Абмяркоўваючы праект Дзяржаўнай інвестпраграмы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння экспарт становіцца найважнейшым элементам нашай эканомікі. Праз некалькі дзён гэта пытанне ўзнялі больш прадметна — у пятніцу кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці ў 2025 годзе.
«У сувязі з тым, што Захад быццам бы не хоча з намі супрацоўнічаць у галіне эканомікі, мы ім абсалютна не патрэбныя са сваёй прадукцыяй, мы гэта цудоўна разумеем. Лішняя канкурэнцыя ў галіне аўтамабілебудавання, іншых галінах не ўваходзіць у павестку заходніх дзяржаў, якія падганяюцца Злучанымі Штатамі Амерыкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ні для каго не сакрэт, што мы больш гандлюем на ўсходнім напрамку. Пры гэтым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, ад захаду мы не адыходзім, там, дзе гэта выгадна, гандлюем і прадаём. Але гэта не тыя аб’ёмы і не тыя грошы. Таму пакуль перавага за ўсходнім напрамкам — Расійская Федэрацыя, Кітайская Народная Рэспубліка. Таксама, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі ў гандлі з Беларуссю зацікаўлены іншыя ўсходнія дзяржавы — Пакістан, Інданезія, Паўночная Карэя... Шэраг дзяржаў выступаюць з прапановай сустрэцца на вышэйшым узроўні і абмеркаваць супрацоўніцтва. «Ёсць прынцыповыя пытанні, па якіх трэба прымаць рашэнні. Гэта датычыцца ўзаемаразлікаў, паставак нашай ваеннай прадукцыі, прадукцыі для барацьбы з пажарамі. Таму я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць гэты спектр і напрамкі нашага супрацоўніцтва. Тое, што цікавіць нашых партнёраў, найперш на Усходзе. Хаця мы ж не скажам, што Венесуэла на захадзе не хоча з намі супрацоўнічаць. Вядома, хоча», — адзначыў Прэзідэнт. Ён расказаў, што цікавасць да нашай дзяржавы ёсць нават у прадстаўнікоў бізнес-колаў у ЗША. «Пачакаем... Мы вядзеё з імі дыялог, перагаворы з захадам па кірунках, якія нас цікавяць. Дамовімся — будзем супрацоўнічаць. Але ў аснове павінны ляжаць інтарэсы нашай дзяржавы і прыярытэты, якія мы вызначылі», — заявіў беларускі лідар.
Такое кола пытанняў са спасылкай на канкрэтныя дзяржавы і сталі тэмай нарады. «Чаго тут хаваць, Сірыя нам прапануе супрацоўніцтва, просіць, каб нашы службовыя асобы прыехалі перагаварыць, вызначыцца. Афганістан таксама зацікаўлены ў нашай прадукцыі. Няпростая сітуацыя ў абедзвюх дзяржавах. Я не называю іншыя афрыканскія дзяржавы, каб нашы „сокалы“ не наляцелі на іх і не пачалі ціснуць. Але з дзясятак дзяржаў, якія гатовы з намі супрацоўнічаць. Нам гэта трэба? Трэба. Ці зможам мы задаволіць іх запыты? Цяжка сказаць, не такая ў нас гіганцкая эканоміка. Але будзем рухацца», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
У тэму
Ёсць пул краін, якія зацікаўлены ў развіцці адносін ва ўсіх сферах
У размове з журналістамі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка расказаў, што на нарадзе ішла размова ў асноўным аб тактыцы работы па асобных напрамках знешнеэканамічнай дзейнасці. «Не сакрэт, і Прэзідэнт аб гэтым сказаў, што ёсць пул краін, якія, як і мы, зацікаўлены ў развіцці адносін ва ўсіх галінах ад ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва да інвестыцыйнага, банкаўскага і гэтак далей. Паміж гэтымі пазіцыямі ляжыць вялікі пласт гандлю, інвестыцый, сумесных праектаў. Многія з іх носяць даволі комплексны і стратэгічны характар. Таму тут далучаюцца ўсе структуры дзяржаўнай улады і кіравання, пачынаючы ад сілавікоў і заканчваючы фінансістамі», — сказаў ён. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, на нарадзе абмяркоўвалася супрацоўніцтва з партнёрамі ў Афрыканскім, Азіяцкім рэгіёнах і канкрэтныя тактычныя задачы, якія трэба будзе вырашыць і грамадзянскаму, і сілавому блоку ў бліжэйшы час, каб атрымаць ад гэтага значны эфект. У кантэксце расстаўлення прыярытэтаў для планавання знешнепалітычнай дзейнасці кіраўніцтва краіны абмяркоўвалі і замежныя візіты на ўзроўні Прэзідэнта і ўрада.
Журналісты спыталі, якой бачыцца работа на заходнім вектары. «Тут складана даваць дакладныя прагнозы, бо гэта залежыць не ад нас у большай ступені. Прэзідэнт неаднаразова гаварыў, што мы гатовы рэанімаваць або аднавіць паўнацэннае эканамічнае супрацоўніцтва з захадам у любы момант. Не трэба ім гэта зараз, хочуць яны пераплачваць на шкоду сваёй эканоміцы за нейкія міфічныя каштоўнасці — хай будзе так. Гандлёвы абарот з захадам ідзе па тых пазіцыях, якія не знаходзяцца ў сферы санкцыйнага ўздзеяння. — адзначыў Раман Галоўчанка. — Еўрапейскі бізнес у рабоце з намі зацікаўлены. І мы атрымліваем не проста сігналы, а пэўныя прапановы па рабоце там, дзе гэта для нас выгадна. І магчыма мы іх рэалізуем». Кіраўнік урада падкрэсліў, што сумесная работа ідзе ў тых аб’ёмах, наколькі гэта магчыма ў бягучай сітуацыі.
Фота БелТА