Top.Mail.Ru

Аляксандр Рагожнік — аб падрабязнасцях даклада Прэзідэнту

На бягучы момант у Віцебскай вобласці пасеяна 40 % плошчаў, адведзеных пад яравую сяўбу. Асноўны акцэнт робіцца на культывіраванні і будучай нарыхтоўцы кармавых культур. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, раскрываючы падрабязнасці свайго даклада кіраўніку дзяржавы. 



— Павялічваем пасяўныя плошчы пад кукурузу на 25 %, зараз вырашаем пытанне аб павелічэнні плошчаў пад люцэрну. Усё насенне ў неабходных аб’ёмах ужо закуплена, адрамантавана тэхніка — больш за 300 адзінак. Своечасова вырашылі пытанне падрыхтоўкі энерганасычаных трактароў, пасяўных агрэгатаў. З дапамогай Прэзідэнта і ўрада вырашылі пытанне з закупкай угнаенняў. Можна канстатаваць, што Віцебская вобласць да пасяўной кампаніі падрыхтавалася вельмі добра, — адзначыў Аляксандр Рагожнік. 

Ён засяродзіў увагу на тым, што патрэба АПК вобласці ў энерганасычаных трактарах складае каля 400 адзінак. У гэтым годзе пры дзяржпадтрымцы толькі на Мінскім трактарным заводзе Віцебшчына закупляе каля 150 адзінак такой тэхнікі. Таксама набылі 47 трактароў вытворчасці Пецярбургскага трактарнага завода. 

— Усё ж такі мы знаходзімся ў адной Саюзнай дзяржаве, і пецярбургскі трактар напалову складаецца з беларускіх камплектуючых, — засяродзіў увагу кіраўнік паўночнага рэгіёна. — ААТ «МАЗ», «БАТЭ», «Белшына» і іншыя кампаніі пастаўляюць расійскаму вытворцу шкло, шыны, электроніку, гідраўліку і шмат іншага для гэтага трактара. Супрацоўніцтва, на мой погляд, носіць узаемавыгадны характар. Заўвагі расіян, што ў беларускіх палях няма расійскай тэхнікі, не адпавядаюць рэчаіснасці. Да гэтай вясны на Віцебшчыне працавала каля 180 «кіраўцаў». Яны некалькі таннейшыя па кошце, чым нашы энерганасычаныя трактары і вельмі добра сябе паказваюць на нашых гліністых глебах, а на Віцебшчыне яны складаюць больш за 50 %. «Кіраўцы» аказваюць меншы ціск на грунт, адпаведна, больш прыстасаваныя пад нашы кліматычныя і глебавыя асаблівасці, па водгуках аграрыяў, зарэкамендавалі сябе на нашых палях вельмі добра, — патлумачыў губернатар. 

Аляксандр Рагожнік агучыў рашэнне аб будаўніцтве ў вобласці больш як 150 прафілакторыяў для цялят, з іх каля 70 — для маладняку ва ўзросце да двух месяцаў. Спецыялісты прапануюць да рэалізацыі шэраг праектаў. Яны розныя па кошце — у прыярытэце найбольш аптымальныя ў суадносінах цаны і якасці варыянты. Сёння першыя 11 прафілакторыяў пабудаваны, пад 70 заліты фундаменты, з надыходам цяпла пачнецца актыўнае будаўніцтва. 

— На чале любой справы стаіць чалавек, гэта аснова, — заявіў Аляксандр Рагожнік. — Якой бы тэхнікай ты ні валодаў, працаваць на ёй павінен чалавек — кваліфікаваны, які даражыць ёй, які зарабляе годную зарплату. Самае галоўнае, на што будзе зроблены акцэнт у святле кадравай палітыкі, — гэта прыцягненне і замацаванне маладых спецыялістаў. Сёлета чакаем прыбыццё ў аграпрамысловы комплекс больш за 500 выпускнікоў ВНУ і ССНУ. 

Старшыня Віцебскага аблвыканкама адзначыў, што сёлета дапамогу пры правядзенні вясенне-палявых работ аграрыям аказалі ўсе ведамствы, ад прамысловых прадпрыемстваў да Міністэрства абароны. Да ўдзелу ў сяўбе прыцягнута больш за 700 механізатараў. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць той моладзі, якая хутка прыйдзе працаваць у гаспадаркі. Важна, каб маладыя людзі знаходзілі годныя ўмовы працы, пражывання, аплаты, фінансавую падтрымку пры падпісанні кантракта на працяглы тэрмін работы. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю