Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Мы абсалютна ў стане вырашыць тыя пытанні, якія жыццё паставіла перад намі

Новы працоўны тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з перагавораў на перспектыву. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з губернатарам Хабараўскага края Дзмітрыем Дзямешыным. Гэтымі днямі дэлегацыя расійскага рэгіёна з візітам у Беларусі. Графік насычаны — наведванне прадпрыемстваў, перагаворы з калегамі з Магілёўскай вобласці, знаёмства з культурнымі славутасцямі Беларусі. Але найперш — сустрэча з кіраўніком дзяржавы, падчас якой былі акрэслены асноўныя вектары супрацоўніцтва.


Тэндэнцыі росту павінны захавацца

Вітаючы гасцей, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго частыя сустрэчы з губернатарамі расійскіх рэгіёнаў — гэта добры знак на перспектыву ў плане вырашэння галоўных пытанняў, якія сёння стаяць перад Расіяй і Беларуссю. «Жыццё паставіла гэтыя пытанні. І калі б у мяне спыталі, рады я гэтаму ці не, цяжка было б адказаць. Добра, што нарэшце знешнія ўмовы прымусілі нас займацца і сваімі праблемамі ўнутры і менш пазіраць па баках. Я абсалютна перакананы, што нягледзячы на сур’ёзнасць выклікаў, мы абсалютна ў стане ў цяперашніх умовах вырашыць тыя пытанні, якія жыццё паставіла перад намі», — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што за 11 месяцаў 2024 года тавараабарот паміж Беларуссю і Хабараўскім краем павялічыўся амаль на 46 працэнтаў, экспарт склаў 47 мільёнаў долараў, імпарт — менш за мільён. На яго думку, такія тэндэнцыі захаваюцца і па выніках года. Дарэчы, паказчык узаемнага гандлю ў 47,8 мільёнаў долараў, паказаны ў мінулым годзе, пабіў рэкорд які трымаўся з 2019 года. 

Прадукцыя машынабудавання

Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на ключавых напрамках супрацоўніцтва Беларусі і Хабараўскага края. «Мы заўсёды пастаўлялі ў ваш рэгіён вялікагрузныя кар’ерныя самазвалы БелАЗ і мы працягваем рэалізацыю нашай унікальнай тэхнікі ў вашым краі. На постсавецкай прасторы больш ніхто не вырабляе такія машыны. Можа, і не трэба. Мы можам задаволіць попыт на іх не толькі Расійскай Федэрацыі, але і многіх краін свету. Мы адна з трох сусветных кампаній, якія вырабляюць гэту прадукцыю, і 40% сусветных паставак — гэта наш БелАЗ. Таму мы гатовы пашыраць пастаўкі, мы гатовы абслугоўваць гэтую тэхніку, інакш нельга, яе ніхто не зможа абслугоўваць, акрамя вытворцы. У гэтым плане вы на нас можаце разлічваць», — акрэсліў адзін напрамак Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, улічваючы, што Беларусь перш за ўсё машынабудаўнічая краіна, у Хабараўскі край можа пастаўляцца пасажырскі транспарт. «У рамках кластара па зборцы электробусаў, які ствараецца ў вас, гатовы прапанаваць пакетнае рашэнне па пераходзе асобнага населенага пункта або раёна на электратранспарт, уключаючы будаўніцтва зараднай інфраструктуры. Значыць, тое месца, якое вы вызначыце, мы гатовы пад ключ забяспечыць электратэхнікай», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь можа пастаўляць у Хабараўскі край спецыяльную тэхніку, тэхніку для розных прамысловых цыклаў. У рамках будаўніцтва БАМ-2 могуць зацікавіць дарожнабудаўнічыя, грузавыя машыны, якія выпускаюцца «Амкадор» і МАЗ. «У нас дастаткова гэтай тэхнікі. Калі ў вас будзе да гэтага цікавасць, мы гатовы гэту тэхніку паставіць, яе абслугоўваць і гарантаваць яе эфектыўную работу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Дарэчы, падчас свайго папярэдняга візіту ў Беларусь у кастрычніку 2024 года дэлегацыя Хабараўскага краю наведвала БелАЗ, МАЗ і «Амкадор». «Бачым перспектывы пастаўкі беларускай пажарнай, аварыйна-выратавальнай тэхнікі, машын для абслугоўвання аэрадромаў. Мы пастаўляем гэту тэхніку па ўсім свеце», — працягнуў Прэзідэнт.

Авіябудаванне

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сур’ёзна разглядаецца пытанне кааперацыі ў авіябудаванні. Ён падкрэсліў, што сферай супрацоўніцтва могуць стаць пастаўкі дэталей і зборачных адзінак, якія вырабляюцца ў Беларусі для хабараўскіх прадпрыемстваў ВПК і грамадзянскага авіябудавання. «Я хацеў бы, каб вы на гэта звярнулі увагу. Калі такая неабходнасць будзе, мы абавязкова будзем з вамі працаваць», — сказаў беларускі лідар.

Ліфтабудаванне

Яшчэ адзін напрамак для супрацоўніцтва — ліфты. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што савецкія ліфты, якія сумленна адпрацавалі свае тэрміны, маюць патрэбу ў замене. «Наш завод нядрэнна працуе, вырабляе памеры ліфтаў такія ж, як у савецкія часы. Яны дастаткова надзейныя, камфортныя. Таму гатовы з вамі таксама працаваць. І Расія для нас прыярытэт. Мы гатовы выконваць перш за ўсё заказы Расійскай Федэрацыі, потым ужо іншых дзяржаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Інфраструктурныя праекты

Паводле слоў Прэзідэнта, беларускія будаўнічыя прадпрыемствы зацікаўлены ў рабоце ў Хабараўскім краі. Сярод найбольшых цікавых інфраструктурных праектаў ён назваў Амурскі гідраметалургічны камбінат, горна-абагачальны камбінат, рачны лагістычны хаб на Амуры, на базе Хабараўскага рачнога порта, марскі порт Эльга. «Мы прапануем пастаўкі неабходнага абсталявання. Можна дамовіцца па элементах, што мы можам зрабіць для вас». — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аграпрамысловы комплекс

Традыцыйны напрамак — аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання. «Уладзівасток, Хабараўскі край — карацей, Далёкі Усход, для нас псіхалагічна з’яўляюцца вельмі важнымі рэгіёнамі, бо я чалавек савецкі і лічу, што гэта не чужыя нам рэгіёны. І мы найперш павінны звярнуць увагу на гэтыя рэгіёны, каб яны не адчувалі нейкую аддаленасць ад цэнтра. Таму мы гатовы ў прыярытэтным парадку разгледзець пытанні пастаўкі харчавання, неабходнага для Хабараўскага края і супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, такі вопыт супрацоўніцтва ўжо ёсць з Сахалінам, Прыморскім краем. Беларусь вельмі шмат зрабіла для гэтых рэгіёнаў, у тым ліку і ў перадачы тэхналогій у жывёлагадоўлі. Таму выкарыстоўваючы гэты вопыт, можна супрацоўнічаць і з Хабараўскім краем.

«Мы ў вашым распараджэнні. Наколькі можам, гатовы працаваць. Закрытых тэм няма. Па ўсіх напрамках будзем з вамі супрацоўнічаць». — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Далёкі Усход павінен стаць далёкім толькі геаграфічна

Дзмітрый Дзямешын падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за цёплы прыём і гасціннасць. Ад усіх расіян і ад сябе асабіста ён павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з упэўненай перамогай на выбарах. «Мы бачым, з якім вялікім даверам беларускі народ ставіцца да вас. Вялікая колькасць вашых прыхільнікаў, людзей, якія з вялікай павагай ставяцца да вас, жывуць і ў нас у Расіі, у тым ліку і на Далёкім Усходзе», — сказаў ён.

Губернатар Хабараўскага края адзначыў, што высокі ўзровень дружалюбнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю дае магчымасць развіваць менавіта міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. «Значны аб’ём тавараабароту засяроджаны якраз у рэгіянальным вымярэнні», — падкрэсліў ён. У рамках гэтага візіту запланаваны перагаворы дэлегацыі Хабараўскага края са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам. Перспектывы супрацоўніцтва кіраўнікі рэгіёнаў абмяркоўвалі ў кастрычніку 2024 года, падчас папярэдняга візіту дэлагацыі Хабараўскага краю. 

Дзмітрый Дзямяшын адзначыў, што Хабараўскі край, нягледзячы на аддаленасць ад Беларусі, у поўнай меры ўцягнуты ў працэсы міжрэгіянальнай інтэграцыі з беларускімі партнёрамі. Упор — на высокія тэхналогіі. Хабараўскі край — гэта прамысловы цэнтр Далёкага Усходу. Тут будуюць самыя сучасныя самалёты-знішчальнікі СУ-37, і ўсю лінейку знішчальных самалётаў, і вузкафезюляжныя самалёты. У сувязі з гэтым, адзначыў Дзмітрый Дзямешын прапановы беларускіх калег выглядаюць вельмі цікавымі. «Нам важна, каб мы не ўпадалі ў залежнасць, як былі ў пэўнай ступені ў залежнасці ад заходніх краін. Мы хочам інтэграваць у расійска-беларускую эканоміку. Для нас відавочна, што гэта трэба рабіць», — сказаў ён.

У размове з журналістамі Дзмітрый Дзямешын распавёў, што адной з тэм размовы з Прэзідэнтам стала стварэнне індустрыяльных паркаў, дзе будзе лакалізавана вытворчасць беларускай тэхнікі, якая традыцыйная для нашай горна-апрацоўчай прамысловасці. Гэта і БелАЗы, МАЗы, гэта і сельгастэхніка, тэхніка для ЖКГ. Журналісты пацікавіліся, колькі часу спатрэбіцца на стварэнне індустрыяльных цэнтраў. «Спатрэбіцца прыблізна год. Бо гэта і сервіснае абслугоўванне, і лакалізацыя вытворчасці. Мы разумеем, што зараз хто хутчэй зможа абслужыць тэхніку, рэанімаваць яе пасля паломкі, той выйграе на рынку. І сёння мы гаворым аб тым, што рынак Далёкага Усходу павінен стаць традыцыйным рынкам для Беларусі», — сказаў ён. У графіку дэлегацыі — наведванне такіх прадпрыемстваў, як «Бабруйскаграмаш», «Белшына», Мінскі трактарны завод. Дзмітрый Дзямешын адзначыў, што гэта не экскурсіі на прадпрыемствы, прадметныя наведванні для таго, каб ацаніць, што з убачанага можна прыцягнуць на Далёкі Усход і што можна прапанаваць беларускім партнёрам.

Дзмітрый Дзямешын адзначыў, што глабальная мэта іх візіту — зрабіць так, каб Далёкі Усход быў для Беларусі далёкім толькі геаграфічна. «Рынак Далёкага Усходу павінен стаць традыцыйным рынкам для Беларусі. Мы з задавальненнем запрашаем вашу дружалюбную дзяржаву да нас на Далёкі Усход для таго, каб ён быў не далёкім, а Усходам Расіі, які блізкі Беларусі і ў духоўным, і ў творчым, і ў турыстычным. сэнсе, і, вядома, у індустрыялізацыі нашай прамысловасці», — падкрэсліў ён. 

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю