Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Мір — гэта звышкаштоўнасць для ўсіх народаў. Нам важна гэты мір зберагчы»

Сустрэча за круглым сталом у атмасферы адкрытасці і даверу прайшла ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі васьмі рэлігійных канфесій. Такое шырокае раўнапраўнае прадстаўніцтва не дзіўнае, бо, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, у сваёй найноўшай гісторыі беларуская зямля не ведала рознагалоссяў і пераследаў па рэлігійнай, нацыянальнай ці расавай прыкмеце.


Край адкрытых душ і дзвярэй

«Усе канфесіі жывуць тут у атмасферы ўзаемнай павагі, міру і згоды. У нашы дні гэта дзіўна для многіх, у тым ліку „цывілізаваных“ краін. Суіснаванне хрысціянства, ісламу, іудаізму і іншых рэлігій, асновы якіх не супярэчаць глыбінным каштоўнасцям беларускага народа, згуртавала і загартавала беларускую нацыю», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы заўсёды адкрытыя да тых, хто прыходзіць да нас з дабром. «Так будзе заўсёды», — канстатаваў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ніколі не перашкаджалі замежным паломнікам, якія едуць пакланіцца нашым святыням. «Мы дапамагаем людзям, якія трапілі ў бяду, перш за ўсё бежанцам. Але пры гэтым, не шкадуючы ўласнага жыцця, гатовы даць рашучы адпор ворагу. Так бывала не раз у нашай тысячагадовай гісторыі», — сказаў ён.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што 2025 год — год юбілею Вялікай Перамогі. І ў Беларусі добра ведаюць, што ў час Айчыннай вайны нашу зямлю абаранялі прадстаўнікі розных веравызнанняў. «Мы разам перамаглі фашызм і здабылі мір, змацаваны крывёй шматлікіх народаў. І вельмі гэтым мірам даражым. Нездарма ў Беларусі існуе традыцыя супольнай міжрэлігійнай малітвы менавіта аб міры. Я заўсёды кажу: мір — гэта звышкаштоўнасць для ўсіх народаў. Нам важна гэты мір зберагчы», — сказаў беларускі лідар.

Па словах кіраўніка дзяржавы, у краіне сёння склалася ўнікальная этнаканфесійная мадэль, якая магла б стаць прыкладам для многіх.

«Мы разам — дзяржава і прадстаўнікі ўсіх канфесій — вывелі агульную формулу: павага -разуменне — згода. Наш народ прывык жыць менавіта так і нават не ўяўляе сабе жыцця інакш. Хоць бывае. Мы з болем у сэрцы бачым, да чаго дайшла сітуацыя ва Украіне, напрыклад. Нас таксама спрабавалі разгайдаць у 2020 годзе, у тым ліку і па рэлігійных пытаннях. Невыпадкова адзін з наймацнейшых інфармацыйных удараў быў нанесены менавіта па святарах», — узгадаў Прэзідэнт. 

Звяртаючыся да святароў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяжка пераацаніць плён іх служэння на ніве ўмацавання традыцыйных каштоўнасцяў. «Вы ўзводзіце нябачны, але ад таго не менш надзейны духоўны шчыт паміж дабром і злом. І ў далейшай сумеснай рабоце мы будзем абапірацца на сямейныя і духоўныя каштоўнасці, разам выхоўваць дзяцей».

Прэзідэнт падкрэсліў, што любоў да Радзімы пачынаецца для дзіцяці з любові да сям’і, свайго дома, горада, храма. «Інакш ператворымся ў іванаў, якія не памятаюць роду свайго», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для ўдзельнікаў сустрэчы закрытых тэм няма. Па яго словах, вельмі важна абмеркаваць пытанні, якія хвалююць кожную канфесію. 

«Дзяржава нязменна займае канструктыўную пазіцыю і будзе займаць ў пытаннях, якія датычацца дзейнасці рэлігійных арганізацый. Але духоўнае жыццё — сфера вельмі тонкая. Таму, калі вы бачыце, што нейкая тэма патрабуе дадатковай увагі ці карэкціроўкі, я гатовы выслухаць вашы прапановы. Бо ўсё, што мы робім, мы робім дзеля міру і нашага духоўнага адзінства», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гэтая сустрэча была запланавана напярэдадні выбараў, але было вырашана перанесці на паслявыбарны перыяд, каб пагаварыць пра праблемы і паказаць, што гэта не палітычная акцыя або спроба ўздзейнічаць на людзей праз святароў. 

«Павінен быць найважнейшы храм»

Прэзідэнт расказаў аб тэме, якая яго хвалюе і якой ён жыве, калі размова ідзе аб рэлігійным развіцці. Ён нагадаў, што ў гэтым годзе будзе прыведзена ў парадак праваслаўная святыня — Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр. Гэта будзе цэнтр праваслаўя. «У сувязі з гэтым я прапаную і абяцаю (калі вы прымеце рашэнні): мы павінны нашым канфесіям стварыць адпаведныя цэнтры», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, такія цэнтры павінны быць адкрытыя, прасторныя, даступныя для вернікаў. «Дзяржава гатова падставіць сваё плячо», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Ён паабяцаў, што дапамога ў стварэнні такіх цэнтраў будзе аказана ўсім канфесіям.

«Храмаў шмат. Але павінен быць найважнейшы храм, святыня, куды б маглі прыходзіць людзі не толькі з Беларусі, не толькі нашы суседзі, але і з далёкага замежжа. Таму падумайце і ўнясіце прапановы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён не сумняваецца, што гэтую ідэю падтрымае грамадства, бо гэтая ідэя на адзінства. «Мы створым цэнтры прыцягнення нашых вернікаў, да якой бы канфесіі яны не належалі, — сказаў беларускі лідар. — Вы аднолькава дарагія для дзяржавы, для мяне. І я буду рабіць усё для таго, каб вы жылі ў міры і згодзе».

Прэзідэнт зазначыў, што ў Беларусі склаўся канфесійны мір. І прызнаўся, што для яго гэта пэўны гонар, таму што такога міру ні ў адной краіне няма. І такія цэнтры гэта замацуюць.

Праваслаўныя. Агульныя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Гэта для нас усіх вельмі важна, значна і мы сардэчна вас віншуем. Вынікі выбараў бачна сведчаць аб вернасці выбранага шляху ў развіцці краіны, высокім узроўні даверу і згуртаванасці нашых грамадзян, якія любяць сваю Радзіму, цэняць парадак і мір. Але што яшчэ больш важна, вынікі выбараў азначаюць захаванне міру і стабільнасці на беларускай зямлі ў той час, калі чалавецтва ўсё глыбей увязваецца ў бездань міждзяржаўных і глабальных канфліктаў. Забеспячэнне міру і згоды паміж людзьмі, зберажэнне духоўных каштоўнасцяў народа, маральнай чысціні — гэта і ёсць мэта служэння праваслаўнай царквы», — сказаў ён. Мітрапаліт падкрэсліў, што палітыка дзяржавы ў духоўна-маральным выхаванні адпавядае каштоўнасцям праваслаўя і ў сваю чаргу царква робіць усё магчымае, каб зберагчы ўсё тое, што стагоддзямі вызначала сутнасць нашага народа. Па словах мітрапаліта, разбурэнне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў прывядзе да страты духоўнага стрыжня, унікальных асноў беларускай дзяржаўнасці. Каб гэтага пазбегнуць, Беларуская праваслаўная царква шмат увагі надае патрыятычнаму выхаванню, рэалізоўвае шэраг праектаў, накіраваных на захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Шмат мерапрыемстваў праводзіцца ў памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, якія аб’ядноўваюць прадстаўнікоў усіх канфесій.

«Як вядома, мноства людзей становіцца народам дзякуючы агульнай памяці. А памяць найбольш моцна захоўваецца і перадаецца ў сям’і. Таму роля сям’і важная не толькі ў вырашэнні дэмаграфічных праблем, але і ў патрыятычным выхаванні», — падкрэсліў мітрапаліт Веніямін. Царква прапануе бачыць у сям’і не фактар, які абмяжоўвае свабоду, а рэальнасць, якая дорыць чалавек радасць, набыццё сэнсу жыцця, магчымасць духоўна ўзрастаць. Мітрапаліт заўважыў, што сямейныя каштоўнасці часткова страчаны, таму так важна сёння прапанаваць моладзі вобраз дружнай, моцнай сям’і, але пры гэтым не кідацца ў архаіку, а ўлічваць сучасныя і нацэльвацца на будучыню.

«Хрысціянскія каштоўнасці любові, узаемадапамогі, сумеснай працы і камунікату дапамагаюць стварыць вобраз такой сям’і. Сапраўды шчаслівай сям’і. Мяркую, што калі у гэтым аб’яднаць намаганні царквы, дзяржавы, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, то ў сямейным выхаванні ў нас усё атрымаецца», — канстатаваў Мітрапаліт Веніямін.

Прэзідэнт у адказ сказаў, што перамога на выбарах — гэта агульнае дасягненне. «Мы правялі выбары, як не праводзяць нідзе. Я марыў аб гэтым, і гэта адбылося. Ціха, спакойна. Людзі прыйшлі і здзівілі ўсіх, хто прыехаў назіраць за гэтымі выбарамі. Прыемна здзівілі. Выбары — гэта сведчанне таго, што мы зрабілі высновы са сваіх памылак, якія дапускалі ў нашым грамадстве і я, і ўлада, і вы ў тым ліку. Мы правялі добрую работу над памылкамі», — заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе традыцыйныя каштоўнасці беларускага народа замацаваны ў Канстытуцыі, некаторыя нават з падачы духавенства. «Правілы нашага жыцця, замацаваныя ў Канстытуцыі, — яны для ўсіх, яны глыбінныя. Яны зыходзяць ад разумення нашым грамадствам, нашым народам таго, дзе мы знаходзімся і акрэсліваюць арыенціры, на якія мы павінны глядзець пры нашым руху наперад. Я вельмі спадзяюся, што гэта так», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Каталікі. Агульныя заклікі да міру

На сустрэчы выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі Іосіф Станеўскі. Ён адзначыў, што 2025 год — год 80-годдзя Вялікай Перамогі — гэта час глыбокага пераасэнсавання гісторыі нашага народа, адважнага і непахіснага, які захаваў традыцыйныя каштоўнасці і чалавечнасць. «Час выбраў нашых продкаў для перамогі. Нас — для захавання міру і стваральнай працы», — падкрэсліў Іосіф Станеўскі. 2025 год для каталікоў — юбілейны год хрысціянства. «Пачалі мы яго паўночным урачыстым богаслужэннем з малітвай за Айчыну і скончым малітвай за Беларусь і мір ва ўсім свеце ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе», — адзначыў Мітрапаліт Іосіф Станеўскі. Ад імя ўсіх вернікаў ён падзякаваў Прэзідэнту за дапамогу ў аднаўленні святыні пасля пажару. «Будслаўскі касцёл ведаюць ва ўсім свеце. Гэтая святыня з’яўляецца духоўнай жамчужынай для кожнага каталіка Беларусі. А з сённяшняга дня — і цэнтрам каталіцызму ў Беларусі», — сказаў Іосіф Станеўскі.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што Беларусь — гэта наш агульны скарб, духоўны, культурны, гістарычная. І таму адказнасць за мірнае неба над галавой — гэта агульны клопат. За апошнія 80 гадоў каталіцкая царква выпрацавала сваё вучэнне аб міры. У ім братэрства і дыялог выведзены як асноўныя інструменты дасягнення міру. Іосіф Станеўскі адзначыў, што папа Рымскі Францыск крытыкуе «культуру сцен» і заклікае да «культуры мастоў» у пераадоленні рознагалоссяў. «Пазіцыя Папы Францыска цалкам супадае ў сваіх прапановах аб устанаўленні міру і добрасуседства, з якімі Вы неаднаразова звярталіся да сусветнай супольнасці, і перш за ўсё, да нашых суседзяў», — адзначыў Іосіф Станеўскі. Ён падкрэсліў, што менавіта з такімі пасыламі рэалізуе свае праекты каталіцкая царква ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што вельмі рады таму, што католікі Беларусі лічаць Будслаўскі касцёл сваёй святыняй. Ён зазначыў, што часта наведвае праваслаўныя храме, але хацеў бы пабываць у цэнтрах іншых канфесій, праводзіць там сустрэчы. Беларускі лідар расказаў, што вельмі паважае Папу Францыска. «Прашу перадайце яму самыя добрыя пажаданні. Гэта сапраўды моцны чалавек. Чалавек, які не проста жыве і служыць. Ён умее гаварыць проста ў вочы тое, што думае, для прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён выказаў надзею на хуткую сустрэчу з дзейным Папам Рымскім. «Хацелася б, каб ён прадстаўляў усе слаі насельніцтва, усе краіны — і вельмі багатыя, якія спрабуюць манапалізаваць свет, і краіны больш пераможныя, якія не такую гіганцкую ролю адыгрываюць у фарміраванні цяперашняга чалавецтва. Ён у вас асоба моцная», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Хрысціяне веры евангельскай. Сумесная праца на карысць грамадства

На сустрэчу таксама былі запрошаныя прадстаўнікі рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання «Аб’яднаная Царква хрысціян веры евангельскай». 

Епіскап аб’яднання Леанід Бірук расказаў, што хрысціяне веры евангельскай надаюць вялікую ўвагу сацыяльнай дзейнасці. У першую чаргу — дапамозе людзям, залежным ад алкаголю і наркотыкаў. Сёння пры Царкве хрысціян веры евангельскай створана 15 рэабілітацыйных цэнтраў, якія працуюць з такімі людзьмі. Пасля года рэабілітацыі і паўгода адаптацыі прыкладна 75 працэнтаў людзей не вяртаюцца да ранейшага ладу жыцця. Леанід Бірук адзначыў, што гэта работа вядзецца ў супрацоўніцтве з органамі ўнутраных спраў, установамі аховы здароўя і сацыяльнай абароны. «Гэта агульная справа для таго, каб гэтыя людзі сталі годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Яны ствараюць сем’і, дапамагаюць людзям у такой самай сітуацыі, у якой былі яны. У нашых цэрквах мы вучым вернікаў патрыятызму. У нашым вучэнні ёсць словы аб тым, хрысціянін пакліканы любіць сваю краіну і ўсё, што складае яе, — род культуру, гісторыю. Мы таксама ведаем вашы патрабаванні аб тым, што тычыцца дысцыпліны і адказнасці кожнага чалавека на сваім працоўным месцы. Мы разумеем, што гэта залог працвітання нашай краіны. 

Мы вучым, што хрысціян на любым працоўным месцы, якую б пасаду ён не займаў, у якой сферы не працаваў бы, павінен рабіць гэта адказна, як для Бога», — распавёў епіскап. Леанід Бірук адзначыў, што ў большасці прыхаджан Царквы веры евангельскай — шматдзетныя сем’і і падзякаваў дзяржаве за падтрымку такіх сем’яў.

Прэзідэнт падзякаваў Царкве веры евангельскай за дапамогу ў рэабілітацыі людзей, якія пакутуюць ад залежнасцяў, за ўвагу да шматдзетных сем’яў. «Гэта добрыя канкрэтныя дзеянні, накіраваныя на паляпшэнне атмасферы ў нашым грамадстве», — сказаў ён.

Час усё расставіць на свае месцы

«Я заўсёды казаў, што ў кожнага свая дарога да храма і ніхто нікому не павінен перашкаджаць. Калі мусульманін хоча пайсці ў мячэць — ён туды пойдзе, яму перашкаджаць не трэба. Калі каталік прывык хадзіць у касцёл і хоча туды пайсці — ён туды пойдзе. Калі праваслаўныя хочуць у царкве памаліцца — няхай туды ідуць. Нашая задача дапамагчы чалавеку не знайсці (ён сам знойдзе сваю дарогу), мы павінны падтрымаць яго ў гэтым імкненні. І ніякага ціску тут быць не павінна. І гэта дапамагло нам. Таму мы маем такі міжканфесійны мір», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт абавязаны служыць свайму народу і рабіць тое, што хоча народ, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Калі народ не хоча, а Прэзідэнт будзе рабіць наадварот, дык гэта зусім дрэнна. Па словах кіраўніка дзяржавы, бывае, што грамадства не вельмі разумее сітуацыю, і тады задача Прэзідэнта — пераканаць людзей, зрабіць усё, каб людзі зразумелі. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў пандэмію. «Як бы я ні імкнуўся да вас дастукацца і да сваіх людзей, я шчыра прызнаю, што не ўсе зразумелі тое, што адбываецца. Царква наша, любых канфесій, не адхіляе думку, што час усё расставіць на свае месцы. Час расставіў усё на свае месцы. І зараз мы зразумелі, хто фінансаваў, колькі выдаткоўвалі на гэтую заразу, адкуль яна пайшла, колькі загінула людзей. І прызналі, што адзіна правільным быў шлях, які выбралі мы з вамі, — сказаў Прэзідэнт — Ну не атрымалася ў мяне дастукацца да вас. І гэта адна з прычын, (хай не самая галоўная) якой скарысталіся нашы праціўнікі, асобныя ворагі для таго, каб перавярнуць краіну. Мы таксама ўжо пра гэта ведаем, колькі на гэта і каму было ахвяравана грошай. Слухайце, калі б на справу пайшлі гэтыя грошы, мы б сёння не абмяркоўвалі ніякія праблемы нашых канфесій. Мы б і цэнтры пабудавалі для іх, і з наркаманіяй бы дапамагалі вам больш змагацца, шматдзетным дапамагаць і гэтак далей і да таго падобнае».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што час не толькі расстаўляе ўсё на свае месцы, але і многіх вучыць. «У тым ліку і нас. Мы прызнаём і свае памылкі, якія мы дапусцілі. І вы павінны пагадзіцца з тым, што разам з намі не дапрацавалі недзе. Не захавалі гэты мір на той час. Але над памылкамі папрацавалі, і сёння вынік: і грамадства, і народ з намі, і яны пацвердзілі гэта», — заявіў ён. А каб рухацца далей, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не трэба ўвесь час абапірацца на аднаго чалавека. 

Бо далей будзе складаней, чалавек не вечны. «Трэба, каб мы ўсе разам працавалі. А для таго, каб было нармальна, павінна быць дысцыпліна», — параіў ён. Беларускі лідар звярнуў увагу, што дысцыпліна ёсць як паняцце кожнай канфесіі, і з гэтага трэба браць прыклад. Але гэта не значыць, што трэба махаць шашкай. Усё проста і зразумела: калі рашэнне аб рэалізацыі ідэі прынятае, — трэба яе рэалізаваць. І да гэтага павінны імкнуцца ўсе. Менавіта, у гэтым паводле слоў Прэзідэнта, ён бачыць выканальніцкую дысцыпліну. У прыклад ён прывёў аграпрамысловы комплекс, прамысловасць, мікраэлектроніку і іншыя сферы, у якіх, каб не страціць напрацаваныя вынікі, патрэбна жалезная дысцыпліна.

Яўрэі. Агульны боль і агульная памяць.

Галоўны равін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч падзякаваў за магчымасць сустрэчы ў такім фармаце, дзе «ёсць магчымасць вучыць і вучыцца». «У нашай яўрэйскай традыцыі мы гаворым: мудры той, хто вучыцца мудрасці ў кожнага. Словам „шалом“ яўрэі вітаюць і жадаюць адзін аднаму міру, аснова якога — дыялог і гатоўнасць да вырашэння спрэчак, як і да знаходжання кампрамісаў», — сказаў ён. Гаворачы аб дыялогу, равін падкрэсліў, што міжканфесійны дыялог у нашай краіне — гэта прыклад мірнага і роўнага суіснавання прадстаўнікоў розных канфесій і этнасаў. 

«І ў радасці, і ў бядзе, мы разам. І ў гэтым, хутчэй за ўсё, крыніца нашай, беларускай сілы», — сказаў ён.

Рыгор Абрамовіч заўважыў, што гістарычна склалася так, што яўрэі на беларускай зямлі адчуваюць сябе камфортна і спакойна. Ён адзначыў, што гісторыя захавае для нашчадкаў зварот прэзідэнтаў Беларусі, Германіі, Аўстрыі Аляксандра Лукашэнкі, Франка-Вальтэра Штайнмаера і Аляксандра Ван дэр Беллена на мерапрыемстве ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» у 2018 годзе. На месцы трагедыі тады ўзнеслі малітвы праваслаўны, каталіцкі, лютэранскі святары, муфтый і равін. «Асобны дзякуй вам за гэты мемарыял — месца памяці, месца гісторыі, месца разумення таго, што не павінна паўтарыцца», — звярнуўся равін да Аляксандра Лукашэнкі. 

Рыгор Абрамовіч адзначыў, што беларусы, якія страцілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга жыхара як ніхто іншы разумеюць глыбіню трагедыі яўрэйскага народа. «Мы гэта цэнім, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі каля сямі стагоддзяў. На жаль, некаторыя нашы суседзі забылі, хто вызваліў Еўропу ад нацызму, які знішчыў шэсць мільёнаў яўрэяў», — сказаў ён. Як прыклад равін прывёў нядаўнія памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Асвенцыма, на якія не была запрошана афіцыйная беларуская дэлегацыя. «Не былі запрошаны нашчадкі тых, хто часам цаной свайго жыцця або, рызыкуючы жыццём сваім, сваіх сем’яў, ратавалі яўрэяў у гады Халакосту, у гады страшнай вайны», — сказаў равін.

Рыгор Абрамовіч звярнуў увагу на важнасць захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей: «Асновай міру і добрасуседства, на мой погляд, з’яўляецца сям’я. Я сам унук двух франтавікоў, якія вярнуліся з вайны, але не знайшлі свае сем’і (яны былі знішчаны ў 1941-1942 гадах). Яны не апусцілі рукі, адбудоўвалі Мінск і Барысаў. І заўсёды верылі ў дыялог паміж людзьмі. — сказаў равін. — Абараніць каштоўнасць традыцыйнай сям’і — гэта задача для нас усіх: і для дзяржавы, і для грамадства, і для рэлігійных інстытутаў»

Асобна Рыгор Абрамовіч падзякаваў кіраўніку дзяржавы за дапамогу ва ўзнаўленні Валожынскай ешывы. «Гэта прыклад вучонасці і дысцыпліны ў нашай краіне. Сёння ешыва адкрыта і як яўрэйскі рэлігійны інстытут, які збірае студэнтаў ледзь не ад Аргенціны і да Аўстраліі, і як музей, дзе можна шмат чаго даведацца, зразумець, убачыць. Там знаходзіцца выстава першага прэзідэнта Ізраіля, які, дарэчы, ураджэнец Беларусі, — расказаў ён. — Дзякуй вялікі за ўсё, што пабудавана і адбудавана. 

Вялікі дзякуй за ўсё, што будуецца, за тое, што адраджаецца. За ўмацаванне духу і за ўмацаванне сем’яў. Мы ўсе будзем і маліцца, і працаваць на карысць гэтага — каб гэта ўмацоўвала мір і давала росквіт нашай Беларусі».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што напэўна, ні ў адной краіне фашысты не знішчылі столькі людзей, як у Беларусі. І вельмі важна захоўваць гэту памяць. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прымаючы рашэнне па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Трасцянец», настойваў на тым, што нельга дзяліць загінуўшых па нацыянальнасці. 

Прэзідэнт распавёў і пра свой першы візіт у Ізраіль. «Нашы нягоднікі тут, асабліва з ліку нацыяналістаў, увесь час спрабавалі мне прыпісаць антысемітызм. Была разгорнута такая кампанія. Як ехаць у Ізраіль? Думаю: «Ну нічога, народ разумны, зразумеюць», — адзначыў ён. Але па прылёце ў Ізраіль беларускага лідара чакалі тысячы мясцовых яўрэяў. І сустрэча адбылася. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на той сустрэчы абмяркоўвалі ўклад яўрэяў у перамогу над нацызмам. «Я выказаў сваё асабістае меркаванне аб тым, што яўрэі нідзе так не ваявалі, як у Беларусі. Трэба было — і помсцілі за сваіх загінуўшых суайчыннікаў, і ваявалі па-сапраўднаму. Па-нашаму, як бывае ў рускіх, беларусаў — славян. І, вы ведаеце, усе ўсталі і авацыяй гэта ўспрынялі. Вось так вось „антысеміта“ сустракалі ў ізраільскай дзяржаве», — успомніў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў Беларусі вельмі шануюць гэтую гісторыю. 

Кажучы пра Валожынскую ешыву, якая можа стаць цэнтрам іудаізму на Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падобныя цэнтры павінны з’яўляцца менавіта ў тых месцах, дзе жывуць самыя адданыя вернікі. Ён пажадаў, каб там была і школа для выхавання вернікаў, для падрыхтоўкі святароў. «Я хачу, каб мы сваіх навучалі, каб у нас былі свае кадры-святары. Патрыёты, якія любяць сваю краіну і абараняюць. Няважна, мусульмане, іўдзеі, каталікі, баптысты і гэтай далей. Яны павінны быць адсюль. І карані іх павінны быць адсюль. У гэтых цэнтрах павінны быць школы. І мы гатовы падтрымліваць так, як праваслаўных, вас у гэтых школах. Я думаю, што ва ўсіх канфесій разумных людзей дастаткова, каб выкладаць у гэтых школах», — выказаў свае пажаданні кіраўнік дзяржавы. 

Ён заўважыў, што у рэлігійных адукацыйных цэнтрах выкладаюць разумныя, моцныя людзі. «Я ўпэўнены, што адсюль пачнецца ўмацаванне нашага грамадства. І ўсе мы ўнясём свой дастойны уклад», — сказаў беларускі лідар. 

Мусульмане. У адносінах — поўная гармонія 

Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч адзначыў, што краіне ўдалося пазбегнуць згубнага шляху багаборства. Ён адзначыў, што пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы сваё развіццё ў Беларусі атрымала і мусульманства. «Многія проста даведаліся аб вялікай каштоўнасці рэлігіі, аб станоўчых рысах ісламскай веры, культуры і духоўных традыцыях нашых грамадзян — татараў-мусульман Беларусі. Мы абмінулі такім чынам ксенафобію, ісламафобію, на якія вельмі багатыя іншыя дзяржавы», — сказаў Абу-Бекір Шабановіч. Ён узгадаў вельмі важную для беларускіх мусульман падзею — адкрыццё ў 2016 годзе адноўленай саборнай мячэці ў Мінску. 

Удзел у яе адкрыцці прынялі Прэзідэнт Беларусі і Прэзідэнт Турцыі. 

«Гэта выклікала такі станоўчы рэзананс у свеце і ў першую чаргу ў мусульманскім свеце», — заявіў муфтый. Ён расказаў, што за мінулыя гады саборная мячэць стала цэнтрам ісламу ў Беларусі. Прычым наведваюць яе не толькі вернікі. Мячэць стала своеасаблівай дыялогавай пляцоўкай для міждзяржаўных, міжнацыянальных і міжканфесійных сустрэч. 

Абу-Бекір Шабановіч ад усіх мусумальман Беларусі падзякаваў Прэзідэнту. Ён пажадаў кіраўніку дзяржавы поспехаў у рэалізацыі ўсіх глабальных задач. «Мы ва ўсім стратэгічным і тактычным — Вашы памочнікі. І выказваю веру, што ўсе мы разам пад Вашым непасрэдным кіраўніцтвам захаваем нашу агульную Радзіму, любімую Беларусь», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што з мусульманамі ў яго заўжды складваліся асаблівыя адносіны — поўная гармонія. «Так склалася ў маім прэзідэнцкім жыцці, што з мусульманскімі краінамі, практычна з усімі, у мяне цудоўныя адносіны. Больш, чым цудоўныя. Я заўсёды з павагай ставіўся да іх, яны мяне нармальна ўспрымаюць, нягледзячы на тое, што я не мусульманін», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што і беларускія мусульмане ніколі не падводзілі ні ўлады, ні Прэзідэнта. «Шчыра кажучы, я ўдзячны вам за такую пазіцыю. Вы заўсёды яе займалі і ніколі не хісталіся ні налева, ні направа. Я гэта вельмі цаню. 

Беларусь быццам бы і не мусульманская краіна, а пазіцыя мусульман у нас сур’ёзная. Дзякуй вам вялікі за такое стаўленне да Беларусі, і памятайце (гэта тычыцца ўсіх нашых канфесій), што гэта ваша зямля — і татар, і башкір, і іншых, якія прыехалі да нас. Не там ваша зямля. Там, можа, вашы карані, і ваша душа там. Але зямля ваша тут. І я ўпэўнены, што шмат у каго і душа тут. Таму я вам вельмі ўдзячны за такую пазіцыю», — заявіў Прэзідэнт.

Баптысты і стараверы. Пачуццё

Старшыня Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі Леанід Міховіч звярнуў увагу, што евангельскія хрысціяне-баптысты ўжо 150 гадоў спавядаюць сваю веру на беларускай зямлі. «Сітуацыя не заўсёды была спрыяльнай для евангельскіх вернікаў, але мы рады, што нашы папярэднікі, прайшоўшы праз ганенні, захавалі веру і перадалі яе нам. 

І я хачу выказаць вам падзяку за тое, што з самага пачатку існавання незалежнай Беларусі мы можам свабодна пакланяцца, вызнаваць сваю веру, вучыць дзяцей, моладзь. Мы ўдзячныя за мір у краіне, за добрыя адносіны паміж рэлігіямі», — сказаў ён. Леанід Міховіч расказаў, што да іх у госці прыязджаюць аднаверцы з іншых краін. Па яго словах, яны здзіўляюцца парадку, бяспецы, умовам жыцця тут, таму што едуць з іншым уяўленням. Ён падзякаваў за магчымасць бязвізавага ўезду для грамадзян іншых краін. 

Старшыня Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў акрэсліў дзве сферы, у якіх адносіны царквы і дзяржавы перасякаюцца. Першая — гэта сям’я. «У нашых цэрквах сямейныя каштоўнасці заўсёды займалі важнае месца. І мы ўдзячныя за тое, што дзяржава клапоціцца аб сям’і, пачынаючы з самага яе зараджэння: маральная, фінансавая дапамога, вырашэнне жыллёвых пытанняў. У нас нямала шматдзетных сем’яў, і многія сем’і атрымалі кватэру або пабудавалі дом дзякуючы клопату дзяржавы. Я думаю, што гэты фокус на сям’і больш чым апраўданы», — сказаў Леанід Міховіч. 

Другая сфера — міласэрнасць і сацыяльная работа «Мы не застаемся ўбаку ад сацыяльных праблем, дапамагаем інвалідам, адзінокім людзям, працуем з прыёмнымі сем’ямі. Займаемся рэабілітацыяй алкаголікаў, наркаманаў. І мы молімся за нашу краіну, за мір у краіне, за ўладу. І будзем працягваць гэта рабіць», — сказаў ён. 

Прэзідэнт расказаў, што ў жыцці яму даводзілася сутыкацца з прадстаўнікамі самых розных канфесій, у тым ліку і з баптыстамі. Ён распавёў пра адзін выпадак, яшчэ з савецкіх гадоў: «На тэрыторыі нашай гаспадаркі было некалькі вёсак, практычна чыста баптысцкія. Я як сакратар парткама думаў: я туды з’езджу. Я прыехаў, пагаварыў з многімі. Добрыя такія людзі, у асноўным старэйшага ўзросту. Я прасякнуўся вельмі моцным пачуццём павагі да гэтых людзей. І як толькі пачыналі пра баптыстаў нешта казаць, я заўсёды за іх заступаўся: вы што, вось у мяне на тэрыторыі гаспадаркі ёсць гэтыя людзі, і я ў іх бываў — гэта найдабрэйшыя людзі, вельмі прыстойныя, добрыя людзі». 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што такім жа чынам складваліся яго адносіны са стараверамі. Ён расказаў, што ўжо ў яго прэзідэнцкія гады яны працавалі на будаўніцтве аднаго аб’екта. «Якія гэта былі працаўнікі — цяжка сабе ўявіць. Яны такія працавітыя былі людзі. Яны будавалі там аб’ект адзін, і я, калі туды прыязджаю, адразу ўспамінаю старавераў, таму што такіх працавітых людзей ні да, ні пасля гэтага я больш не бачыў. І гэта стараверы пабудавалі той аб’ект, дзе адпачываюць нашы людзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што стараверы запрашалі яго ў сваю вёску. Але наведаць яе не атрымалася. А зараз і няма той вёскі, людзі параз’яджаліся. 

«У мяне з нашымі евангельскімі хрысціянамі, баптыстамі, стараверамі былі ў жыцці такія канкрэтныя выпадкі, і яны праз дзесяцігоддзі засталіся ў маім сэрцы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

***

Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта карысная размова. Ён яшчэ раз папрасіў прадстаўнікоў розных канфесій падумаць аб стварэнні сваіх рэлігійных цэнтраў. Прычым, неабавязкова каб яны былі ў Мінску. І дзяржава, запэўніў Прэзідэнт, гатова дапамагчы ў іх стварэнні. Па яго словах, да гэтага абавязкова падключыцца і грамадства. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю