Top.Mail.Ru

Аляксандр Турчын: Эканамічны рост назіраецца ва ўсіх краінах СНД

У Душанбэ 5 чэрвеня прайшоў Савет кіраўнікоў урадаў СНД, удзел у якім прыняў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Бакі абмеркавалі актуальны парадак Садружнасці ў вузкім і пашыраным складах. Але перад гэтым адбылася сустрэча з лідарам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. Падрабязнасці — у нашым матэрыяле.


Прыярытэты ўзаемадзеяння

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падчас абмену думкамі па актуальных пытаннях эканамічнага ўзаемадзеяння ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у вузкім фармаце адзначыў той факт, што ва ўсіх краінах Садружнасці назіраецца эканамічны рост і другі год запар тэмпы росту ВУП у дзяржавах СНД перавышаюць сярэднесусветныя:

— Такая тэндэнцыя наглядна пацвярджае атрыманне канкрэтных выгод кожнай дзяржавай-удзельніцай ад эканамічнай інтэграцыі ў рамках Садружнасці.

На яго думку, нельга спыняцца на дасягнутым:

— Мы не можам ігнараваць турбулентнасць на сусветным рынку з прычыны розных абставін, уплыў разбуральных працэсаў на эканомікі дзяржаў — удзельніц Садружнасці і сусветную эканоміку ў цэлым.

У сувязі з гэтым у якасці прыярытэтных кірункаў эканамічнага ўзаемадзеяння ў рамках СНД Аляксандр Турчын вылучыў наступныя:

Першы. Выкарыстанне механізмаў свабоднага гандлю таварамі і паслугамі, а таксама ўстараненне бар’ераў ва ўзаемным гандлі дазволіць нам выйсці на новы ўзровень гандлёва-эканамічных узаемаадносін у Садружнасці.

На яго думку, неабходна больш актыўна задзейнічаць патэнцыял дзеючай рабочай групы высокага ўзроўню для правядзення аналізу прэтэнзій, якія паступаюць, і ліквідацыі перашкод ва ўзаемным гандлі дзяржаў — удзельніц СНД.

Прэм’ер-міністр канстатаваў, што ў частцы лібералізацыі гандлю паслугамі важным з’яўляецца ўступленне ў сілу пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі для ўсіх краін, якія падпісалі яго, і адзначыў той факт, што пагадненне ўжо ўступае ў сілу і для Рэспублікі Казахстан.

255848-06.jpg

Па-другое. Прадоўжыць фарміраванне навукова-тэхналагічнай прасторы СНД для дасягнення тэхналагічнага суверэнітэту. Пра важнасць гэтай тэмы ў кастрычніку мінулага года ў ходзе саміту Садружнасці гаварыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, — падкрэсліў Прэм’ер-міністр і прапанаваў у гэтай сувязі выканкаму СНД падумаць, дзе ў сферы тэхналогій бакі могуць выкарыстоўваць патэнцыял арганізацыі, каб развіваць сумесныя вытворчасці з высокай дабаўленай вартасцю.

Аляксандр Турчын таксама акцэнтаваў увагу на неабходнасці пашырэння ў Садружнасці прамысловай кааперацыі і павышэння ўзроўню лакалізацыі прадукцыі, што выпускаецца.

— Падпісанае сёння пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД у развіцці галін цяжкага машынабудавання павінна спрыяць гэтай мэце, — выказаў упэўненасць ён.

Трэцім кірункам, на якім акцэнтаваў увагу Прэм’ер-міністр Беларусі, з’яўляецца лічбавізацыя:

— Шырокае ўкараненне сучасных тэхналогій спрыяе эканамічнаму росту, павышэнню якасці паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, — адзначыў ён.

Аляксандр Турчын канстатаваў, што рэалізацыя ў гэтай галіне сумесных праектаў, што ўяўляюць інтарэс для ўсіх дзяржаў — удзельніц СНД, надасць дадатковы імпульс шматпланаваму супрацоўніцтву на прасторы Садружнасці. Ён выказаў упэўненасць, што ад стварэння адзінай лічбавай прасторы ў рамках СНД выйграе як арганізацыя ў цэлым, так і кожная дзяржава-ўдзельніца.

Яшчэ адным кірункам узаемадзеяння ўдзельнікаў з’яўляецца ўмацаванне міжнароднага статусу СНД:

— Назапашаны вопыт узаемадзеяння дзяржаў-удзельніц ва ўсіх сферах, развітая нарматыўная прававая база дазваляюць Садружнасці актыўна пазіцыянаваць сябе на міжнароднай арэне, гучаць у міжнароднай інфармацыйнай прасторы. Чакаем ад Выканкама СНД больш рашучых дзеянняў па атрыманні статусу назіральніка пры Садружнасці Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама па ўдзеле ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на пляцоўцы ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Наступная сустрэча — у Мінску

Што тычыцца наступнай даты правядзення пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД, запланаванай на 30 верасня ў Мінску, Аляксандр Турчын прасіў калег падтрымаць гэтую прапанову Выканкама СНД.

Таксама ён праінфармаваў, што адначасова плануецца правядзенне пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета пад старшынствам Беларусі.

255851-09.jpg

Акрамя таго, у гэты ж перыяд — 29 верасня — 1 кастрычніка — упершыню ў Мінску будзе арганізавана Міжнародная прамысловая выстава «ІНАПРАМ. Беларусь».

Прэм’ер-міністр Беларусі запрасіў усе краіны СНД прыняць удзел у рабоце гэтага прэстыжнага мерапрыемства і прадставіць на ім экспазіцыі сваіх нацыянальных вытворцаў.

Аляксандр Турчын таксама прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у пашыраным складзе. Па выніках падпісаны шэраг дакументаў, якія датычацца:

  • супрацоўніцтва дзяржаў у развіцці галін цяжкага машынабудавання і лёгкай прамысловасці;
  • гарманізацыі нацыянальных сістэм арганізацыі паветранага руху;
  • супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя насельніцтва;
  • рашэння аб Форуме валанцёраў СНД;
  • развіцця аб’яднанай сістэмы кантролю і ацэнкі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абстаноўкі міністэрстваў абароны краін — удзельніц СНД;
  • заснавання нагруднага знака «За развіццё турызму ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў»;
  • міждзяржаўнай мэтавай праграмы «Рэкультывацыя тэрыторый дзяржаў, якія падвергліся ўздзеянню ўраназдабываючых вытворчасцяў».
У тэму

На прынцыпах дружбы, узаемнай павагі і даверу

У Палацы нацыі Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон сустрэўся з кіраўнікамі ўрадаў краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

до встречи.JPG

На сустрэчы былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва бакоў у рамках Садружнасці і парадку дня старшынства Таджыкістана ў СНД.

Эмамалі Рахмон выказаўся аб прыярытэтах старшынства Таджыкістана, у тым ліку аб мерах, якія прымаюцца краінай у кірунку развіцця і пашырэння адносін супрацоўніцтва і вырашэння актуальных пытанняў:

— Таджыкістан у рамках свайго членства і, у прыватнасці, цяперашняга старшыні ў СНД праводзіць работу па далейшым развіцці шматбаковага супрацоўніцтва паміж усімі дзяржавамі-ўдзельніцамі, — запэўніў ён. — Меры, што прымаюцца намі ў гэтым кірунку, заснаваны ў першую чаргу на прынцыпах дружбы, узаемнай павагі і даверу, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і з улікам інтарэсаў усіх бакоў. У гэтым рэчышчы мы гатовы і далей садзейнічаць далейшаму пашырэнню ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах супрацоўніцтва, у сферах забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама ўмацавання стабільнасці і бяспекі на ўсёй прасторы Садружнасці.

Гавораць удзельнікі

Міхаіл Мішусцін, старшыня Урада Расійскай Федэрацыі:

— Для нашых дзяржаў рынак Садружнасці застаецца не проста значным. Ён з’яўляецца ключавым у знешнегандлёвым абароце. Па выніках мінулага года доля краін СНД у тавараабароце Расіі перавысіла 15,5 %. Гэта больш, чым годам раней.

У канцы 2024 года завяршыўся перыяд расійскага старшынства ў органах Садружнасці. Мы разам з вамі, паважаныя калегі, забяспечылі новую якасць нашай інтэграцыі, прынялі цэлы шэраг значных дакументаў у галіне энергетыкі, лагістыкі, інтэлектуальнай уласнасці, для ўмацавання харчовай бяспекі, развіцця транспартнага комплексу, стымулявання інавацый і павышэння прадпрымальніцкай актыўнасці.

Важным лічым і далейшае пашырэнне супрацоўніцтва СНД і Еўразійскага эканамічнага саюза. З улікам цесных сувязяў паміж нашымі краінамі неабходна працаваць над збліжэннем нарматыўна-прававога рэгулявання Садружнасці і Саюза.

Алі Асадаў, прэм’ер-міністр Азербайджана:

— Азербайджан надае важнае значэнне далейшаму пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязяў з дзяржавамі — членамі Садружнасці. У сувязі з гэтым прыемна адзначыць захаванне станоўчай дынамікі тавараабароту Азербайджана з краінамі СНД, які ў 2024 годзе вырас на 7 %. Па выніках 4 месяцаў бягучага года фіксуем прырост у 43 %.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю