Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «У невялікія вёскі, хай нават неперспектыўныя, варта прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўвання насельніцтва»

На нарадзе, прысвечанай эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, Аляксандр Лукашэнка прадставіў схему работы гандлю ў малых населеных пунктах. 




Прэзідэнт выдзеліў яшчэ адну прэтэнзію ў насельніцтва - аптымізацыя маршрутаў аўталавак. «Людзі скардзяцца на нязручны графік работы аўтакрамаў і бедны асартымент. Мясцовыя ўлады не ў стане гэта ўрэгуляваць? Ці ў вас зноў бар’еры ў рэгуляторыцы?» — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. 

Нароўні з нерытмічнай арганізацыяй стацыянарнага і раз’язнога гандлю ёсць яшчэ адзін адчувальны для спажыўца аспект — наяўнасць тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці. «Няма тавару — дрэнна, але пратэрміноўка — гэта чырвоная лінія! — абурыўся Прэзідэнт. — Гэтага быць не павінна! Фактаў дастаткова. Адказнасць за абслугоўванне насельніцтва ляжыць на мясцовых органах улады. Вы як ніхто ведаеце, што адбываецца ў рэгіёнах, і абавязаны арганізаваць гандаль у раёнах так, каб не было ніякіх нараканняў. Слухайце, гэта заўсёды было задачай райкама партыі і райвыканкамаў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым схема павінна быць простая, і расказаў, як яна павінна дзейнічаць на практыцы: «У раённым цэнтры працуюць некалькі добрых, максімальна напоўненых таварамі гандлёвых цэнтраў, у аграгарадках — крамы меншыя. У вялікіх вёсках, што засталіся ад цэнтраў калгасаў, якія аб’яднаны былі, неабходна навесці парадак і арганізаваць работу звычайнай крамкі, пабудаваць, адрамантаваць, забяспечыць кадрамі і таварамі нармальнай якасці. І крайняе звяно — зручны для людзей развазны гандаль або дастаўка (каапсаюз, пошта ці прыватнік)». 

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў невялікія вёскі, хай нават неперспектыўныя, варта прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўвання насельніцтва. «Трэба забяспечыць баланс: будуеш прыбытковы бізнес у сталіцы і іншых буйных гарадах — вазьмі на сябе сацыяльную адказнасць па абслугоўванні спажыўца на вёсцы. Тым больш што праблемных раёнаў не так ужо і шмат. Я хачу, каб вы гэта пачулі: у нас усе разумныя гандляры кінуліся ў буйныя гарады, пабудавалі тут крамы. Нядрэнна жывуць, праўда, на Лазурным беразе ўсе гаспадары і ўласнікі. Ну дык арганізуйце так, каб яны працавалі там, у глыбінцы, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Інструменты ёсць. Нядаўна ў васьмі раёнах для буйнога сеткавага гандлю мы пашырылі магчымасць ахопу спажыўцоў».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры прызначэнні міністра гандлю на пасаду даручаў дабрацца да кожнага аддаленага кутка краіны і навесці там парадак. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў міністра Артура Карповіча, як выбудавана сістэма гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў сельскай мясцовасці арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці? Што рэальна, а не ў планах зроблена? 

«Прапануйце любыя дзейсныя меры ў раёнах», — запатрабаваў Прэзідэнт. Ён спытаў: як задавальняецца пакупніцкі попыт? «Зразумела, што ў сельскай краме няма сталічнай разнастайнасці. Як вырашаем гэту праблему? Якія меры прымаюцца, каб прыцягнуць прадаўцоў у сельскія крамы і мінімізаваць страты гандлёвых арганізацый? І якая цана вырашэння пытання для дзяржавы?» — пазначыў яшчэ шэраг пытанняў беларускі лідар.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю