Уся краіна выйшла на рэспубліканскі суботнік. А разам з ёй і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы працаваў на пляцоўцы, якая пастаянна знаходзіцца ў полі яго зроку — на будаўніцтве Нацянальнага гістарычнага музея і Парка народнага адзінства. Новы комплекс упрыгожыць патрыятычны ансамбль сталіцы, побач з ім, як вядома размешчаны Палац Незалежнасці, Вярхоўны суд і плошча Дзяржаўнага сцяга.
«Музей павінен стаць своеасаблівай візітнай карткай краіны. Захапляць як сучасным архітэктурным абліччам, так і ўнутраным напаўненнем», — такую задачу паставіў Прэзідэнт у верасні, на нарадзе, прысвечанай архітэктурнаму рашэнню і канцэпцыі экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. Таму стварэнне гэтага комплекса — справа гонару для ўсёй краіны. Дарэчы, сродкі сабраныя падчас рэспубліканскага суботніка будуць накіраваныя менавіта на гэтую будоўлю.
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзмір Кухараў далажыў аб праведзенай рабоце па праектаванні і пачатку будаўніцтва парку і музея. Прэзідэнт падкрэсліў, што пры ўзвядзенні аб’ектаў і здачы іх у эксплуатацыю падыходы былі комплекснымі. Ён таксама зрабіў акцэнт на тым, што матэрыялы павінны выкарыстоўвацца айчынныя, як у Палацы Незалежнасці. На гэта старшыня Уладзімір Кухараў адказаў, што менавіта такіх падыходаў і прытрымліваюцца. Прычым айчынныя не толькі матэрыялы, але і тэхналогіі. Напрыклад, плануецца будаўніцтва падземнага пераходу праз вуліцу Арлоўскую ад парка і музея да плошчы Дзяржаўнага флага. Падчас гэтай працы ажыўленая Арлоўская вуліца перакрываццва не будзе, пераход будзе пабудаваны па тыпу метро. Такую перадавую тэхналогію беларускія спецыялісты асвоілі, калі будаваўся пераход каля гандлёвага цэнтра «Першы нацыянальны гандлёвы дом». І кіраўнік дзяржавы даручаў распаўсюдзіць яе па ўсёй краіне.
У будаўніцтве музея ўдзельнічаюць і студэнцкія атрады. Іх прадстаўнікі, члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі перадалі Прэзідэнту капсулу з пасланнем наступным пакаленням. Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнік дзяржавы заклаў яе ў камень.
Пасля чаго Прэзідэнт разам з брыгадамі студэнцкай моладзі высадзіў алею з 80 дрэў, якая дала пачатак Парку народнага адзінства. І гэта сімвалічна — 80 дрэў сімвалізуюць 80 юбілейных гадоў, што прайшлі з Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Падчас працы кіраўнік дзяржавы правёў майстар-клас для маладых людзей. Дрэва высаджваецца ў лунку і замацоўваецца калкамі. «Гэта тэхналогія пасадкі дрэў! Ідэальная тэхналогія!» — звярнуўся Прэзідэнт да моладзі. Разам з кіраўніком дзяржавы дрэвы высаджваў і яго малодшы сын Мікалай.
Гэта вельмі важна для моладзі
Само месца размовы садзейнічала, каб пагаварыць аб пачуцці нацыянальнага гонару і захаванні памяці. У Прэзідэнта спыталі, ці хапае беларусам пачуцця нацыянальнага гонару. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра ведае гісторыю сваёй краіны, а вось моладзь ужо не так ёю цікавіцца. Таму такія праекты, як Нацыянальны гістарычны музей, важны перш за ўсё для маладога пакалення, каб, як адзначыў Прэзідэнт, паказаць маладым беларусам, што «мы не іваны, якія не памятаюць роду свайго», а народ з тысячагадовай гісторыяй. «Мы гэта ўсё забываем. Таму для моладзі гэта ўсё вельмі важна. І калі яны прыйдуць сюды, а тут будзе кідка, прыгожа, будзе вельмі дастойна — гэта таксама вельмі важна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разважаючы аб пачуцці нацыянальнага гонару, кіраўнік дзяржавы, адзначыў, што вельмі важна, каб ён не перарос у нацыяналізм. І тут вельмі важна не перабраць, але беларусам гэта не пагражае. «Мы па вялікім рахунку нацыяналістычныя ў плане любові да сваёй краіны. Нічога тут страшнага няма. Мы не нацыяналісты, мы не фашысты. Мы нацыяналістычныя людзі ў плане любові да сваёй Радзімы. Але мы інтэрнацыяналісты. Мы вельмі паважаем нашых братоў: расіян, украінцаў, палякаў, іншых», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таму, паводле яго слоў, вельмі важна акуратна выхоўваць пачуццё нацыянальнага гонару, паважаць суседзяў і ведаць сваё месца.
Прэзідэнт адзначыў, што перагібы ў нацыяналізме, як і ў эканоміцы, заўсёды прыводзяць да вайны. «Я часта задумваюся аб нашай брацкай Украіне. Што ляжала ў аснове гэтага канфлікту? Пры чым тут Расія, Пуцін і іншае? У аснове ляжала разбурэнне эканомікі. Успомніце, што было напярэдадні вайны ва Украіне — збяднелыя людзі і супербагатыя алігархі. Уся гэта несправядлівасць, людзі не ведалі, што рабіць. Ім падкінулі нацыяналізм і крайнюю форму — фашызм. Напрыклад, у Адэсе людзей палілі не іх, як яны лічылі, нацыянальнасці», — прывёў прыклад ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы — людзі асаблівыя і растлумачыў, што мае на ўвазе: «У нашай крыві ўсё перамяшана: і руская кроў, і ўкраінцы, і палякі, і яўрэі. У гэтым наша беларускасць. У гэтым асаблівасць нашага народа. І мы павінны гэта разумець». Паводле яго слоў, трэба акуратна ісці гэтым курсам, шанаваць сваю гісторыю, адчуваць нацыянальны гонар. Але не адхіляцца. «Каб у нас было мірнае жыццё, мы высаджвалі дрэвы і будавалі музеі, куды прыйдуць нашы дзеці і ўнукі», — рэзюмаваў беларускі лідар.
«Украіна наўрад ці некалі будзе ў Еўрапейскім саюзе»
У працяг думкі Прэзідэнта аб Украіне, журналісты пацікавіліся, што ён думае наконт уступлення гэтай краіны ў Еўрапейскі саюз, што зараз актыўна абмяркоўваецца. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на гэта выдзяляюцца вялікія грошы, якія ў Бруселі папросту «пілуе вялікая колькасць чыноўнікаў». «Гэта мільёны долараў. І вось яны займаюцца тым, чаго, магчыма, ніколі не будзе. Украіна наўрад ці некалі будзе ў Еўрапейскім саюзе. І вось яны пілуюць, пілуюць гэтыя гранты, якія падзялілі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Еўрапейскі саюз — гэта адзіная палітычная і эканамічная платформа, якая праводзіць аднолькавую палітыку па розных сферах. З-за гэтага краіны губляюць сваю ідэнтычнасць, яны губляюць свой твар, а потым яны губляюць сваю эканоміку. «І куды Украіна лезе? Гэта імгненнае захапленне нявопытнага чалавека. Добры чалавек Валодзя Зяленскі, але нявопытны. Ён гэта павінен прызнаць. І калі ты чагосьці не разумееш, дык ты слухай старэйшых, слухай іншых людзей, рабі адпаведныя высновы», — заўважыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што самае простае і разам з тым акутальнае пытанне ляжыць на паверхні — у выпадку ўступлення ў Еўрапейскі саюз, куды Украіна будзе прадаваць сваю прадукцыю, якой у іншых краінах і без таго дастаткова. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як Украіна хацела правесці праз Еўрапейскі саюз сваё збожжа, загрузіць у Польшчы зернявозы і паставіць яго Афрыцы, дзе гэтага не хапала, — еўрапейскія палітыкі гэтага не дазволілі. «Таму, перш чым туды лезці, трэба падумаць: табе гэта трэба? Гэта будзе садзейнічаць развіццю тваёй эканомікі і жыцця тваіх людзей? Яны аб гэтым не думаюць. «Вось Расія такая-сякая, яна ў аснове ЕАЭС, значыць, мы ў іншы бок! Не важна куды, у гнаявую яму, у жыжку ці куды — не важна. Галоўнае, каб адтуль. Але гэта не палітыка. Палітыку трэба будаваць, зыходзячы з патрабаванняў уласнага народа. Таму Украіне ў Еўрасаюзе рабіць няма чаго. Рынкі даўно-даўно падзялілі. Іх шчасце — на нашай прасторы», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што Украіна разам з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам пачала распрацоўваць канцэпцыю еўразійскага супрацоўніцтва, сумесна было прынята шмат важных законаў, але Украіна пайшла іншым курсам. Потым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, украінскаму кіраўніцтву «падсунулі нацыяналістычную ідэалогію», што ў выніку і прывяло да вайны.
«Вайну спынім. Загінула шмат людзей, тысячы. Гэта дрэнна, гэта цяжка. Але мы не такую вайну перажылі. Але калі ты яшчэ ў гэты момант абрынеш эканоміку — усё, Украіны не будзе. Таму перш, чым туды бегчы, падумай: ты там патрэбны ці не. А калі патрэбны, які ты там будзеш патрэбны? Гэта будзе краіна без прамысловасці, без сельскай гаспадаркі, без таго, чым Украіна заўсёды ганарылася», — заўважыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў савецкі час Украіна лічылася жамчужынай, якая ўражвала сваёй прыгажосцю і людзьмі. «Усе разбамбілі, знішчылі. І народ працавіты. Які Еўрапейскі саюз? Гэта найвялікшая краіна, па памерах падобная да Францыі. Найбагатая. Таму трэба было развівацца на ўласнай аснове», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што нават калі Украіну прымуць у Еўрапейскі саюз, яна не зможа развівацца самастойна. «Хіба гэта развіццё, калі табе пальцам паказваюць, што ты павінен развіваць, а што не? Усё ж будзеш узгадняць», — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.
«Давайце пачакаем. Не будзем бясіцца»
Журналісты задалі Прэзідэнту пытанне, якое, напэўна, хвалюе многіх беларусаў — як на цэны паўплывае вайна пошлін, якую развязалі ЗША. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што апасенні наконт таго, што за-за росту пошлін у адной краіне вырастуць цэны ў іншай — гэта крыху павярхоўны погляд. Ён растлумачыў, што прамой узаемасувязі паміж пошлінамі ЗША і цэнамі ў Беларусі няма. «Амерыканцы паднялі пошліны на тавары, якія па імпарце ўвозяць. А ўвозяць шмат. Іх ВУП прыкладна 25%, з улікам долара і іншага. Вядома, яны малайцы, але гэта чвэрць, а не 75%. І ты з усім светам уступіў у вайну!» — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што спачатку Дональд Трамп заявіў аб намеры падняць пошліны на амерыканскія тавары па ўсім свеце, а потым ад сваіх жа слоў і адышоў. Словы эмацыйныя, а рашэнні непаслядоўныя. «Хіба гэта палітыка?» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў пра сваю пазіцыю, агучаную ў інтэвр’ю МТРК «Мір», у якім таксама абмяркоўвалася гэта тэма: «Давайце пачакаем. Не будзем бясіцца».
«Гэта фантом. Вось ён ляпнуў языком, а потым падумалі, падумалі: не, нешта небяспечнае. Дык перш чым ляпаць языком, ты ж падумай. Там шмат разумных, талковых людзей, якія палічаць і скажуць: гэта можна рабіць, гэта нельга, а калі павышаць, то трэба спачатку перагаварыць», — заўважыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што з некаторым краінамі, напрыклад з Кітаем, увогуле небяспечна ваяваць, кітайцы спачатаку трывалі, а потым паднялі свае пошліны. Вось гэта гандлёвая вайна.
«Цяжка будзе зараз на амерыканскім рынку камусьці прадаваць прадукцыю — бар’ер вельмі высокі. Куды? Па ўсім свеце яна будзе расцякацца, у тым ліку і да нас. І нехта будзе канкурыраваць па імпартнай прадукцыі на нашым рынку. Ад гэтага цэны не растуць. Таму не факт, што цэны з-за гэтага могуць вырасці. У Злучаных Штатах Амерыкі — так, у Кітаі — так. Можа быць, па нейкіх таварах гэта дойдзе і да нас. Але я неяк па-сялянску сказаў: давайце не будзем спяшацца, паназіраем і пачакаем. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы не спяшаючыся будзем займацца тым, чым займаемся. Мы перажылі і перажываем з Расіяй разам такія бар’еры і пошліны, санкцыі, што далей ужо няма куды. Таму асабліва парыцца наконт гэтага не варта. А прывядзе гэта да росту цэн або не прывядзе — паглядзім».
«Я хачу, каб была справядлівасць. Гэта сутнасць славянства»
Па словах кіраўніка дзяржавы, у Беларусі хапае ведаў і ўменняў, каб не загінуць за-за гандлёвых войнаў і выстаяць. Ён падкрэсліў, што рашэнне ўзяцца за цэнаўтварэнне ў Беларусі было правільным і мудрым. «Да чаго гэта прывяло? Перш за ўсё нашы вытворцы, асабліва вельмі разумныя бізнесмены, зразумелі, што працэс пад кантролем, сваволіць нельга — спытаюць, а то і пасадзяць, шчыра кажучы. Таму, хлопцы, давайце ў гэтай сітуацыі спакойна разам выпрацуем справядлівыя паводзіны на рынку», — сказаў Прэзідэнт. Ён зрабіў акцэнт на тым, што такі падыход не накіраваны на знішчэнне бізнесу. Прыватны сектар фарміруе значную долю бюджэту. «Навошта забіваць курыцу, якая нясе залатыя яйкі? Я ж гэта цудоўна разумею. Таму я хачу, каб людзі займаліся прадпрымальніцтвам, нешта стваралі, рабілі і іншае, але не перашкаджайце іншаму. Не выцягвайце апошняе з тых, хто стварыў нам гэту краіну, з таго пакалення, якое сёння на пенсіі, настаўнікаў, урачоў...» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, калі дзяржава стала кантраляваць працэс цэнаўтварэння і патрабаваць забяспечыць справядлівы падыход, некаторыя ў гандлі паспрабавалі «хімічыць». Напрыклад, некаторыя нават не дырэктары, а заснавальнікі буйных гандлёвых сетак рознымі шляхамі выплачвалі сабе вялізныя грашовыя ўзнагароды. «Трэба сумленна, справядліва і падаткі плаціць, і людзям сваім плаціць, якія на цябе працуюць... Я хачу, каб была справядлівасць. Гэта крыху разыходзіцца з тым, як развіваюцца асобныя і вядучыя краіны свету. Гэта іх справа. Але ў нашага народа ў свядомасці справядлівасць. Гэта сутнасць славянства», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы ім створым такія ж умовы, як для беларусаў»
Абмеркавалі і свежыя навіны. У пятніцу падчас перагавораў з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам была дасягнута дамоўленасць аб прыцягванні пакістанкіх спецыялістаў да працы ў Беларусі. Размова ішла пра 150 тысяч спецыялістаў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што нашай краіне патрэбны найперш прафесіяналы, а не моладзь. І лепей, каб яны прыязджалі сем’ямі, людзі, якія прыязджаюць з сям’ёй лепей працуюць. «Дамовіліся: што мы ў гэтым напрамку будзем працаваць. Гэта значыць, мы цяпер выпрацуем падыходы адпаведныя. Я гавару: мы гатовы ў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях прыняць вашу рабочую сілу. Але мы павінны бачыць кожнага», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, у пакістанскіх спецыялістах зацікаўлены на Баранавіцскім баваўняным аб’яднанні. У Пакістане ўмеюць працаваць і з сыравінай, і з прадукцыяй з яго — і такі досвед вельмі патрэбны. «Мы ім створым такія ж умовы, як для беларусаў» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Трэба жыць па-добраму. Польшча да гэтага не гатова
Журналісты пацікавіліся, чаго беларускі лідар чакае ад прэзідэнцкіх выбараў у суседняй Польшчы, ці можна чакаць змены адносін паміж нашымі краінамі. Але Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за электаральнай кампаніяй ў Польшчы не сочыць. «Палякі загуляліся. Хто-хто, але палякі нашы ж людзі, славяне. Маглі б жыць нармальна, гандляваць, развівацца. Мы ж ніводнага паляка, калі яны санкцыі ўвялі, адсюль не выгналі. І многія тут працуюць. І няхай працуюць. Нармальна працуюць і лічаць беларусаў нармальнымі людзьмі. Але выбудавалі такую палітыку. Гэта кан’юнктуршчыкі. Яны бачаць, што недзе можна выхапіць лішні рубель — яны туды. Заўтра палітыка мяняецца — яны ў адваротны бок», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што гэта вельмі добра было відаць, калі польскія ўлады сварыліся з Еўрапейскім саюзам ва ўгоду ЗША. Але да ўлады прыйшоў Дональд Трамп, супраць якога ваявалі еўрапейскія лідары, і аддае ім доўг. Цяпер палякі прыціхлі трошкі, ужо не з амерыканцамі. Яны ўжо не ведаюць, куды. «Яны пасварыліся з Еўрапейскім саюзам. Амерыканцы зараз на іх пільна пазіраюць. Зразумела — плацдарм для таго, каб супраць нас, супраць Расіі і іншых краін. Польшча — гэта зручны плацдарм. Але Трамп праводзіць сваю палітыку. Палякі прыціхлі. Дык навошта лаяліся з еўрапейцамі, якія вас утрымлівалі? Што зараз, куды зараз? Там зараз кожны за сябе. Таму ў іх такая палітыка — імгненная, сітуатыўная. Няма суцэльнай канцэпцыі. Гэта вельмі небяспечна. — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Яны быццам бы з кітайцамі. Але калі з кітайцамі, тады з беларусамі трэба ў абдымку хадзіць. Кітайцы ж з вамі будуць гандляваць перш за ўсё (гэта іх інтарэс) праз Беларусь. Украіна закрыта, праз Стамбул — складаней, а Беларусь — калі ласка. Таму не трэба з намі сабачыцца. Так трэба жыць па-добраму. Такая павінна быць палітыка. Польшча да гэтага не гатова».
Па словах беларускага лідара, Прэзідэнт Польшчы — гэта «лялька, цацка, каб па калідоры ў Вашынгтоне хадзіць туды-сюды і чакаць, калі адчыняць дзверы, ты некалькі хвілін паглядзіш на Прэзідэнта і паедзеш назад»
«Улада ў Польшчы — гэта прыніжэнне польскага народа, іх гонару і годнасці. Вось да чаго яны давялі палякаў, дзе людзі вельмі працавітыя. — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Таму не назіраю, не цікаўлюся і не хвалююся. І вам раю, асабліва не ўнікаць у гэтыя выбары. Бо потым нас абвінавацяць, што мы ўмяшаліся ў гэтыя выбары».
У працяг тэмы Аляксандр Лукашэнка закрануў гісторыю са зніклай у Польшчы Анжалікай Мельнікавай. «Знайсці не могуць! Знайсці не могуць. Дык знайдзіце хоць», — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што беларускі бок у свой час хацеў выдаць Польшчы асуджанага Андрэя Пачобута, аднак польскі бок адмовіўся. «А Пачобут сказаў: „Я туды не паеду“. У нас гэта ўсё запісана. І ўсе нас папракаюць, што мы ўціскаем кагосьці. Нікога мы не ўціскаем. Месца ўсім хапае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёў яшчэ адзін прыклад: калі кіраўнік Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс выступіла за наладжванне дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай, яе адразу ж пачыналі дзяўбсці.. «Вось іх палітыка — палітыка эскалацыі і абвастрэння», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. І па яго словах, нават новы Прэзідэнт (калі яго абяруць) нічога змяніць не зможа, ён не валодае для гэтага паўнамоцтвамі. «Але хацелася б, каб быў разважны нармальны чалавек. Не трэба прарасійскі, прабеларускі. Прапольскі няхай будзе. Які будзе рабіць у інтарэсах палякаў. Мы гэтага хочам. Калі жадаюць, будзем з імі працаваць», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.
Гэта не катастрофа
З пытанняў палітычных вярнуліся да пытанняў зямных. Журналісты пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта, як красавіцкія марозы паўплываюць на пасевы. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што трэба глядзець на Мінскую вобласць і Мінскі раён, дзе самыя складаныя глебы. Па іх варта судзіць і пра іншыя тэрыторыі. Па словах кіраўніка дзяржавы, сітуацыя на палях паказвае, што пяць-шэсць градусаў марозу — гэта не катастрофа. Тым больш, што днём тэмператара была плюсавая. Аднак, беларускі лідар, прызнаў, што занепакоенасць выклікаюць рапс і азімы ячмень.
Журналісты пацікавіліся, ці будзе кіраўнік дзяржавы пераглядаць патрабаванні да аграрыяў, зыходзячы з такіх умоў. Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што патрабаванні да аграрыяў звязаныя не столькі з сітуацыяй на палях, колькі з бязладдзем, якое яшчэ назіраецца ў сельскай гаспадарцы. Адна з найбольш балючых тэм — падзеж жывёлы. «Выбачайце, як у вёсцы гавораць: калі ў цябе здохнуць цяляты і парасяты, то не будзе ні ялавічыны, ні свініны, не будзе і малака. Таму я пачаў гаварыць аб выканальніцкай дысцыпліне, дакумент адпаведны падпісаны. А зараз пачнецца ціск вельмі сур’ёзны на справе, на практыцы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што выпрацоўка на аднаго чалавека ў Беларусі ў два ці тры разы ніжэйшая, чым у суседзяў. Таму і тэхналагічная, і выканальніцкая дысцыпліна павінна быць іншай. «Вось гэты крадзеж па дробязях на сельгаспрадпрыемствах... Гэта ўжо зашкальвае, гэта нясцерпна. Агіднае стаўленне да жывёл, у раслінаводстве да раслін, п’янкі. Дысцыпліны не хапае», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што кожны павінен якасна выконваць работу на сваім працоўным месцы. І дадаў класічнае: «Лепей на зямлі працаваць, чым ваяваць».
Фота БелТА