Падрабязнасці перагавораў беларускага і іранскага лідараў у вузкім складзе
Падрабязнасці перагавораў беларускага і іранскага лідараў у вузкім складзе
Работу прэзідэнты пачалі з перагавораў у вузкім складзе. Аляксандр Лукашэнка адразу задаў тон сустрэчы, падкрэсліўшы, што ў адносінах Беларусі і Ірана няма закрытых тэм.
Візіт Прэзідэнта Ірана планаваўся яшчэ ў чэрвені, аднак у сілу непрадбачаных абставін, ён быў перанесены. «Але ён не стаў менш значным, чым тады. Вы былі і застаяцеся нашымі сябрамі. Мы верныя выкананню ўсіх нашых абавязацельстваў, якія ўзялі на сябе перад Іранскай Рэспублікай. Я хачу, каб вы разумелі, што вы прыехалі да сваіх сяброў. І вы павінны адчуваць сябе, як у сваіх сяброў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што калі і будуць нейкія невыкананні ўмоў і дамоўленасцяў, усё гэта будзе абмеркавана ў адкрытай і сяброўскай гутарцы.
Беларускі лідар прызнаўся, што памятае свае візіты ў Іран, якія, па яго словах, былі напоўнены ветлівасцю. Аляксандр Лукашэнка згадаў, што бываў у гасцях у Вярхоўнага лідара Ірана і папрасіў перадаць яму самыя цёплыя і сяброўскія пажаданні.
Масуд Пезешкіян падзякаваў беларускаму калегу за гасціннасць. Ён пагадзіўся, што ў Беларусі і Ірана агульныя пазіцыі і агульныя погляды па многіх пытаннях сусветнага значэння, асабліва на тыя дамоўленасці, якія дасягнуты ў рамках ЕАЭС, БРІКС, ШАС. «Гэта тыя рамкі, праз якія мы можам развіваць і двухбаковыя, і шматбаковыя адносіны, — адзначыў Прэзідэнт Ірана. — Вядома, нашы агульныя погляды павінны ўвасабляцца ў жыццё ў эканамічнай, культурнай сферах, у сферы развіцця турызму паміж нашымі краінамі, а таксама, як вы адзначылі, у развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва».
Масуд Пезешкіян нагадаў, што Захад ужо больш за 40 гадоў уводзіць розныя абмежавальныя меры супраць Ірана. Беларусь таксама доўгі час знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Прэзідэнт Ірана лічыць, што такі аднабаковы дэструктыўны падыход з боку ЗША і іх саюзнікаў па ўсім свеце непрымальны.
«І наша, і ваша краіна хочуць застацца незалежнымі. І ў рамках незалежнасці мы можам развіваць наша сяброўства і кааперацыю. Адзінае, што можа нейтралізаваць незаконныя санкцыі, — гэта развіццё нашых адносін і нашы дамоўленасці, якія будуць рэалізаваны на практыцы», — запэўніў іранскі лідар.