Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка выбраны членам Прэзідыума VII Усебеларускага народнага сходу (УНС). Адпаведныя вынікі тайнага галасавання дэлегатаў агучаны на пасяджэнні УНС 19 снежня, паведамляе БелТА.
Вакансія ў Прэзідыуме ўзнікла вясной бягучага года пасля кадравых змяненняў ва ўрадзе — Канстанцін Бурак быў назначаны памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Гродзенскай вобласці, у сувязі з чым страціў статус дэлегата УНС і члена Прэзідыума.
Прэзідыум УНС з’яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам, падсправаздачным Сходу і забяспечвае аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю УНС. Членамі Прэзідыума з’яўляюцца Старшыня УНС і яго намеснікі. Іншыя члены Прэзідыума выбіраюцца з ліку дэлегатаў УНС. Лімітавая колькасць Прэзідыума УНС складае 15 чалавек.
У адпаведнасці з законам «Аб Усебеларускім народным сходзе» члены Прэзідыума выбіраюцца тайным галасаваннем. Аднак падчас вылучэння кандыдатуры Аляксея Кушнарэнкі кіраўнік беларускай дзяржавы і Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заканадаўства ў гэтых адносінах, магчыма, трэба падкарэкціраваць.
«Тое, што мы абавязкова павінны (правесці працэдуру тайнага галасавання за кандыдата. — Заўв. БелТА), паводле нашай дэмакратыі, — ужо крытыкуюць мяне за гэта. Але пры чым тут я? Гэта ж вы прымалі рашэнне, што ўсе члены Прэзідыума УНС выбіраюцца тайным галасаваннем. Многія зараз, нават Аляксандр Мікалаевіч (намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец. — Заўв. БелТА) кажа, што гэта можна было б рабіць і адкрытым галасаваннем, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Атрымліваецца так, што члена Прэзідыума тайна выбіраем, а далей мы будзем прызначаць суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў — гэта адкрытым галасаваннем. Таму мы разгледзім, яшчэ раз вернемся да гэтага закона. І трэба падрэгуляваць, каб час сапраўды не губляць, неяк ураўнаважыць і збалансаваць сітуацыю».