Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: У наш час перадавыя тэхналогіі — гэта і абараназдольнасць, і суверэнітэт, і незалежнасць дзяржавы

Айчынная школа мікраэлектронікі мае багатую гісторыю, добрыя традыцыі, а яе прадукцыя запатрабаваная на рынку. На гэта часта звяртае ўвагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і называе захаванне гэтай школы адным з дасягненняў суверэннай Беларусі. Але ў той жа час, кіраўнік дзяржавы падкрэслівае, што і праблем у гэтай сферы нямала, таму трэба працаваць, памнажаючы ранейшыя дасягненні і ствараючы новыя. Гэтага патрабуе час. Мікраэлектроніка, служыць асновай для большасці сучасных тэхналогій. Развіццё штучнага інтэлекту, сучаснага аўта- і трактарабудавання, медыцыны, касмічных тэхналогій, інтэграваных транспартных сістэм, сістэм кіравання прамысловымі комплексамі, бяспечнай ядзернай энергетыкай, нацыянальнай банкаўскай сферай немагчыма без уласных мікраэлектронных тэхналогій.


Флагман айчыннай мікраэлектронікі — ААТ «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынга «ІНТЭГРАЛ». Гэта ўнікальны вытворца мікраэлектроннай прадукцыі на тэрыторыі СНД. Найбуйнейшае навукова-вытворчае прадпрыемства Беларусі ў пятніцу наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і «на месцы» азнаёміўся з сітуацыяй у мікраэлектроніцы, прадукцыя якой сёння становіцца ўсё больш запатрабаванай не толькі на айчынным рынку. 

У адрозненне ад большасці замежных кампаній, ААТ «Інтэграл» валодае шырокім спектрам тэхналагічных працэсаў. Прадпрыемствы холдынга рэалізуюць увесь спектр работ, пачынаючы ад навуковай распрацоўкі і праектавання мікраэлектронікі, вытворчасці крысталаў да выпуску складанатэхнічных вырабаў, маркетынгу і суправаджэння канчатковай прадукцыі. Узровень кампетэнцый у вытворчасці мікраэлектронікі, дасягнуты холдынгам «ІНТЭГРАЛ», ставіць Рэспубліку Беларусь на адну прыступку з індустрыяльна развітымі краінамі.

«Ёсць вытворчасці — ёсць жыццё, няма вытворчасці — няма жыцця»

Кіраўніку дзяржавы далажылі пра работу прадпрыемства. Генеральны дырэктар ААТ «ІНТЭГРАЛ» Андрэй Буйневіч расказаў аб фінансава-эканамічным стане холдынга. Таксама Прэзідэнт азнаёміўся з выстаўкай прадукцыі прадпрыемства. Асноўная — гэта інтэгральныя мікрасхемы і паўправадніковыя прыборы рознага ўзроўню складанасці, якія знаходзяць шырокае прымяненне ў электроннай апаратуры, што выпускаецца як у Беларусі, так і ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Наменклатура выпускаемай прадукцыі складае больш за 2500 тыпаў інтэгральных мікрасхем, 500 тыпаў паўправадніковых прыбораў, 200 тыпаў вадкакрысталічных індыкатараў, 150 відаў вырабаў электроннай тэхнікі. Адзін з ключавых экспанатаў выстаўкі, якую прадэманстравалі Прэзідэнту, — мікрасхема рэгуляванага стабілітрона К1242ЕР1БП (IL431AM-1), якая нядаўна была ўдастоена Дзяржаўнага знака якасці. Мікрасхема валодае высокай надзейнасцю і абаронай ад уздзеяння статычнай электрычнасці і можа быць выкарыстана ў якасці ўнутрысхемнага рэгулятара ў крыніцах сілкавання і зарадных устройствах, а таксама ў якасці эквівалента стабілітронаў.

«Мы цяпер вельмі шмат — з маёй падачы, жорсткага патрабавання — гаворым аб далейшым развіцці, інвестыцыйных праграмах, укладанні грошай і гэтак далей. Двойчы я адхіляў усякія інвестыцыйныя праграмы. Не скажу, што мы ўжо дайшлі да таго, чаго я хацеў бы ў гэтых інвестыцыйных праграмах. Многае пачалі, часам магло пачакаць, але трэба было заканчваць, інакш разваліцца тое, што пачалі будаваць. Але з наступнага года мы будзем будаваць па інвестыцыйных праграмах толькі тое, што нам трэба для жыцця, і перш за ўсё вытворчасці. Ёсць вытворчасці — ёсць жыццё, няма вытворчасці — няма жыцця, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён падкрэсліў, што трэба заўсёды ісці ад жыцця, развіваць тое, дзе ёсць база і кампетэнцыі. Сюды адносіцца і мікраэлектроніка. «І што, мы сёння будзем ствараць ракеты касмічныя ці будзем развівацца ў тых напрамках, дзе мы ўмеем нешта рабіць? Таму я патрабую, каб грошы ўкладвалі ў развіццё тых кампетэнцый, якія мы маем», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У прыклад ён прывёў аўтамабалібудаванне, у прыватнасці, вытворчасць электрамабіляў. Калі на іх з’явіўся вялікі попыт, у Беларусі на базе існуючых кампетэнцый змаглі наладзіць іх вытворчасць. «Што для гэтага трэба — электрарухавік. Мы ўмеем іх рабіць? Умеем. Яны не аўтамабільныя — для ліфтаў і гэтак далей (у Магілёве), але гэта блізка да таго. Развіваемся, і электрамабіль — доследны ўзор — атрымалі. Калі будзем далей настойліва ісці, праз год-паўтара будзем мець свой электрамабіль. Для гэтага трэба электрычнасць. Атамная станцыя ёсць, лішак электраэнергіі і іншае. Сёння думаем, каб другую пабудаваць, бо электраэнергія будзе патрэбна заўсёды, яе лішняй быць не можа», — падкрэсліў Прэзідэнт. Тое ж самае тычыцца і вытворчасці вакцын — адпаведныя кампетэнцыі ёсць, прадукцыя запатрабаваная. «Трэба ісці ад зямлі», — такое патрабаванне Прэзідэнта тычыцца ўсіх сфер.

Кіруючая кампанія «Інтэграла» працуе ў Мінску. Але вытворчыя пляцоўкі таксама ёсць у Маладзечне, Брэсце, Гомелі і філіял у Пінску. «Тыя прадпрыемствы, якія, груба кажучы, вам калісьці збольшага навесілі на плечы, збольшага яны патрэбныя вам былі, калі бралі, працуюць?» — удакладніў Прэзідэнт. «Гэтыя пляцоўкі працуюць эфектыўна. Усе прадпрыемствы працуюць з чыстым прыбыткам, маюць праграмы развіцця і развіваюцца», — сказаў гендырэктар. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў такі падыход. 

Падчас візіту на прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з дзейнасцю галіновай лабараторыі новых тэхналогій і матэрыялаў. Паглядзеў кіраўнік дзяржавы і на тое, як працуе зборачная вытворчасць. Пра нюансы даведаўся — з першых вуснаў, ад спецыялістаў, якія толькі на некалькі хвілін прыпынілі свой рабочы працэс, каб сустрэць Прэзідэнта і адказаць на яго пытанні. А так праца на вытворчасці і ў лабараторыі кіпела. 

«Канкурэнцыя будзе толькі ўзрастаць. І мы можам канкурыраваць»

На пляцоўцы «Інтэграла» Прэзідэнт таксама правёў нараду па пытаннях развіцця айчыннай мікраэлектронікі. Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яна праводзіцца не дзеля таго, каб паказаць, што ў краіне займаюцца мікраэлектронікай. Ён заўважыў, што сёння мікраэлектроніка аказалася вельмі запатрабаванай ва ўсім свеце. «Роля электронікі для будучыні Беларусі, у тым ліку Беларусі і Расіі, вельмі важная. У наш час перадавыя тэхналогіі — гэта і абараназдольнасць, і суверэнітэт, і незалежнасць дзяржавы», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Наша краіна адна з нямногіх, хто мае высокія кампетэнцыі ў распрацоўцы і вытворчасці шырокай наменклатуры электроннай кампанентнай базы, вырабе ўнікальнага тэхналагічнага абсталявання для прадпрыемстваў галіны. Такія краіны ў свеце, як заўважыў беларускі лідар, у літаральным сэнсе можна пералічыць па пальцах адной рукі. «Аднак час нікога не чакае. І канкурэнты таксама не чакаюць,. — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы захавалі не толькі вытворчасці, але і, што яшчэ больш важна, навуковыя, канструктарскія і інжынерныя кадры, захавалі і развіваем сваю школу. Вучым моладзь. То бок, у нас ёсць вельмі сур’ёзныя, сусветнага ўзроўню кампетэнцыі». Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паўтарыў, што гэты напрамак дзяржава будзе развіваць, і ўкладваць у яго сродкі. «Бо мы гэта можам. Бо мы ў гэтым плане сусветнага ўзроўню і распрацоўшчыкі, і вытворцы», — патлумачыў ён.

«Ёсць рэзервы, каб працаваць на максімум»

Прэзідэнт нагадаў, што два гады пры наведванні ім холдынгу «Планар» падрабязна абмяркоўваліся пытанні развіцця айчыннай мікраэлектронікі. «Нагадаю, што тады мы вызначылі для сябе нішу на адным з самых ёмістых сегментаў сусветнага рынку мікрасхем, у якой мы працуем. Гэта мікрасхемы з праектнымі нормамі да 180 нанаметраў. У гэтым напрамку будзем развівацца, атрымаем 90, і мы ў гэтым калідоры будзем актыўна рухацца і атрымліваць прадукцыю найлепшай якасці. Яна будзе запатрабаваная яшчэ шмат дзесяцігоддзяў, а можа быць, і стагоддзі. Гэта аснова вырабаў сілавой і прамысловай электронікі, а таксама для космасу, дзе трэба ўлічваць уздзеянне радыяцыі і радыёперашкод», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што сумесна з расійскімі партнёрамі вызначана крытычна важная элементная база для асваення. Паводле яго слоў, усё гэта стала асновай Праграмы развіцця мікраэлектроннай прамысловасці на перыяд да 2030 года, у рамках якой сёння ідзе мадэрнізацыя. Аляксандр Лукашэнка прывёў лічбы: за мінулыя 2 гады на яе выкананне накіравана амаль паўмільярда рублёў. Да 2030 года плануецца асвоіць яшчэ столькі ж. Сумарны аб’ём выручкі па галіне за праграмны перыяд павінен павялічыцца ў 3 — 4 разы.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць, як выконваецца гэта праграма. «Магчыма, наспелі актуальныя змены і дапаўненні? Гэта яшчэ і важна перад сустрэчай з Прэзідэнтам Пуціным, каб мы маглі скарэктаваць нашы крокі, а можа, нешта і дадаць, — сказаў ён. — Як мяне інфармуюць, пэўныя вынікі ёсць. Валютная выручка расце, прыбытак павялічваецца. Зарплаты на прадпрыемствах у 1,5 раза вышэйшыя за сярэдні па краіне. Упэўнены, ёсць рэзервы каб папрацаваць і сёлета. Па максімуме нарасціць аб’ёмы вытворчасці, дадаць мільярды па экспарце».

«Неабходна як мага далей зазіраць у будучыню і ўкладацца ў развіццё»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння свету патрэбны мільярды чыпаў, мікрасхем, транзістараў. «Але і барацьба за рынкі ідзе значная, сур’ёзная. Ніхто проста так сваю нішу нікому не аддасць. Канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. — заўважыў ён. — Мы можам на гэтым рынку канкураваць. Гэта вялізнае наша дасягненне. Таму неабходна як мага далей зазіраць у будучыню і ўкладацца ў развіццё». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на «Інтэграле» гэта і так робяць, але хацелася б, каб так было і на ўсіх іншых прадпрыемствах. «Не будзеш глядзець у будучыню — жыццё нядоўгае. Патрэбна пастаянная апераджальная мадэрнізацыя прадпрыемстваў, укараненне найноўшых тэхналогій, інвесціраванне ў кадры. Грошы на гэта мы абавязаны адшукаць. Дзяржава ўсё будзе рабіць для таго, каб такія грошы знайсці», — арыентуе беларускі лідар.

Прэзідэнт пацікавіўся, як вядзецца работа па падрыхтоўцы і замацаванні спецыялістаў у галіне. Як выбудавана ўзаемадзеянне з ВНУ? Ці ёсць праблемы і ці патрэбна дапамога Прэзідэнта ў іх вырашэнні?

«Яшчэ раз падкрэсліваю, у нашай прамысловасці арыентавацца ў будучыні трэба на тое, што мы будзем вырабляць сёння з развіццём на заўтра. І грошы трэба ўкладваць у тое, што мы ўмеем рабіць, перш за ўсё», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым, паводле яго слоў, у гэтай дзейнасці трэба не толькі паглыбляцца, але і пашырацца, не баяцца асвойваць новыя напрамкі. У прыклад, ён прывёў атамную энергетыку, якой у Беларусі ніколі не займаліся. Але, калі ўзнікла неабходнасць, пабудавалі атамную станцыю, што для Беларусі навінка. «І сёння мы не проста эксплуатуем гэтую станцыю самі, мы ўжо можам абысціся без прыцягнення кадраў збоку. А раней гэта была дзікая праблема. Сёння ў нас ужо такой праблемы няма. Больш за тое, сёння мы ўжо дапамагаем будаваць атамныя станцыі. Цалкам можам пабудаваць атамную станцыю пры наяўнасці поўнага камплекта з боку, дапусцім Расіі, ці іншай краіны, ядзерны рэактар і гэтак далей, мы гэта не вырабляем. — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі пабудуем другую станцыю, то мы сапраўды будзем самастойна будаваць свае станцыі, без усялякай дапамогі пры камплектаванні іншай краінай. Прыкладна так мы плануем».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на «Інтэграле» патрэбныя кампетэнцыі усе ёсць. І тое, што ёсць, трэба развіваць. «Тым больш, усё, што мы сёння вырабляем, запатрабавана — ад прадуктаў харчавання ды інтэгральных схем», — заўважыў ён.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю