Пачатак года ў краіне выдаўся вельмі актыўным у грамадска-палітычным плане, на што звяртае ўвагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Следам за электаральнай кампаніяй на красавік запланавана правядзенне чарговага пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. Старт да падрыхтоўкі гэтага найважнейшага дзяржаўнага мерапрыемства дало пасяджэнне Прэзідыўма Усебеларускага народнага сходу, якое прайшло ў Палацы Незалежнасці. На парадку дня — ключавыя пытанні дзейнасці найвышэйшага органа народаўладдзя.
У новым канстытуцыйным статусе Усебеларускі народны сход будзе праводзіцца другі раз. А ўсяго за гады незалежнасці прайшло 7 сходаў. «Па Канстытуцыі УНС адводзіцца стратэгічная роля па ўсёабдымнай абароне суверэнітэту нашай Беларусі. Аб значных паўнамоцтвах дадзенага органа народаўладдзя, які забяспечвае шырокае ўцягванне нашых грамадзян у працэсы развіцця краіны, красамоўна гавораць рашэнні, якія прымаюцца ім, — планы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, `Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Ваенная дактрына і іншыя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, Старшыня УНС. Па яго словах, у поўнай меры гэта адносіцца і да тых пытанняў, якія павінны быць вынесены на маючы адбыцца Усебеларускі народны сход.
Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Парламента
Адным з галоўных пытанняў Аляксандр Лукашэнка назваў выступленне Прэзідэнта са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Парламента. «Пасланне — гэта і справаздача перад людзьмі, і вызначэнне задач на перспектыву, і адказы на самыя актуальныя жыццёвыя пытанні», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што краіна ўступіла ў пяцігодку якасці. Дадзены старт Году добраўпарадкавання. Завяршаецца апошні год пяцігодкі 2021 — 2025 гадоў. «Гэта прадвызначае складанасць і комплекснасць задач, якія стаяць перад намі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Даклад Прэм’ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця
Наступнае пытанне, якое акрэсліў Прэзідэнт, звязана з новымі канстытуцыйнымі кантрольнымі паўнамоцтвамі УНС: «Упершыню дэлегаты заслухаюць даклад Прэм’ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У сваім выступленні кіраўнік урада павінен не толькі даць справаздачу аб праведзенай рабоце, але і акрэсліць контуры стратэгіі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку».
Кадравыя рашэнні
Усебеларускаму народнаму сходу таксама ўпершыню трэба будзе прыняць шэраг кадравых рашэнняў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Па працэдуры Прэзідэнт уносіць на ўзгадненне Прэзідыўма кандыдатуры суддзяў вышэйшых судоў. «Прадставяць гэтых людзей старшыні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Калі вы іх падтрымліваеце, то пытанне аб іх выбранні ўключым у парадак дня Сходу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Арганізацыйная структура УНС
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пытаннем застаюцца арганізацыйная структура і камісіі УНС. «Вы памятаеце палеміку на мінулым пасяджэнні Прэзідыўма. Мной даручалася Прэзідыўму пры ўдзеле Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дадаткова прапрацаваць гэтыя пытанні. Спадзяюся, сёння мы іх разгледзім і прымем рашэнні па іх. Чакаю ад вас дакладнага і аргументаванага абгрунтавання пазіцый. Праблематыка сур’ёзная, і нам нельга памыліцца», — адзначыў ён.
«Нельга спарадзіць фармалізм»
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў. «Нельга спарадзіць новыя нарады, перапіску, фармалізм. І галоўнае не павінна быць сутыкнення лбамі адных органаў улады з іншымі і ўсіх разам з Усебеларускім народным сходам,— адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы, як першапраходцы, ідзем па цаліне, фарміруем структуру на гады наперад. І ад гэтага рашэння шмат у чым залежыць прадуктыўнасць і аўтарытэт самога УНС і іншых органаў дзяржаўнага кіравання. Калі мы хочам мець эфектыўную дзяржаву, то пачынаць трэба з аптымізацыі кіраўнічых працэсаў, татальнай дэбюракратызацыі і жалезнай выканальніцкай дысцыпліны». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ад гэтага залежыць давер народа.
«Усё, што мы абяцалі людзям у перадвыбарную кампанію, мы абавязкова павінны рэалізаваць. І мы гэта зробім», — заявіў Прэзідэнт.