Top.Mail.Ru

Амаль 50 тыс. рублёў пакінуў на прыпынку запалоханы аферыстамі жыхар Пружанаў

Жыхар Пружанаў стаў ахвярай махляроў і пазбавіўся амаль 50 тыс. рублёў, паведамляе БелТА са спасылкай на УУС Брэсцкага аблвыканкама.



У месенджары Telegram 32-гадовы мужчына адказаў на званок з невядомага нумара. Суразмоўца назваўся работнікам Нацыянальнага банка. Ён ашаламіў паведамленнем, што нібыта ад імя жыхара Пружанаў ашуканцы праводзяць падазроныя аперацыі за мяжой, таму для разбору на сувязь выйдзе супрацоўнік КДБ. Неўзабаве пачуўся званок ад уяўнага праваахоўніка. 

«Ён засыпаў маладога чалавека інфармацыяй і афіцыйнымі фразамі. Потым папярэдзіў: каб даказаць адсутнасць сувязі з экстрэмісцкімі фарміраваннямі і сваю невінаватасць, мужчыну трэба адправіцца ў пэўны банк у Слоніме і аформіць на сваё імя крэдыт. Пацярпелы выканаў усе ўказанні і атрымаў іншыя інструкцыі. Трэба было паехаць у адну з вёсак Мінскай вобласці і пакінуць грошы за аўтобусным прыпынкам. Жыхар Пружанаў так і зрабіў», — расказалі падрабязнасці ва УУС Брэсцкага аблвыканкама.


Толькі па дарозе дадому ў мужчыны закраліся сумненні ў праўдзівасці сітуацыі. Ён звярнуўся ў Пружанскі РАУС. Праваахоўнікі пацвердзілі, што малады чалавек трапіўся на хітрыкі махляроў. Ён страціў 47 тысяч рублёў. Зламыснікаў шукаюць.

У міліцыі рэкамендуюць прытрымлівацца некалькіх правілаў бяспекі, каб не стаць ахвярай аферыстаў. «Не верце пагрозам, калі незнаёмцы палохаюць крымінальнай справай, вобыскам, арыштам рахункаў або ўдзелам у спецаперацыі. Ніколі не паведамляйце коды з СМС, паролі, даныя пашпарта і банкаўскіх карт. Не пераходзьце па спасылках, не ўстанаўлівайце „ахоўныя“ або „службовыя“ дадаткі па ўказанні тых, хто тэлефануе», — пералічылі ва УУС. Усю інфармацыю лепш пераправерыць, паклаўшы трубку і патэлефанаваўшы ў міліцыю ці банк.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю