Арганізацыя, якая займаецца рознічным гандлем адзення ў сямі гандлёвых пунктах горада, у поле зроку падатковых органаў трапіла яшчэ ў пачатку 2025 года. Пра гэта расказалі ў прэс-цэнтры інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.
Тады супрацоўнікі інспекцыі МПЗ звярнулі ўвагу на надта нізкі працэнт наяўнай выручкі ў агульным аб’ёме продажаў прадпрыемства. Але праведзеная неўзабаве пасля гэтага растлумачальная работа, указанне строга выконваць заканадаўства аб прыёме сродкаў плацяжу і фіксаваць усе паступленні праз касавае абсталяванне, не падзейнічала.
Таму ў снежні мінулага года была прыменена іншая форма кантролю — маніторынг. У ходзе яго правядзення ва ўсіх гандлёвых аб’ектах, дзе праходзіла праверка, зноў выявілі парушэнні парадку прыёму наяўных і плацежных картак. Інспекцыя выдала рэкамендацыі аб устараненні парушэнняў і перасцерагла ад іх паўтарэння.
У канцы красавіка 2026-га на падставе інфармацыі, якая паступіла з інспекцыі МПЗ па г. Бабруйску, інспекцыя па Магілёўскай вобласці прызначыла пазапланавую тэматычную аператыўную праверку. Аказалася, што значная частка наяўнай выручкі ўсё яшчэ не праходзіла праз касу і не адбівалася ў бухгалтарскім уліку. Для гэтага выкарыстоўвалася так званая «агрэсіўная» схема ўхілення ад падаткаабкладання — так арганізацыі ўдалося вывесці з легальнага абароту больш за 1,5 мільёна беларускіх рублёў.

У выніку да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 13.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прыцягнулі дзевяць наёмных работнікаў — касіраў, прадаўцоў і кіраўнічы персанал, а таксама саму юрыдычную асобу. Ім прызначаны штрафы ва ўстаноўленых законам памерах, а на адрас суб’екта накіравана апавяшчэнне з прапановай у добраахвотным парадку вылічыць і заплаціць падаткі. Арганізацыя пагадзілася з высновамі правяраючых і пералічыла ў бюджэт 493,9 тысячы рублёў, падкрэслілі ў МПЗ.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц