Такое рашэнне прынята на V з’ездзе таварыства, які адбыўся на пляцоўцы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У прысутнасці звыш 180 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны, сярод якіх — прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады, дэпутацкага корпуса, вядомыя навукоўцы і грамадскія дзеячы, быў выбраны новы склад праўлення, падведзены вынікі дзейнасці аб’яднання за 2021–2025 гады, вызначаны прыярытэтныя кірункі далейшай работы, стратэгіі эфектыўнага развіцця.
Як адзначыў у размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Вадзім ГІГІН, які да нядаўняга часу ўзначальваў дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне, за мінулыя чатыры гады беларускае таварыства «Веды» прайшло вялікі шлях.
«Нашы акцыі «У рэжыме праўды», «Беларусь адзіная», «Дарогамі мужнасці і стойкасці», удзел таварыства ў рэспубліканскай акцыі «Марафон адзінства» запомніліся многім, — звярнуў увагу ён. — Лектары нашага таварыства пазнавальныя, многія з іх любімыя народам. У сваёй дзейнасці члены таварыства імкнуцца максімальна выкарыстоўваць новыя метады работы для ўздзеяння на аўдыторыю. Заўважаюць гэта і нашы праціўнікі, якія не раз пісалі аб мерапрыемствах таварыства «Веды».
Па словах Вадзіма Гігіна, не менш адказныя задачы стаяць перад таварыствам і на цяперашнім этапе. «У красавіку гэтага года была падпісана Дырэктыва Прэзідэнта № 12, згодна з якой на таварыства „Веды“ ўскладаецца інфармацыйна-метадычнае суправаджэнне ідэалагічнай работы ў нашай краіне, — нагадаў ён. — Неабходна вызначыцца з асноўнымі кірункамі дзейнасці на новым этапе, патрэбна адладзіць узаемадзеянне з іншымі грамадскімі арганізацыямі, дзяржаўнымі структурамі, унесці канкрэтныя прапановы па паляпшэнні гэтай работы».
Па словах новага старшыні праўлення Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства «Веды» Аляксея АЎДОНІНА, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, таварыства «Веды» ў цяперашніх умовах з’яўляецца найважнейшым інструментам правядзення інфармацыйнай, інфармацыйна-прапагандысцкай і контрпрапагандысцкай работы. «Мы бачым, як супраць нас актыўна працуюць нашы апаненты, можна нават сказаць, ворагі, якія выкарыстоўваюць інфармацыйнае і ідэалагічнае поле для таго, каб знішчыць нашы ідэнтыфікацыі, забыць гісторыю, перафарматаваць нашы карані, культуру, — канкрэтызаваў ён. — Адпаведна ў гэтым кірунку неабходная не толькі актыўная работа са сродкамі масавай інфармацыі, але і жывое слова — прамы дыялог з аўдыторыяй. Таварыства „Веды“ выконвае гэтыя найважнейшыя функцыі. Мы і далей гатовы весці ідэалагічную барацьбу за наша беларускае грамадства, каб яно развівалася спакойна, роўна, нягледзячы на супрацьборства ў інфармацыйным, ідэалагічным полі. Мы адстаім сваю незалежнасць, свой суверэнітэт і забяспечым далейшае развіццё нашай краіны».
Як звярнуў увагу ў размове з журналістамі рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Дзяніс ДУК, таварыства «Веды» і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце павінны стаць тым «фільтрам», які адсякае людзей дзяржаўных ад тых, хто пад рознымі маркамі прасоўвае свой парадак дня. «Гэты механізм ужо абмяркоўваецца, ён будзе створаны, — заўважыў Дзяніс Дук. — Мы будзем прыцягваць экспертаў, якім ёсць што сказаць, і, самае галоўнае, яны будуць даносіць да грамадства правільныя аб’ектыўныя сэнсы».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА