Першы ў 2025 годзе кадравы дзень прайшоў у Палацы Незалежнасці. Ён адзначыўся гучнымі, у чымсьці нечаканымі, важнымі прызначэннямі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў дыпламатычных місій і міністраў. І па традыцыі кадравых дзён, кіраўнік дзяржавы паставіў перад прызначэнцамі ключавыя задачы, якія ім трэба будзе выконваць на новых пасадах.
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Казахстане. Павел Уцюпін, які займаў раней гэтую пасаду, стаў намеснікам міністра замежных спраў, змяніўшы на гэтай пасадзе Ігара Назарука, які прызначаны пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры статутных і іншых органах СНД. Першы намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў узначаліў беларускую місію ва Узбекістане. А Дзмітрый Піневіч, у мінулым міністр аховы здароўя, назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Азербайджане. Віталь Барчук, начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічных сувязей Міністэрства прамысловасці, заняў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Кубе і па сумяшчальніцтве ў Дамінікане і Нікарагуа.
Адбыліся змены ў кадравым складзе Міністэрства замежных спраў. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення МЗС Анатоль Глаз накіраваны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Турцыі. Начальнік службы дзяржаўнага пратакола МЗС Юрый Ярашэвіч прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Ізраілі.
«Максім Уладзіміравіч, я так разумею, вы пазбаўляецеся ад непатрэбных людзей. Хаця, як яны могуць быць не патрэбнымі?» — спытаў Прэзідэнт у міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова. Той адказаў, што ні ў якім разе не пазбаўляецца. «Наадварот, тыя напрамкі, якія сёння важныя для нашай краіны, стараюся ўмацаваць найбольш падрыхтаванымі кадрамі, для якіх гэтае прызначэнне будзе крок наперад», — адказаў міністр. Па яго словах, у Турцыі, Ізраілі, краінах СНД, на Кубе патрэбны вельмі адукаваныя, вельмі падрыхтаваныя спецыялісты. Максім Рыжанкоў таксама адзначыў, што на вакантныя месцы, якія з’явіліся ў міністэрстве, ужо ёсць кандыдатуры.
«Па міністэрстве прамысловасці, у нас што, добра ўсё, што мы перспектыўных намеснікаў адпраўляем?» — спытаў беларускі лідар ужо ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што на сёння мінпрам усе заданні выконвае, рэалізуе інавацыйныя праекты. «Ваша даручэнне было, што акрамя двух кітоў па нашым знешнім гандлі- Расіі і Кітая — мы павінны ўмацаваць адносіны з краінамі СНД. З іх выдзяляецца вялікая тройка: Казахстан, Азербайджан і Узбекістан», — адзначыў Дзмітрый Крутой.
Трэба ўстанаўліваць адносіны з канкрэтнымі людзьмі
«Усе людзі вядомыя, нікому не зачынена дарога ў жыцці. Усё будзе залежыць ад гэтага этапу вашай працы. Усіх, якія сядзяць за гэтым сталом». — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся ў новых паслоў, якой яны бачаць сваю будучую працу, якія мэты і задачы ставяць перад сабой. «Стаўлю перад сабой задачу, вядома, павялічыць экспарт беларускай прадукцыі, перавысіць яго ў адзін мільярд долараў. У 2021 годзе наш тавараабарот дасягнуў 1 мільярда долараў, сёння складае 1,2 мільярд. Але экспарт пакуль у нас завіс ад лічбы 800-900 мільёнаў. Таму дадаць у гэтым напрамку», — адказаў Аляксей Багданаў, кіраўнік дыпмісіі Беларусі ў Казахстане. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, за кошт чаго пасол плануе павялічыць экспарт. Найперш Аляксей Багданаў назваў сумесныя вытворчасці Гомесельмаша, Мінскага трактарнага завода, МАЗ, Магілёўліфтмаша, Бабруйскаграмаша, якія ўжо працуюць у Казахстане.
«Нам неабходна павялічваць пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання. Будзем працаваць па павелічэнні паставак менавіта халяльнай прадукцыі, — заявіў дыпламат. — І, вядома, палітыка, культура, спорт — ніхто не адмяняў гэту работу. Неабходна будзе працаваць па ўсіх напрамках».
Дзмітрый Крутой, у сваю чаргу, заўважыў, што ў супрацоўніцтве з Казахстанам вялікі рэзерв у рэгіёнах. «Па прыкладзе Расіі з кіраўнікамі казахскіх рэгіёнаў мы павінны працаваць сапраўды гэтак жа», — адзначыў ён.
«Казахстан усё купіць у нас, калі гэта будзе праходзіць па цане і якасці. Асабліва якасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што рынкам Казахстана зацікаўлены не толькі Беларусь і Расія, там прысутнічаюць і заходнія краіны, і Кітай. «Таму шлях наш толькі праз рэгіёны. Трэба ўстанаўліваць адносіны з канкрэтнымі людзьмі і кіраўнікамі на месцах», — паставіў задачу Прэзідэнт.
Тое самае, па яго словах, тычыцца і Узбекістана. «З прэзідэнтам Мерзіёвым у нас больш чым добрыя адносіны. Яны малайцы, усяляк нас падтрымліваюць, дапамагаюць і ў гэты санкцыйны перыяд. Але трэба з імі працаваць. Упэўнены, што там вялікае поле дзейнасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Азербайджан таксама добры сябар Беларусі, як і Прэзідэнт гэтай краіны Ільхам Аліеў. Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, любая прапанова беларускага пасла Дзмітрыя Піневіча будзе падтрымана, паколькі ў Азербайджане Беларусь вельмі добра ведаюць і любяць. Па словах беларускага лідара, у краінах СНД нашу краіну паважаюць. Таму паслам там будзе працаваць камфортна.
«Ярашэвічу працаваць у Ізраілі няпроста будзе. Але калі ён знойдзе правільную дарогу, з Ізраілем у нас таксама будуць добрыя адносіны. Там ёсць тыя, хто не хацеў бы выбудоўваць з намі адносіны. Але большасць людзей, якія цэняць і паважаюць Беларусь. І нашых жа там дастаткова, якія ў свой час з’ехалі, іх дзеці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Што тычыцца адносін з Турцыяй, то па словах Прэзідэнта, іх узровень трэба павышаць. «З прэзідэнтам Турцыі ў нас быў прамы дыялог і дамоўленасць: мы робім гэта — ён робіць гэта, мы гэты крок — ён гэты крок. Пакуль мы гэтых крокаў не бачым. Яны не ідуць, бо мы гэтым не займаемся шчыльна. Таму Анатоль, табе трэба будзе надаць гэтаму ўвагу. — сказаў кіраўнік дзяржавы паслу Беларусі ў Турцыі Анатолю Глазу. — І пры сустрэчы з прэзідэнтам Эрдаганам падчас кароткай цырымоніі ўручэння грамат трэба шчыра сказаць, што мы вельмі цэнім адносіны з Турцыяй, для нас яны вельмі важныя і мы чакаем ад іх крокаў. Бо мы зрабілі ўсё, што абяцалі».
Бяздумнага быць не павінна
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў гэтай пяцігодцы і сёлета галоўнае патрабаванне да Міністэрства замежных спраў як і ўсіх дзяржаўных служачых — выканальніцкая дысцыпліна і адказнасць за рашэнні, якія прымаюцца. «Наводзьце парадак у МЗС, жалезнае патрабаванне — без усялякай дурноты. Людзі адукаваныя, разумныя, дыпламатаў неразумных няма... Павінны быць цвёрдыя патрабаванні, там, дзе яны патрэбныя, і выканальніцкая дысцыпліна з боку падначаленых. Гэта датычыцца ўсіх. Ніякай размазні быць не павінна. Ні ў Адміністрацыі, ні ва ўрадзе. Ні ў вас. Вытрымаем гэты трэнд, будзем працаваць у такім ключы — у нас усё атрымаецца», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што зараз выканальніцкай дысцыпліны не хапае: «Адпісацца, нейкую туфту даслаць Прэзідэнту міма Крутога. Давай, Прэзідэнт, там разбірайся». У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў работу па распрацоўцы інвестыцыйнай праграмы. «Найважнейшы дакумент. Я яго не падпісаў, як звычайна вярнуў ураду. Вы мне зноў выкідваеце, і тры ці чатыры чалавекі прыйдуць мне дакладваць. Тыя, хто рыхтаваў гэтую праграму. А дзе альтэрнатыўнае меркаванне? Ці ўёе мы там будзем будаваць, ці туды мы грошы накіруем? Вось гэтага бяздумнага быць не павінна», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што трэба не праводзіць мерапрыемствы дзеля мерапрыемстваў, а неабходна засяродзіцца на канкрэтных пытаннях. Тое самае тычыцца і паслоў. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт, што іх галоўная задача — развіццё гандлёва-эканамічных адносін. «Ёсць гандаль, гандлёвае абарачэнне — добра. Няма гандлю — не працуеце. Вось адзінае да вас патрабаванне», — канстатаваў ён.
У тэму
Найбліжэйшая пяцігодка будзе вельмі адказнай для дыпламатыі
Падрабязна пра свае планы паслы расказалі журналістам. Па словах Анатоля Глаза, на першым месцы ў рабоце пасла, канешне, эканоміка. Але не менш важная гуманітарная сфера, адукацыя, навука, культура. «Пасол прадстаўляе сваю краіну, Прэзідэнта сваёй краіны і займаецца ўсім спектрам пытанняў. У найбліжэйшыя пяць гадоў, а можа і 10, у свеце дыпламатыя, паводле ўсіх прагнозаў, будзе мець вялікае значэнне. Вы бачыце тэктанічныя зрухі, якія адбываюцца, і камусьці ў выніку давядзецца ўсё гэта фіксаваць. Таму найбліжэйшая пяцігодка будзе вельмі адказнай для дыпламатыі», — сказаў ён.
Турцыя. Патэнцыял канвертаваць у вынікі
Што тычыцца непасрэдна супрацоўніцтва з Турцыяй, то Анатоль Глаз звярнуў увагу, што гэты сур’ёзны гулец у геапалітычным кантэксце вельмі важны для нашай краіны. «Нашы адносіны з Турцыяй ахопліваюць усе сферы. Так, адносіны з Турцыяй добрыя. Але стаіць задача іх добры патэнцыял канвертаваць у вялікую рэзультатыўнасць. Вынікі ўжо ёсць. Самае галоўнае, што ёсць узаемны інтарэс іх палепшыць,. — сказаў пасол. — У нас цудоўны кантакт. У кіраўнікоў дзяржаў ёсць выдатныя дамоўленасці. Але вось не хапае паловы кроку. Я мяркую, што мы знойдзем спосаб зрабіць гэтыя паўкроку і вывесці нашы адносіны на больш якасны ўзровень».
Ізраіль. Не грэбаваць гістарычнай памяццю
Пасол Беларусі ў Ізраілі Юрый Ярашэвіч здзейсніў невялікі гістарычны экскурс. «Я думаю, што гэта нацыя ніколі не забудзе нягледзячы на палітычныя турбулентнасці, пра тое, што прыкладна з XIV стагоддзя яўрэі дастаткова ўтульна, камфортна і бяспечна жылі на тэрыторыі Беларусі», — сказаў ён. Юрый Ярашэвіч звярнуў увагу, што нават трагічнае для яўрэяў XX стагоддзе паказала чалавечыя, братэрскія адносіны беларусаў і яўрэяў. Жыхары нашай краіны гераічна, часам цаной свайго жыцця ратавалі яўрэяў у час Вялікай Айчыннай вайны. «Гэтыя рэчы, я мяркую, у Тэль-Авіве ці Іерусаліме трэба асвяжыць. Беларусь заўсёды з’яўлялася не на словах, а не на справе той зямлёй, дзе яўрэем было добра. Такія рэчы нельга забываць, ні чалавеча, ні гістарычна, ні палітычна», — адзначыў пасол.
За мінулы год тавараабарот паміж Беларуссю і Ізраілем складзецца на ўзроўні 170-180 мільёнаў долараў. Цікава, што структура беларускага экспарту досыць разнастайная: металапракат, рапсавы алей, марожанае, рыба. Таму, па словах пасла, ключоў да супрацоўніцтва шмат. Тым больш, што сітуацыя ў рэгіёне складваецца такім чынам, што беларускі экспарт становіцца ўсё больш запатрабаваным у Ізраілі.
Казахстан. Узмацняць міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне
Сёння Казахстан займае другое месца сярод краін СНД па экспарце беларускай прадукцыі, уваходзіць у дзясятку пакупнікоў нашай прадукцыі сярод краін свету. Патэнцыял для развіцця адносін сапраўды вялікі. Пасол Беларусі ў Казахстане Аляксей Багданаў адзначыў, што для развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва дзвюх краін трэба прыкласці шмат намаганняў. «Магчыма, мы створым фармат працы накшталт форума рэгіёнаў, які ёсць з Расіяй. Такую прапанову будзем уносіць кіраўніцтву Казахстана. Мы бачым станоўчы эфект ад рэгіянальнага ўзаемадзеяння з Расіяй. Вядома, з брацкай рэспублікай Казахстан сам бог загадаў узмацняць гэта ўзаемадзеянне. — сказаў ён. — Вядома, нам сёння нашым краінам вельмі складана выжываць, нас імкнуцца раз’яднаць і адарваць адну ад адной. Таму задача ў тым, каб захаваць культурнае гістарычнае ўзаемадзеянне і на базе моцных сувязей павялічыць тавараабарот».
Азербайджан. Стварыць кругазварот, які закранае ўсе пункты
Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што зараз кропкі росту супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана ляжаць у тым ліку ў гуманітарнай сферы. «У нейкай ступені гэта мае даўгі, узаемадзеянне ў сферы аховы здароўя, фармацэўтычнай прамысловасці, а каля яе знаходзіцца біялагічная прамысловасць. ІТ-тэхналогіі мы можам прапанаваць на больш высокім узроўні. З гэтым звязаны адукацыйныя праграмы. І гэта дае імпульс міжкультурным сувязям. Калі мы створым такі кругазварот, які закранае ўсе кропкі судакранання, то атрымаем станоўчы эфект», — перакананы Дзмітрый Піневіч. Ён падкрэсліў, што Азербайджан — гэта індустрыяльна развітая краіна. І ў кожнай галіне прамысловасці, у сацыяльнай сферы яны маюць дасягненні, якія як і беларускія поспехі, павінны ўзаемабагачацца. Гэта дае магчымасць планаваць сумесныя праекты, сумесныя вытворчасці. «Наша задача ў тым, каб ментальная сувязь атрымала ўстойлівае эканамічнае ўзаемадзеянне. Мы павінны глядзець не проста заўтра, а паслязаўтра», — канстатаваў Дзмітрый Піневіч.
Фота БелТА