Парламентарый звярнуў увагу на мілітарызацыю эканомік, павелічэнне ваенных бюджэтаў, размяшчэнне кантынгентаў НАТА і правядзенне маштабных вучэнняў ля межаў Саюзнай дзяржавы. Ён адзначыў, што сукупныя вайсковыя выдаткі краін-членаў альянсу даўно перавалілі за трыльён долараў ЗША. У 2025 годзе сукупныя вайсковыя выдаткі Польшчы, Літвы і Lатвіі перавысілі 52 млрд еўра, што ў 25 разоў больш, чым выдаткі Беларусі на абарону.
«Усё гэта не можа заставацца па-за ўвагай, і нашы краіны аналізуюць сітуацыю і прымаюць вычарпальныя меры для ўмацавання абароннага патэнцыялу. У іх ліку размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі і расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік», — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі.
Ён падкрэсліў, што гэтыя крокі з’яўляюцца выключна абарончай мерай, прадугледжанай у тым ліку беларуска-расійскім Дагаворам аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

«Але ў адрозненне ад заходніх партнёраў Беларусь і Расія дэманструюць стрыманасць і гатоўнасць да сумеснага пошуку рашэнняў, якія маглі б спрыяць паступоваму аднаўленню дыялогу, зніжэнню канфрантацыі і выпрацоўцы рашэнняў па фарміраванні сістэмы рэгіянальнай бяспекі, заснаванай на прынцыпе яе непадзельнасці як ключавым фактары жыццяздольнасці і даўгавечнасці гэтай сістэмы», — адзначыў Сяргей Алейнік.
Старшыня Пастаяннай камісіі адзначыў, што паколькі Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) фактычна распісалася ў сваёй прафнепрыдатнасці ў пошуку развязак канфліктаў, Беларусь ініцыявала ў перыяд старшынства ў АДКБ у 2023 годзе правядзенне Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. На гэтай пляцоўцы ўжо на працягу трох гадоў ідзе пошук рашэнняў, закліканых спрыяць стварэнню эфектыўных механізмаў забеспячэння бяспекі ў Еўразіі.
«Менавіта ў Еўразіі глыбей разумеюць прынцыпы справядлівасці і раўнапраўя, у поўнай меры ўсведамляюць важнасць прынцыпу непадзельнасці бяспекі, з вялікай павагай ставяцца да міжнароднага права, да нацыянальных, рэлігійных і культурных асаблівасцяў адзін аднаго», — заўважыў парламентарый.
Сяргей Алейнік адзначыў, што менавіта таму беларускім бокам быў запушчаны працэс абмеркавання перспектыў пабудовы архітэктуры еўразійскай бяспекі. Сёлета плануецца правесці ўжо чацвёртую Мінскую канферэнцыю, і Беларусь разлічвае на ўдзел яшчэ большай колькасці краін Еўразіі.

Гаворачы аб ініцыятыве па распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, парламентарый падкрэсліў, што ідэя Хартыі не ўзята «са столі», а з’яўляецца адным з практычных элементаў ініцыятывы прызнання шляхоў прагрэсіўнага развіцця ў якасці каштоўнасці чалавечай цывілізацыі, вылучанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам на саміце ААН 2005 года.
«Ініцыятыва нацэлена на пабудову справядлівага парадку ў Еўразіі, заснаванага на прынцыпах непадзельнай бяспекі, раўнапраўя, узаемнай павагі і супрацоўніцтва. У Хартыі маглі б быць сфармуляваны параметры і прынцыпы функцыянавання архітэктуры бяспекі на еўразійскай прасторы, а таксама стратэгічнае бачанне шматпалярнасці абноўленай сістэмы міжнародных адносін», — сказаў Сяргей Алейнік.