27 сакавіка завяршыўся двухдзённы рабочы візіт Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына ў Казахстан, дзе прайшло пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета і пленарнае пасяджэнне «Індустрыя 5.0: Моц узаемадзеяння» міжнароднага лічбавага форуму «Dіgіtal Qazaqstan 2026». Падрабязнасці другога дня рабочага візіту кіраўніка беларускага ўрада ў Шымкенце — у нашым матэрыяле.
Імкнення да кааперацыі ўжо недастаткова
— Беларусь нацэлена на актыўную сумесную работу па далейшым развіцці еўразійскай інтэграцыі, — падкрэсліў падчас свайго выступлення на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета Аляксандр Турчын.
Ён нагадаў, што сустрэча праходзіць у перыяд чарговай вострай фазы турбулентнасці ў сусветнай эканоміцы:
— Гэта яшчэ раз падкрэслівае каштоўнасць нашай супольнасці ў рамках ЕАЭС і неабходнасць працягваць яго будаўніцтва.
На яго думку, Еўразійскі саюз павінен заставацца для бакоў надзейнай пляцоўкай, якая гарантуе стабільнасць і ўпэўнены рост эканомік, а для іншых краін служыць магутным маяком эканамічнага прагматызму:
— Важна захаваць галоўнае дасягненне еўразійскай інтэграцыі — ёмісты ўнутраны рынак без меж, абмежаванняў і залішняга пратэкцыянізму, забяспечаны вытворчымі магутнасцямі і вычарпальнай рэсурснай базай.
Аляксандр Турчын перакананы, што сёння імкнення да больш цеснай кааперацыі ўжо недастаткова. Ён адзначыў, што неабходна забяспечыць сацыяльна-эканамічнае развіццё краін «пяцёркі», здольнае ўстойліва супрацьстаяць шырокаму спектру знешніх выклікаў ва ўмовах нарастаючай фрагментацыі сусветнай эканомікі.
— Менавіта такая стратэгічная задума сфармуляваная лідарамі нашых дзяржаў больш за 10 гадоў таму ў Дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, — акцэнтаваў увагу спікер. — У сувязі з гэтым мы чакаем хутчэйшага пачатку зладжанай, дэбюракратызаванай і канкрэтнай работы на пляцоўцы камісіі па ўсіх прыярытэтах, закладзеных у Плане рэалізацыі Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках ЕАЭС.

Спыняцца на дасягнутым нельга
Ён нагадаў, што Беларусь з самага пачатку ставіла ў аснову Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі фарміраванне агульных рынкаў.
Актуальным кірункам калектыўных намаганняў, на думку беларускага боку, з’яўляецца эфектыўнае функцыянаванне транспартна-лагістычнага каркаса ЕАЭС з акцэнтам на дыверсіфікацыю міжнародных транспартных маршрутаў, забеспячэнне звязанасці ЕАЭС з ключавымі рынкамі збыту еўразійскіх тавараў і каналамі паставак крытычнага імпарту.
— Дасягненне новага этапу інтэграцыйнага ўзаемадзеяння па фарміраванні эканомікі будучыні немагчыма без развіцця прамысловага патэнцыялу ЕАЭС, кааперацыі ў навукова-тэхнічнай, інавацыйнай і вытворчай сферах, — перакананы Аляксандр Турчын. — Пакуль што, нягледзячы на намаганні, эфектыўная кааперацыя паміж нашымі краінамі запускаецца вельмі павольна. Больш за тое, часам замест кааперацыі мы сваімі рукамі ствараем канкурэнцыю паміж сабой.
Ён выказаў у адрас ЕЭК пажаданне больш выніковай работы па стымуляванні стварэння кааперацыйных ланцужкоў паміж дзяржавамі «пяцёркі» з апорай на фінансавыя інструменты падтрымкі кааперацыі з бюджэту ЕАЭС.
Аляксандр Турчын згодны з тым фактам, што рэалізаваць амбіцыйныя планы развіцця ЕАЭС у якасці значнага эканамічнага полюса прыцягнення ў свеце немагчыма без праактыўнага падыходу ў міжнародным пазіцыянаванні інтэграцыйнага аб’яднання.

На яго думку, варта прадоўжыць сістэмную работу па пашырэнні кола краін, з якімі дзяржавы — члены ЕАЭС развіваюць супрацоўніцтва на прынцыпах свабоднага гандлю.
Работа па практычнай рэалізацыі гандлёвых пагадненняў, заключаных з В’етнамам, Сербіяй, Іранам, Манголіяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Інданезіяй, павінна быць на асаблівым кантролі ЕЭК, лічыць спікер.
— Спыняцца на дасягнутым нельга — трэба актыўна ісці насустрач нашым партнёрам у Азіі, Афрыцы, арабскім свеце, Лацінскай Амерыцы. Не трэба адмаўляцца ад тых, хто зацікаўлены ў выбудоўванні канструктыўнага супрацоўніцтва. Пры гэтым, праецыруючы сваю цікавасць на далёкае замежжа, важна не выпусціць нашых найбліжэйшых суседзяў па СНД, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Турчын.
— Трэба завяршыць работу па падпісанні Плана мерапрыемстваў на 2026–2030 гады па рэалізацыі Мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і выканаўчым камітэтам СНД. Прапаноўваю зрабіць гэта ў маі бягучага года на палях Вышэйшага савета і Еўразійскага эканамічнага форуму, — агучыў ён.
Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што Беларусь была, ёсць і застаецца верным прыхільнікам інтэграцыйных працэсаў, і выказаў упэўненасць, што ўстойлівы эканамічны рост у краінах «пяцёркі», павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян можна дасягнуць толькі ў цеснай кааперацыі адзін з адным і партнёрстве з суседзямі з краін глабальнай большасці.
Інтэлектуальны самазвал і робаты на вытворчасці
На пленарным пасяджэнні «Індустрыя 5.0: Моц узаемадзеяння» міжнароднага лічбавага форуму «Dіgіtal Qazaqstan 2026» Аляксандр Турчын нагадаў, што сёння свет стаіць на парозе новай індустрыяльнай эпохі. Настаў час пятай прамысловай рэвалюцыі, заснаванай на лічбавай трансфармацыі, а таксама аўтаматызацыі і рабатызацыі вытворчасці.
— Для Беларусі з яе магутнай індустрыяльнай базай гэта не проста трэнд або даніна модзе, а стратэгічны прыярытэт, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр. — Як яе інакш называюць, індустрыя 5.0 сёння з’яўляецца адначасова залогам і ўмовай павышэння прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што асаблівая ўвага ўдзяляецца прыярытэтным сектарам вытворчасці: машынабудаванню, здабыўной прамысловасці, хімічнай галіне і аграпрамысловаму комплексу.
У якасці прыкладу ўкаранення новых падыходаў да арганізацыі вытворчасці Аляксандр Турчын прывёў вядомы брэнд «Савушкін прадукт»:
— У вытворчы цыкл прадпрыемства інтэгравана каля васьмідзесяці робатаў. Яны выкарыстоўваюцца для аўтаматызацыі працэсаў кладкі, упакоўкі і маркіроўкі прадукцыі. Робаты таксама задзейнічаны ў лагістычным сегменце, забяспечваючы захоўванне і перамяшчэнне тавараў. Паралельна на «Савушкіным прадукце» створана лабараторыя робататэхнікі, прыцягнуты патэнцыял рэгіянальнага тэхнічнага ўніверсітэта для падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама вырабляюцца ўласныя робататэхнічныя сістэмы.
Іншымі словамі, падкрэсліў Прэм’ер-міністр, фарміруюцца не проста асобныя сучасныя вытворчасці, а цэласныя прамыслова-сацыяльныя комплексы, якія адказваюць выклікам новай індустрыяльнай эпохі.

Гаворачы непасрэдна аб сферы машынабудавання, Аляксандр Турчын адзначыў, што наша краіна робіць акцэнт на выкарыстанні індустрыі 5.0 у першую чаргу для вырашэння такіх задач, як забеспячэнне бяспекі людзей у складаных умовах працы, зніжэнне прастояў і аварыйнасці, скарачэнне вытворчых выдаткаў.
— Сёння мы тэсціруем магчымасці і вывучаем перспектывы прымянення інтэлектуальнага кар’ернага самазвала, — агучыў навацыю Прэм’ер-міністр. — Гэта беларускі праект як у частцы стварэння самой машыны, так і па распрацоўцы праграмнага прадукту для яе. Тэхналогія сувязі 5G тут выкарыстоўваецца для камунікацыі, а штучны інтэлект — для планавання аўтаномнай работы машыны ў кар’еры.
Тэхналогіі служаць чалавеку, а не замяняюць яго
Важнай умовай для эфектыўнай тэхналагічнай трансфармацыі прамысловасці, на думку беларускага боку, таксама з’яўляецца стварэнне і развіццё нацыянальнай лічбавай экасістэмы:
— Драйверам тут выступае Парк высокіх тэхналогій, вядучы ІT-кластар рэгіёна, які часта называюць крамянёвай далінай Усходняй Еўропы. Рэзідэнты парка ствараюць рашэнні на базе штучнага інтэлекту і камп’ютарнага зроку, якія ўжо працуюць у прамысловасці: ад кіравання жыццёвым цыклам прадукту да аўтаномнай лагістыкі на складах.
Аляксандр Турчын падкрэсліў, наша краіна валодае вялікім наборам кампетэнцый, якія дазваляюць эфектыўна развіваць тэхналогіі новага індустрыяльнага ўкладу:

— Гэта моцная індустрыяльная база, інжынерная школа, высокі ўзровень тэхнічнай адукацыі. І, нарэшце, развітая ІT-экасістэма, здольная хутка ствараць і ўкараняць тэхналагічныя рашэнні. Усё гэта мы гатовыя інвеставаць у сумесную работу на пляцоўцы ЕАЭС. Уступаючы ў новую індустрыяльную эру, як заўсёды, падкрэслівае Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, вельмі важна на старце быць уключанымі ў лік распрацоўшчыкаў правілаў гульні. Каб не падладжвацца пад чужыя нормы.
Прэм’ер-міністр упэўнены, любой дзяржаве ў адзіночку гэта будзе зрабіць вельмі складана, калі наогул магчыма:
— А вось як інтэграцыйнае аб’яднанне, Еўразійскі саюз, мы зможам паўнавартасна і непасрэдна ўдзельнічаць у выпрацоўцы новага індустрыяльнага парадку. Ужо сёння Еўразійская эканамічная камісія праводзіць маштабную работу ў рамках развіцця канцэпцыі «Індустрыя 5.0». Асноўны прынцып — пераход ад простай аўтаматызацыі да стварэння асяроддзя, дзе тэхналогіі служаць чалавеку, а не замяняюць яго.