Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Усе павінны глядзець наперад, на развіццё краіны

Новы рабочы тыдзень пачаўся з кадравых прызначэнняў у новы склад урада. Ці, як заўважыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, новага-старога ўрада. Некаторыя міністры атрымалі свае партфелі літаральна за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў, некаторыя — крыху раней, і яны працягнуць сваю работу. Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, гэта было зроблена для таго, каб людзі бачылі і разумелі, з кім будзе працаваць Прэзідэнт.


Кардынальных змен у складзе ўрада ў гэты кадравы панядзелак не адбылося. Усе прызначаныя добра ведаюць свае мэты і задачы. Але працаваць новы ўрад будзе з пэўнымі асаблівасцямі, якія агучыў Прэзідэнт: «Гэта асаблівасць заключаецца ў тым, што большую вагу ва ўрадзе будуць мець намеснікі прэм’ер-міністра». Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што старшыня ўрада арганізоўвае работу ўрада, вядзе пасяджэнні ўрада, але ні ў якім разе не прымае нейкіх аднаасобных рашэнняў і не цісне на членаў ўрада, найперш на віцэ-прэм’ераў. Каб актуалізаваць задачы і акрэсліць пытанні, на якія будзе звернутая асаблівая ўвага, Аляксандр Лукашэнка сабраў ўрад разам. Для зручнасці і больш прадметных размоў, усе былі падзеленыя на некалькі блокаў. Асобна з кожным блокам Аляксандр Лукашэнка правёў нарады, на якіх абмеркавалі будучую работу. 

Агульная задача — эканамічны рост

Эканамічны блок урада ўзначаліць першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. У гэты блок таксама ўключаны Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Дзяржаўны камітэт па маёмасці. 

Асноўнай задачай гэтага блока і першага віцэ-прэм’ера асабіста Прэзідэнт назваў эканамічны рост. І тут акцэнт — на інвестыцыі. «Вы ведаеце ініцыятыву „Адзін раён — адзін праект“ — гэта ініцыятыва мае сваё развіццё, яна кантралюецца непасрэдна віцэ-прэм’ерам. Я гатовы да таго, каб на аснове гэтай ініцыятывы мы бачылі новыя ідэі. Але інвестыцыі павінны нарастаць. Мы плануем, што за пяцігодку мы атрымаем рост інвестыцый прыкладна на трэць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на неабходнасць працягваць рэалізацыю буйных інвестыцыйных праектаў, сярод якіх, напрыклад, Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, індустрыяльны парк «Вялікі камень», вытворчасць легкавых аўтамабіляў і іншыя.

«Нам трэба звярнуць увагу на адток людзей з рэгіёнаў. Ні ў якім разе нельга дапускаць гэтага адтоку. Дыферэнцыяцыя ў заработнай плаце павінна быць скарочана. Людзі павінны атрымліваць заработную плату ў рэгіёнах прыкладна такую ж як у Мінску», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна задача тычыцца безумоўнай рэалізацыі закона аб пераводзе індывідуальных прадпрымальнікаў у суб’екты малога бізнесу. «Да 2030 года сектар малога сярэдняга прадпрымальніцтва павінен фарміраваць каля паловы эканомікі», — адзначыў беларускі лідар. Ён узгадаў і пра эфектыўнасць фарміравання інстытута самазанятых. «Мы вызначыліся, хто такія самазанятыя. Задача — абяленне ўсяго рынка працы. Вы павінны асабіста каардынаваць ўзаемадзеянне каардынуючых інфармацыйных сістэм і цэнтралізацыю даных» — звярнуўся Прэзідэнт да віцэ-прэм’ера. Пры гэтым ён паставіў задачу вызначыцца і раздзяліць, што маецца на ўвазе пад лічбавізацыяй, інфарматызацыяй і штучным інтэлектам. «Так, трэба быць наперадзе ў гэтых напрамках, найперш у штучным інтэлекце, разумець, што гэта такое, і дакладна ўяўляць, што нам сёння трэба, а што нам сёння не трэба, без чаго мы можам абысціся», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

МАРГ: кантраляваць суадносіны відаў гандлю

Па словах кіраўніка дзяржавы, у частцы гандлю неабходна кантраляваць суадносіны яго відаў. Гэта тэма ўжо неаднаразова абмяркоўвалася на ўзроўні Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка параіў не забываць галоўнае — ні ў якім разе не скасоўваць крамы крокавай даступнасці ва ўгоду гандлёвым сеткам ці яшчэ чамусьці. «Добра, сёння „дыктатура“, мы ж проста спраўляемся з гэтымі сеткамі. А калі ўпусцім, калі не зможам? Яны будуць кіраваць краінай. Не кажучы ўжо пра спажыўцоў, якія будуць прыходзіць у гэтыя крамы. — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Павінна быць нармальная канкурэнцыя, і крамы крокавай даступнасці павінны працаваць заўсёды. Трэба падтрымліваць іх, чым больш, тым лепей. І я вам скажу шчыра, трэба спыніць стварэнне новых сетак, у нас іх у Беларусі дастаткова. Але гэта задача ўрада і найперш мясцовых органаў улады». Але і міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артуру Карповічу нельга выпускаць яе з поля зроку. 

Яшчэ адно вельмі важнае патрабаванне да сферы гандлю — прымаць дзейсныя меры па недапушчэнні рэалізацыі ў краіне няякаснай ці фальсіфікаванай прадукцыі, а таксама тавараў, атрыманых па шэрых схемах у тым ліку і праз інтэрнет-прастору. «Бачыце, што нешта не так — прымайце рашэнні. Вы, акрамя таго, што міністр, у вас вялікае імя і званне — вы член урада. І вам справа павінна быць да ўсяго. Чужых пытанняў для членаў урада у нашай краіне няма. Яны павінны займацца ўсімі пытаннямі, якія проста пад ногі трапяць», — звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка МАРГ, але адрасаваў гэты меседж усім вышэйшым службовым асобам. 

Мінэканомікі: асэнсавана планаваць

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў наступную пяцігодку эканоміка павінна працаваць па дакладных планах. Па яго словах, гэтага не трэба баяцца. «А то тыя, хто нас вучыў адысці ад планаў і на волю ўсіх адпусціць, да 500 планаў (Японія, дапусцім) па розных кірунках у год складаюць. А мы сышлі, усё кінулі. А як жыць і працаваць? Нават у сям’і людзі плануюць сваё жыццё, а мы ў дзяржаве не хочам гэта рабіць», — заўважыў Прэзідэнт. Па яго словах, міністру эканомікі Юрыю Чабатару задачы зразумелыя. Але Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што трэба рабіць. «Трэба ўважліва вывучаць сітуацыю з інвестыцыйным кліматам у краін-суседзяў і адпаведна дзейнічаць. А што тычыцца дэбюракратызацыі і лічбавізацыі — мы аб гэтым ужо казалі. Не трэба гэтага баяцца. Там, дзе трэба проста прыбраць гэтыя бюракратычныя перашкоды, — трэба проста на гэтай пайсці і зрабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што да канца года трэба скласці праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года. «Хацелася б, каб абапіраючыся на той досвед, які назапашаны, мы не перапісвалі палажэнні праграмы старой і непераносілі ў новую, а каб гэта была праграма сапраўдная і ўяўляла сабой аблічча міністэрства эканомікі, — паставіў задачу беларускі лідар. 

Мінфін: берагчы кожны рубель

Што тычыцца міністэрства фінансаў, то па словах Прэзідэнта, трэба забяспечыць устойлівасць бюджэтнай сістэмы. «Тых, хто прэтэндуе на бюджэтны рубель, у нас дастаткова. Міністэрства фінансаў павінна быць жорсткім фільтрам для такіх жадаючых і ініцыятараў. Кожны рубель трэба берагчы. Трэба паставіць перад сабой жалезную задачу, што як ніколі мы павінны эканоміць у гэтай пяцігодцы. Трэба стварыць умовы для якаснай работы ўсіх бюджэтных арганізацый. І ваша задача як міністра максімальна спрасціць і аўтаматызаваць, калі гэта трэба, іх дзейнасць», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да міністра фінансаў Юрыя Селіверстава. 

Міністэрства па падатках і зборах: не баяцца рызыкаваць

Міністру па падатках і зборах Дзмітрыю Кійко трэба яшчэ раз прааналізаваць наша падатковае заканадаўства. «Я вельмі спадзяюся на вас, што вы як дасведчаны, нягледзячы на свой малады ўзрост, чалавек, які працаваў па многіх накірунках, прапануеце нейкую разумную новую сістэму. Можа, трэба і рызыкнуць. У нас краіна кіруемая. Таму, можа быць. Але не трэба ні за кім ганяцца, трэба сыходзіць з нашых умоў». — параіў Аляксандр Лукашэнка. Вельмі важнай задачай ён назваў аптымізацыю падатковых ільгот. «Наша задача выпрацаваць такую сістэму, каб любы, хто захоча займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, запраста мог разумець, якія падаткі ён павінен плаціць. А не пачынаць сваю працу кожны дзень з паходу ў падатковую інспекцыю. А так бывае ў асноўным», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Мінсувязі і інфарматызацыі: разумна падыходзіць да трэндаў

Кірыл Залескі — новы міністр сувязі і інфарматызацыі. Да гэтага ён займаў быў намеснікам начальніка дзяржаўнай установы «Сакратарыят Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій». Таму, як заўважыў Прэзідэнт, сфера для міністра не новая. «Вы, напэўна, самы прасунуты ў гэтым плане чалавек, глядзіце, што нам трэба», — звярнуўся Прэзідэнт да новага міністра. Ён параіў вельмі акуратна ставіцца да лічбавізацыі, не гнацца бяздумна за тым, што стала модным. Таксама кіраўнік дзяржавы параіў паглядзець на работу пошты, з эфектыўнасцю дзейнасці паштовай сістэмы зараз узнікаюць праблемы. 

Пасля нарады Кірыл Залескі расказаў журналістам, як плануе працаваць з «лічбай»: «Лічбавізацыя не павінна быць дзеля лічбавізацыі. Яна павінна быць для таго, каб паляпшаць эфектыўнасць нашай эканомікі і спрашчаць жыццё нашых грамадзян. Думаю, што на гэтых асноўных напрамках мы павінны будзем сканцэнтраваць свае намаганні». Міністр звярнуў увагу, што сёння Беларусь сёння валодае вельмі развітым ІТ-сектарам. «Нам трэба паглядзець, у якіх месцах нам трэба ўзмацніць карысць гэтага сектара для вырашэння нейкіх надзённых практычных задач унутры краіны. Адпаведна, у гэтым кантэксце мы і будзем выбудоўваць далейшую работу», — дадаў ён. 

Дзяржкамітэт па маёмасці: прайсціся па краіне

Для Дзяржаўнага камітэта па маёмасці задачы нязменныя. «Не сядзіце ў кабінеце, перагортваючы дакументы. Прайдзіцеся па ўсёй краіне. Тут сапраўды трэба аблічбаваць, камп’ютаразываць усё, што ў нас ёсць, выкласці ў адкрыты доступ свабодныя ўчасткі, дамы і іншае, каб людзі гэта бачылі і маглі купіць. За пяцігодку мы павінны гэту праблему зняць. У вас павінны быць улік маёмасці, зямельных рэсурсаў, участкаў канчатковы. Не павінна быць ветхіх, разбураных не толькі дамоў, але і вёсак», — такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў перад старшынёй камітэта Дзмітрыем Матусевічам.

Эканамісты будуць працаваць як кулак — разам

Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуўся да тэмы, якую абмяркоўвалі літаральна на мінулым тыдні — сістэмы цэнаўтварэння. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ва ўсіх адказных застаецца 25 дзён, каб прывесці яе ў парадак, дапрацаваць тую, якая існуе. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што выпрацоўка механізмаў і методык — гэта найперш работа міністэрства эканомікі. Але ўрад павінен гэту работу рэалізаваць і арганізаваць. У цэлым, па яго словах, усе задачы да эканамічнага блоку ўрада цалкам зразумелыя.

«Я далёкі ад таго, што я выклаў вас выключныя патрабаванні, што гэта ўвесь аб’ём. Вы ведаеце значна больш, чым я тут казаў і ведаеце значна больш чым я ў сваіх галінах. Але я вам сказаў аб галоўным, на што будзе звернутая мая ўвага», — падвёў вынік Прэзідэнт. Асобна ён звярнуўся да Мікалая Снапкова: «Вы за час працы ва ўрадзе сталі зусім іншым чалавекам. Таму я на вас вельмі разлічваю ў гэтым новым-старым урадзе. І спадзяюся, што мы атрымаем новы эфект».

Калі ўжо зусім канцэптуальна глядзець, то кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што як ва ўрадзе, у Адміністрацыі Прэзідэнта будуць працаваць эканамісты. «Прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнік Нацыянальнага банка — усе будуць як кулак працаваць, усе разам. Ніякага разыходжання быць не павінна. 

Нацыянальны банк павінен функцыянаваць фактычна ў складзе ўрада. І вы ўсе эканамісты павінны глядзець наперад, на развіццё краіны. Вы за гэта будзеце адказваць аднолькава. — папярэдзіў беларускі лідар. — Прэм’ер-міністр, першы віцэ-прэм’ер, кіраўнік Адміністрацыі, старшыня Нацбанка — гэта галоўныя эканамісты. Натуральна, у іх ёсць міністэрства эканомікі, міністэрства фінансаў, выдатныя фінансісты. Ды і ў падатковай інспекцыі ў нас хапае выдатных эканамістаў. Прыцягвайце, выпрацоўваеце рашэнні». 

«Вось ваш напрамак — дзейнічайце»

Сацыяльны блок урада цяпер будзе працаваць пад кіраўніцтвам новага намеснікі прэм’ер-міністра Уладзіміра Караніка. Да гэтага ён узначальваў Гродзенскі аблыканкам. «Дзякую вам за тое, што мне не прыйшлося прымаць валявое рашэнне. Вы пагадзіліся з маёй прапановай. Я ж ведаю, што такое быць губернатарам найлепшай у краіне вобласці, самастойным чалавекам. А тут і Прэзідэнт увесь час побач, можаш „па галаве“ нечакана атрымаць, яшчэ нешта. Я ведаю, што такое быць губернатарам і што такое быць віцэ-прэм’ерам. Але я зыходзіў з таго, што ўсё ж віцэ-прэм’ераў функцыянал будзе значна падняты. Вось ваш напрамак — дзейнічайце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што яму імпануе тое, што Уладзімір Каранік заўсёды адкрыта выказвае сваё меркаванне, не толькі ва ўрадзе, але і ў Прэзідэнта. «Вы — чалавек спраўны. Калі рашэнне прынята, вы будзеце жалезабетонна выконваць гэтае рашэнне», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён узгадаў працу Уладзіміра Караніка на пасадзе міністра аховы здароўя, якая прыйшлася на няпросты палітычна 2020 год і пандэмію. «Прыйшлося прымаць нестандартныя рашэнні. Мы іх прымалі. Ніхто ў свеце не прымаў такіх рашэнняў, як прымалі мы. І як сёння аказаліся, мелі рацыю мы», — нагадаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ў сферы аховы здароўя Уладзімір Каранік дасведчаны і таленавіты кіраўнік. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што новы віцэ-прэм’ер адукаваны чалавек, займаўся навуковай дзейнасцю, таму гэтую сферу таксама разумее. Добра вядома, што Уладзімір Каранік адкрыты да сродкаў масавай інфармацыі. 

Раней за гэты напрамак ва ўрадзе адказваў Ігар Петрышэнка. Прэзідэнт Беларусі даў згоду на яго назначэнне на пасаду першага намесніка генеральнага сакратара Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Не застанецца без кіраўніка і Гродзенская вобласць. Юрый Караеў назначаны выконваючым абавязкі старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт. Гэтым жа ўказам кіраўнік дзяржавы вызваліў Юрыя Караева ад пасады памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці. Але па даручэнні кіраўніка дзяржавы не пакіне без увагі рэгіён і Уладзімір Каранік. 

Пяцігодка будзе няпростай. Патрэбны вынік

Міністры сацыяльнага блоку ўрада былі прызначаны незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў, таму яны працягнуць сваю працу ва ўрадзе. Гэта міністр інфармацыі Марат Маркаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец, міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, міністр культуры Руслан Чарнецкі, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аванс даверу да гэтых міністраў ужо скончыўся, працаваць будзе той, хто будзе паказваць вынікі. "Гэтая пяцігодка будзе няпростай, адной гаварыльняй не абыдзешся. Патрэбны вынік«,- заўважыў ён. 

Міністэрства культуры: спыніць хістанні

Па словах кіраўніка дзяржавы, усе міністры на сваіх месцах і выдатна ведаюць сваю сферу. «Іншая справа, што ёсць нейкія родныя, блізкія, знаёмыя. „Я лічу, што яны вельмі таленавітыя, — я цытую некаторых міністраў. — Таму яны павінны працаваць“. Нягледзячы на тое, што яны ворагі фактычна нашай дзяржавы і сядзяць да пары да часу пад венікам. У вашай структуры такіх дастаткова. Больш, чым дзе-небудзь. Гэтага быць не павінна. — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да міністра культуры Руслана Чарнецкага. — Мы перажылі з вамі гэты перыяд. Трэба ўмець дараваць. Трэба ўмець. Калі гэта магчыма. Але калі чалавек парушыў, пераступіў закон, свядома гэта зрабіў, якое тут можа быць дараванне? Я гэта кажу ў гэтым коле, таму што ну як можна дараваць публічным людзям? Усе публічныя людзі. І калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ». Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, як на Уладзіміра Караніка, тады яшчэ міністра аховы здароўя, «нападалі і скакалі, рвалі на ім адзенне» таму што ён казаў тое, што ім не падабаецца. «Таму, Руслан, калі ў цябе там ёсць нейкія хістанні (ну як,гэта: „вось ён у кінематаграфіі можа кіно зняць, больш ніхто...“), трэба гэта спыніць. Ты — дзяржаўны чалавек. Яны павінны быць такія, як ты. Вось і ўся размова», — заявіў беларускі лідар. 

Мінспорту і турызму: даваць вынік

Што тычыцца спорту, то Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на цвёрдасць, ваенную падрыхтоўку міністра Сяргея Кавальчука. Па словах Прэзідэнта, гэта нядрэнна, сёння патрэбна жорсткасць. Але ён запатрабаваў спыніць спрэчку міністэрства спорту са старшынёй Асацыяцыі Беларуская федэрацыя футбола Мікалаем Шарснёвым. Адзіным шляхам да вырашэння гэтай спрэчкі кіраўнік дзяржавы назваў вынік. «Ты як спартсмен гэта добра ведаеш. Ёсць вынік — добра. Няма выніку — дрэнна. Мне шмат тут гаварылі, расказвалі, але я не бачу ў футболе пакуль выніку. Не „гараць“ і іншыя віды спорту асобныя, акрамя 5-6 відаў. Не гараць. Але я хачу, каб вы разумелі, што патрэбны вынік усюды» — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён папярэдзіў, што ў спорце трэба рыхтавацца да прыстойных змяненняў па зараплатах. «Гэта ж не справа, што мы за бюджэт усіх утрымліваем — усіх за бюджэт. Якім чынам? На нерухомасць жа падатак фактычна аддалі спартсменам. А ён так утрымлівае невядома каго. Таму тут нам трэба парадак навесці», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Беларускі лідар даручыў кіраўніцтву спартыўнай галіны разабрацца, каму колькі плаціць. «А то мы сёння спрачаемся па зарплаце і іншае. Некаторыя ў нас трэнеры, якія ў плей-оф не трапілі ў асобных відах спорту, атрымліваюць тры зарплаты Прэзідэнта. Па 35-40 тысяч рублёў. Таму ўсё трэба прыводзіць у адпаведнасць», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што тыя, хто хоча атрымліваць больш, павінны самі зарабляць гэтыя грошы, а не спадзявацца на бюджэтныя сродкі: «Ёсць вынік — ёсць грошы, зямельныя ўчасткі, кватэры і іншае. Няма выніку — размовы быць не можа».

Міністэрства аховы здароўя: дзейнічаць 

Прэзідэнт заўважыў, што ў сістэме аховы здароўя зараз шмат нараканняў, маўляў не той чалавек прыйшоў. «Не будзе ніякіх там кланаў у ахове здароўя. Не будзе. Таму дзейнічайце. Калі вы будзеце павольна разгортвацца, вас будуць таптаць і аб вас выціраць ногі. І ні ён, ні я вам не дапаможам і дапамагаць не будзем, калі вы не зможаце абараніць сябе і сваіх непасрэдных падначаленых. Таму дзейнічайце. Вы назначаны Прэзідэнтам, і ніхто не мае права ў вас камяні кідаць», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева. Ён заўважыў, што сістэма ад фельдашарска-акушэрскіх пунктаў да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў у краіне выбудавана і яна павінна працаваць. Усюды абслугоўваюцца нашы людзі. 

Мінадукацыі: толькі не спыняцца

У адукацыі, сродках масавай інфармацыі, па словах Прэзідэнта, адставаць нельга. Ён падкрэсліў, што адукацыю ўзначальвае малады міністр. І няхай многія на гэта скардзяцца, сфера ўжо прывыкла. «Дзейнічайце, толькі не спыняйцеся. Рабіце так, каб і ў школе было добра, каб парадак у школе быў, каб школа была храмам. І каб уступныя экзамены былі нармальнымі, даступнымі», — параіў кіраўнік дзяржавы Андрэю Іванцу. 

Мінінфарм: не адставаць

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння сродкі масавай інфармацыі на вастрыні. Па яго словах, вельмі добра, што міністр інфармацыі Марат Маркаў працягвае сам працаваць у СМІ. «Трэба не адставаць, трэба перамагаць. Ісці, ісці наперад і перамагаць. Іншага не дадзена», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

У тэму

Планамі і задачамі на новай пасадзе віцэ-прэм’ер Уладзімір Каранік падзяліўся з журналістамі. Асноўнай задачай ён назваў роўны доступ людзей да сацыяльных паслуг, незалежна ад месца пражывання, сталіца гэта ці невялікі населены пункт. «Роўны доступ да медыцынскай дапамогі, адукацыйных паслуг, магчымасцей займацца спортам, сацыяльнай дапамогі, магчымасці дакрануцца да нашай найбагацейшай культуры. Наша задача — зрабіць так, каб ад месца жыхарства грамадзяніна не залежала якасць прадастаўляемых сацыяльных паслуг», — сказаў Уладзімір Каранік. Ён падкрэсліў, што пры прыняцці найважнейшых рашэнняў, выпрацоўцы стратэгій сацыяльны блок урада будзе ўзаемадзейнічаць з калегамі з іншых блокаў і міністэрстваў. «Сацыяльны блок залежыць ад работы рэальнага сектара эканомікі, ад фінансавання, ад магчымасцей нашай прамысловасці. У гэтым выпадку ў сацыяльным блоку важным з’яўляецца ўзаемадзеянне з усімі органамі дзяржкіравання і з усімі ведамствамі, і я маю намер узровень гэтага ўзаемадзеяння яшчэ больш павысіць», — растлумачыў Уладзімір Каранік. Такі падыход ужо паказаў сваю эфектыўнасць. У прыклад віцэ-прэм’ер прывёў перыяд пандэміі: «Калі мяне спыталі, што дало магчымасць выстаяць сістэме аховы здароўя ў вельмі няпросты перыяд пандэміі, я адказаў, што змагалася не сістэма аховы здароўя — змагалася дзяржава. І ўсе органы дзяржкіравання былі нацэлены на вынік».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю