Больш за 3,2 тысячы легкавых і грузавых аўтамабіляў стаяць у чэргах на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі ЕС, гэта вынікае з дадзеных беларускага Пагранкамітэта.
На граніцы Беларусі з Польшчай у пункце пропуску «Брэст» чэргі з легкавога транспарту працягваюць расці. Так, калі ў сераду раніцай тамака налічвалася 1785 машын, то сёння іх колькасць павялічылася да 1870. У гэтым жа пагранпераходзе магчымасці заехаць на польскую тэрыторыю чакаюць і 10 пасажырскіх аўтобусаў.
Невялікая чарга з 40 легкавушак утварылася і на беларуска-літоўскай граніцы, усе яны стаяць у ПП «Каменны Лог».
На граніцы Беларусі з Латвіяй вялікай колькасці легкавога транспарту не назіраецца.
Што да фур, то чэргі з іх, як і раней, фіксуюцца па двух напрамках — літоўскім і латвійскім.
Самае напружанае становішча склалася на граніцы з Літвой, дзе сумарна знаходзіцца 930 фур, з іх 490 машын — у пункце пропуску «Беняконі», а 440 — у «Каменным Лозе».
Фота: БелТА