Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Мова павагі і адкрытасці ўніверсальная. Для яе не патрэбен перакладчык»

У Палацы Незалежнасці зноў шмат замежных гасцей. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад паслоў дзевяці краін. Гэта прыгожая дыпламатычная традыцыя, калі паслы, якія пачынаюць сваю кандэцыю, найперш сустракаюцца з кіраўніком дзяржавы, у якой будуць працаваць, і перадаюць яму даверчыя лісты. Такім чынам выказваецца жаданне новага пасла садзейнічаць далейшаму развіццю і паглыбленню адносін паміж дзвюма краінамі. Для паслоў, якія будуць працаваць у Беларусі, гэта жаданне ўзаемнае.


«Кадэнцыя новага пасла ў краіне знаходжання — гэта своеасаблівы этап у двухбаковых узаемаадносінах Праактыўная і мудрая работа кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва здольна істотна ўмацаваць кантакты паміж цэнтрамі, узняць іх на новы ўзровень на карысць нашых краін і народаў, — прывітаў гасцей кіраўнік дзяржавы. — Спадзяюся, перыяд службы ў Беларусі будзе напоўнены для вас цікавымі падзеямі, новымі знаёмствамі і масай карысных мерапрыемстваў, якія дазволяць нам сумесна рэалізаваць шмат узаемавыгадных праектаў. Мы для гэтага ў Беларусі адкрытыя». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што паслы будуць мець магчымасць не раз пераканацца, што Беларусь зусім іншая, чым яе часта спрабуюць прадставіць, выкарыстоўваючы толькі чорныя фарбы і паток негатыву. «Насуперак заходнім стэрэатыпам, мы паспяхова развіваемся. Нягледзячы на ціск, які аказваецца звонку, усебакова павышаем свой патэнцыял і прапануем нашым сябрам і партнёрам усё самае лепшае, напрацаванае дзясяткамі гадоў, у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, прамысловасці, сельскай гаспадарцы», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў Беларусі гэты год пачаўся з важнай палітычнай кампаніі — выбараў кіраўніка дзяржавы, на якіх грамадзяне краіны пераканаўча выказаліся за працяг курсу на пабудову моцнай незалежнай сацыяльна арыентаванай дзяржавы.

«Мы называем яе дзяржавай для народа, якая хоча жыць у міры і згодзе з усімі краінамі незалежна ад іх велічыні, пазіцыі ў сусветных рэйтынгах ці месцы на карце, — удакладніў беларускі лідар. — Гэта і ёсць сутнасць нашай замежнай палітыкі, нашых падыходаў да выбудоўвання стасункаў з суседзямі і геаграфічна аддаленымі ад нас краінамі. Паверце, там, дзе нам не прад’яўляюць ультыматум, дзе не дыктуюць умовы, дзе мы бачым супадзенне поглядаў і ўяўленняў, не перашкодзіць ні адлегласць, ні розныя веравызнанні ці культурныя традыцыі, каб дамовіцца. Мова павагі і адкрытасці ўніверсальная. Для яе не патрэбен перакладчык. Яе разумеюць на ўсіх кантынентах. Патрэбны толькі добрая воля і, як гавораць у нас у народзе, не трымаць камень за пазухай».

«Мы выступаем за мірнае вырашэнне любых канфліктаў»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што палітыка міралюбнасці, добрасуседства і сумленнасці прадвызначана нашай гісторыяй. За ўсе папярэднія стагоддзі свой ліміт войн і турбулентнасці беларусы вычарпалі. Беларускі лідар нагадаў, што сёлета мы адзначаем 80-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, вайне, якая забрала жыццё кожнага трэцяга грамадзяніна нашай краіны і пацягнула фатальныя разбурэнні большай часткі тэрыторыі і эканомікі Беларусі. «У 1945 годзе дзякуючы савецкаму народу быў разгромлены фашызм, усе народы Еўропы змаглі ўздыхнуць свабодна і пачаць вяртанне да мірнага жыцця. У знак міжнароднага прызнання ўкладу беларускага народа ў самаадданую барацьбу з нацызмам Беларусь увайшла ў лік краін — заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый... Вы не раз пераканаецеся, падарожнічаючы па нашай краіне, знаёмячыся з яе жыхарамі, што падзеі той вайны пакінулі глыбокі след у гісторыі Беларусі. — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да паслоў. — А святая памяць аб героях-вызваліцелях, клопат аб ветэранах, догляд помнікаў і месцаў пахаванняў, недапушчальнасць перапісвання гісторыі — сутнасць дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі сучаснай беларускай дзяржавы». 

Прэзідэнт удакладніў, што гэта не праява нашай ваяўнічай палітыкі, як бы гэта камусьці ні хацелася такім чынам прадставіць. «Нам проста вельмі высокай цаной дасталася перамога і мы вельмі добра ведаем увесь цяжар страт, якія прынесла нам вайна», — растлумачыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў паслам, што ў Беларусі праводзяцца маштабныя даследаванні па выяўленні злачынстваў нацыстаў і іх саўдзельнікаў. І тыя факты, якія нават толькі зараз адкрываюцца, прымушаюць нас па-новаму ўсвядоміць сапраўдную глыбіню і маштабы Вялікай Айчыннай вайны. «Таму на ўсіх узроўнях мы штодня вядзем работу, каб выключыць любыя рознагалоссі ў грамадстве, падтрымліваем міжнацыянальны і міжканфесійны мір і згоду, нікому не пагражаем, але пры гэтым умацоўваем эканамічныя асновы і абараназдольнасць нашай дзяржавы. Мы выступаем за мірнае вырашэнне любых канфліктаў дыпламатычным шляхам і прыкладаем значныя намаганні для найхутчэйшага ўрэгулявання ўзброенага супрацьстаяння ў суседняй Украіне і іншых гарачых кропках», — сказаў беларускі лідар. Сведчаннем таму ён назваў беларускія ініцыятывы па пабудове роўнай і непадзельнай архітэктуры бяспекі, у тым ліку на еўразійскай прасторы, правядзенні ўсёабдымнага дыялогу ў духу Сан-Францыска.

Па традыцыі падобных цырымоній Прэзідэнт звярнуўся да кожнага кіраўніка дыпламатычнай місіі асобна і акрэсліў пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. 

Боснія і Герцагавіна

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь адкрыта да кантактаў і разнапланавага ўзаемадзеяння з гэтай краінай. «Нягледзячы на штучныя знешнія бар’еры і нестабільную міжнародную абстаноўку, мы бачым магчымасці для развіцця сувязей у сферах узаемнай цікавасці. У нас нямала пазітыўных прыкладаў супрацоўніцтва і сумесных напрацовак, асабліва ў сферы машынабудавання, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя. Лічу, што наданне рэгулярнасці двухбаковым кантактам — дыпламатычным, дзелавым, рэгіянальным і парламенцкім — будзе садзейнічаць вызначэнню новых пунктаў судакранання і выхаду на новыя праекты», — сказаў ён. Адказваць за наладжванне сувязей паміж Босніяй і Герцагавінай і Беларуссю цяпер будзе Іван Орліч. 

Буркіна-Фасо

Беларускі лідар звярнуў увагу, што Буркіна-Фасо зараз перажывае важны перыяд у сваёй гісторыі. Па яго словах, у Беларусі гатовы падставіць плячо нашым сябрам у індустрыялізацыі розных сектараў эканомікі і павышэнні ўзроўню іх эфектыўнасці. «На нас вы можаце разлічваць. У роўнай ступені гэта ж адносіцца і да сфер адукацыі, аховы здароўя, высокіх тэхналогій, вырашэння выклікаў у пытаннях абароны і харчовай бяспекі. Прапаную папрацаваць над стварэннем каардынацыйных механізмаў у выглядзе сумеснай міжурадавай камісіі і савета дзелавога супрацоўніцтва», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка паслу Арыстыду Рапугдондбу Людовіку Тапсоба.

Грузія

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі высока ацэньваюць і падтрымліваюць крокі Грузіі па адстойванні сваёй дзяржаўнасці і суверэнітэту. Гэта сугучна з нашымі падыходамі. «І вы павінны рабіць у Грузіі ўсё тое, што ў інтарэсах грузінскага народа. Традыцыі сяброўства і ўзаемнай павагі беларусаў і грузінаў, агульныя старонкі гісторыі з’яўляюцца трывалай асновай для аднаўлення паўнацэннага ўсебаковага супрацоўніцтва нашых краін. Вы добра ведаеце — нашы дзверы заўсёды для вас былі і ёсць адчыненыя для вас. З Грузіяй у нас няма абсалютна ніякіх праблем». — сказаў Прэзідэнт. Узначальваць дыпламатычную місію гэтай краіны цяпер будзе Гіоргі Саганелідзэ. 

Індыя 

Індыю Аляксандр Лукашэнка назваў не проста даўнім сябрам і партнёрам. Зараз мы імкнёмся выйсці з гэтай краінай на стратэгічны ўзровень адносін. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры падтрымцы Нью-Дэлі ў 2024 годзе Мінск стаў паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і атрымаў статус краіны — партнёра БРІКС. «Мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву Індыі за гэта», — сказаў ён паслу Індыі ў Беларусі Ашоку Кумару. 

Кенія

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь разглядае Кенію як апорны пункт ва Усходняй Афрыцы. Ён нагадаў, што падчас свайго візіту ў Кенію ў снежні 2023 года з прэзідэнтам Уільямам Руто ў былі дасягнуты дамоўленасці актывізаваць кантакты па шэрагу напрамкаў, ключавым з якіх з’яўляецца забеспячэнне харчовай бяспекі Кеніі. «Беларускі бок гатовы да прадметнай работы з абноўленым складам Урада вашай краіны. Чакаем Прэзідэнта Руто ў Мінску ў зручны для яго час.», — запэўніў Прэзідэнт.Працаваць над рэалізацыяй дамоўленасцей у Беларусі будзе Пітэр Мутуку Матукі. 

Лаос 

«Наша ўзаемадзеянне з Лаосам на міжнародных пляцоўках нязменна мае дружалюбны і канструктыўны характар. У бліжэйшай перспектыве неабходна рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя падчас маёй сустрэчы з Прэзідэнтам летась у Казані. Для гэтага з нашымі лаоскімі партнёрамі намечаны шэраг сумесных мерапрыемстваў», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да пасла Сіпхандона Ойбуабудзі.

Малайзія

Малайзію Прэзідэнт назваў перспэктыўным партнёрам Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. «У нашых краін вялікія, але пакуль не да канца скарыстаныя магчымасці для супрацоўніцтва ў сферах харчовай бяспекі, прамысловай кааперацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій», — заўважыў ён. Адказваць за трывалыя адносіны паміж Малайзіяй і Беларуссю цяпер будзе Лун-Лан Чэонг. Беларусі лідар пажадаў Малайзіі паспяховага старшынства ў АСЕАН у 2025 годзе.

М’янма

«Бачу вялікія перспектывы для развіцця партнёрства з М’янмай. Некалькі дзён таму мы абмеркавалі ўвесь комплекс двухбаковых адносін са Старшынёй Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета, Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун Хлайнам падчас яго афіцыйнага візіту ў Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Адным з адказных за рэалізацыю дамоўленасцей будзе і пасол М’янмы ў Беларусі Ціта Лін Оуна. 

Пакістан

«Мы высока цэнім Пакістан як надзейнага партнёра ў Паўднёвай Азіі і мусульманскім свеце. Вынікам майго нядаўняга візіту ў Ісламабад сталі дамоўленасці па многіх перспектыўных кірунках. Беларускі бок гатовы няўхільна выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы, цесна каардынуючы дзеянні з пакістанскім бокам» — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да пасла Пакістана ў Беларусі Мухамада Айджаза.  «Пацвярджаю гатоўнасць да актыўнага і плённага супрацоўніцтва»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі заўсёды рады тым, хто настроены на прадуктыўную працу, бачыць у нас раўнапраўнага і пэрспэктыўнага партнёра. «Яшчэ раз пацвярджаю гатоўнасць да актыўнага і плённага супрацоўніцтва з вашымі краінамі ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. У сваю чаргу мы забяспечым спрыяльныя і камфортныя ўмовы для рэалізацыі вашых прапаноў і ідэй. Упэўнены, што ў якасці кіраўнікоў дыпламатычных місій вы прыкладзеце максімум намаганняў для надання прыкметнай дынамікі адносінам паміж нашымі краінамі», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён пажадаў дыпламатам паспяховай работы, здароўя і добрага настрою ў Беларусі. 

У тэму 

Двухбаковы рух гэта вельмі важна

Сваімі планамі і задачамі на кадэнцыю замежныя дыпламаты падзялілся з беларускімі журналістамі. Гіоргі Саганелідзэ, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Грузіі ў Беларусі, прызнаўся, што Мінск ён любіць і ў цэлым яму вельмі падабаецца беларускі народ. «Ёсць ўзаемнае разуменне, што трэба збліжаць нашы народы, якія вельмі станоўча ставяцца адзін да аднаго. Нам трэба развіваць супрацоўніцтва. Час няпросты, адпаведна трэба знаходзіць кропкі судакранання і развіваць нашы двухбаковыя адносіны ў тых напрамках, якія выгадныя нашым краінам. Думаю, што ўсё атрымаецца», — адзначыў пасол. Гіоргі Саганелідзе падкрэсліў, што трэба вяртацца да высокага ўзроўню адносін (у тым ліку і палітычных) памж Беларуссю і Грузіяй. «Галоўнае, каб у нашых краінах быў мір, а з астатнім мы справімся, — сказаў ён. — Мы адзначаем вялікае імкненне беларускага боку да аднаўлення нашых добрых адносін. Двухбаковы рух — гэта вельмі важна».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Беларусь Мухамад Айджаз сказаў: «Першыя ўражанні аб краіне — самыя пазітыўныя. Добрая, сардэчная атмасфера і прыгажосць — такі я ўбачыў Беларусь». Па словах пасла, патэнцыял супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам невычарпаны. «Многае трэба зрабіць. І мы гатовы вывесці беларуска-пакістанскія кантакты на новы, больш высокі ўзровень. Беларусь — развітая краіна, з высокімі стандарамі ў сельскай гаспадарцы, што вельмі карысна для нашага супрацоўніцтва. Я разлічваю на ўмацаванне адносін паміж Беларуссю і Пакістанам», — адзначыў Мухамад Айджаз. 

Фота БелТА

Дарэчы 

Прэзідэнт Беларусі правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау.

Умару Сісоку Эмбала патэлефанаваў кіраўніку беларускай дзяржавы для абмеркавання актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.

Адбылася грунтоўная размова па ўсім комплексе двухбаковых адносін і напрамках, па якіх бакі зацікаўлены развіваць узаемадзеянне, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка і Умару Сісоку Эмбала таксама абмеркавалі дэталі запланаванага афіцыйнага візіту лідара Гвінеі-Бісау у Беларусь.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю