Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Вы заўсёды былі надзейнымі партнёрамі»

Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнкі пачаўся з сяброўскай сустрэчы. У Палац Незалежнасці завітаў губернатар Свярдлоўскай вобласці Яўген Куйвашаў. І хоць сустрэча сяброўская, размова была плённая, на перспектыву.


Сустрэча гэта ўжо не першая. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яго папярэдняя сустрэча з Яўгенам Куйвашавым адбылася ў 2019 годзе. «З той пары прайшло нямала часу. Мы, як бы ні было складана, рухаліся наперад. І, як мне дакладваюць, на сёння мы маем у тавараабароце амаль мільярд долараў», — адзначыў Прэзідэнт. 

Аб’ём узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю паступова павялічваецца. У 2024 годзе ён дасягнуў 880 мільёнаў долараў, што больш чым на 10% вышэй за паказчык 2023-га. Беларускі экспарт у Свярдлоўскую вобласць у мінулым годзе перасягнуў 585 мільёнаў. У расійскі рэгіён пастаўляліся ў асноўным лазеры, грузавыя аўтамабілі, трубы і трубкі з чорных металаў, сыры і тварог, электрычныя трансфарматары, алюмініевыя спіцы і профілі.

Напрамкі традыцыйныя... 

Кіраўнік дзяржавы пералічыў напрамкі, па якіх яшчэ беларусы могуць плённа супрацоўнічаць са Свярдлоўскай вобласцю, і адпаведна павялічваць тавараабарот. На першым месцы — прамысловасць. «Ваша вобласць заўсёды была, і я думаю, застанецца, моцнай прамысловай вобласцю. Хаця і сельскую гаспадарку вы падцягнулі. Але прамысловасць развіта ў вас. Мы таксама прамысловая рэспубліка. Вы ведаеце ўсё, што мы можам вырабляць. Гэта і аўтамабілебудаванне, і чагосьці мы дасягнулі ў сельскай гаспадарцы, таксама дзякуючы Расіі і таму рынку, на якім мы запатрабаваныя як аграрная краіна, што вырабляе добрыя прадукты харчавання», — адзначыў ён. Ключавымі напрамкамі супрацоўніцтва ў прамысловай сферы Аляксандр Лукашэнка назваў аўтамабілебудаванне, і найперш пастаўкі камунальнай тэхнікі, якая, па яго словах, будзе патрэбна заўсёды. Беларускае абсталяванне патрэбна і металургічнай галіне Свярдлоўскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што свярдлоўскія партнёры купляюць БелАЗы, без якіх развіццё горназдабываючай прамысловасці немагчыма. Беларусы пастаўляюць і будуць пастаўляць гідраўлічныя помпы для БелАЗаў «Вы заўсёды былі надзейнымі партнёрамі», — заўважыў беларускі лідар. 

... І інавацыйныя

Новай тэмай у супрацоўніцтве кіраўнік дзяржавы назваў авіябудаванне. «Мы ўжо на сваім заводзе робім нямала дэталяў для вашай авіяпрамысловасці. Для нас гэта важна. Мы паціху ідзём ад рамонту самалётаў да вытворчасці самалётаў. Асабліва мы робім стаўку на вытворчасць самалёта „Асвей“ і пастаўкі на расійскі рынак», — сказаў ён.

Адпрацоўваюцца іншыя напрамкі супрацоўніцтва. «Мы гатовы праектаваць, гатовы займацца будаўніцтвам метрапалітэна ў вас», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. 

«Беларускай тэматыкай» кіраўнік дзяржавы назваў трамваі. Беларускія трамваі ўжо складаюць вялікую частку парка Екацярынбурга. Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы гатовы працаваць над абслугоўваннем і мадэрнізацыяй трамвайнага парка Екацярынбурга. Патрэбны Свярдлоўскай вобласці (як і ўсёй Расіі) і беларускія ліфты. 

«Усё, аб чым дамовіцеся, што вам спадабаецца... будзем працаваць з нашай Свярдлоўскай вобласцю, не чужой для нас», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён узгадаў свой візіт у Свярдлоўск і прызнаўся, што яму вельмі спадабаўся гэты горад. «У мяне вельмі добрыя ўражанні. Ну і з гісторыі. Вы заўсёды былі для нас, для Савецкага Саюза кузняй усяго таго, што было патрэбна. Асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Без вашага рэгіёна нам было б складана атрымаць тую Вялікую Перамогу», — сказаў Прэзідэнт. Ён падзякаваў дэлегацыі Свярдлоўскай вобласці за візіт у Беларусь. «Мы ўсё зробім, каб вы лічылі, што не дарма прыехалі», — запэўніў беларускі лідар. 

Мы ўсё больш і больш з кожным годам збліжаемся

У адказ Яўген Куйвашаў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пажадаў далейшых поспехаў у дзяржаўнай дзейнасці на карысць Беларусі і Саюзнай дзяржавы. «Так складваюцца адносіны, што мы ўсё больш і больш з кожным годам збліжаемся. Мы реалізуем шэраг сур’ёзных праектаў. Вы самыя блізкія сябры для нас», — сказаў ён. Яўген Куйвашаў нагадаў, што ў 2022 годзе было падпісана абноўленае Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж урадамі Свярдлоўскай вобласці і Рэспублікай Беларусь. Таксама павышаны статус консульскай установы Рэспублікі Беларусь. Замест аддзялення пасольства, якое працавала ў рэгіёне амаль чвэрць стагоддзя, у мінулым годзе адкрыта Консульства Рэспублікі Беларусь. Па словах губернатара вынікі работы паказваюць, што гэта было вельмі правільнае рашэнне. Актыўна пашыраюцца міжпарламенцкія сувязі. Умацоўваецца і муніцыпальнае супрацоўніцтва. 

У тэму 

«Мы ніколі не паступім непрыстойна ў адносінах да нашых беларускіх сяброў»

Журналістам Яўген Куйвашаў расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўвалася, што ўжо зроблена і што яшчэ трэба зрабіць для ўмацавання адносін Беларусі і Свярдлоўскай вобласці. Журналісты асобна пацікавіліся сумеснай работай у метрабудаўнічай галіне. Губернатар растлумачыў, што спецыялісты Беларусі і Свярдлоўскай вобласці працуюць у гэтай сферы, але пакуль праца папярэдняя і гаварыць аб канкрэтнай рэалізацыі гэтага праекта пакуль рана. 

Што датычыцца рэалізаваных праектаў, то ТАА «ЦГП БелАЗ-Спецмаш» разам з БелАЗам паспяхова рэалізоўвае праект па вытворчасці пнеўмакампрэсараў. «Гэта вельмі адчувальная і важная пазіцыя для нашай прамысловасці. Я маю на ўвазе і для прамысловасці Беларусі, і для нашай. Ёсць кампетэнцыі, якія захавалі і прымножылі нашы кампаніі. Ёсць кампетэнцыі, якімі валодае Беларусь. І вельмі важна скласці гэтыя кампетэнцыі і зрабіць якасны, канкурэнтаздольны на сусветным рынку прадукт. І ўсе падставы для гэтага ёсць», — адзначыў Яўген Куйвашаў. Ён расказаў, што ў графіку дэлегацыі таксама наведванне інжынірынгавага цэнтра ТАА «Швабе-Мінск» — даччынага прадпрыемства Уральскага оптыка-механічнага завода імя Э. С. Яламава. 

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва губернатар Свярдлоўскай вобласці назваў развіццё вытворчасці і набыццё аўтамабільнай тэхнікі. Ён адзначыў, што ў рэгіёне ёсць цікавасць да беларускіх пажарных машын.«Вопыт паказвае, што трэба развіваць сваё і ўлічваць свае інтарэсы. У Беларусі і Расіі, прыватнасці ў Свярдлоўскай вобласці адны інтарэсы. Мы ніколі не паступім непрыстойна ў адносінах да нашых беларускіх сяброў, таму што мы ўжо шмат сіл уклалі ў тое, каб стварыць сваё», — падкрэсліў губернатар.

Яўген Куйвашаў адзначыў, што пачалася падрыхтоўка да «Інапрама», міжнароднай прамысловай выставы, якая праводзіцца ў Екацярынбургу з 2010 года. На выставе будзе прадстаўлена і нямала беларускай прадукцыі. «Беларусь — гэта прамысловая краіна. Эканоміка Беларусі вельмі падобная да нашай, толькі што тут больш сельгаспрадпрыемстваў, у астатнім мы вельмі падобным. І ў многіх рэчах, у якіх мы хацелі б атрымаць якасць ад нашых прадпрыемстваў, мы атрымліваем ад беларускіх», — распавёў ён. Яўген Куйвашаў адзначыў, што праект «Інапрам» цяпер будзе прадстаўлены і ў іншых гарадах. У верасні 2025 года выставу прыме Мінск. І гэта таксама важны элемент супрацоўніцтва.

«Упэўнены, што тая дынаміка, якая сёння зададзена ў развіцці нашых эканамічных, гуманітарных, адукацыйных і іншых праектах, будзе развівацца гэтак жа актыўна», — падсумаваў Яўген Куйвашаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю