Top.Mail.Ru

Аляксандр Турчын прадставіў апарату ўрада новага віцэ-прэм’ера

«Задачы гранічна выразна і ясна пазначыў Прэзідэнт»


У чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў шэраг важных кадравых прызначэнняў, у прыватнасці, новага намесніка Прэм’ера-міністра — ім стаў Алясандр Церахаў. 10 красавіка Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын прадставіў калектыву апарату Савета Міністраў свайго новага намесніка. 


Кіраўнік беларускага ўрада падкрэсліў, што задачы для новага віцэ-прэм’ера гранічна выразна і ясна пазначыў Прэзідэнт. Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што сярод моцных якасцяў новага віцэ-прэм’ера — высокая хуткасць прыняцця рашэнняў «І самае галоўнае, што ён працаваў на зямлі і ведае тыя праблемы, якія ёсць у будаўнічай галіне, тыя праблемы, якія ёсць у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ведае рэгіянальныя праблемы. І я думаю, што ўсе гэтыя сферы атрымаюць дадатковы імпульс з прыходам Аляксандра Аляксандравіча», — выказаў упэўненасць Аляксандр Турчын. Кіраўнік урада таксама выказаў словы шчырай падзякі свайму экс-намесніку Анатолю Сіваку, які выйшаў у адстаўку. 

У размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Аляксандр Церахаў падкрэсліў, што асноўны акцэнт у яго рабоце будзе зроблены на павелічэнні аб’ёму будаўніцтва жылля. «І ў першую чаргу, не за кошт аб’ёмаў горада Мінска, а за кошт развіцця малых гарадоў, аграгарадкоў. Калі казаць пра структуру жылля, у першую чаргу, будаўніцтва будзе адбывацца для шматдзетных, для маючых патрэбу. Таксама, безумоўна, — гэта арэнднае жыллё, якое сёння мае прыярытэт у развіцці дзяржавы. Арэнднае жыллё павінна будавацца там, дзе ствараюцца працоўныя месцы, там, дзе запатрабаваныя людзі і там, дзе неабходна замацаванне кадраў», — удакладніў віцэ-прэм’ер.


Яшчэ адзін важны кірунак — транспартнае абслугоўванне. Ставіцца задача звязаць якасным транспартам гарады-спадарожнікі з Мінскам і абласнымі цэнтрамі. Другая задача — якаснае транспартнае абслугоўванне насельніцтва, каб можна было з любога аграгарадка дабрацца ў раённы цэнтр, а з раённага цэнтра можна было якасна і хутка дабрацца да абласных цэнтраў, да сталіцы, туды, куды чалавеку патрэбна. «Шляхі развіцця і механізмы розныя, — заўважыў віцэ-прэм’ер. — Гэта і развіццё гарадскіх транспартных ліній, і развіццё наземнай чыгункі, і пабудова мультымадальных шляхоў транспарту, калі зручная маршрутка прыходзіць туды, куды трэба: да станцыі метро альбо да канчатковай аўтобуснай станцыі». Паводле яго слоў, таксама перахопліваючыя паркоўкі дапамогуць разгрузіць горад: прыехаў, пакінуў машыну на ўездзе ў горад і далей на грамадскім транспарце.

Аляксандр Церахаў звярнуў увагу і на развіццё авіязносін. Сёння прамыя авіямаршруты звязалі Беларусь і практычна ўвесь зямны шар: «Таму адна з задач — прамыя авіярэйсы. Самыя запатрабаваныя — тыя, якія патрэбны жыхарам Беларусі». Не варта забываць і аб унутрырэгіянальных авіярэйсах — такі вопыт паспяхова існаваў у савецкі час і, па словах профільнага віцэ-прэм’ера, мог быць запатрабаваны і сёння.

Беларусь — краіна рэк, і развіццё рачнога транспарту, у тым ліку будаўніцтва сучасных судоў, таксама ўяўляе цікавасць і можа стаць новым кірункам развіцця. «Гэта тыя задачы, якія сёння ставяцца перад урадам. І мы, безумоўна, будзем пачынаць работу не з нейкага там нарматыўнага забеспячэння, а з таго, што неабходны вынік павінен быць бачны сёння — тут і цяпер. Я думаю, што кожны жыхар нашай краіны павінен убачыць істотнае паляпшэнне ў гэтых сферах абслугоўвання», — рэзюмаваў Аляксандр Церахаў.


Таксама былі прадстаўленыя сваім калектывам прызначаныя Прэзідэнтам на новыя пасады кіраўнікі 

Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч прадставіў калектыву Міністэрства інфармацыі новага кіраўніка — Дзмітрыя Жука. «Кіраўнік дзяржавы выразна пазначыў прыярытэтныя задачы работы. Жадаю вам сіл і энергіі разам з калектывам годна іх вырашаць, а таксама своечасова інфармаваць грамадзян аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, дасягненнях галін эканомікі, аб тым, якая праца праводзіцца для павышэння ўзроўню якасці жыцця людзей, і, вядома, аператыўна рэагаваць на дэструктыўную інфармацыю», — звярнуўся намеснік Прэм’ер-міністра да міністра інфармацыі. Віктар Каранкевіч таксама падзякаваў за працу на чале Мінінфарма сённяшняму міністру культуры Марата Маркава. 



Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў прадставіў калектыву Міністэрства культуры новага кіраўніка — Марата Маркава. «Уся эканоміка і сацыяльная структура фарміруюцца інстытутамі, у тым ліку сацыяльнымі і міжасобаснымі. Міжасобасныя і сацыяльныя інстытуты фарміруюцца культурнымі кодамі грамадства. Культурныя коды — гэта аснова паводзін чалавека ў грамадстве, аснова здольнасці грамадства да інавацый і развіцця. Таму эканамічнае развіццё залежыць ад культуры. Гэта значыць, эканамічны рост залежыць ад гэтага калектыву і ад шматлікіх выдатных прадстаўнікоў культурных слаёў краіны ў рэгіёнах», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.



Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў прадставіў калектыву рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва» новага генеральнага дырэктара Андрэя Мохара, Уладзімір Пярцоў выказаў упэўненасць, што новы гендырэктар інфармагенцтва ў поўнай меры прыменіць свае навыкі, падыходы, падзеліцца імі з калектывам, каб вывесці работу на новы, больш якасны ўзровень ва ўмовах інфармацыйнай вайны. «Той, пра якую ўчора гаварыў Прэзідэнт і якая ўдарыла па вас з усёй моцай, што адбілася на выдаленні вашага канала з платформы YouTube», — дадаў ён. Уладзімір Пярцоў пажадаў калектыву БелТА выйсці на новыя вышыні і захаваць высокі статус галоўнага інфармацыйнага агенцтва, летапісца нашай краіны.


Падрыхтаваў Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю