Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Я люблю і паважаю свой народ

Як мы ўжо паведамлялі, Прэзідэнт Беларусі ў аўторак даў інтэрв’ю кіраўніку Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МІР» Радзіку Батыршыну. 10 красавіка ўвечары яно выйшла ў эфір, а мы для сваіх чытачоў падрыхтавалі свайго роду пераказ па закранутых у гутарцы тэмах.


Пра дэмакратыю і таталітарызм

Падчас інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рэгулярна глядзіць тэлеканал «МІР», паколькі яму цікава, што адбываецца на постсавецкай прасторы. Акрамя таго, паводле слоў Прэзідэнта, журналісты гэтай тэлерадыёкампаніі аб’ектыўна асвятляюць падзеі і ў іншых краінах — непрадузята канстатуюць факты.

«Гэтага, дарэчы, сёння не хапае. У свеце не хапае. І як бы там ні пышыліся амерыканцы, французы і іншыя, яны не проста прапагандысты — гэта больш, чым прапаганда. Гэта ніякай дэмакратыі, гэта суцэльны таталітарызм. А нам яны падносілі сябе вунь як», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка згадаў сітуацыю з лідарам французскай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн, якую прызналі вінаватай у злоўжыванні сродкамі Еўрапейскага саюза, а таксама судовы працэс па справе кіраўніка Гагаузскай аўтаноміі Малдовы Яўгеніі Гуцул (яе абвінавачваюць у парушэннях пры фінансаванні апазіцыйнай партыі «Шор», ліквідаванай). Шмат хто лічыць, што абедзве справы палітычна матываваныя.

«У любой краіне гэта жудасць. Гэта жудасць. Ніякай там дэмакратыі не было. А тое, што было, яны акуратна хавалі пад сукно. Пад плінтус схавалі, і мы: „Ах, якая дэмакратыя. Давайце паўторым“. Мы з расіянамі паўтарылі. Яны (заходнія партнёры. — „Зв.“) прыйшлі да нас з нейкімі эканамічнымі прапановамі, інвестыцыямі, прадпрыемствы адкрылі, недзе прыватызавалі (не ў нас, у Расіі ў асноўным). А потым, як толькі адмашку атрымалі, усе збеглі.

Дзякуй богу, што збеглі. Яны ж нічога з сабой не знеслі. Нам розуму хапіла пакінуць усё тое, што было напрацавана нашымі людзьмі і іх спецыялістамі. Гэта аснова нашага імпартазамяшчэння і канкурэнтаздольнасці», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пра вайну, памяць і праўду

«Мы занадта шмат сёння гаворым аб нашай Перамозе, аб гераізме нашага народа, аб генацыдзе супраць савецкага народа, супраць нашага народа. Гэта ўсё правільна, гэта праўда, але наколькі пранікнёна, наколькі пачуццёва мы гэта робім звычайна? Бо прайшло 80 гадоў ужо — адзінкі засталіся з тых, якія ўсё гэта перажылі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Для мяне гэта праніклівыя рэчы. І ў той час, калі ўжо засталося зусім няшмат людзей, нам трэба, прабачце, не языком ляпаць, а адчуваць, што гэта такое, каб данесці да нашай моладзі, хаця б да наступнага пакалення, што гэтая Перамога была, што ёю трэба ганарыцца. 

А адказнасць заключаецца яшчэ і ў тым, што Беларусь як ніякая іншая рэспубліка была падвергнутая нападу нацызму. Яна была наогул сцёртая з твару зямлі.

Добра, што беларусы людзі цярплівыя, яны ўмеюць і працаваць, і цяжкасці перажываць, і хавацца ў лесе, і гэтак далей. Вось яны і засталіся. Мы лічылі, што ў нас кожны чацвёрты чалавек загінуў. Нічога падобнага: кожны трэці загінуў, мы гэта сапраўды ведаем. Я баюся, каб яшчэ больш не было», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Найвялікшая адказнасць — спасылацца на тое, што было, і рабіць гэта нашым здабыткам, сваім здабыткам. Я не ваяваў тады, але тым не менш гэта мая Перамога. Гэта Перамога таго пакалення людзей, якія жылі ў Савецкім Саюзе і ў Беларусі. І калі ты пра гэта гаворыш, ты павінен за гэта несці найвялікшую адказнасць», — сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт расказаў, чаму Германія забываецца пра ўрокі Другой сусветнай вайны.

«Сышоў страх разам з тым пакаленнем, якое сюды прыйшло да нас ваяваць. Відавочцы зніклі, з’явілася новае пакаленне. І ў іх палітыка, якая навязваецца дзяржавамі, што размешчаны яшчэ на захад ад іх. Тымі ж англічанамі, Злучанымі Штатамі Амерыкі. І немцы паплылі, мякка кажучы. Яны забыліся пра ўсё, што было. Але часам у іх праскоквае: „Не-не, там на Усходзе нам не месца, мы там ваяваць не павінны. Не-не, да рускіх не пойдзем“. Гэта значыць, у іх, у іх унукаў яшчэ нейкая памяць прачынаецца. Але гэта, ведаеце, голас адзінокага ў пустыні. Не больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Журналіст у час інтэрв’ю папрасіў Прэзідэнта пракаменціраваць адну з яго мінулых цытат — «Скрасці можна памяць, але не праўду». Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што памяць можна затуманіць, сапсаваць або павярнуць у любы бок. Але паколькі праўда — гэта жывыя факты, ад іх нікуды не падзецца. 

Ён нагадаў аб фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Я сумняваюся ўжо, што ёсць месцы, дзе няма гэтых магіл. Мы раскапалі гэту магілу — вось глядзіце, колькі загінуўшых людзей. Гэта праўда аб тым часе, як ты яе ўкрадзеш? Ты яе не ўкрадзеш: яна заснавана на канкрэтных фактах, на канкрэтнай, не скажонай гісторыі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра супрацоўніцтва з Расіяй і бяспеку

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што заключаны з Расіяй дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы забяспечвае Беларусі поўную бяспеку. «Ніхто не будзе ваяваць з ядзернай краінай, якая б яна ні была... Так, у палякаў, прыбалтаў і гэтак далей свае планы, але неяк прыціхлі. Чаму? Я не кажу пра немцаў: яны менш дурасцю пакутуюць. Чаму прыціхлі? Я чытаю іх заявы, дакладваюць мне: баяцца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт раскрыў падрабязнасці вучэнняў «Захад-2025», якія пройдуць у сярэдзіне верасня. Ён расказаў, што нядаўна абмяркоўваў іх з Уладзімірам Пуціным. «Асноўную ролю з-за пэўных прычын павінна адыграць Беларусь. Надышоў час і нам паказаць, што мы шмат чаго ўмеем. Тут будуць прысутнічаць і расійскія войскі. Таму мы будзем рабіць усё для таго, каб абараніць нашу агульную Айчыну», — заявіў беларускі лідар.

У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, ці ўлічваюць Беларусь і Расія ў рамках Саюзнай дзяржавы новыя пагрозы, якія ўзнікаюць у сувязі з эскалацыяй канфлікту на Блізкім Усходзе, магчымасцю ўзнікнення канфлікту з удзелам Ірана і іншымі падзеямі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не ўлічваць гэта Расія не можа. У той жа Сірыі ў яе дзве вайсковыя базы. Іран — саюзнік Расіі. «Таму Расія не можа быць убаку, а мы — саюзнікі Расіі. У нас адзіная абаронная прастора», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі таксама цесныя адносіны з Іранам і краінамі Блізкага Усходу.

«Мы ўлічваем усе гэтыя канфлікты. Мы бачым, што гэта канфліктнасць расце. І будзе расці, таму што гэта працяг дыпламатычных, палітычных і эканамічных войнаў і супярэчнасцяў. Сёння ідзе гандлёвая, эканамічная вайна. Ясна, што (не дай бог, вядома) яна можа перарасці ў ваеннае супрацьстаянне. Усё ўзаемазвязана. Таму нельга не ўлічваць гэтага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб СНД, ЕАЭС і БРІКС

У час інтэрв’ю размова зайшла аб патэнцыяле такіх інтэграцыйных аб’яднанняў, як СНД і ЕАЭС. Прэзідэнт прызнаў, што ў гэтых структурах ёсць пэўныя супярэчнасці, але ў святле апошніх падзей і ўведзеных супраць Беларусі і Расіі санкцый некаторыя краіны, якія не ўваходзяць у ЕАЭС (напрыклад, Азербайджан, Узбекістан, Таджыкістан), сталі больш прыглядацца да гэтага саюза, збліжаць пазіцыі. «Ёсць нейкія нюансы, якія трэба ўбіраць (і мы стараемся гэта рабіць), каб гэтыя рэспублікі падцягнуць у ЕАЭС», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Калі ў будучым гэта адбудзецца і да ЕАЭС далучацца былыя постсавецкія рэспублікі, існаванне СНД перастане быць неабходным. «СНД, я думаю, сам сабой адпадзе, паколькі ўсе рэспублікі паднімуцца на больш высокі ўзровень і ўвойдуць у склад ЕАЭС», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, не выключыўшы, што ў перспектыве да ЕАЭС могуць далучыцца Украіна і Грузія.

Адной з тэм, закранутых падчас інтэрв’ю, быў удзел Беларусі ў БРІКС, дзе яна нядаўна атрымала афіцыйны статус краіны-партнёра. Гаворачы аб тым, якія перспектывы гэта адкрывае, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «БРІКС — гэта будучыня».

Прэзідэнт перакананы ў вялікіх перспектывах БРІКС і важнасці ўдзелу Беларусі ў гэтай арганізацыі. «БРІКС — гэта вядучыя дзяржавы свету, з якімі мы супрацоўнічаем. Што дрэннага, што мы за адным сталом з імі знаходзімся? Мы туды ідзём для таго, каб забяспечыць нармальнае існаванне сваёй дзяржавы, абапіраючыся на сваіх сяброў, на сваіх суседзяў, на Расійскую Федэрацыю, на Кітайскую Народную Рэспубліку, Бразілію, у нас нармальныя адносіны з іншымі дзяржавамі, якія ўваходзяць у склад БРІКС».

Пра дэмакратыю і народ

Кіраўніка дзяржавы папрасілі пракаменціраваць сказаныя ім раней словы аб тым, што ў Беларусі больш дэмакратыі, чым у тых краінах, якія называюць сябе яе эталонам. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за той час, пакуль ён у палітыцы, даводзілася назіраць «усякую іх дэмакратыю», і прыгадаў шматлікія прыклады зусім не дэмакратычных рашэнняў і мер у краінах Захаду, якія называюць сябе апорай дэмакратыі, у прыватнасці, адхіленне ад барацьбы за ўладу непажаданых палітыкаў.

У развіццё тэмы Прэзідэнт нагадаў, як у 2020 годзе Захад папракаў Беларусь у недэмакратычнасці з-за абвінавачанняў у адносінах да банкіра Віктара Бабарыкі, хоць на самай справе яны былі выстаўлены на абсалютна законных падставах. «Слухайце, як яны нас „бамбілі“!.. А зараз што?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

«Вось іх „дэмакратыя“. А як у іх выбары праводзяцца? Вазьміце, да прыкладу, Злучаныя Штаты Амерыкі, мінулыя выбары (2020 года. — „Зв.“), калі Трампа беднага „бамбілі“, „малацілі“, у турму ледзь не пасадзілі. Па пошце галасавалі, потым знаходзілі пад плотам ці недзе на сметніцы бюлетэні. У рэшце рэшт Байдэн стаў Прэзідэнтам, — прывёў яшчэ адзін прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Дык яго ж і потым (Трампа пасля выбараў 2020 года. — „Зв.“) па судах цягалі, потым стралялі... Гэта што, дэмакратыя? Вось іх дэмакратыя».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2025 годзе прайшлі ціха і спакойна, што пацвердзілі шматлікія назіральнікі, у тым ліку міжнародныя. Аднак станоўчай рэакцыі з боку Захаду ўсё роўна не было. Замест гэтага зноў былі заезджаныя папрокі аб нібыта адсутнасці ў Беларусі дэмакратыі.

«Я бязмерна паважаю беларусаў. Я іх цаню за іх мінулае, гісторыю (я яе добра ведаю). Гэта найпрацавіцейшы народ, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы — людзі працавітыя. Будзем яшчэ лепш жыць (дзякуючы сваёй працавітасці. — „Зв.“), людзі гэта разумеюць. Таму — я люблю і паважаю свой народ».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што палітыкі ў дэмакратычных (якімі яны самі сябе лічаць) краінах часта гавораць публічна адно, а робяць зусім супрацьлеглае. «Камеру ўбачылі, чагосьці набалбаталі, налапаталі на камеру, заяву зрабілі — і ўсё. А палітыка зусім іншая: людзей не любяць, людзей не паважаюць. „Дэмас“ — народ, „кратас“ — улада. Як жа вы ажыццяўляеце ўладу ў інтарэсах гэтага народа?» — рытарычна спытаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь на працягу многіх гадоў развіваецца як сацыяльна арыентаваная дзяржава, дзе, у прыватнасці, для грамадзян бясплатная адукацыя і ахова здароўя. «У нас шмат чаго для людзей робіцца, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Магчымасці для таго, каб зарабіць, каласальныя. Але трэба працаваць. Права на жыццё чалавека. Назавіце мне іншую такую краіну, дзе так вось калоцяцца і дрыжаць за жыццё чалавека? Патрапіў у бяду чалавек або група людзей, не дай бог, — мы ўсе там, мы дапамагаем. Гэта што, не дэмакратыя? Дзе, у якой краіне заходняй, так званай дэмакратыі, якія нас вучылі гэтай дэмакратыі, дзе гэта ёсць? Нідзе няма».

Пра выхаванне дзяцей

У інтэрв’ю МТРК «Мір» Аляксандр Лукашэнка шчыра адказаў і на пытанні асабістага характару. Радзік Батыршын пацікавіўся, як Аляксандр Лукашэнка праводзіць час са сваімі дзецьмі і ўнукамі.

«Я часта кажу: бацька для сыноў павінен быць прыкладам. Не тое, што „Вось глядзіце, які я вялікі, я Прэзідэнт“. Не. Калі ты хочаш, каб тваё дзіця займалася спортам,— за руку і з сабой, і сам бяжы. Калі ты хочаш, каб тваё дзіця займалася музыкай, і ў яго ёсць здольнасці (у мяне старэйшы сын і малодшы сын якраз музычныя школы скончылі), я, бачачы іх здольнасці, спецыяльна даручыў спецыялістам пераправерыць. Яны мне шчыра сказалі: „Так, у іх ёсць здольнасці“. І аддаў у музычную школу. Гэта вельмі важна для развіцця, — падзяліўся рэцэптам выхавання Аляксандр Лукашэнка. — Замежная мова — без яе нікуды... Разумеючы, што яму трэба, ты павінен дапамагчы яму гэта асвоіць. Або весці за сабой... Ты павінен быць для сваіх дзяцей прыкладам, не толькі для хлапчукоў, але і для дзяўчынак у тым ліку».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю