толькі прафесію, але і жыццёвую пазіцыю — імкненне праз слова, мову і культуру фарміраваць асэнсаваную, цэласную прастору вакол сябе.
З 2013 года Алена Уладзіміраўна працуе ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Тут яна адказвае за арганізацыю навучальнага працэсу, метадычнае суправаджэнне праграм, а таксама за выхаваўчую і ідэалагічную работу. Але яе падыход прынцыпова адрозніваецца ад чыста бюракратычнага: яна бачыць сэнс сваёй дзейнасці не толькі ў перадачы ведаў, але і ў выхаванні асобы, умацаванні нацыянальных каштоўнасцяў.

«Кожная пятніца — роднае, сваё»: калі культура становіцца часткай працоўнага дня
Адной з самых яркіх праяў гэтай філасофіі стаў праект «Кожная пятніца — роднае, сваё». Супрацоўнікі цэнтра цяпер збіраюцца ў тым ліку і паразмаўляць на роднай мове — добрую ініцыятыву падтрымалі з задавальненнем.
Па словах Алены Уладзіміраўны, праект «Кожная пятніца — роднае, сваё» вельмі парадаваў усіх. Калектыў адразу яго падтрымаў. Для кожнага такое мерапрыемства стала дзейным спосабам вярнуцца да сябе, сваіх каранёў.
— У асноўным са спецыялістамі звяртаемся да тэкстаў класікаў беларускай літаратуры, чытаем уласныя пераклады, вывучаем традыцыі і абрады, — расказвае яна. — Праз культуру да калег прыходзіць асаблівае ўсведамленне роднай мовы — абсалютна іншая яе інтэрпрэтацыя. Гэта працуе на збліжэнне, нават з’яднанне. Ідэя аказалася настолькі жывой, што выйшла за рамкі ўнутраных мерапрыемстваў. Таксама супрацоўнікі цэнтра пачалі збіраць своеасаблівы беларускі музей. Нядаўна нават быў напісаны гімн нашай арганізацыі — сімвал адзінства і гонару за агульную справу.
Адукацыя дарослых: не толькі тэхналогіі, але і каштоўнасці
Цэнтр, дзе працуе Алена Уладзіміраўна, выконвае стратэгічную задачу: падрыхтоўваць і павышаць кваліфікацыю кадраў для аграпрамысловага комплексу Беларусі — ад сялянскіх гаспадарак да буйных перапрацоўчых прадпрыемстваў. Тут навучаюць рабоце з найноўшай тэхнікай, укараняюць інавацыйныя тэхналогіі, удасканальваюць формы арганізацыі працы. Але, на думку намесніка дырэктара, без культурнага і маральнага падмурка нават самыя перадавыя веды страчваюць сэнс.
— Мы зыходзім з таго, што сучасны аграрый — рознабаковы, цікавы і глыбокі чалавек, які павінен адчуваць адказнасць за зямлю, якасць прадукцыі і за будучыню вёскі ў тым ліку. Таму ў нашых праграмах мы закладваем не толькі прафесійныя кампетэнцыі, але і каштоўнасці: павагу да працы, беражлівыя адносіны да прыроды, разуменне сваёй ролі ў грамадстве. Адукацыя без душы — наўпрост інструкцыя! А нам патрэбныя людзі, здольныя думаць, адчуваць і паспяхова дзейнічаць у рэальных умовах на карысць радзімы.
Паэзія нібы мова між народамі
Акрамя працы, Алена Валадзько актыўна ўдзельнічае ў міжнародных культурных ініцыятывах. Адзін з такіх праектаў — «Мост Сяброўства», які рэалізуецца сумесна з паэтамі з Масквы, у прыватнасці з Таццянай Ачэевай і Ірынай Уладзіміравай.
— Наш праект — унікальны: у ім няма моўных бар’ераў і адлегласцяў. «Мост Сяброўства» — гэта міжнародны саюз паэтаў і прыхільнікаў паэзіі, дзе кожны ўдзельнік уносіць сваю лепту ў развіццё ўзаемаразумення праз прыгажосць слова. Вершы канкурсантаў перакладаюцца на дзясяткі моў, па іх ствараюцца песні, іх чытаюць у розных краінах. І гэта працуе! Людзі, знаёмячыся з беларускай паэзіяй, пачынаюць цікавіцца нашай культурай, побытам, мовай. А калі ўзнікае эмацыянальная сувязь — давер да брэнда «Зроблена ў Беларусі» павялічваецца натуральна. Культура становіцца мяккім, але моцным інструментам прасоўвання якасці, надзейнасці і шчырасці.
Беларуская жанчына: самадастатковасць, годнасць, смеласць
У Год беларускай жанчыны асабліва актуальнае пытанне: якія якасці робяць яе незаменнай у кіраванні, адукацыі і грамадскім жыцці?
Алена Уладзіміраўна ўпэўнена, што ў чалавеку духоўнасць і прафесіяналізм альбо ёсць — разам, альбо зусім няма, і адно аднаму не замінае.
— Больш за тое, духоўнасць — гэта знак якасці добрага кіраўніка і сапраўднага лідара, — кажа яна. — Становішча жанчыны ў беларускім грамадстве вызначаецца яе прафесіяналізмам, адукаванасцю, працавітасцю, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Але галоўнае — гэта самадастатковасць, годнасць, смеласць і інтэлігентнасць. Менавіта гэтыя якасці дазваляюць жанчыне быць не проста выканаўцам, а ініцыятарам, не проста калегай, а настаўнікам.
Калі людзі зямлі гавораць на роднай мове
Беларуская жанчына ў аграрнай галіне — без сумнення, кваліфікаваны спецыяліст, а таксама асоба, здольная злучаць працу ў аграсферы і паэзію, тэхналогіі і традыцыі, новыя методыкі і любоў да роднага. Праца Алены Уладзіміраўны — гэта ўклад не толькі ў сельскагаспадарчую галіну, але і ў захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму што там, дзе зямля апрацоўваецца з душой, ураджай заўсёды вельмі багаты!
Марыя БУЙНОЎСКАЯ