Апошні рабочы дзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў 2024 годзе атрымаўся вельмі кранальным. Кіраўнік дзяржавы наведаў Мінскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу і асабіста павіншаваў малых пацыентаў і іх бацькоў. Новы год яны сустракаюць не дома, а ў бальнічных сценах, таму ім вельмі патрэбныя цяпло і ўвага. Беларускі лідар падзякаваў дактарам і ўсяму медыцынскаму персаналу, якія прыкладаюць максімум намаганняў, каб нават у бальніцы Новы год быў святам і пацыенты хутчэй вярталіся дадому здаровымі.
«Мы стварылі тут самую перадавую бальніцу і аснасцілі прыстойна»
Свята не перашкодзіла абмеркаваць і надзённыя пытанні з адказнымі асобамі. Таму першае пытанне ад Прэзідэнта да губернатара і галоўнага ўрача — усё зроблена ці яшчэ нешта трэба? На сёння пытанняў па мадэрнізацыі гэтай бальніцы няма. Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца дапамагае і даросламу насельніцтву вобласці. Але па асобных напрамках — афтальмалогія, аталарынгалогія, сківічна-тваравая хірургія. Зараз у дарослай абласной бальніцы будуецца новы хірургічны корпус, з уводам яго ў эксплуатацыю, дарослыя аддзяленні перавядуць туды. Прэзідэнт паставіў задачу працу паскорыць і не зацягваць надоўга.
Галоўны ўрач МАДКБ Дзмітрый Зайцаў далажыў, што ў бальніцы 615 ложкаў, 350 — педыятрычнага профілю, 265 хірургічнага профілю, 6 хірургічных аддзяленняў, два неўралагічныя. Усяго за год у бальніцы лечыцца каля 22 тысяч пацыентаў і выконваецца звыш 13 тысяч аператыўных умяшанняў. Працуе 219 урачоў. Сёння ў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы аказваюцца ўсе віды медыцынскай дапамогі. Дзмітрый Зайцаў адзначыў, што большасць хірургічных умяшанняў выконваюцца малаінвазійным шляхам. 98 працэнтаў дзяцей аперыраваны лапараскапічна. «Мы стараемся выкарыстоўваць толькі малаінвазіўныя метады лячэння, каб дзіця як мага менш знаходзілася ў бальніцы», — адзначыў галоўны ўрач. У 2020 годзе з інавацыйнага фонду Прэзідэнта былі выдзелены грошы, на якія было закуплена самае сучаснае аперацыйнае абсталяванне. Дзякуючы гэтаму Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца па аснашчанасці аперацыйным абсталяваннем можа канкурыраваць з любой рэспубліканскай установай. «У нас ёсць сумесныя праграмы з інстытутам анкалогіі па аперыраванні гартані, таму што СО2 лазер толькі ў нас ёсць і яны накіроўваюць пацыентаў да нас, каб мы дапамаглі з лячэннем », - адзначыў Дзмітрый Зайцаў. Таксама Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца сумесна з РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі распрацавала унікальныя праграмы па лячэнні афтальмалагічных захворванняў.
Прэзідэнта, нягледзячы на свята, больш цікавілі праблемы. «На што скардзяцца ці якія праблемы сёння хвалююць калектыў?» — проста спытаў ён у галоўнага ўрача. Дзмітрый Зайцаў адзначыў, што ёсць супрацоўнікі, якія маюць патрэбу ў жыллі. Але гэтая праблема абсалютна вырашальная, на тэрыторыі бальніцы ёсць інтэрнат, будуецца арэнднае жыллё. «Хочуць урачы добрае жыллё — калі ласка, інтэрнат або кватэру. Жывіце і працуйце ў Беларусі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын падкрэсліў, што новых дамах, якія зараз будуюцца ў Бараўлянах для маючых патрэбу, будуць кватэры і для медыкаў.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ўзровень бальніцы вельмі высокі і пацікавіўся, ці дапамагае Мінская абласная бальніца іншым рэгіёнам. Міністр аховы здароўя запэўніў, што тут дапамагаюць пацыентам з усіх абласцей, калі ўзнікае такая неабходнасць. У Беларусі толькі Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца выходжвае дзяцей з астэапарозам. Тут лечацца «хрустальныя дзеці», як часта называюць пацыентаў з такім дыягназам, з усёй краіны. З абласнога бюджэту закупляецца патрэбны для лячэння такіх пацыентаў прэпарат.
«Мы стварылі тут самую перадавую бальніцу і аснасцілі прыстойна. Таму абавязкова павінны дапамагаць. Вобласць, зразумела, вялікая, але калі звярнуліся людзі з іншай вобласці, адкідаць нельга. Гэта ж дзеці», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Калі хварэе дзіця — гэта катастрофа»
У аддзяленні анестастазіялогіі і рэанімацыі нядаўна зрабілі капітальны рамонт. Яго вынікі ацаніў асабіста кіраўнік дзяржавы. Ён аглядзеў рэанімацыйную залу, ізалятар для дзяцей старэйшага ўзросту, палаты сумеснага знаходжання дзяцей і іх бацькоў, палату для нованароджаных дзяцей. «Аддзяленне зрабілі, таму лячыце ўсіх, хто да вас звяртаецца. Асабліва дзетак», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Як адзначыла загадчыца аддзяленнем анестазіялогіі і рэанімацыі Карына Судноўская, рамонт у аддзяленні быў марай калектыву. Сюды трапляюць дзеці з усіх куткоў Мінскай вобласці, як правіла, у вельмі цяжкім стане і іх шлях да выздараўлення пачынаецца менавіта тут. Тут ёсць усё неабходнае, каб аператыўна аказаць дапамогу пацыентам у крытычным стане. Калі патрэбна аператыўнае ўмяшальніцтва, але стан пацыента не дазваляе перавесці яго ў хірургічную аперыцыйную, напрыклад, пры вялікім крывацёку, аперацыя робіцца прама ў аддзяленні анестазіялогіі і рэанімацыі. Як адзначыў Дзмітрый Зайцаў, гэта прадыктавана жыццёвым досведам. Часта для выратавання пацыента лік ідзе не на хвіліны, а на секунды. Гэта новы досвед, які спецыялісты МАДКБ вырашылі апрабіраваць на сваёй установе. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што апрабіраванне новых падыходаў — гэта добра, але трэба рацыянальна траціць грошы.
У палатах для нованароджаных, у палатах сумеснага знаходжання з бацькамі створаны ўсе ўмовы, каб і пацыентам было камфортна, і медыцынскі персанал мог пастаянна за імі назіраць. Карына Судноўская адзначыла, што створаны ўмовы і для таго, каб бацькам было зручна клапоціцца аб дзецях. «Гэта добрая справа», — адзначыў Прэзідэнт.
Таксама Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай педыятрычнага аддзялення № 1 для дзяцей з кардыялагічнай і рэўматалагічнай паталогіяй. Загадчыца аддзялення Святлана Клечан расказала, што за год у аддзяленні пралячыліся 1200 пацыентаў. «Бывае так, што ў вас не хапае магчымасцяў, месцаў не хапае?», — спытаў кіраўнік дзяржавы. Медыкі запэўнілі, што такога не здараецца, дапамагаюць усім пацыентам, у тым ліку і з іншых абласцей. Аляксандр Лукашэнка завітаў у палату, дзе дзеці ляжаць са сваімі мамамі. Прэзідэнт прызнаўся, што сам вельмі хвалюецца, калі хварэюць дзеці. Ён падкрэсліў, што вельмі добра, што ў бальніцы дзеці, якім нялёгка, знаходзяцца разам з бацькамі.
Кіраўнік дзяржавы да дзяцей прыехаў не з пустымі рукамі, а з падарункамі — у наборах цацкі і цукеркі. Дзеці павіншавалі Прэзідэнта з Новым годам, пажадалі яму шчасця, здароўя і «каб былі толькі адны поспехі ў рабоце». «Калі ў мяне будуць поспехі ў рабоце, то ў вас таксама будуць», — пажартаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама пагутарыў з пацыентамі і іх бацькамі.
Сярод пацыентаў у свой час быў і Раман Кагадоўскі, які гераічна выратаваў свайго малодшага брата з пажару. А потым медыкі гераічна ратавалі самога хлопца. «Як сябе адчуваеш?» — спытаў Прэзідэнт. «Нармальна. Цяпер на абследаванне прыйшоў», — адказаў хлопец, які рэгулярна праходзіць абследаванні. Дактары прызначаюць, што для іх Раман сапраўдны герой.
Дзеці таксама зрабілі падарунак беларускаму лідару — жывую ёлку з упрыгожаннямі, зробленымі сваімі рукамі і падпісанымі цёплымі пажаданнямі. «У Палац Незалежнасці мы адправім гэту ёлку. Яе трэба паліваць часцей. Вы ўгадалі. Я вельмі люблю прыроду і дрэвы. Дзякуй вам. Абавязкова на самым бачным месцы ў Палацы Незалежнасці паставіце падарунак ад дзетак», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён пажадаў малым пацыентам здароўя і ў будучым Новы год, як і ўсе святы, сустракаць дома. Не абышлося і без агульнага фота на памяць.
Прэзідэнт пагутарыў і з працоўным калектывам установы аховы здароўя. Найперш павіншаваў медыцынскіх супрацоўнікаў з надыходзячым Новым годам.
«Будзем імкнуцца так, каб вы на сваёй роднай зямлі працавалі»
«У каго Новы год, а ў вас — працоўны дзень, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Такі наш лёс. Мы дамовіліся з галоўным урачом, што пытанні, якія ў вас ёсць, мы гатовы з вамі абмеркаваць у гэты перадсвяточны або святочны ўжо дзень».
Віншуючы калектыў з надыходзячым Новым годам, Прэзідэнт пажадаў, каб ён быў крыху лепшым, чым папярэдні год. «Калі так будзе, ужо будзе добра, — лічыць беларускі лідар. — А калі не крыху, а зусім лепш будзе, — значыць будзе яшчэ лепш».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калектыў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы працуе ў добрых умовах. «Я думаў, вы доўга будавалі гэтую бальніцу, але губернатар кажа, што за паўтары года ўсё зрабілі, — падкрэсліў ён. — Ну і добра. Цяпер будзем будаваць паціху арэнднае жылле. Будзем імкнуцца так, каб вы на сваёй роднай зямлі працавалі, а не бегалі дзесьці па свеце ў пошуках лепшага жыцця».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ён рады, што некаторыя з медыкаў, якія з’ехалі за мяжу, просяцца назад. Па словах Прэзідэнта, у яго на стале — кіпа матэрыялаў і дакументаў. «Я задаю пытанне — дык чаму ж? — сказаў беларускі лідар. — Там і заробак, і ўсё... „Не, не, не такой аховы здароўя, як у Беларусі, няма“. У комплексе, у цэлым. Але ў асноўным усе пасудамыйкамі працуюць вобразна кажучы. І дзіўна, я думаў раней, што палякі — гэта нашы людзі, нашы родныя славяне, ніколі нашых людзей не пакрыўдзяць. А нічога падобнага. Гэта — палякі, а вы там усе — украінцы, і беларусы і гэтак далей. Калі нехта хоча паспрабаваць — калі ласка. Не хацелася б, але глядзіце самі. Вы робіце свой выбар».
«Жадаю, каб вашы дзеткі ніколі не хварэлі»
«Мы будзем усё рабіць для дзяцей, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Дзеці — гэта галоўнае. І жадаючы вам усяго добрага ў новым годзе, я перш за ўсё жадаю, каб вашы дзеткі ніколі не хварэлі. Якімі б вы не былі таленавітымі ўрачамі, але калі дзеці хварэюць, гэта вельмі дрэнна, гэта цяжка. Калі дзеці хварэюць — гэта страшная справа. Жадаю, каб вашы дзеткі, у каго яны ёсць, і будучыя ніколі не хварэлі, былі заўсёды здаровымі».
Здароўя беларускі лідар пажадаў і медыцынскаму персаналу. «Бо я памятаю гэтую пандэмію так званую, калі хварэлі ўрачы, — канстатаваў ён. — Для нас гэта была другая нагрузка, гэта найцяжэйшы выпадак. Адна справа, калі людзі хварэюць, а яшчэ калі тыя, хто лечыць, захварэлі, — ну, гэта бяда. Таму ўрач не павінен хварэць. Я вам жадаю моцнага здароўя. Астатняе мы будзем вырашаць паступова, паціху, так, як вы хочаце».
Урач-атарыналарынголаг ад імя калектыву ўстановы аховы здароўя павіншавала кіраўніка дзяржавы з надыходзячы святам і выказала падзяку за ўвагу да маленькіх пацыентаў. Пытанняў да беларускага лідара ў супрацоўнікаў бальніцы не было. Была адна просьба, але Прэзідэнт яе выканаў. Улічваючы, што некаторыя медработнікі ў навагоднюю ноч будуць несці дзяжурства, супрацоўнікі хацелі прасіць кіраўніка дзяржавы павіншаваць іх са святам. Прэзідэнт нагадаў, што ў яго яшчэ будзе ўнікальная магчымасць у апошнія хвіліны надыходзячага года павіншаваць насельніцтва з Новым годам па тэлебачанні.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў калектыву, каб у іх знайшлася хвілінка не толькі ўбачыць Прэзідэнта па тэлевізары, а і паглядзець вясёлыя карцінкі, які прапануе ў навагоднюю ноч і айчыннае, і расійскае тэлебачанне. Таксама беларускі лідар пажадаў, каб пацыенты ў гэты час пайшлі на выздараўленне.
«Калі ты паабяцаў — трэба ехаць»
На развітанне Прэзідэнт дадаў, што самае важнае для яго — сустрэцца хаця б на хвіліну з людзьмі, з беларусамі і гасцямі нашай краіны, але гэта не заўсёды атрымліваецца ў сувязі з насычаным графікам.
«Думаю, мне трэба пабываць тут, на гэтай бараўлянскай зямлі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І нам трэба прымаць рашэнне па Бараўлянах. Гэта ўжо горад. Трэба думаць, што нам тут рабіць. У наступным годзе ўносьце прапановы». Па яго словах, жыхары гэтага населенага пункта шмат разоў ставяць пытанне аб гэтым.
«Не толькі вам, а і для мяне вельмі важна было сёння з вамі сустрэцца і праз вас перадаць (віншаванні. — „Зв“.) усім вашым калегам, усім людзям Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы, каб у падобныя ўстановы лепш не было патрэбы звяртацца.
Галоўны ўрач бальніцы адзначыў сімвалічным тое, што кіраўнік дзяржавы наведаў Мінскую дзіцячую клінічную бальніцу менавіта ў гэты дзень. Па яго словах, 25 гадоў таму беларускі лідар прыняў важнае рашэнне будаваць на гэтым месцы бальніцу. На фотаздымку, на якім адлюстраваны адпаведны ўказ і будынак установы аховы здароўя, Аляксандра Лукашэнку прапанавалі пакінуць аўтограф.
Таксама Дзмітрый Зайцаў папрасіўся быць даверанай асобай Прэзідэнта падчас выбарчай кампаніі. «Гэта нікому не забаронена, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы будзеце даверанай асобай, я б вам надзвычай быў бы ўдзячны. Але мы вызначылі, што Прэзідэнт не вельмі павінен акунацца ў гэтую перадвыбарную кампанію. Калі шчыра, то і часу няма — вы бачыце».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на свой насычаны графік, у тым ліку напоўнены замежнымі візітамі. «Гэта вельмі важна — асабістыя кантакты, — падкрэсліў ён. — Таму калі ты паабяцаў — трэба ехаць. Мне хацелася б, каб краіна была адзета, накормлена, каб не толькі адзенне, а і абутак быў, каб усё было нармальна. Я ўжо нават не марыў такія палацы будаваць, як у вас. Калі будуць вялікія праблемы, звяртайцеся праз губернатара, ён мне даложыць на працягу адной гадзіны. Але лепш каб гэтага не было. Але калі раптам нешта — кажыце!»
Фота БелТА