На сустрэчы з дэлегацыяй Валагодскай вобласці беларускі лідар растлумачыў, чаму такую вялікую ўвагу надае супрацоўніцтву з расійскімі рэгіёнамі.
Георгій Філімонаў, губернатар Валагодскай вобласці, у Беларусі першы раз. Аляксандр Лукашэнка назваў гэта вялікім недаглядам. «Ну як: побач, родныя людзі — і першы раз у нас тут? Але я думаю, што гэта толькі пачатак, і вы, бываючы ў Маскве ці дзесьці бліжэй да нас, заўсёды знойдзеце час для таго, каб наведаць Беларусь. Ну, і лішні раз не толькі нагадаць пра вялікую Валагодчыну і пра сябе (гэта таксама важна), але і прарэвізаваць, як выконваюцца тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнём. Хачу вам сказаць, што з нашага боку праблем быць не павінна», — запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка назваў галоўную мэту, якую ставіць, сустракаючыся з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. Па-першае, гэта падзяка губернатарам за тое супрацоўніцтва, якое мы сёння маем. «Не было б вас, не было б і гэтага супрацоўніцтва. Асабліва ў былыя часы, яны былі не такія простыя і светлыя ў нашых адносінах, як цяпер, — адзначыў ён. — Праблемны час аб’ядноўвае людзей».
Па-другое, для Беларусі вельмі важна супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. «Гэта, напэўна, самыя-самыя рускія рэгіёны Цэнтральнай Расіі. Вялікая павага нашага народа да рускага народа. Мы адзін народ фактычна. Ад аднаго кораня пайшлі і нарадзіліся, мы падобныя адзін на аднаго абсалютна, і ў нас прынцыпы адны і тыя ж, мы развіваемся так, як павінны развівацца славянскія народы. Тут размоў быць не можа. Таму мы хацелі б, каб у нас былі самыя добрыя і цёплыя адносіны», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.