Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Давайце будзем карыстацца тым, што ў нас ёсць, і будзем берагчы сваю беларускую зямлю»

Светлае свята Вялікадня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па традыцыі сустракае разам з вернікамі. Сёлета — у Свята-Пакроўскім жаночым манастыры, у храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы, што ў горадзе Талачын.


Месца гэта ўнікальнае. Гісторыя манастыра бярэ свой пачатак у 1604 годзе, калі ў Талачыне з лёгкай рукі канцлера ВКЛ Льва Сапегі з’явіўся Свята-Пакроўскі храм, які адносіцца да помнікаў архітэктуры віленскага барока. Унікальнасць гэтага помніка ў тым, што ён з’яўляецца адзіным храмам на тэрыторыі Віцебскай вобласці, які захаваўся з пачатку XVII стагоддзя ў сваіх першапачатковых формах. За сваю вялікую гісторыю храм бачыў шмат чаго. У 1769 годзе царква была пераўтворана ва ўніяцкі храм. Падчас Айчыннай вайны 1812 года французы спалілі Талачын, але манастырскія будынкі не кранулі. У сценах манастыра на начлег заставаўся французскі імператар Напалеон Банапарт. Пасля той ночы манастыр разрабавалі, вывезлі ў невядомым напрамку ўсе царкоўныя рэліквіі. Пасля гэтага спусташэння манастыр так і не змог аднавіцца. У XIX стагоддзі Свята-Пакроўская царква вярнулася да праваслаўных. Па распараджэнні імператара Мікалая І тут сталі рыхтаваць будучых святароў, бібліятэка манастыра налічвала сотні тамоў. Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы на працягу ўсёй гісторыі існавання дзейнічаў. 

Па традыцыі, у царкве Прэзідэнт запаліў святочную свечку і сказаў некалькі цёплых слоў вернікам. Вітаючы прыхаджан у храме, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ні ў адзін іншы дзень людзі так не ўсміхаюцца, як на Вялікдзень. «Колькі ні бываю ў нашых храмах, заўсёды гэты дзень адзначаю як асаблівы. Якія б ні былі цяжкія, складаныя часы, а ў нашай гісторыі яны былі рознымі, мы заўсёды з вялікім натхненнем, вялікім жаданнем чакалі і чакаем гэта светлае і добрае свята — Уваскрэсенне Хрыстова, наш Вялікдзень», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты дзень стаіць побач з галоўнымі свецкімі святамі — Днём Перамогі, Днём Незалежнасці. «Сёння асаблівы дзень, таму што гэта свята ўсіх нашых хрысціян і тых, хто блізкі да хрысціянства. Так супала, і гэта вельмі сімвалічна для нас, таму што наша краіна — гэта краіна адзінства, справядлівасці і ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што храму Пакрова Прасвятой Багародзіцы 421 год. «Уяўляеце, колькі ўсяго ён бачыў на сваім жыццёвым шляху і колькі яшчэ ўбачыць, дзякуючы нашым клапатлівым рукам», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што храм — акуратны, дагледжаны. І нагадаў, што парадак павінен быць ва ўсёй краіне ў Год добраўпарадкавання. Тым больш, зрабіў акцэнт Прэзідэнт, год гэты асаблівы яшчэ і тым, што гэта год 80-годдзя Перамогі ў страшнай Вялікай Айчыннай вайне. «Напэўна, як ніякая іншая вобласць нашай вялізнай краіны, Савецкага Саюза, Віцебская вобласць пацярпела ў тыя гады», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што гэта пацвярджаюць факты, якія адкрываюцца падчас раследавання зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. «Гэта вельмі асаблівы год для Віцебшчыны, для нашай Беларусі. І мы фактычна робім першыя крокі па святкаванні гэтай Вялікай Перамогі ўжо сёння», — адзначыў Прэзідэнт. Ён расказаў, што днямі прыме ўдзел і ў міжнародным форуме да 80-годдзя Перамогі, што адбудзецца ў Валгаградзе. Затым святочныя парады ў Маскве і Мінску. Такім чынам будзе аддадзена даніна павагі тым, хто даў нам гэта жыццё. 

Гэта важна, найперш, для моладзі

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёлета ў краіне пачнецца стварэнне цэнтраў традыцыйных рэлігій нашай краіны. Аб гэтым дамаўляліся падчас сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій ў лютым. Найбольш вернікаў адносяцца да праваслаўных. Цэнтрам праваслаўя будзе Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, рэлігійны і адукацыйны цэнтр. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што зусім нядаўна жамчужына праваслаўя была адноўлена і запрасіў усіх наведаць Жыровічы. 

На другім месцы па колькасці вернікаў — каталікі, якія сёння таксама адзначаюць Вялікдзень. «І я хачу, віншуючы праваслаўных, павіншаваць нашых каталікоў, усіх хрысціян яшчэ раз», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Цэнтрам каталіцызму ў краіне верагодна будзе Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе. 

«Таксама мы створым музей гісторыі сусветных рэлігій у Мінску, каб наша моладзь ведала, што такое рэлігія і адкуль карані гэтых рэлігій. І хрысціяне — праваслаўныя і каталікі -, і мусульмане, і іўдзеі — у гэтым цэнтры любы можа прыйсці і паглядзець, адкуль мы, адкуль наша духоўнасць», — анансаваў новы вельмі важны праект Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ўжо пабудаваны цэнтр, які сабраў дасягненні беларускага народа, так званы беларускі выставачны цэнтр дасягненняў народнай гаспадаркі. Да 9 мая Мінскі міжнародны выставачны цэнтр будзе поўнасцю адкрыты для наведвання. Асабліва, зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка, гэта важна для моладзі: «Каб яны, прыйшоўшы туды, захапіліся і адзін у аднаго спыталі: «няўжо мы гэта можам вырабляць, няўжо мы гэта сваімі рукамі зрабілі?». Для гэтых мэтаў будзе пабудаваны і Нацыянальны гістарычны музей. «Каб мы маглі моладзі паказаць, што вось тут карані, у Полацкім, Тураўскім княстве, з гэтых земляў пачыналася стварэнне нашай дзяржаўнасці», — адзначыў Прэзідэнт.

«Беражыце Беларусь. Другой у нас не будзе»

Нягледзячы на свята, у храме гучалі не толькі святочныя тэмы. Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуў увагу, што зараз краіна перажывае вельмі няпросты перыяд. «Нам трэба мабілізавацца, згуртавацца і прайсці яго. Турбулентнасць, хаос, неразбярыха ў свеце вялізная. Проста мы, улады, стараемся ўберагчы вас ад гэтага хаосу, каб кожны, займаючыся сваёй справай, бачыў вынікі сваёй працы, гадаваў дзяцей, адукацыю стараўся ім даць. Гады вельмі складаныя, вельмі цяжкія, асабліва ва ўмовах санкцый для нашай эканомікі», — сказаў ён. А паколькі эканоміка ў аснове ўсяго, па дарозе ў храм разам са старшынёй Талачынскага райвыканкама кіраўнік дзяржавы абмеркаваў сітуацыю ў раёне. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Талачынскі раён — адзін з найлепшых у Віцебскай вобласці і ў цэлым у краіне па паказчыках. «Але, на жаль, я заўважаю, што тыя, каму мы нямала дапамагалі, не вельмі добра працуюць. — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — У царкве не хлусяць, павінен вам прама сказаць, гэты год будзе вельмі сур’ёзны ў плане навядзення парадку ў нашай краіне. Год добраўпарадкавання і навядзення парадку — гэта не проста падмесці вуліцы і высадзіць дрэўцы. Гэта вельмі важна. Кожны на сваім прысядзібным участку, калі гэта на вёсцы, ды і ў гарадах павінен навесці адпаведны парадак, не павінна быць пустых земляў, не павінна быць звалак, занядбаных дамоў і гэтак далей. Вы гэта бачыце. І я таксама гэта бачу. Мы гэты год павінны пражыць годна, ствараючы нармальныя ўмовы для жыцця найперш нашых дзяцей. Не заўсёды і не ўсюды так атрымліваецца, асабліва ў Віцебскай вобласці». Прэзідэнт агучыў інсайдэрскую інфармацыю, якая тычыцца найперш кіраўніцтва раёна, але пачуць яе трэба кожнаму: «Рыхтуйцеся да вельмі сур’ёзных кантрольных праверак, каб мы маглі ацаніць, а што Віцебшчына зрабіла за гэтыя гады».

«Карыстаючыся выпадкам, знаходзячыся ў гэтым храме Божым, хачу вас папрасіць: рабіце на сваім месцы тое, што павінны рабіць. Гэта нашмат лягчэй, нашмат прасцей, чым у паўднёвых нашых суседзяў. Не хацелася б, каб мы да гэтага дайшлі. Таму трэба працаваць і рабіць сваю справу», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўсіх прысутных. Ён падкрэсліў, што ў аснове дзяржаўнай палітыкі заўсёды была і будзе справядлівасць: зарабіў — атрымаў. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў нашай зямлі няма ні нафты, ні газу, якія можна было б выгадна прадаваць. «Мы ўсё сваімі рукамі зарабляем. Напэўна, у гэтым ёсць нейкі сэнс, калі Гасподзь так вырашыў. Таму давайце будзем карыстацца тым, што ў нас ёсць, і будзем берагчы сваю беларускую зямлю. Берагчы для нашых дзяцей. Яна свяшчэнная, яна святая і другой у нас не будзе, — заклікаў беларускі лідар. — Таму я жадаю самае галоўнае таго, чаго не купіш ні за якія грошы, — міру. Жадаю вам здароўя, вам, вашым дзеткам, каб гэтыя дзеці, вашы дзеці, нашы дзеці вас ніколі не засмучвалі. Каб вы былі такімі светлымі, добрымі, радаснымі, як у гэты святочны дзень. Беражыце Беларусь. Беражыце. Другой такой не будзе. Ды і не трэба другой. Таму што яна самая прыгожая, цудоўная, гэта месца для жыцця нас і нашых дзяцей». 

На памяць аб гэтай цёплай сустрэчы Прэзідэнт падарыў храму Ікону Прасвятой Багародзіцы «Казанская», — адзін з самых вядомых і асабліва шануемых праваслаўных вобразаў Багародзіцы. Настаяцельніца манастыра ігумення Анфіса падзякавала Прэзідэнту за тое, што ён пры сваё занятасці змог прыехаць у храм. На памяць аб гэтай сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы застанецца ікона свяшчэннамучаніка Харлампія. 

Талачын

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю