Работу банкаўскай сістэмы разгледзелі на найвышэйшым узроўні. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рамана Галоўчанкі.
Для яго гэта не першы даклад у кабінеце кіраўніка дзяржавы, але першы на дадзенай пасадзе.
Адно з пытанняў, якое Прэзідэнт паставіў перад кіраўніком Нацбанка, — павелічэнне сукупнага прыбытку банкаў у краіне. З аднаго боку, гэта можа быць пазітыўным паказчыкам. З іншага -- можа ўзнікнуць дысбаланс і адцягванне банкамі грошай з эканомікі. У якасці адной з мер на ўзроўні дзяржавы прынята рашэнне браць частку прыбытку ў банкаў і накіроўваць яе на фінансаванне эканомікі.
«У банках "лішніх" грошай быць не павінна. І прыбытак гэты ўсё роўна ад тых, хто грошы там захоўвае. У асноўным так. Я ў гэтым плане вельмі спадзяюся, што так і будзе. Эканоміка павінна развівацца, і трэба, каб банкаўская сістэма спрыяла росту эканомікі», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй з трансгранічнымі плацяжамі ва ўмовах санкцый, аб’ём якіх, па яго словах, зніжаецца. Удзялілі ўвагу і інфляцыі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што інфляцыю трэба рэгуляваць вельмі ўважліва, каб не трапіць у складаную сітуацыю.
«Золатавалютныя рэзервы выраслі, але трэба разумець, што і золата падаражэла. Якія тут пытанні?» — акрэсліў яшчэ адну тэму беларускі лідар.
Акцэнт Прэзідэнт зрабіў на крыптавалюце. «Як мы ёю скарыстаемся, асабліва цяпер, для таго каб забяспечыць плацяжы? Шмат пра гэта гаворыцца, але ўсё ж не такі развіты ў нас гэты рынак па крыптавалюце. Як мы будзем у далейшым дзейнічаць?» — абазначыў кіраўнік дзяржавы кола пытанняў па тэме. Ён нагадаў, што дадзенае пытанне ўзнімалася яшчэ пры папярэднім кіраўніцтве Нацыянальнага банка. Беларускі лідар канстатаваў, што гэта важна для яго асабіста і для краіны ў цэлым.
Валерыя СЦЯЦКО