Пра гэта міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ расказаў на селектарнай нарадзе, удзел у якой таксама прынялі намеснікі міністра, кіраўнікі падраздзяленняў МУС, начальнікі ГУУС Мінгарвыканкама і абласных УУС.
— Практыка паказвае, што большасці такіх выпадкаў папярэднічаюць злоўжыванне алкаголем, незанятасць працоўнай дзейнасцю, сямейна-бытавыя канфлікты. Своечасова выявіўшы і належным чынам адрэагаваўшы на іх, можна было прадухіліць бяду, — падкрэсліў міністр.
Прычым амаль 90 % такіх злачынцаў у момант учынення злачынства знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, палова з іх нідзе не працавалі, а чвэрць раней ужо мелі судзімасць. Пры гэтым кожны восьмы спалучаў у сабе адразу ўсе тры фактары рызыкі.
Паказальным прыкладам такой статыстыкі стала рэзананснае трайное забойства ў Столінскім раёне, якое адбылося ў канцы кастрычніка 2026 года. Яго здзейсніў беспрацоўны, раней ужо судзімы за пазбаўленне жыцця іншага чалавека, падчас чарговага сумеснага застолля. У ведамстве зазначаюць, што такіх трагедый можна было б пазбегнуць пры своечасовым выяўленні праблем і належнай рэакцыі на іх.
— Важна не проста весці ўлік гэтай катэгорыі людзей, а валодаць рэальнай абстаноўкай, разумець характар рызык і выбудоўваць індывідуальную прафілактыку зыходзячы з акалічнасцяў, якія склаліся. Увесь неабходны для гэтага інструментарый у нас ёсць, аднак задзейнічаны ён недастаткова эфектыўна, — расказаў Іван Кубракоў. — Патрабуецца зладжанае ўзаемадзеянне з органамі сацыяльнай абароны, аховы здароўя, адукацыі, выканкамамі і іншымі зацікаўленымі структурамі. Іх патэнцыял важна прыцягваць у поўным аб’ёме.
Пры гэтым супрацоўніцтва павінна мець не фармальны, а прыкладны характар, падкрэсліў міністр унутраных спраў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА