Найперш Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць давераным асобам за падтрымку, якую яны аказалі кіраўніку дзяржавы падчас правядзення выбараў, і папрасіў іх працягваць працаваць з насельніцтвам. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас людзей. «Беларускі народ павінен ведаць, што мы будзем імкнуцца рабіць усё для таго, каб людзі не пашкадавалі, што прагаласавалі за нас», — падкрэсліў Прэзідэнт.
У той час, калі многія радуюцца паспяховаму правядзенню прэзідэнцкіх выбараў, Аляксандр Лукашэнка параіў не забывацца і пра іншы бок. «Такая падтрымка патрабуе ад нас адпаведнай аддачы, — падкрэсліў ён. — Час няпросты, я ўжо аб гэтым казаў. Гэты год будзе вельмі складаным. Многае будзе залежаць ад урада».
«Вы павінны быць аб’ектыўнымі і справядлівымі»
Прэзідэнт адзначыў, што хацеў бы, каб давераныя асобы на мінулых прэзідэнцкіх выбарах працягнулі сваю работу, якая найперш звязана з узаемадзеяннем з насельніцтвам. «Дзе можаце вырашыць пэўнае пытанне — вырашайце, калі не — вы мяне своечасова праінфармуйце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Для вас не павінна быць „гэта свой, гэта чужы“. Вы павінны быць аб’ектыўнымі і справядлівымі. Я разумею, што ёсць пэўныя нюансы (вы жывяце ў гэтым грамадстве і пагружаны), вы інфармуйце мяне па пытаннях, на якія я павінен рэагаваць. Ну, а за мной не заржавее».
Кажучы аб падтрымцы, якую кіраўніку дзяржавы аказаў беларускі народ, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, як бы ні было складана, патрэбна адказаць на чаканні людзей. «Вельмі важна, — канкрэтызаваў ён. — Мы гэта можам зрабіць. Але патрэбна жалезная выканальніцкая дысцыпліна».
У сувязі з гэтым Прэзідэнт расказаў, што падчас сустрэчы з генеральным пракурорам, якая адбылася напярэдадні, у тым ліку абмяркоўвалася пытанне вываду валюты за межы краіны. Высветлілася, што за год за мяжу былі выведзены не дзясяткі мільёнаў грашовых сродкаў, як паведамлялася кіраўніку дзяржавы раней, а сотні мільёнаў.
«Дывідэнды выводзяць, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Яны што, асабіста самі зарабілі гэтыя грошы? Бедны заробак нашым людзям заплацілі, самі зматаліся за мяжу і вывелі яшчэ грошы. Гэта што, нармальна? У бліжэйшы час разбяромся з урадам, як яны рэалізоўвалі тыя рашэнні, якія мной былі прыняты».
«Нам гэтых дэталяў не хапае»
Аляксандр Лукашэнка агучыў, што намераны стварыць камісію для выпрацоўкі прапаноў па фарміраванні новага складу ўрада. Па яго словах, у камісію, у прыватнасці ўвойдуць Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, генеральны пракурор Андрэй Швед.
«Хацелася б каб і вы сваё слова, у каго яно ёсць, сказалі па ўраду, — звяртаючыся да давераных асоб, адзначыў Прэзідэнт. — Урад выконвае ў нас абавязкі (склаў паўнамоцтвы). Трэба цяпер паглядзець па спісе, пачынаючы ад прэм’ер-міністра, кіраўніка канцэрна і губернатараў на гэтай камісіі. Хацелася б, каб вы свае прапановы ўнеслі, і мы разгледзім гэтае меркаванне пры прыняцці рашэнняў».
Сваё меркаванне наконт сістэмы аховы здароўя, напрыклад, ёсць у Дзмітрыя Шаўцова і Алега Румо. Па словах кіраўніка дзяржавы, яны добра ведаюць, што там адбываецца ў дэталях. «Нам гэтых дэталяў не хапае», — удакладніў Прэзідэнт.
Беларускі лідар падкрэсліў, што цяпер вельмі важна сфарміраваць моцны ўрад, які «не будзе хадзіць і плакацца, што дзесьці складана, а там цяжка». «Усюды складана, цяжка і будзе няпроста, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Але трэба рухацца, трэба працаваць».
«Ёсць нармальны дыялог і кампраміс з народам»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі замахнуліся на правядзенне своеасаблівых, можна сказаць, арыгінальных выбараў. «Вы паглядзіце: ціха, спакойна, не так, як нехта хацеў, — адзначыў ён. — І нашаму палкоўніку (ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэя Крываносаў. — „Зв“.) ужо не трэба было са сцягам выходзіць і там змагацца з імі (апанентамі. — „Зв“). Ціха, спакойна прайшлі выбары. Яны (апаненты. — „Зв“.), рот раскрыўшы, да гэтага часу ходзяць і думаюць, як гэты так магчыма. Краіна ў цэнтры Еўропы! Магчыма! Калі ёсць нармальны дыялог і дамоўленасць, кампраміс нармальны з народам. Але гэта трэба нам апраўдаць, чаго б нам ні каштавала».
Прэзідэнт падкрэсліў, што давераным асобам сорамна за яго не будзе. «Гэта я вам адназначна кажу, што б там пра мяне не пісалі і не казалі, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Усё чакалі, што я памру, хворы. Выбары прайшлі. Аказваецца, не хворы. Гэта быў план адпаведны, дзе адзін з пунктаў — ціснуць на гэта. І думалі, што народ наш проста за гэта схопіцца».
У завяршэнні сустрэчы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз выказаў удзячнасць давераным асобам і папрасіў не сыходзіць ад актыўнай работы ў грамадстве. «Але і сысці ўжо будзе непрыстойна, бо вы ж нямала сустрэч правялі з людзьмі, — канкрэтызаваў ён. — Людзі ж падумаюць: „Вось прыйшлі, пагаварылі і сышлі, іх не бачна“. Вас павінна быць усюды шмат. Вось ваша задача. Убачылі недахопы пэўныя — праінфармуйце органы ўлады. Не — далыжыце мне, будзем прымаць меры».
Прэзідэнт нагадаў, што была дамоўленасць аб тым, што давераныя асобы акумулююць усе пытанні, якія паступілі да іх у выніку зносін з людзьмі ў працоўных калектывах, арганізацыях, установах. Кіраўнік дзяржавы папрасіў, каб яны ў пісьмовым выглядзе былі даведзены да яго. «Тыя пытанні, за якія мы адказваем, мы павінны абавязкова рэалізаваць», — падкрэсліў беларускі лідар.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ад імя давераных асоб выказала словы ўдзячнасці Прэзідэнту за аказаны ім давер. «Для нас гэта быў вялікі гонар — быць даверанымі асобамі Прэзідэнта нашай краіны, — падкрэсліла яна. — Мы шчыра вам удзячныя. Работа была цікавая».
Наталля Качанава паведаміла, што за той перыяд часу, калі згодна з графікам электаральнай кампаніі можна было актыўна працаваць у калектывах, давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі правялі 438 сустрэч у працоўных калектывах, арганізацыях, установах. У гэтых мерапрыемствах прынялі ўдзел каля 90 тысяч чалавек. Спікер падкрэсліла, што ўсе давераныя асобы аднагалосна выказаліся аб тым, што гэтыя сустрэчы праходзілі цікава, актыўна, людзі праяўлялі цікавасць і выказвалі сваю пазіцыю ў адносінах да краіны".
Фота БелТА