Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Гэта для народа падарунак

«Ліць ваду» і даваць пустыя абяцанні — не беларускі падыход. Клапаціцца аб здароўі і камфорце людзей і не шкадаваць на гэта сродкі — вось наш варыянт. Пяцігодка якасці і Год добраўпарадкавання толькі пачаліся, а ў сталіцы ўжо адбылася гістарычная падзея з гэтым звязаная — Мінск поўнасцю пераведзены на якасную артэзіянскую ваду. «Я ведаю, што гэта людзі запомняць назаўжды. І будуць удзячныя. Таму што паветра, вада, наша харчаванне — гэта аснова жыцця. Не лекі. А менавіта гэта. Паветра, вада — тое, без чаго людзі жыць не могуць», — адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня, наведваючы храм. ​


У 2022 годзе Прэзідэнт даручыў за 2022-2025 гады перавесці Мінск на водазабеспячэнне з падземных артэзіянскіх крыніц. У ліпені таго ж года было падпісана распараджэнне аб рэалізацыі адпаведнага інвестыцыйнага праекта. За гэты час была праведзена каласальная праца — прасвідраваны новыя свідравіны, мадэрнізавана помпавае абсталяванне, праведзены новыя ніткі магістральных, зборных і размеркавальных вадаводаў працягласцю больш за 114 км, узведзены новыя інжынерныя збудаванні водападрыхтоўкі. На новай помпавай станцыі «Шчамысліца» кіраўнік дзяржавы прыняў удзел ва ўрачыстым пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц для водазабеспячэння Мінска. 

«Думаю, мінчане гэта ацэняць»

«Горад штодня выкарыстоўвае 450 тысяч метраў кубічных вады, 330 тысяч вады з падземных крыніц было, каля 120-130 тысяч штодня пастаўлялася з наземных крыніц, у прыватнасці, з Вілейскай воднай сістэмы. Для таго, каб знайсці гэтыя 130 тысяч, у самім горадзе і на найбліжэйшых тэрыторыях такіх запасаў вады не было. Яны былі на адлегласці 35-40 кіламетраў ад горада. Каб падняць гэту ваду, было прасвідравана і пабудавана 87 новых свідравін, яшчэ больш за 40 перабурана. Пабудавана 114 кіламетраў трубаправодаў вялікага дыяметра», — расказаў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. Дзякуючы гэтаму жыхары самых буйных па насельніцтве раёнаў Мінска Фрунзенскага і Маскоўскага — а гэта практычна 800 тысяч чалавек — будуць мець у сваіх дамах чыстую ваду з падземных крыніц. Раней яны выкарыстоўвалі ваду з наземных крыніц, якая, зразумела, саступае па якасці артэзіянскай вадзе. 

Цяпер мінчане могуць забыцца пра праблемы з вадой. Праект не толькі складаны тэхнічна, але і затратны фінансава. Па словах старшыні Мінскага гарвыканкама, сметны кошт праекта складаў 850 мільёнаў рублёў. Але падышлі па-гаспадарску. Працавалі хутка, эканомілі пры закупках, дзякуючы чаму ўдалося зэканоміць каля 150 мільёнаў рублёў. Хоць выніковая лічба ў 700 мільёнаў рублёў таксама немалая, але ж рабілі для людзей. Пры гэтым сістэма атрымання вады з наземных крыніц у горадзе захоўваецца: вада будзе выкарыстоўвацца прамысловымі прадпрыемствамі як тэхнічная, для забеспячэння энергетычнага попыту (ЦЭЦ) і абваднення Мінска. 

«Мы вельмі шмат гаворым пра космас, пра спадарожнікі, пра палёты, пра атамныя станцыі. А гэта праект падобны на тое, але яшчэ важнейшы для мінчан», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Усё ж практычна палова насельніцтва сталіцы жыла без артэзіянскай вады. У гэтым няма вялікай трагедыі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што большасць краін выкарыстоўваюць ваду з наземных крыніц. Але ж якасная вада — аснова жыцця. «Кажуць, у Беларусі няма карысных выкапняў. Самы карысны выкапень у нас — гэта чыстая вада», — заўважыў ён. 

І гэта не суб’ектыўная ацэнка. Па дадзеных Праграмы развіцця ААН (ПРААН), Беларусь уваходзіць у топ-20 краін па забяспечанасці доступу насельніцтва да чыстай вады. У 2023 годзе Беларусь заняла 40-е месца ў сусветным рэйтынгу якасці пітной вады, апярэдзіўшы ўсіх суседзяў.

«Забяспечыць мегаполіс амаль у два мільёны чалавек абсалютна артэзіянскай вадой — гэта найвялікшы подзвіг нашага пакалення. Я не ведаю такіх дзяржаў, якія б з клопатам аб людзях падышлі да гэтага пытання. Мы ж маглі проста абыходзіцца тым, што ёсць. У нас была добрая вада. Але мы зрабілі ўвогуле выдатную ваду. — сказаў Прэзідэнт. — Гэта вельмі сур’ёзны праект, які рэалізаваны. Думаю, што мінчане гэта ацэняць. Нарэшце ацэняць. Гэта вялікая справа. Таму што паветра і вада — гэта галоўнае для чалавека, для яго жыццядзейнасці».

«За пяцігодку выходзіць нельга»

Уладзімір Кухараў далажыў, што ў горадзе заставалася тры сістэмныя праблемныя пытанні: водазабеспячэнне гарадскіх тэрыторый з падземных крыніц, пытанне ачышчальных збудаванняў і іх рэканструкцыя, будаўніцтва смеццесарціровачнага завода. Цяпер у сталіцы на адно праблемнае сістэмнае пытанне стала менш. Працягваецца работа над рашэннямі астатніх. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пяцігодцы якасці, у год добраўпарадкавання тэме ачышчальных збудаванняў, будаўніцтву завода па перапрацоўцы смецця будзе ўдзелена пільная ўвага. Ён прывёў у прыклад Швейцарыю, якая практычна ўсё смецце перапрацоўвае і атрымлівае з гэтага каштоўныя прадукты. «Нам трэба гэтым займацца, каб не загадзіць гэты кавалак зямлі, на якім нам трэба жыць і нашым дзецям», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Кухараў далажыў, што ў Мінску ўжо прыступілі да рэканструкцыі збудаванняў механічнай ачысткі, гэты праект падзелены на некалькі чэргаў. Што да будаўніцтва завода па сартаванні смецця, то, паводле слоў старшыні гарвыканкама, сёлета ўжо пачнуцца працэдуры таргоў па набыцці абсталявання. З улікам усіх работ да 2028 года рэальна забяспечыць рэканструкцыю ўсіх ачышчальных збудаванняў Мінска, якія будуць аснашчаны сучаснымі тэхналогіямі і забяспечаць безадходную вытворчасць.

«У наступнай пяцігодцы ўсю гэтую праблему для Мінска трэба закрыць. Яна будзе раней вырашана па планах. Але за пяцігодку выходзіць нельга», — паставіў задачу Прэзідэнт. Маштабны комплексны праект па будаўніцтве ачышчальнай станцыі ў краіне рэалізуецца ўпершыню. Аляксандр Лукашэнка даручыў разгледзець магчымасць будаўніцтва такіх станцый у іншых буйных гарадах. 

Сёння ў сталіцы рэалізуецца маштабны праект па рэканструкцыі магутнасцяў смеццеперапрацоўчага завода на палігоне цвёрдых камунальных адходаў (ТКА) «Трасцянецкі». «Калі мы рэканструюем гэты комплекс, нам будзе дастаткова для перапрацоўкі?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы. Уладзімір Кухараў запэўніў, што рэканструкцыя магутнасцей смеццеперапрацоўчага завода поўнасцю закрые патрэбы горада. «Значыць, трэба аператыўна гэта зрабіць», — запатрабаваў Прэзідэнт. Старшыня Мінскага гарвыканкама далажыў, што да 3 ліпеня плануецца поўнасцю завяршыць будаўніцтва смеццесартавальнага завода. 

«Гэта не смецце фактычна. Гэта найвялікшая справа, калі ў краіне перапрацоўваюцца тыя адходы, якія мы часам закопваем у зямлю, выкідваем проста так, — і пластык, і папера, і тканіны і гэтак далей», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль жа ў Беларусі перапрацоўваецца і выкарыстоўваецца другасна не больш за 40% смецця. Да пытання перапрацоўкі смецця ў нашай краіне падышлі ўжо даўно, губернатарам і ўраду дадзены адпаведныя даручэнні. 

«У гэтай распачатай пяцігодцы мы скончым гэтыя праекты. У гэтым Годзе добраўпарадкавання гэтак жа нямала зробім. Але трэба, каб мы ўсе адходы перапрацоўвалі. І шкло, і іншае, і пластык, паперу накіроўвалі ў перапрацоўку. Гэта вялізныя рэсурсы. Гэта вялізная эканомія, якая сёння не выкарыстоўваецца», — заявіў беларускі лідар.

«Мінчане будуць нам удзячныя»

Прэзідэнт паразмаўляў з людзьмі, якія падарылі Мінску чыстую якасную ваду — будаўнікам і работнікам «Мінскводаканала». Ён звярнуў увагу, што гэта найважнейшая для насельніцтва работа, і падзякаваў усім, хто яе выконваў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў сталіцы робіцца вельмі шмат для зручнасці яго жыхароў. Напрыклад, нядаўна былі запушчаны тры новыя станцыі метрапалітэна, працягваецца будаўніцтва новых станцый, лініямі метро з Мінскам будуць злучаны гарады-спадарожнікі. Гэта вельмі важная справа. Але, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, без метро людзі пражылі б. А вось без вады ніяк.

«Наша пакаленне здзейсніла сапраўды подзвіг, забяспечыўшы такі мегаполіс у два мільёны найчысцейшай падземнай вадой. Таму я хачу павіншаваць мінчан. І яшчэ раз падзякаваць вам за тую вялікую працу, — адзначыў Прэзідэнт. — А цяпер водаканалаўцам трэба будзе эксплуатаваць гэтыя сістэмы, каб мінчане на нас не крыўдзіліся па забеспячэнні вадой».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нягледзячы на дрэннае надвор’е прыняў запрашэнне наведаць станцыю. «Я вельмі спадзяюся, адкрываючы гэту станцыю сёння разам з вамі, што сістэма будзе працаваць без перабояў і мінчане будуць нам за гэта ўдзячныя», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў спецыялістаў з мінулымі святамі, пажадаў ім здароўя і параіў берагчы сябе. А Міністэрству аховы здароўя даў даручэнне — прааналізаваць эпідэмічную сітуацыю ў Беларусі. Паводле яго слоў, цяперашняе надвор’е заўсёды прыводзіць да ўсплёску захворванняў. Таму трэба прымаць дадатковыя меры да тых, што ўжо прыняло Міністэрства аховы здароўя. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кожнага жыхара краіны ёсць магчымасць зрабіць усе неабходныя прышчэпкі. «Калі ласка — усё ў краіне закуплена таго, што не было зроблена, і лекі, каб зберагчы вас і вашых дзяцей ад хвароб. Здароўя вам!» — сказаў ён.

Дырэктар «Мінскводаканала» Фёдар Рымашэўскі падзякаваў кіраўніку дзяржавы за дапамогу і падтрымку пры рэалізацыі такога складанага, маштабнага і, безумоўна, патрэбнага для людзей праекта, як перавод Мінска на водазабеспячэнне з падземных крыніц. У якасці сімвалічнага падарунка ён перадаў Прэзідэнту капсулу з вадой, здабытай з артэзіянскіх свідравін, прасвідраваных пры будаўніцтве новай помпавай станцыі «Шчомысліца». 

Аляксандр Лукашэнка ў адказ на гэта звярнуў увагу, што праект сапраўды дарагі — 700 мільёнаў рублёў. І заклікаў усіх берагчы ваду. «Мяне больш за ўсё турбуе тое, што мы часам бесшабашна ставімся да тых рэсурсаў, якімі валодаем. У лес пойдзеш — сумна становіцца.... У сельскай гаспадарцы — сёлета разбярэмся: неўзараныя землі, на якіх можна атрымліваць прадукцыю. Летась мы 9 мільярдаў долараў выручылі толькі ад продажу прадуктаў харчавання. Значыць, трэба ў севазварот уводзіць. Тое ж самае па цвёрдых бытавых адходах. Тое ж самае па вадзе», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што вада — гэта вельмі дарагі рэсурс. Прабурыць свідравіну, падняць ваду, прапампаваць яе, ачысціць (а нават артэзіянскую ваду трэба чысціць, каб яна прыдатнай для ужывання) — гэта вельмі дарагія мерапрыемствы, і даціруюцца яны са сталічнага бюджэту. Беларусы не плацяць за ваду столькі, колькі яна каштуе. «Таму беражыце, калі ласка, ваду, як і іншыя рэсурсы. Ашчаднасць заўсёды была ўласцівая нашаму народу. Трэба захаваць гэтыя падыходы», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Тое, што нашы спецыялісты ўмеюць гэта рабіць, вялікая справа»

З лёгкай рукі Прэзідэнта дадзены пуск артэзіянскай вады ў сталічныя кватэры. Разам са старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым і дырэктарам «Мінскводаканала» Фёдарам Рымашэўскім ён павярнуў сімвалічны вентыль. Кіраўнік дзяржавы таксама агледзеў абсталяванне машыннай залы помпавай станцыі. Для стварэння помпавай станцыі была праведзена каласальная работа. «Было пабудавана 60 электрычных падстанцый, выкладзена 88 кіламетраў кабельных сетак, каб гэта ўсё забяспечыць электраэнергіяй» — адзначыў Уладзімір Кухараў. Якаснай вады хопіць на ўсіх. «Акрамя таго, каля 40 населеных пунктаў Мінскага і Пухавіцкага раёнаў будуць падключаны да гэтай сістэмы, каб таксама атрымліваць артэзіянскую ваду», — падкрэсліў старшыня гарвыканкама.

«Тое, што нашы спецыялісты ўмеюць гэта рабіць, вялікая справа. Гэта дасягненне», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Частка абсталявання на станцыі замежнай вытворчасці. Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна яшчэ раз вывучыць зносаўстойлівасць сістэм і матэрыялаў і падумаць, што з гэтага можна вырабляць у краіне.

Кіраўнік дзяржавы прадэгуставаў і артэзіянскую ваду, якая падаецца ў кватэры мінчан. «Выдатная вада! Можна разліваць у бутэлькі і прадаваць. Вельмі добрая! Гэта для народа падарунак, істотны падарунак, як без вады жыць», — ацаніў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БелТА


Даведка

Наша воднае багацце

Адзін з найкаштоўнейшых рэсурсаў нашай дзяржавы — вада. У свеце яе катастрафічна не хапае. Па даных ЮНЕСКА, цяпер не маюць доступ да чыстай пітной вады 2,2 млрд жыхароў Зямлі, а 3,5 млрд пазбаўлены базавых бяспечных санітарных умоў.

Наша краіна якаснай пітной вадой забяспечана. Згодна з данымі Праграмы развіцця ААН, Беларусь уваходзіць у топ дзяржаў свету па забяспечанасці доступу насельніцтва да чыстай пітной вады, а па забяспечанасці воднымі рэсурсамі ў цэлым — на пятым месцы ў Еўропе, значна апярэджваючы па гэтым паказчыку Польшчу і Украіну.

Дзяржаўным балансам запасаў прэсных падземных вод улічана 1322 водазаборы, радовішчаў (іх частак) з балансавымі запасамі больш за 6 млн м3/сут. Здабыча прэсных падземных вод вядзецца на 990 водазаборах. Запас мінеральных падземных вод уключае 246 водазабораў, радовішчаў (іх частак) мінеральных падземных вод з балансавымі запасамі больш за 62 тыс. м3/сут. Распрацоўваюцца толькі 127 водазабораў.

Штогадовыя аб’ёмы здабычы прэсных падземных вод ад наяўных балансавых запасаў складаюць каля 20% — выкарыстоўваецца толькі пятая частка разведаных запасаў. Мінеральныя воды ўжываюцца яшчэ менш — каля 3,5% ад наяўнага багацця. Да таго ж каля 7% тэрыторыі краіны займаюць неасушаныя балоты, якія не толькі з’яўляюцца лёгкімі Еўропы, але і прыроднымі рэзервуарамі прэснай вады. У іх утрымліваецца каля 8 км3 вады — амаль столькі ж, колькі ва ўсіх азёрах Беларусі разам.

Вядома, да гэтага багацця неабходна адносіцца максімальна беражліва. Так, за апошнія гады на 68% павялічылася колькасць паверхневых водных аб’ектаў, якім прысвоены добры і вышэйшы экалагічны статус. Рацыянальнаму выкарыстанню садзейнічае ўцягненне сістэм абаротнага і паўторнага водазабеспячэння ў вытворчыя працэсы. Эканомія вады ў выніку ўкаранення такіх сістэм за 2023 год склала 94,5%. Значна зменшыўся і аб’ём скіду недастаткова вычышчаных сцёкавых вод.

Паводле слоў намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Галанава, Беларусь актыўна рухаецца па шляху «зялёнага» росту, укаранення тэхналогій, якія забяспечваюць атрыманне дадатковых экалагічных, эканамічных і сацыяльных выгод: скарачэнне выкідаў парніковых газаў, стварэнне новых працоўных месцаў і інавацыйных відаў прадукцыі, максімальнае выкарыстанне адходаў. Нездарма ў 2024 годзе наша дзяржава заняла 30-е месца сярод 166 краін у рэйтынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця, паводле Sustaіnable Development Report 2024. Краіны ў ім ранжыруюцца па агульным бале, якім вымяраецца прагрэс у дасягненні ўсіх 17 МУР. Беларусь набрала 78,6 са 100 магчымых балаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю