Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Для нас галоўнае — захаваць мір

Традыцыйна свята Раства Храстова Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустракае разам з вернікамі ў царкве. Сёлета кіраўнік дзяржавы наведаў храм Свяціцеля Мікалая цудатворца ў Лагойску. Месца ўнікальнае. Храм быў пабудаваны ў 1866 годзе і з’яўляецца помнікам архітэктуры. У 1930-я гады храм быў зачынены і ператвораны ў збожжасховішча. Падчас Вялікай Айчыннай вайны службы тут аднавіліся і ўжо не перапыняліся. У 1907 годзе ў храм вернуты старажытны абраз Лагойскай Божай Маці, які лічыўся страчаным. Пры царкве ёсць гаючая крыніца, якая выцякае з падножжа ўзгорка, на якім стаіць храм. Аляксандр Лукашэнка ў царкве запаліў святочную свечку. А затым пагутарыў з вернікамі. Размова хоць і не была абсалютна святочнай, але ж на самыя важныя тэмы.


«Гэта тыя святы, якія наша няпростая гісторыя не змагла сцерці з памяці»

Віншуючы Прэзідэнта са святам Раства Храстова, настаяцель храма пратаірэй Уладзімір адзначыў, што падчас Боскай літургіі вернікі моляцца аб краіне. Пратаірэй Уладзімір пажадаў кіраўніку дзяржавы мірнага праўлення, здароўя, моцы і цялесных сіл, а таксама глыбокага міру ў душы, аб якім спявалі анёлы ў Віфлееме ў калядную ноч. «І як пажаданне ад усіх жыхароў Лагойска, прыхаджан гэтага храма — я хачу, каб радасць ад гэтага свята заўсёды заставалася з вамі і з усімі намі», — адзначыў святар. 

Прэзідэнт падзякаваў усіх, хто прыйшоў у храм. «Я вельмі цаню, што вы прыйшлі, каб сустрэцца ў гэта светлае, святое свята», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы нагадаў свой тэзіс аб тым, што вельмі важна, каб у незалежнай дзяржавы былі ўстойлівыя і прызнаныя ўсімі людзьмі традыцыі. Па яго словах, адна з іх — гэта святы: Вялікдзень, Новы год, Дзень Перамогі, Раство. «Гэта тыя святы, якія наша няпростая гісторыя не змагла сцерці з нашай памяці. Я ўпэўнены, што гэтыя святы ў нашых сэрцах назаўжды», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён павіншаваў усіх са светлым святам Раства. «Я хачу, каб яно прынесла ўсім нам радасць. Каб вы радзей засмучаліся. Каб зусім не засмучаліся, такога не бывае, вы гэта цудоўна разумееце. Таму я вам жадаю, як мага радзей засмучацца. І перш за ўсё, каб вашы дзеткі вас ніколі не засмучалі», — пажадаў кіраўнік дзяржавы.

Год будзе цяжкім, але мы ўсё пераадолеем

Аляксандр Лукашэнка пагаварыў з жыхарамі Лагойска і аб галоўных тэмах наступнага года. «У царкве не хлусяць, я заўсёды гэта памятаю і заўсёды пра гэта гавару. Лепш прамаўчаць, калі не хочаш гаварыць», — заўважыў ён. Прэзідэнт папярэдзіў, што будучы 2025 год будзе няпростым. «Няпростым не толькі таму, што нас разам з Расіяй пачалі ціснуць і душыць з усіх бакоў. Пакуль тая тактыка і стратэгія, якую мы вызначылі, дапамагае нам не толькі ўтрымацца на плаву, але і жыць годна. Скажам шчыра, што кожны жыве так, як ён хоча. Вось гэта я ўжо магу сёння спакойна сказаць. Чаму? Таму што, калі ты хочаш жыць лепей, у нашай дзяржаве такія ўмовы створаны. Хочаш лепш (Гасподзь заўсёды намякаў на гэта) трэба проста больш працаваць. Не будзеш працаваць (вы гэта цудоўна ведаеце) ніколі лепш ці нават добра жыць не будзеш. Таму мы пераадолеем усе складанасці і цяжкасці наступнага года», — сказаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ўсе цяжкасці звязаны не толькі з націскам з боку на нашу дзяржаву. 20205 год будзе складаным яшчэ і таму, што ў нашых сяброў і суседзяў, з якімі мы гандлюем (а гандлёва-эканамічныя адносіны — гэта аснова жыцця любой дзяржавы) сітуацыя няпростая. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі б было нармальна ў іх, у нас было б вельмі добра. «Таму я вас папярэджваў і папярэджваю яшчэ раз, што новы год будзе няпростым. Ён будзе цяжкім. Але мы яго пераадолеем. Мы пераадолеем усе гэтыя цяжкасці, мы не аднойчы з імі сутыкаліся літаральна ў апошні час, і пандэмію мы перажывалі, і санкцыі перажывалі. Калі мы адзіныя, калі мы разам, калі мы хаця б глядзім у адзін бок аднолькава, тады ў нас усё будзе добра», — адзначыў беларускі лідар.

Галоўны выклік — гэта эканоміка

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што і ўнутры краіны праблем хапае і выклікі з’яўляюцца пастаянна, амаль кожны месяц. Адным з апошніх выклікаў, якія насельніцтва магло і не заўважыць, дзякуючы рабоце адказных асоб, Прэзідэнт назваў вымушаную міграцыю людзей, якія ўцякаюць ад вайны. Паводле яго слоў, Расію гэта праблема даўно зацягнула, Беларусь жа да нядаўняга часу бог мілаваў. «Мяне ўжо інфармуюць, што пачынаюць падцягвацца людзі з Усходу не толькі тыя, якія жадаюць нам нейкай варожасці і вайны. Не. Падцягваюцца людзі, якія жадаюць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. Але ўся бяда ў тым, што гэтыя людзі далёкія ад тых спраў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя, прафесійна непадрыхтаваны. Гэта таксама нястрашна, галоўнае, каб гэта людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей, працоўныя рэсурсы нам патрэбны. Але некантралюемая міграцыя — гэта бяда», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў Беларусь уцякаюць розныя людзі. І праз нашу краіну назіраецца вялікі транзіт мігрантаў на Захад. Кіраўнік дзяржавы адказаў на абвінавачанні ў тым, што беларусы дапамагаюць у гэтай міграцыі: «Я заўсёды быў сумленны. Мы нікога ад мігрантаў бараніць не будзем. Асабліва тых, хто ўводзіць супраць нас эканамічныя санкцыі. Што такое санкцыі? Гэта эканамічны ціск, каб мы не развіваліся, каб нам было цяжэй і складаней. Дык чаму мы павінны іх абараняць?».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што нядаўна Уладзімір Зяленскі «крычаў «Жыве Беларусь». «Ну жыве, натуральна жыве. — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Ён, праўда, сказаў, што хутка па ўсёй Беларусі ўсе будуць гэтыя лозунгі прамаўляць „Жыве Беларусь“. Ён нібыта намякаў, што хутка ў нас будзе так, як ва Украіне. Я так падумаў, пачуўшы яго: крый божа. Таму выклікаў хапае. Але галоўны выклік — гэта эканоміка. Будзем разам трымацца, будзем імкнуцца зрабіць лепш, каб лепш жылося — мы пераадолеем і гэтыя выклікі». Галоўнае паводле слоў беларускага лідара, каб быў мір. Ён запэўніў, што ў Беларусі будзе зроблена ўсё магчымае, каб захаваўся мір. «Будзе мір — усё астатняе, як я кажу, мы купім. Будзем жыць, можа быць, небагата, але годна. Як жывём зараз, ні ў кога нічога не просім. Мы жывём на тыя грошы, тыя сродкі і магчымасці, якія мы рэалізоўваем у Беларусі. Таму для нас галоўнае — захаваць мір», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што яго часта крытыкуюць за словы аб міры. «Я разумею, што, калі не будзе міру — нічога не трэба», — адказаў на гэта Прэзідэнт. У прыклад ён прывёў суседзяў, дзе сотнямі тысяч гінуць людзі, бруд і ўсё астатняе, што нясе вайна — там. «Нам гэта трэба? Нам гэта не патрэбна. Таму мы будзем рабіць усё, каб захаваць мір», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Самае галоўнае — мы ўмеем чуць нашых людзей, слухаць нашых людзей

Аляксандр Лукашэнка вярнуўся да тэзіса, які агучваў у навагоднім звароце. Будучы час, асабліва наступная пяцігодка — гэта змена пакаленняў. «Трэба падрыхтаваць маладое пакаленне, наступнае пакаленне нашых дзяцей, якое возьме ў рукі Беларусь і будзе яе берагчы, цаніць, хаця б так, як мы з вамі, цяперашняе пакаленне, аберагалі яе, і зрабілі гэту краіну суверэннай і незалежнай. Упершыню ў гісторыі», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што змена пакаленняў — гэта заўсёды балючы працэс. Але паабяцаў правесці яго так, каб ніякага болю беларусы не заўважылі.

Паводле слоў Прэзідэнта, у краіне будзе працягвацца рэалізацыя палітыкі сацыяльна-арыентаванай дзяржавы. Ён заўважыў, што многія могуць паставіцца да гэтага скептычна. «Павінен вам сказаць: тое, што мы робім для людзей у Беларусі, ні ў адной краіне не робіцца. Самае галоўнае — мы ўмеем чуць нашых людзей, слухаць нашых людзей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён прывёў некалькі прыкладаў. На днях будуць адчыненыя апошнія артэзіянскія свідравіны, якія будуць забяспечваць Мінск чыстай артэзіянскай вадой. Практыка ўзяцця вады з адкрытых крыніц, яе ачышчэння ў сталіцы больш прымяняцца не будзе. Усё ж артэзіянская вада куды лепшая. Ён растлумачыў, што ў агульнай складанасці Мінск спажывае больш за 400 тыс. куб.м вады за суткі і трэба было яшчэ забяспечыць водазабеспячэнне з падземных крыніц у аб’ёме 120-130 тыс. куб.м. «Мы гэта для каго робім? Для свайго народа», — заўважыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што не ўсе краіны займаюцца гэтым пытаннем. «Але мы гэта зрабілі, бо я ведаю, што людзі запомняць гэта назаўжды. Сапраўдныя людзі будуць удзячныя, таму што паветра, вада, наша харчаванне — гэта аснова жыцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу, што ў астатніх гарадах крытычных праблем з вадой няма. Яшчэ адзін прыклад — дарогі. Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулым годзе літаральна штурмам бралі гэтыя вышыні. Ён звярнуў увагу, што сёння кожная сям’я мае аўтамабілі, а то і па два-тры. А значыць, патрэбны вялізныя сродкі для таго, каб падтрымліваць дарогі ў нармальным стане. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача ўсе раённыя цэнтры з аграгарадкамі звязаць дарогамі з цвёрдым пакрыццём. «Мы павінны, як бы не было складана, на працягу наступнага года ў краіне пераадолець гэтае няшчасце. Для каго гэта зроблена? Гэта для людзей. — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму сацыяльна-арыентаваная дзяржава — гэта калі дзяржава глядзіць у бок народа». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта не азначае, што дзяржава будзе працаваць за кожнага чалавека, гэта не яе роля. Ён звярнуў увагу, што ў дзяржавы свае функцыі. Але за апошнія гады яны значна пашыраны. Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад — у кожнай вёсцы ёсць свае стандарты. У большасці яны выконваюцца. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што на гэта пытанне будзе звернута ўвага, таму што першы год пяцігодкі якасці — Год добраўпарадкавання. Таму, паводле яго слоў, у вёсцы, не гаворачы ўжо аб аграгарадках, павінны быць створаны ўмовы для людзей, вобразна кажучы, павінен гарэць хоць адзін ліхтар, каб людзі маглі бяспечна перамяшчацца па вуліцы. Гаворачы аб вёсцы, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваёй турботай: «Мы ўсё захвальваем нашу моладзь. Так, у нас нядрэнная моладзь, яна такая, як ёсць, іншай не будзе. Але мяне непакоіць тое, што наша моладзь не так як мы з вамі прыхільная да працы». Таму, паводле яго слоў, перад краінай у будучыні будзе стаяць сур’ёзны іспыт. «Нам трэба вызначыць нармальную ўладу, нармальнага прэзідэнта, урад, які будзе ўказваць той шлях, па якім будзе развівацца наша краіна. Мы ад гэтага нікуды не падзенемся. У гэтым сутнасць змены пакаленняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я не аб тым, што я заўтра ўцяку куды-небудзь. Пакуль ёсць здароўе, я буду з вамі, на любой пасадзе буду працаваць, каб захаваць тое, што мы з вамі стварылі сваімі рукамі».

У аснове павінна быць справядлівасць

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, і ён палічыў важным аб гэтым нагадаць менавіта ў гэты дзень, у аснове павінна быць справядлівасць. «Несправядлівасці быць не павінна», — канстатаваў ён. Адсюль, звярнуў увагу Прэзідэнт, умяшанні дзяржавы ў пытанні цэнаўтварэння. «І гэта не рэгуляванне цэн, як некаторыя гавораць. Абсалютна не. Мы не збіраемся рэгуляваць цэны. Гэта сёння немагчыма ў рыначнай эканоміцы. Гэта не тыя савецкія часы, калі на ўсё ўстанаўлівалася цэны. Павінна быць створана сістэма самарэгулюючая. Яна не павінна душыць бізнэс, вытворчасці. Калі селянін нешта вырабляе, чаму мы павінны яму ўказваць, дзе і па якім кошце ён павінен прадаваць прадукцыю. Няхай прадае. Але ён павінен памятаць, што ён вырабіў, а людзі, якія з ім побач, купляюць і яны павінны мець магчымасць купіць гэтую прадукцыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, такая ж сітуацыя з прамысловымі таварамі. Можна зрабіць колькі заўгодна трактароў, але не факт, што сельгаспрадпрыемствы, фермеры будуць у стане іх купіць. Таму трэба стварыць самарэгулюемую сістэму, якая будзе садзейнічаць устанаўленню справядлівасці. Гэта, паводле слоў Прэзідэнта, дасць магчымасць вырашыць праблему, калі прыбытак ад продажу прадукцыі вывозіцца за мяжу. «Памятаць мы павінны, што выгоды ў краіне стварае народ. І ты павінен з гэтага прыбытку тое, што належыць народу аддаць, а не набіваць сабе кішэню. У гэтым прынцып справядлівасці. Калі такой справядлівасці няма, мы прыйдзем да вайны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ва Украіне ўсе праблемы пачаліся з несправядлівасці, калі з’явіўся вялізны клан алігархата, які задушыў краіну. І паціху гэты алігархат прывёў Украіну да вайны. «Той жа Зяленскі, ён жа не бедны чалавек. Таму ў каго грошы ў кішэні вялізныя заробленыя, яны моцна ціснуць. І тады ты ўжо не будзеш думаць аб дзяржаве, ты будзеш думаць аб гэтых грошах. І там усе прэзідэнты былі такія. Таму ўсё пачынаецца з несправядлівасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у Беларусі ўсе пытанні па цэнах, па аплаце працы і іншыя будуць вырашацца па справядлівасці. «Тое, што зароблена ў Беларусі павіннае заставацца ў Беларусі. Гэта не павінна вывозіцца. Грошы зарабіў — вывез за мяжу, там у банках размясціў або нейкае прадпрыемства адкрыў. Чаму мы павінны на кагосьці працаваць? Усё павінна заставацца ў Беларусі», — зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што на гэтыя і іншыя пытанні справядлівасці ў бліжэйшы час будзе звернута асаблівая ўвага.

«Я люблю свой народ, і ў гэтым мая асаблівасць»

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што выступіў з гэтай несвяточнай прамовай, каб людзі разумелі: усе цяжкасці можна пераадолець толькі разам. «Ніякі прэзідэнт, ніякі ўрад вас не выратуе, калі ён (ці прэзідэнт) будзе ісці ў адным напрамку, а вы ў іншым. Калі мы будзем ісці з вамі ў нагу, як ішлі дзесяцігоддзі мінулыя, мы выйдзем з гэтай няпростай сітуацыі. Мы пераадолеем усе складанасці і цяжкасці», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў усіх са святам і пажадаў усім здароўя і радасці. «Давайце будзем працаваць у імя будучыні нашых дзяцей», — сказаў ён.

Протаіерэй Уладзімір падзякаваў Прэзідэнту за словы, якія ішлі ад сэрца. Ён адзначыў, што ў прамове кіраўніка дзяржавы адчувалася любоў да ўсіх беларусаў. «Я люблю свой народ, і ў гэтым мая асаблівасць. Выбачайце за нясціпласць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — 30 гадоў таму я пакляўся, што буду служыць свайму народу. І я гэта раблю». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што за гэты час усялякае бывала. Але грубых памылак дапушчана не было. Ён звярнуў увагу, што краіна ішла па тонкім лёдзе, які ні разу не праламаўся. І гэта Аляксандр Лукашэнка назваў галоўным дасягненнем беларусаў. Паводле яго слоў, у цяперашні цяжкі час, калі вакол кіпяць страсці, неабходна захаваць свой астравок міру, як бы гэта не не падабалася апанентам. «Калі нас уцягнуць у вайну, будзе цяжкая сітуацыя. Мы можам не вытрымаць як дзяржава. Таму мы цярпліва, настойліва, як царква нас вучыць, робім сваю справу. Час усё адбудуе. Час дасць усім адзнаку. Нам трэба вытрымаць. Няхай гавораць, што дыктатура, яшчэ штосьці. Слухайце, лепей такая дыктатура, як у Беларусі, чым такая дэмакратыя, як ва Украіне. Нам трэба вытрымаць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што за ўладу не трымаецца. «Я зраблю ўсё для таго, каб ціха, спакойна перадаць гэтую ўладу новаму пакаленню. Бо я спадзяюся яшчэ пры новай уладзе, і вы таксама, пажыць. Мае дзеці будуць жыць. Я хачу бачыць, як яны будуць жыць. Мае — не тое, што гэта маё дзіця. Мае дзеці — вось гэтыя. Я хачу бачыць, як яны будуць жыць. Вось мая мэта. Таму гэта вялікая мая перавага, што я не спрабую сілай неяк утрымаць уладу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што наш народ перажыў цяжкія часы, прайшлі гэта. Дзякуючы гэтаму людзі паразумнелі. «Мы цяпер падвяргаемся і душэўным, і псіхалагічным нападам жорсткім. Але народ жа трымаецца. Прыязджаюць да нас госці і зайздросцяць: гасцінныя, добрыя, спагадлівыя». Гэта чаму? Таму што народ наш добры. Ад кораня. Яны трымаюцца«, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

На памяць аб гэтай сустрэчы Прэзідэнту падарылі абраз Божай Маці «Знаменне Лагойская». У старажытнасці горад Лагойск быў памежным горадам. Полацкай зямлі. Абраз Прасвятой Багародзіцы «Знаменне Лагойская» вядома на землях Беларусі са старажытных часоў. Яшчэ Полацкі князь Барыс Усяслававіч (1054-1128), родны брат бацькі прападобнай Ефрасінні Полацкай, на сваіх пячатках і грашовых пломбах адлюстроўваў абраз Божай Маці «Знаменне». У 30-х гадах XX стагоддзя выява абраза была згублена, але па захаваных фатаграфічных малюнках жыхарамі Лагойска падчас Вялікай Айчыннай вайны была напісана копія абраза на палатне. Па блаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта беларускім іканапісцам Паўлам Жаравым у 2000 годзе быў напісаны новы абраз Прасвятой Багародзіцы «Знаменне Лагойская». А Прэзідэнт, у сваю чаргу, падарыў храму абраз Божай Маці «Смаленская». І яшчэ адна кранальная традыцыя гэтага свята — букет белых руж настаяцелю храма. І, канешне ж, салодкія падарункі самым маленькім прыхаджанам.

Фота БелТА

Лагойск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю