Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Сёння навука азначае незалежнасць дзяржавы

Тыдзень таму, уручаючы уручаючы Знак якасці лепшым беларускім прадпрыемствам, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка казаў, што самымі важнымі апорамі суверэннай дзяржавы з’яўляюцца у тым ліку традыцыі гэтай дзяржавы. Тыя, якія сфарміравала само жыццё і якія ўкараніліся ў грамадскай свядомасці. Адна з такіх традыцый — уручэнне кіраўніком дзяржавы дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам. Урачыстая цырымонія прайшла ў пятніцу ў Палацы Незалежнасці.


«Беларусь за гады сваёй незалежнасці пабудавала сур’ёзную навуковую і вытворчую базу, якая дае магчымасць нам паспяхова развіваць эканоміку, павышаць узровень і якасць жыцця людзей, умацоўваць абараназдольнасць краіны. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзякуючы намаганням многіх пакаленняў беларускіх вучоных і спецыялістаў сёння айчынная навука ўпэўнена развіваецца па розных напрамках. Кожны з вас — прыклад для калег, якія, ідучы за вамі, вучацца гэтаксама верыць у сябе, ставіць перад сабой вялікія мэты, цвёрда і ўпарта ісці да гэтых мэтаў». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне працягнуць развіваць нацыянальныя навуковыя школы ў тым ліку для таго, каб даць новым пакаленням маладых вучоных шырокае поле магчымасцей для самарэалізацыі. «Мы жывём у эпоху небывалага навуковага прагрэсу. Але час не выбіраюць. Выбірае сам час. Гэта ён сёння ставіць нам задачы адну складанейшую за другую. Задачы, якія без навукі, без вас, шаноўныя навукоўцы, вырашыць немагчыма. Далей рухацца без рэальнай навукі немагчыма. Адсюль і стаўленне дзяржавы да навукі», — адзначыў беларускі лідар. Па яго словах, у бліжэйшыя гады трэба будзе істотна паскорыць інтэлектуальную мадэрнізацыю нашай эканомікі. «Толькі пры такой стратэгіі магчымы прарыў, які забяспечвае новую якасць жыцця. Я бы нават сказаў — выжывальнасць любога грамадства, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Каб вы разумелі вастрыню моманту. Сёння навука азначае незалежнасць дзяржавы. Тэхналогіі захапілі свет, а краіны, якія валодаюць імі, не проста багацеюць, але ўжо дыктуюць правілы жыцця, актыўна прасоўваюць новае светаўладкаванне. І суровая праўда жыцця ў тым, што мы вымушаны змагацца за сваё месца ў новым высокатэхналагічным свеце».

Аляксандр Лукашэнка анансаваў у бліжэйшы час сустрэчу ў Нацыянальнай акадэміі навук з навуковай грамадскасцю, дзе будуць прадметна абмеркаваныя пытанні, якія сёння стаяць перад дзяржаўнай навукай.

«Але хачу яшчэ раз дакладна пазначыць маю пазіцыю. Наш прыярытэт — прыкладныя навуковыя даследаванні ў тых сферах, дзе ў нас ёсць сур’ёзныя кампетэнцыі, і якія запатрабаваны эканомікай і самім жыццём. Пад гэтыя задачы мы заўсёды знойдзем сродкі і створым усе неабходныя ўмовы для вучоных», — заявіў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтая цырымонія — прызнанне заслуг кожнага з прысутных, а таксама важных для краіны поспехаў і дасягненняў. Яны дэманструюць патэнцыял і магчымасці нашага народа, сілу яго інтэлекту. 

«Ад душы дзякую за вялікую творчую працу, мэтанакіраванасць і адданасць любімай справе, якой вы прысвячаеце сваё жыццё. Перакананы, што вы яшчэ шмат чаго зробіце на карысць Беларусі. Я хацеў бы, каб вы зрабілі для нас многае. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба, новых адкрыццяў і значных здзяйсненняў», — сказаў беларускі лідар.

Гэта самая складаная праца

Прэзідэнт уручыў дыпломы дактароў навук і атэстаты прафесараў. «Я ведаю, што такое праца вучоных, часта пра гэта кажу. Самая цяжкая праца, складанейшай за яе няма. Вы людзі асаблівыя. І стаўленне ў грамадстве да вас асаблівае», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта цырымонія запомніцца яе ўдзельнікам на ўсё жыццё. І па традыцыі такіх сустрэч навукоўцы пагаварылі з кіраўніком дзяржавы. Не для справаздач, а для таго, каб звярнуць увагу на тое, што сёння актуальна не толькі для навукі, але і для краіны.

Якія выклікі перад аграрнай навукай паставіла неверагодная зіма

Дырэктар Інстытута аховы раслін Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Запрудскі, усё жыццё прысвяціў аграрнай навуцы. Навуковая ступень доктара сельскагаспадарчых навук прысуджана яму за распрацоўку і ўкараненне навукова абгрунтаванага комплексу асноўных агратэхнічных і аграхімічных прыёмаў тэхналогіі апрацоўкі кармавых бабоў.

Пытанне Прэзідэнта да Аляксандра Запрудскага было на злобу дня — у сувязі з неверагоднай зімой, чаго чакаць вясной. «Ужо маніторым, пачынаем з Брэсцкай вобласці, адсочваем фітасанітарную абстаноўку. Канешне, яна будзе няпростай. Паглядзім, які будзе люты, перадаюць замаразкі. У цэлым, гэта спрыяльна складаецца для нас і неспрыяльна для насякомых-шкоднікаў. Трымаем руку на пульсе, пры неабходнасці праводзім даследаванні. У нас зараз на кантролі усе вобласці і раёны ў плане аховы раслін», — адказаў Аляксандр Запрудскі.

«На што трэба звярнуць увагу перш за ўсё?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы. Па словах навукоўца, у першую чаргу, трэба зважаць на масавы вылет шкодных шкоднікаў. Ён растлумачыў, што раней ключавым для вызначэння фітасанітарнай абстаноўкі быў красавік, а зараз больш пільна трэба глядзець ужо ў лютым і сакавіку.

Да размовы на гэтую тэму падключыўся і старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў. Ён расказаў, што ў гэту выключную па сваім надвор’і зіму навукоўцы праводзяць даследаванні ўсіх пасеваў ва ўсіх рэгіёнах. Навукоўцы бяруць пробы, даглядаюць стан азімых. На палове тэрыторыі змен ніякіх няма. Гэта значыць расліны пакуль у спакоі, захоўваецца іх жыццяздольнасць. Калі будуць невялікія маразы — то падстаў для турботы і зусім не будзе. Гэта што тычыцца паўночных раёнаў — Віцебскай, Магілёўскай і часткі Мінскай абласцей. Што датычыцца заходніх і паўднёвых рэгіёнаў, то, паводле слоў Уладзіміра Гусакова, крыху пачаўся рух каранёвай сістэмы. «Калі будзе паніжэнне тэмператур, то ён прыпыніцца, і небяспекі не будзе. Але калі не прыпыніцца, пачне развівацца каранёвая сістэма і расліна пойдзе ў рост, то ў выпадку замаразкаў ніжэй за 10 градусаў расліна загіне», — адзначыў Уладзімір Гусакоў. Цяпер спецыялісты Акадэміі навук выпрацоўваюць рэкамендацыі для гаспадарак ва ўсіх рэгіёнах.

«На наступным тыдні замаразкі будуць і будуць скачкі да мінус 15 пры праясненнях. Мінус 12-13 градусаў замаразкі будуць, але праз тыдзень гэты скачок зноў пойдзе ўніз і, як вы кажаце, мы спадзяёмся, што бліжэй да адзінкі або мінус трох маразы будуць. Калі поўдзень, то гэта не зусім страшна. Там у нас вялікіх маразоў пакуль не будзе. Можа, да сакавіка вытрымаем. Раней давядзецца падкарміць пасевы, паколькі яны зрасходавалі нямала пажыўных рэчываў», — сказаў Прэзідэнт.

Лёну быць. Але патрэбен вынік

Аграрнай навукай займаецца і Віктар Богдан, загадчык лабараторыі селекцыі лёну-даўгунцу Інстытута лёну. Ён расказаў, што ў Беларусі сфарміраваны генафонд лёну-даўгунцу, які ўключае 628 узораў з 33 краін. Спецыялісты Інстытута лёну пастаянна працуюць над удасканаленнем селекцыйнага матэрыялу. Новыя сарты льну-даўганца ствараюцца і беларускімі спецыялістамі.

«Калі шчыра, то я Інстытутам лёну не ўражаны. У сябе вы навучыліся вырошчваць лён. Але я даручаў стварыць сістэму па ўсёй краіне, каб была сістэма працы і быў вынік», — адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў краіне аднавілі насенныя станцыі, таму што без насення немагчыма развіваць культуру. Але належнага эфекту ад гэтага не атрымалі, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Я прасіў бы вас перадаць дырэктару, і вы ўлічыце, што патрэбен вынік. Вы падумайце, як мы будзем вырошчваць лён», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што лён намаляваны на дзяржаўным гербе. І ўсім культурам, якія там прадстаўлены, у краіне надаецца асаблівая ўвага. Але лён адстае. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на Аршанскім ільнокамбінаце выпускаюць выдатныя вырабы. І нашы людзі сталі ацэньваць іх належным чынам. 

«Лёну быць. Але патрэбен вынік. У лабараторных умовах, у даследаваннях вы ствараеце добрыя ўзоры. А для вытворчасці не хапае. Таму давайце дамовімся, што з гэтага года мы пачнём прадметна рэалізоўваць хаця б тое, што я вам даручыў. Калі нешта трэба, вы скажыце. Толькі не расказвайце мне, што ў вас севазварот не той, што лён праз 5-7 гадоў вяртаецца на адно і тое ж месца і нехта гэтага не хоча рабіць. У вас у руках усе паўнамоцтвы і рэсурсы, рабіце. Нам патрэбны лён», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, лён патрэбны яшчэ і таму, што на прадукцыю з яго вялікі попыт на замежных рынках. А гэта грошы для краіны. Купляюць нават не самую якасную сыравіну. «Я ўжо не кажу пра добры лён. Гэта вопратка, пасцельная бялізна... Едзьце ў Оршу паглядзіце: збіралі па ўсім свеце абсталяванне для таго, каб мадэрнізаваць ільнокамбінат. Ніхто лёнам ужо практычна не займаецца. Сабралі, зрабілі гэтыя лініі — робім сёння добрую прадукцыю. Навукоўцы пакуль адстаюць. Таму звярніце на гэта больш сур’ёзную увагу», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Акадэмія кіравання павінна стаць вядучай не толькі таму, што яна пры Прэзідэнце

Дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Леанід Мальцаў з рук кіраўніка дзяржавы атрымаў атэстат прафесара па спецыяльнасці «паліталогія». Ён прызнаўся, што пад кіраўніцтвам Прэзідэнта атрымаў бясцэнны вопыт рэальнай канкрэтнай дзейнасці, які ён зараз выкарыстоўвае ў сваёй навуковай і выкладчыцкай працы. «Сёння, калі супраць нас вядзецца гібрыдная вайна вельмі важна, з аднаго боку, выкрываць ідэалагічныя дыверсіі і фэйкі, а з другога, развіваць нашу паліталагічную навуку. У нас склалася унікальная паліталагічная сістэма. Самае галоўнае, што яна адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам, адпавядае нашым нацыянальным каштоўнасцям. Яна ўвесь час развіваецца і удасканальваецца. Як вядома, навука павінна асвятляць шлях практыкі. Таму навука павінна і можа прапанаваць напрамак далейшага развіцця нашай палітычнай сістэмы. Напрыклад, нам трэба развіваць далей пытанні грамадзянскай супольнасці, партыйнага будаўніцтва і гэтак далей. Нам не трэба кагосьці капіраваць. Нам трэба вывучаць досвед іншых дзяржаў, але выкарыстоўваць яго толькі ў адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі каштоўнасцямі», — адзначыў прафесар. Паводле яго слоў, такая работа вядзецца. Напрыклад, навукоўцы працавалі над Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, зараз вядзецца работа над ідэалагічнай бяспекай, распачата навуковая работа па тэме умацаванні народаўладдзя.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Акадэміі кіравання рыхтуюцца будучыя кіраўнікі і ад іх падрыхтоўкі залежыць стан усіх напрамкаў жыцця нашага грамадства. Паводле яго слоў, там працуюць вопытныя, аўтарытэтныя спецыялісты, ёсць такія людзі і ў іншых В. Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік, многія выкладчыкі, у акадэміях і універсітэтах, «некалькі адарваліся ад жыцця». «Дык вось ваша задача — апусціць іх на гэтую грэшную зямлю, зрабіць практыкарыентаваным наша навучанне і нашу навуку. На такіх спецыялістаў як вы я разлічваю», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Леаніда Мальцава, падкрэсліўшы, што ён павінен пакінуць свой найбагацейшы вопыт у Акадэміі кіравання.

«Акадэмія павінна стаць вядучай, не таму што яна пры Прэзідэнце. А таму, што хутка гэтыя „акадэмікі“ будуць кіраваць краінай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я вас пераканаўча прашу, каб вакол вас сфармавалася гэта здаровае ядро, якое будзе на зямлю апускаць тых, хто прывык хапаць чужы вопыт і пераносіць у Беларусь. Гэта не наш шлях. Мы ішлі ад зямлі. Мы рабілі тое, што трэба на зямлі, тое, што трэба людзям. І паціху паднімаліся наверх і стварылі тое, што народу падабаецца. Апошнія выбары гэта прадэманстравалі. Можа, камусьці не падабаецца. Але народу падабаецца. Мы гэта рабілі для людзей. І мы гэта павінны захаваць».

Гэтая пяцігодка не толькі моладзі, гэта пяцігодка вучоных

Паводле слоў Прэзідэнта, роля вучоных павінна быць неймаверна высокай. Навукоўцаў усіх напрамкаў — ад гісторыкаў, палітолагаў да вучоных, якія займаюцца сельскай гаспадаркай.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў мець гэта на ўвазе. «Мы будзем надаваць увагу і фундаментальнай навуцы, гэтага нікуды не падзецца. Але толькі тым напрамкам, якія будуць замыкацца на наша жыццё, на нашу практыку», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў краіне няма дастатковага рэсурсу, каб развіваць фундаментальную навуку па ўсіх напрамках, разлічваючы, што ўсё можа спатрэбіцца. «Так, веды за плячыма насіць не будзеш, яны заўсёды спатрэбяцца. Але ў нас няма столькі сродкаў і неабходнасці сёння такой няма. Таму што сёння для таго, каб выжыць, для таго, каб рухацца наперад і развівацца, трэба займацца тым, што мы умеем рабіць і тым, што жыццё патрабуе», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. У прыклад ён прывёў электрычнасць. Калі жыццё запатрабавала развіваць гэтую сферу — пабудавалі атамную электрастанцыю, асвоілі электратранспарт, электрычнасцю сталі абаграваць дамы. «Але калі мы гаворым пра электратранспарт, то тут павінен быць засяроджаны адзін з напрамкаў нашых навукоўцаў. І тут мы, канешне, будзем нашых людзей падтрымліваць. Трэба лакалізаваць транспарт. — сказаў Прэзідэнт. — Мы ўсё ўмеем рабіць. Нас губіць лянота. Мы лянівыя. Не хачу ўсім агулам гэта прыпісаць. Але гэта лянота нас загубіць». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што не трэба купляць у партнёраў тое, што можна зрабіць у Беларусі. «Тое, што патрабуе жыццё, нашы людзі, — на гэтым павінна быць сканцэнтравана наша увага», — заявіў беларускі лідар. Паводле яго слоў, навука ў гэтым напрамку толькі пачынае развівацца. Але толькі пачынае. А для таго, каб выжыць, ужо на ўсю моц трэба быць у гэтым працэсе.

«Выбары — гэта не толькі перамога. Я ж разумею, чаго хочуць людзі. Але без саміх людзей мы гэта не зробім. Без навукі тым больш. Гэтая пяцігодка не толькі моладзі, гэта пяцігодка вучоных. Мне не важна, якія вы будзеце — маладыя, пажылыя, сярэдняга ўзросту ці зусім старыя. Мне не важна. Галоўнае, каб вы маглі не толькі генерыраваць ідэі, але і сур’ёзна іх распрацоўваць, рабіць іх прыкладнымі для нашага жыцця, для нашай эканомікі. Гэта галоўнае. Будзе эканоміка — будзе і краіна».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён схіляецца перад працай навукоўцаў і таму заўсёды, наколькі гэта магчыма, дапамагаў людзям навукі. «Але хачу падкрэсліць, у гэтай пяцігодцы ўвага будзе яшчэ больш пільнай. «Але гэта ўвага не агулам і чохам, — сказаў ён. — Тое, што патрабуецца на рынку і ў грамадстве, не толькі ў нашай, у любых краінах — тое мы будзем падтрымліваць. Тое, што прыносіць грошы, сродкі. Як бы ні было цяжка, апошнія грошы аддадзім. Але патрэбен вынік. Без выніку ніякі падтрымкі быць не можа. Выбачайце за шчырасць».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю