У Нясвіжы стварылі новы куток добраўпарадкавання да Года беларускай жанчыны. Пра гэта БелТА паведамілі ў ДА «ЖКГ Мінскай вобласці», якое стала ініцыятарам адкрыцця такога аб’екта.
У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» зараз ёсць асаблівае месца — месца сілы і прыгажосці. Па ініцыятыве ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» тут была створана грамадская прастора, якая атрымала назву «Жанчыны ЖКГ разам».
Каманда на чале з намеснікам міністра ЖКГ Андрэем Рамашкам, старшынёй Нясвіжскага райвыканкама Андрэем Ратамскім, генеральным дырэктарам ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» Юрыем Кукашуком сумесна з кіраўнікамі і ідэалагічным актывам, а таксама моладдзю прадпрыемстваў ЖКГ Мінскай вобласці стварылі нешта большае, чым проста куток добраўпарадкаванай тэрыторыі.
«Цэнтрам кампазіцыі стаў памятны знак, застылы ў граніце, з сімвалам Года беларускай жанчыны. Вакол яго размяшчаецца алея з далікатных яблынь Сіверса і вярбы Хакура Нішыкі. А дапаўняюць агульнае добраўпарадкаванне лаўкі, кампазіцыі з кветак. У хуткай будучыні тут з’явяцца сучасныя ліхтары і фантаны на вадаёме», — паведамілі ў арганізацыі.
Падчас мерапрыемства па адкрыцці грамадскай прасторы найлепшым работнікам сферы ЖКГ Мінскай вобласці былі ўручаны ўзнагароды.