Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Гэты год і пяцігодка — гэта не толькі якасць. Гэта жалезная выканальніцкая дысцыпліна

Сельскагаспадарчыя тэматыка ў цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы не толькі ў перыяд пасяўной ці ўборачнай кампаній, а пастаянна. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што ад працы на вёсцы залежыць дабрабыт краіны. А праца тут ідзе пастаянна, нягледзячы на сезон і тэмпературу на вуліцы. Нюансаў і пытанняў мноства, і кожнае з іх важнае. Арганізацыі сельскагспадарчай працы ў зімовы перыяд была прысвечана рабочая паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Мінскую вобласць. У прыватнасці ён наведаў РУП «Шыпяны-АСК» у Смалявіцкім раёне. Фармат гэтай прэзідэнцкай камандзіроўкі нестандартны — выязны семінар для службовых асоб, якія з’яўляюцца ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі кіраўніка дзяржавы ў розных рэгіёнах, а таксама для памочнікаў Прэзідэнта ў абласцях, кіраўнікоў навукова-практычных цэнтраў НАН па земляробстве і жывёлагадоўлі.


«Мы забыліся, што малако і мяса адсюль»

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму была вырашана правесці такі семінар. Зараз ідзе зімоўка жывёлы, і, каб не упусціць ў поля зроку праблемы, якія могуць узнікнуць у гэты перыяд і потым не разбірацца з іх наступствамі, трэба ўлічваць мноства нюансаў. І гэта тычыцца не толькі аграрыяў, але і тых, хто кантралюе і арганізоўвае іх працу. А каб адказныя асобы маглі эфектыўна выконваць свае кантрольна-распарадчыя функцыі, і было вырашана правесці такі семінар. «Мы ж „рыначнікі“, глыбока прасунутыя. Мы забыліся аб тым, што малако і мяса, у тым ліку і зімой, — адсюль. І ўпускаем часта праблемы і пытанні зімоўкі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Дакладную і актуальную інфармацыю ўдзельнікам семінара прадставілі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук, супрацоўнікі «Шыпяны-АСК». Як заўважыў Прэзідэнт, вучоныя валодаюць самай актуальнай і глыбокай інфармацыяй. А памочнікам і ўпаўнаважаным трэба «ўнікнуць», зразумець сутнасць зімоўкі, каб пракантраляваць арганізацыю працы ў гэты перыяд на месцах з веданнем справы. І параўнаць, як гэта выглядае на фоне найлепшых гаспадарак, да якіх можна аднесці і «Шыпяны-АСК». 

«Таму глядзіце, запамінайце. З сённяшняга-заўтрашняга дня ў сваіх абласцях, дзе вы ўпаўнаважаныя і памочнікі, так правядзіце мерапрыемствы, але ўжо не з пункту гледжання вучобы, а з пункту гледжання кантролю і арганізацыі. І на месцах з губернатараў, мясцовых кіраўнікоў спытаеце на ўсю катушку. Абагульніце ва ўрадзе ўсё і даложыце мне, як прайшла зімоўка жывёл. Каму — ордэны-медалі, а каму — наадварот», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што не кожны ўпаўнаважаны ці памочнік у сілу сваёй асноўнай спецыяльнасці моцна пагружаны ў сельскую гаспадарку. Але веды трэба асвяжыць, папоўніць і дзейнічаць. «Яшчэ раз падкрэсліваю: гэты год асаблівы, ды і пяцігодка — гэта не проста якасць, канчатковы наш вынік. Гэта жалезная выканальніцкая дысцыпліна. Калі не будзе дысцыпліны — усё пустое», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Чаму варта браць прыклад з «Шыпяны-АСК»

РУП «Шыпяны-АСК» заснаванае ў 2007 годзе Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака, вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, іх насенняводства, стварэнне кармавой базы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. З 2011 года прадпрыемства з’яўляецца элітгасам па вытворчасці насення збожжавых, зернебабовых, крупяных і алейных культур. Улічваючы такі шырокі спектр тэм, пытанняў, на якія звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, было нямала. 

Дырэктар «Шыпяны-АСК» Вадзім Касцяневіч далажыў пра развіццё гаспадаркі і яе перспектывы. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складае 7168 гектараў, з іх раллі 5947 га, лугавых угоддзяў 1221 га. Бальнасць глебы — 31,6. У 2024 годзе ў гаспадарцы атрымалі 11 тысяч тон ураджаю каласавых, 2,5 тысячы тон рапсу і 3,5 тысячы тон кукурузы. «Значыць, у мінулым годзе ў вас было ўсё нармальна з ураджайнасцю?» — удакладніў Прэзідэнт. Вадзім Касцяневіч адзначыў, што мінулы год сапраўды склаўся добра. Ён таксама падкрэсліў, што на прадпрыемстве шмат увагі ўдзяляюць нарыхтоўцы кармоў, гаспадарка забяспечана іх запасам на паўтара года. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся планамі гаспадаркі. Дырэктар расказаў, што ў планах ёсць будаўніцтва новага малочнатаварнага комплекса на тысячу галоў. Ёсць задумкі і на больш далёкую будучыню. 

Летась гадавы ўдой на адну карову склаў 9,5 тысячы кілаграм, гэта на 262 кілаграм больш, чым у 2023 годзе. Усё малако з гаспадаркі здаецца з класам «экстра». Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра свае патрабаванні да камфортных умоў утрымання жывёл і недапушчальнасць падзяжу. На малочнатаварным комплексе «Алесіна», які ўваходзіць у склад «Шыпяны-АСК», частку статка складаюць каровы чырвонай дацкай пароды. Некалькі гадоў таму спецыялісты Акадэміі навук у якасці эксперыменту пачалі разводзіць гэту пароду на прадпрыемству «Вусце». Аднак пакуль вынікі спрэчныя. Кіраўнік дзяржавы спытаў, які эфект ужо дасягнуты і што яшчэ трэба наладзіць у гэтай рабоце. «Гэта пытанне вельмі важнае, таму што Акадэмія навук замахнулася стварыць нам тут „космас“ у жывёлагадоўлі. Паглядзім, як ствараем. Мы адбіралі ў Даніі самых лепшых і плацілі грошы. Прывезлі сюды — бракуем. Тут самая мінімальная павінна быць адбракоўка», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Няма тэхналогіі — няма малака

З дзейнасцю малочнатаварнага комплекса «Алесіна», які ўваходзіць у склад «Шыпяны-АСК» кіраўнік дзяржавы азнаёміўся асабіста. Але найперш — грунтоўная размова аб кармленні і ўтрыманні буйной рагатай жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд, у тым ліку і на прыкладзе гэтай гаспадаркі. Дырэктар навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па жывлёгадоўлі Аляксандр Партной падрабязна далажыў, як наладжана гэта работа. «У мінулым годзе мы атрымалі нядрэнны вынік у жывёлагадоўлі — 8,6 мільёна тон малака, з высокай прадуктыўнасцю. Маніторынг зімоўкі паказвае, што станоўчая тэндэнцыя захоўваецца. Я спадзяюся, што яна захаваецца, паколькі запасы і аб’ёмы кармоў сёлета крыху вышэйшыя, чым у летась. І якасць іх лепшая. Хоць і пагалоўе кароў нязначна зменшылася», — адзначыў ён.

Прэзідэнт заклікаў усіх удзельнікаў семінара казаць праўду, каб бачыць аб’ектыўную карціну і ведаць, якія праблемы трэба вырашаць. «Скажы мне шчыра: ці ёсць праблема ў тым, што мы дзеля захавання колькасці дойнага статка трымаем не кароў, а нейкіх там коз, а то і наогул ялавых і непрыдатных кароў (якія лічацца як каровы, але яны не дояцца), а ў гаспадарках забараняюць іх прадаваць на мясакамбінат, выводзіць са статка таму што будуць сварыцца за колькасць»" — абазначыў праблему кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што такі падыход катэгарычна непрымальны. 

Аляксандр Партной распавёў аб тэхналагічным рэгламенце, які выкарыстоўваюць навукоўцы для арганізацыі ўтрымання буйной рагатай жывёлы. «Мы вывучалі розныя спосабы і тэхналогіі ўтрымання жывёлы. Але наша краіна адрозніваецца прамысловым тыпам вытворчасці малака. І гэта правільнае рашэнне, таму што улічваючы наяўнасць працоўных рэсурсаў мы павінны ісці па прамысловым шляху», — адзначыў навуковец.

«Гэта значыць, што карова доіцца не 9-10 гадоў, а паўтара — два гады і гэтак далей. І гэта апраўдана?», — удакладніў Прэзідэнт. Ён расказаў, што на сваёй ферме праводзіць розныя эксперыменты. Адзін з іх паказаў, што карову можна даіць 9-12 гадоў з добрым удоем. Паводле слоў Прэзідэнта, карова можа даіцца мінімум 9 гадоў, калі яе правільна карміць, утрымліваць і лячыць. А з гэтым не ўсё так гладка ў сельгспрадпрыемствах. «І я раблю выснову: а ў нас ёсць увогуле навукоўцы, у нас ёсць увогуле спецыялісты? Пакуль я не магу сказаць, што ў Гусакова (старшыня Прэзідыума НАН Беларусі — заўв.) вялікія спецыялісты», — абурыўся кіраўнік дзяржавы. Ён засяродзіў увагу на тым, што на кожным комплексе трэба стварыць для кароў такія ўмовы, каб іх прадуктыўны перыяд быў максімальна працяглым. 

Аляксандр Партной таксама далажыў, што на прамысловых комплексах прадугледжана патокава-цэхавая тэхналогія. Жывёлы размеркаваны на тры цэхі па фізіялагічным стане: цэх сухастойных кароў, цэх расцёлу, або радзільнае аддзяленне і цэх вытворчасці малака. Таксама, паводле слоў вучонага, карову ў кожны цэх трэба пераводзіць своечасова. «Вось так павінна быць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. І, вядома, трэба старанна сачыць за фізічным станам і здароўем жывёл, уключаць у рацыён тое, што сапраўды трэба, своечасова і ў патрэбных колькасцях даваць вітаміны і розныя дадаткі. Корм павінен быць даступны жывёлам круглыя суткі. 

Аляксандр Лукашэнка і ўдзельнікі семінару азнаёміліся з тэхналогіяй захоўвання кармоў у сіласна-сянажных траншэях, з тэхналогіяй прыгатавання рацыёнаў і рабочых кармоў. Тут важна ўсё — сянаж павінен быць шчыльна накрыты плёнкай, браць яго трэба так, каб не трапіла паветра, якое выклікае гніенне. Цэлая навука, якой павінны валодаць усе, звярнуў увагу Прэзідэнт. 

У комплексе «Алесіна» працуе кормараздатчык беларускай вытворчасці, які сам ўзважвае, змешвае кармы, і раздае жывёлам. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такі апарат павінен быць на кожным комплексе. Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся рознымі нюансамі утрымання жывёлы. Ён падкрэсліў, што некаторыя моманты з «Шыпяны-АСК» трэба прыняць да ўвагі пры будаўніцтве новых комплексаў. Як прыклад — падлога ў кароўніках. Як растлумачыў Аляксандр Партной, любое палімернае пакрыццё павінна мець і падсцілку з саломы, каб карове было камфортна і мякка. Вучоны прывёў яшчэ адзін прыклад — тэмпература бетоннай падлогі мінус тры градусы, палімернай падлогі — плюс тры. Чым цяплейшая падлога, тым лепшы кровазварот, тым менш праблем з нагамі і капытамі ў кароў, адпаведна тым здаравейшая жывёла. Кіраўнік дзяржавы даручыў данесці гэта да губернатараў і ўлічваць пры будаўніцтве новых комплексаў. 

Задача для ўпаўнаважаных і памочнікаў у абласцях — кантраляваць утрыманне жывёлы з улікам усіх правілаў, агучаных у «Шыпянах-АСК». «Гэта вельмі важна. Галоўнае — гэта дысцыпліна. Гэта павышае тэхналагічную дысцыпліну. Няма тэхналогіі — няма малака і загубім жывёлу. Паложана па рацыёну — аддай. Паложана, каб пад носам корм быў, значыць, так і павінна быць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Трэба паставіць жорстка пытанне, каб трактары, аўтамабілі былі ў парадку

Няшмат часу застаецца да старту пасяўнай кампаніі. У разгары — падрыхтоўка тэхнікі да гэтага найважнейшага этапу ў сельскагаспадарчым сезоне. «Шыпяны — АСК» самастойна праводзіць увесь комплекс работ па падрыхтоўцы глебы, сяўбе сельскагаспадарчых культур, догляду пасеваў. Удзельнікі семінару пазнаёміліся з гэтай практыкай. 

«На лінейцы гатоўнасці павінна быць тэхніка. Трэба паставіць жорстка пытанне, каб трактары, аўтамабілі былі ў парадку. Сельгаспрадпрыемствы павінны на лінейку гатоўнасці перш за ўсё паставіць глебаапрацоўчую тэхніку, якая будзе занятая вясной», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што поўнасцю тэхніка будзе гатова да пачатку пасяўной, да першай паловы сакавіка. А зараз трэба ацэньваць, як ідуць справы, аналізаваць, колькі яшчэ адзінак тэхнікі трэба прывесці ў парадак. Дысцыпліна павінна быць, як у арміі. «Вы павінны ўзяць з сабой добрага спецыяліста, які вам падкажа, як павінна быць. А вы ўжо сваёй уладай спытаеце. Гэта сур’ёзная рэч. Асабліва ў жывёлагадоўлі», — параіў кіраўнік дзяржавы. Напярэдадні пачатку пасяўной пагаварылі і аб тым, што будуць сеяць аграрыі. Генеральны дырэктар навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве Сяргей Краўцоў далажыў аб новых сартах сельскагаспадарчых культур і асаблівасцях іх вырошчвання. 

Трэба ўскалыхнуць краіну

Падводзячы вынікі семінару, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пакуль катэгарычна не задаволены работай упаўнаважаных прадстаўнікоў кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, а таксама памочнікаў. У сувязі з гэтым — задача Адміністрацыі Прэзідэнта ўзяць гэта пытанне на кантроль. «Памочнік павінен быць замкнуты на табе, і ты мне дакладваеш аб гэтым, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога. — Я сёння думаю: можа, змяніць гэту сістэму. Але памочнікаў трэба актывізаваць. Упаўнаважаныя — ну ад выпадку да выпадку, паказухай займаецеся. Але я ведаю, што недапрацоўваеце».

Выніковая задача ўдзельнікам семінара ад Прэзідэнта — ускалыхнуць сёння краіну, каб не было спячкі. «Ваша задача, гавару па-вайсковаму, -страсяніце краіну праз вертыкаль улады. У гэтым выпадку — зімоўка ў жывёлагадоўлі і падрыхтоўка да вясновай сяўбы,. — удакладніў ён. — Мы ганарымся тым, што мы на больш чым 8 мільярдаў долараў прадалі сельгаспрадукцыі. Гэта цудоўна, але мы можам гэта страціць. Як звычайна бывае: супакоіліся, усё добра — страцілі. Таму трэба, каб, страсянуўшыся, мы мелі сёлета мінімум 9 мільярдаў, а то і 10 ад продажу прадуктаў харчавання. Харчаванне будзе пастаянна даражэць. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што палітычная абстаноўка, якая ціснула на эканоміку ў сувязі з палітыкай ЗША, сёння мяняецца. «Але цешыць сябе не трэба. Мы не ведаем, чаго хочуць ЗША. Кажу гэта, таму што я абсалютна пагружаны ў гэтыя пытанні. Мы не ведаем, чаго яны запатрабуюць ад расіян за спыненне вайны і гэтак далей. Мне здаецца, яны зараз паспрабуюць расіян сутыкнуць з кітайцамі. Вось гэтага расіянам дапусціць нельга», — заявіў ён. Беларускі лідар заўважыў, што сітуацыя можа змяніцца і не на карысць нам. Па яго словах, калі амерыканскія, а потым еўрапейскія кампанія вернуцца на наш рынак, канкурыраваць з імі будзе вельмі складана. «Але харчаванне будзе патрэбна ўсім,» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Фота: БелТА

Смалявіцкі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю