Акрамя таго, у гэты час актывізуюцца насякомыя, і ўкусы мошкі, сляпнёў, камароў, чмялёў і вос могуць выклікаць алергічныя рэакцыі. Таксама варта ўлічваць магчымасць алергіі на прадукты харчавання, асабліва клубніцы і суніцы. Якія яшчэ віды алергіі бываюць, як паводзіць сябе пры з’яўленні сімптомаў і што можа аблегчыць стан, расказала інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія КЛІМЧАНКА.
Адметна, што найбольшае ўтрыманне пылку ў паветры назіраецца ў ветранае сухое надвор’е. Аб узроўні яго канцэнтрацыі ў паветры можна даведацца з дадзеных пылковага маніторынгу, такая інфармацыя ёсць у інтэрнэце.
Сярод неспрыяльных фактараў развіцця алергіі спадчыннасць, наяўнасць іншых алергічных захворванняў, частыя рэспіраторныя захворванні, курэнне, пражыванне ў месцах з неспрыяльным экалагічным становішчам. Характэрна, што сярод гараджан паліноз сустракаецца ў 4-6 разоў часцей, чым у сельскіх жыхароў.
Паліноз праяўляецца такімі непрыемнымі сімптомамі, як слёзацячэнне, святлабоязь, пачырваненне кан’юнктывы і вочных склер, адчуванне пяску ў вачах, сверб і ацёчнасць павекаў, чханне, закладзенасць і сверб носа, выдзяленні з яго, стамляльнасць і павышаная раздражнёнасць, парушэнні сну. І трэба памятаць, што без адэкватнага лячэння можа развівацца алергічны бранхіт, стэназіруючы ларынгатрахеіт, бранхіяльная астма.
У людзей, якія пакутуюць на паліноз, часта назіраецца перакрыжаваная харчовая алергія. Праяўляцца яна можа як у перыяд цвіцення раслін, так і цэлы год. Пры гэтым узнікае алергічная рэакцыя на прадукт, у склад якога ўваходзяць структуры, падобныя да алергенаў пылку. Так, пры палінозе рэакцыя на пылок дрэў можа быць перакрыжавана з алергічнай рэакцыяй на арэхі (асабліва фундук), бярозавы сок, моркву, пятрушку, сельдэрэй, таматы, яблыкі, персікі, нектарыны, слівы; рэакцыя на траву — з рэакцыяй на вырабы з мукі або крупы, каву, какаву, шчаўе; рэакцыя на пылок пустазельных траў — з рэакцыяй на мёд, насенне сланечніка, цытрусавыя, тапінамбур, цыкорый, буракі, баклажаны, шпінат.
Праявы харчовай алергіі крыху адрозніваюцца — гэта пяршэнне ў горле, кашаль, ацёк слізістых абалонак насаглоткі і ротавай поласці, высыпанні, сверб скуры. Перакрыжаваная харчовая алергія часцей за ўсё ўзнікае пры ўжыванні ў ежу сырой гародніны і садавіны. Пасля тэрмічнай апрацоўкі рэакцыя або не ўзнікае, або працякае з мінімальнымі клінічнымі праявамі. Гэта захворванне таксама знаходзіцца ў кампетэнцыі ўрача-алергалога, дадаткова можа спатрэбіцца кансультацыя оталарынголага ці афтальмолага.
Не лечыцца, але...
-
Цалкам пазбегнуць кантакту з пылком у перыяд цвіцення траў не атрымаецца, таму імкніцеся прытрымлівацца базавых рэкамендацый:
-
абмяжуйце выезды на прыроду;
-
выкарыстоўвайце спецыяльныя назальныя фільтры, маскі і сонцаахоўныя акуляры;
-
вяртаючыся дадому, прымайце душ, змяняйце і мыйце адзенне — часціцы пылку назапашваюцца на яго паверхні;
-
шчыльна зачыняйце вокны і дзверы, карыстайцеся сістэмай фільтрацыі паветра;
-
старайцеся як мага часцей праводзіць дома вільготную ўборку, пазбаўцеся ад «пылазборнікаў», такіх як дываны і мяккія цацкі, не забывайце рэгулярна мыць шторы;
-
выключыце з рацыёну перакрыжаваныя алергены;
-
не выкарыстоўвайце для лячэння і прафілактыкі лекавыя расліны (нават бяспечныя для вас віды могуць мець на паверхні алергенны пылок іншых раслін);
-
прамывайце нос солевымі растворамі і выкарыстоўвайце слёзазамяняльнікі для вачэй — гэта спрыяе выдаленню алергенаў.