Урачыстая, прыгожая і кранальная традыцыя працягваецца. У святочныя калядныя дні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў спецыяльныя прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтваў і спецыяльную прэмію «Беларускі спартыўны Алімп».
Вернасць свайму пакліканню і любоў да роднай зямлі
«Калядныя дні ствараюць асаблівую атмасферу і натхняюць на добрыя справы. Так было спрадвеку. Такім мы разумеем гэта светлае свята і сёння, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У ім вытокі нашай цырымоніі ўшаноўвання ў першыя дні новага года лаўрэатаў прэміі „За духоўнае адраджэнне“ і спецыяльных прэмій Прэзідэнта. А само мерапрыемства ўжо стала традыцыяй суверэннай Беларусі. І мы не ўяўляем гэтыя чароўныя дні без прыгожага ўрачыстага моманту — моманту заслужанай славы дастойных людзей».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лаўрэаты прэміі — сапраўдныя падзвіжнікі, стваральнікі сапраўднага мастацтва, захавальнікі душы народа. Гэтай прэміяй адзначаюцца заслугі дзеячаў культуры, якія захоўваюць і ўзбагачаюць нацыянальную скарбніцу, абуджаюць цікавасць да народных рамёстваў, выхоўваюць павагу да нашых традыцый. Прэзідэнт звярнуў увагу, што сярод узнагароджаных таксама святары, урачы, сацыяльныя работнікі — неабыякавыя людзі, якія працягнулі руку дапамогі тым, хто сутыкнуўся з цяжкасцямі. Ён падкрэсліў, што яны бескарысліва і па поклічы сэрца клапоцяцца аб дзецях, якія трапілі ў няпростую сітуацыю ў жыцці. Беларускі лідар адзначыў, што ў краіне ганарацца поспехамі на найбуйнейшых сусветных турнірах нашых вядомых спартсменаў і трэнераў, удастоеных прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».
«Усе дасягненні лаўрэатаў і іх дзейнасць маюць высокае духоўнае і патрыятычнае гучанне. Асабліва важна гэта зараз, калі краіна рыхтуецца адзначыць свяшчэнную дату — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Мы беражліва захоўваем памяць аб мінулым, упэўнена рухаемся наперад і смела глядзім у будучыню», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў героям дня за дасягненні і перамогі. Але, па яго словах, важна і іншае. «Значнасць вашай працы нашмат большая, чым вы, магчыма, самі гэта усведамляеце. Кожны ваш поспех натхняе многіх беларусаў на новыя справы, такія ж добрыя, чалавечныя і вельмі патрэбныя. Таму з году ў год мы сустракаемся на гэтай сцэне з людзьмі, якімі рухаюць самыя шчырыя пачуцці — вернасць свайму пакліканню і любоў да роднай зямлі», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да лаўрэатаў. Па яго словах, дзякуючы таму, што яны служаць высокім ідэалам, мы паспяхова супрацьстаім тым выклікам, якія перад намі ставіць час. Час хаосу, войн, дэвальвацыі сапраўдных каштоўнасцей. «А ісціна простая: у аснове любой чалавечай дзейнасці ляжаць духоўнасць і маральнасць, справядлівасць — жыватворны эліксір для культуры, трывалай сувязі пакаленняў і традыцый. Яны — аснова адзінства нацыі, якая ведае сваю гісторыю, шануе спадчыну продкаў і клапоціцца пра будучыню. Аснова таго, што вызначае характар народа. Духоўнасць і маральнасць — падмурак моцнай, незалежнай дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт павіншаваў лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп». «Дзякуючы такім людзям, як вы, патрыётам і стваральнікам, наша родная Беларусь застаецца астраўком міру, спакою, чалавекалюбства і міласэрнасці, — сказаў ён. — Як бы хто ні імкнуўся нас сёння расхістаць — нічога не атрымаецца. Нічога не атрымаецца. Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам. Таму нам варта падумаць аб іх будучым. І мы думаем».
Мы навучыліся працаваць у цяжкіх умовах, калі нас ціснуць з усіх бакоў
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў наступнай пяцігодцы будзе зроблена ўсё, каб наша краіна назаўсёды забыла праблему захавання сваёй дзяржаўнасці. «Наша краіна заўсёды будзе дзяржавай, насуперак любым цячэнням і тэндэцыям на міжнароднай арэне», — заявіў беларускі лідар. Каторы раз на шырокую аўдыторыю Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што наступны год будзе няпростым: «Нам прыйдзецца напружвацца ў два разы больш, чым у мінулым годзе. Але мы пераадолеем усе цяжкасці. І не таму, я хачу сказаць, што мы адзіныя, мы натхнёныя і гэтак далей. Мы навучыліся працаваць у цяжкіх умовах, калі нас ціснуць з усіх бакоў». Прэзідэнт нагадаў, што скардзіцца не варта. «Санкцый няма», — яшчэ раз заявіў ён.
Па словах Аляксандра Лукашэнка, калі б беларусы, людзі эмацыйныя, акунуліся б у развагі аб санкцыйнай палітыцы, яны абрынулі б эканоміку, а ўслед сваё жыццё і сваю дзяржаву. «Таму санкцыі — не санкцыі, проста жыццё складваецца такім чынам, што ў любой сітуацыі нам прыйдзецца выжываць, вытрымліваць гэты націск. Мы яго вытрымаем», — запэўніў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што новы год і будучая пяцігодка пройдуць пад лозунгам міру і бяспекі. «Будзе мір — усё астатняе прыкладзецца. Трэба зберагчы мір для Беларусі, і мы зробім гэта разам з вамі», — сказаў ён.
І яшчэ адзін тэзіс, які неаднаразова агучваў Аляксандр Лукашэнка: пераемнасць, новае пакаленне. «Мы аддаём нашу краіну ў рукі новаму пакаленню. — сказаў ён. — Я чаму вам пра гэта гавару? Я гаварыў пра гэта ў царкве і гэтак далей для таго, каб людзі пачулі. А вам кажу, таму што нам з вамі давядзецца гэта пакаленне сфарміраваць і нам з вамі давядзецца іх пасадзіць у свае крэслы — работнікаў творчых, культуры... І ва ўладу. Цяжкая работа, але мы настроены яе арганізаваць і правесці».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што наперадзе яшчэ шмат святаў. І пажадаў, калі можна усміхацца і радавацца, гэта рабіць. «Шчасця вам, дабрабыту і поспехаў», — пажадаў ён.
Усе нашы перамогі нельга аддзяліць ад нацыянальных і духоўных каштоўнасцей
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская (універсітэт быў уганараваны прэміяй «За духоўнае адраджэнне» за за актыўную дзейнасць у патрыятычным выхаванні моладзі і рэалізацыю праекта «Лінія памяці. Код вайны») у адказным слове ад імя ўсіх лаўрэатаў падзякавала Прэзідэнту і ўсім, хто забяспечвае мір і згоду на беларускай зямлі. «Толькі ва ўмовах міру мы можам ствараць тое, што сапраўды трэба беларускай дзяржаве. Усе нашы перамогі нельга аддзяліць ад нацыянальных і духоўных каштоўнасцей, гістарычнай памяці нашага народа, ад дзяржаўнай палітыкі, якую праводзіць наш Прэзідэнт», — сказала яна. Наталля Карчэўская заўважыла, што ў 2025 годзе ўсе трымаюць экзамен: экзамен перад продкамі, перад дзецьмі, экзамен на патрыятызм, на адданасць нацыянальным інтарэсам, на стойкасць дзяржаўных пазіцый. «Мы зробім усё, каб вытрымаць гэты экзамен на «выдатна», — запэўніла яна.
У тэму
Алег Румо: «У гэтай узнагародзе — вялізная праца высокакваліфікаванага калектыву»
Дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо адзначаў, што ў цэнтра ўзнагарод нямала. Але прэмія «За духоўнае адраджэнне» (яе калектыў цэнтра атрымаў за выдатныя дасягненні ў паляпшэнні якасці медыцынскай дапамогі, развіццё навукі і папулярызацыю ідэй дабрачыннасці і міласэрнасці) — асаблівая . «У гэтай узнагародзе — вялізная праца высокакваліфікаванага калектыву, які аб’яднаны агульнай мэтай — ратаваць жыцці людзей. — адзначыў Алег Румо. — Гэты калектыў ужо амаль 50 гадоў працуе, ратуе людзей, штогод аказвае медыцынскую, стацыянарную дапамогу больш чым 30 тысячам людзей з Мінска і ўсёй Беларусі».
Алег Румо нагадаў, што калектыў цэнтра першым у краіне у 1994 годзе выканаў аперацыі па трансплантацыі касцявога мозга, якія былі зроблены як дарослым, так і дзецям. Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі першым у Беларусі выканаў аперацыю па трансплантацыі печані, а затым па трансплантацыі некалькіх органаў. «Сёння велізарны калектыў займаецца ўсімі накірункамі сучаснай высокатэхналагічнай медыцыны, пачынаючы ад трансплантацыі і працягваючы кардыяхірургіяй, мікрахірургіяй, лячэннем пацыентаў з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. У кожным з гэтых напрамкаў у апошнія гады гэты калектыў зрабіў сапраўдны прарыў, прымяніў унікальныя распрацоўкі, якія дапамогуць істотным чынам павысіць якасць аказання дапамогі, выратаваць тысячы пацыентаў», — адзначыў Алег Румо І што самае важнае, па словах дырэктара цэнтра, калектыў дзеліцца сваім досведам: «Каля тысячы беларускіх урачоў за апошнія два з паловай гады прайшлі перападрыхтоўку на базе адукацыйнага цэнтра, і каля 600 урачоў з розных краін прайшлі розныя стажыроўкі на базе нашага цэнтра. Мы працягваем аказваць дапамогу, выязджаючы з майстар-класамі ў розныя краіны, выконваючы найскладанейшыя аперацыі жыхарам гэтых краін».
Фота БелТА