Візіт Прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы ў Беларусь завяршыўся. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста праводзіў свайго калегу і сябра ў аэрапорце, што падкрэслівае асаблівы статус адносін. Дарэчы, у аэрапорт беларускі лідар прыехаў за рулём аўтамабіля.
У аэрапорце кіраўнікі дзяржаў правялі сустрэчу, на якой падвялі вынікі рабочага візіту лідара Зімбабвэ ў Беларусь. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзякуючы асабістаму ўкладу Эмерсана Мнангагвы паміж нашымі краінамі дасягнуты высокі ўзровень адносін. «Мы вельмі рады быць тут. І вельмі рады дынаміцы адносін, якія развіваюцца паміж Зімбабвэ і Беларуссю», — сказаў прэзідэнт Зімбабвэ.
Прэзідэнты абмеркавалі і анамальна халодны беларускі май. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, на радзіме госцю прыйдзецца яшчэ прайсці праз акліматызацыю, хоць у Зімбабвэ цяпер зіма. Эмерсан Мнангагва пацвердзіў, што цяпер у Зімбабвэ сапраўды зімовы перыяд і часам па мясцовых мерках вельмі халаднавата. «Але беларускае надвор’е для нас вельмі камфортнае», — запэўніў ён.
«Гэта кажа пра тое, што вам трэба часцей бываць у Беларусі», — сказаў у ад каз Аляксандр Лукашэнка. Лідары краін цёпла развіталіся. Эмерсан Мнангагва падзякаваў за выдатную арганізацыю візіту і запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў найбліжэйшы час здзейсніць візіт у адказ у Зімбабвэ. «Вялікі дзякуй! Я павязу самыя лепшыя ўспаміны», — сказаў на развітанне прэзідэнт Зімбабвэ.