З пасылаў сацыяльных і агульначалавечых
На пленуме Вярхоўнага Суда прынялі пастанову, якая дазволіць судам правільна і аднастайна прымяняць заканадаўства аб шлюбе і сям’і пры разглядзе спраў аб устанаўленні паходжання дзяцей, а таксама аб спагнанні аліментаў. Распрацоўка дакумента абумоўлена абнаўленнем шлюбна-сямейнага заканадаўства, а таксама змяненнем падыходаў да вызначэння памеру аліментаў у правапрымяняльнай практыцы.
«Выхаванне ў поўнай сям’і — законнае права кожнага дзіцяці»
Адкрываючы пасяджэнне пленума, старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй ШВЕД указаў на сацыяльную значнасць пытанняў, вынесеных на разгляд. «Абарона правоў мацярынства, бацькоўства і дзяцінства — фундаментальная аснова здаровага грамадства, — канстатаваў ён. — Сям’я — гэта заўсёды апора для чалавека, дзе кожны абаронены і мае пры гэтым права на падтрымку: як маральную, так і матэрыяльную».

Па словах старшыні Вярхоўнага Суда, справы аб устанаўленні паходжання дзяцей, а таксама аб спагнанні аліментаў складаюць большасць ад усіх спраў, якія паступаюць у суды першай інстанцыі. «Кожная дзясятая справа звязана з гэтымі пытаннямі, — удакладніў ён. — І значная іх колькасць — спагнанне аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх».
Андрэй Швед падкрэсліў, што бацькі абавязаны ўтрымліваць сваіх непаўналетніх і непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Такі ж абавязак ляжыць і на сужэнцах у адносінах адно да аднаго, а таксама на дарослых дзецях — у адносінах да сваіх непрацаздольных бацькоў.

«Мы бачым, што інстытут сям’і перажывае крызіс ва ўсім свеце: колькасць разводаў дастаткова вялікая, — заўважыў Андрэй Швед. — Пры гэтым у большасці сваёй дзеці пасля разводу застаюцца пражываць з маці, якая займаецца іх выхаваннем і нярэдка ўтрыманнем. У зоне асаблівай увагі дзяржавы — забеспячэнне выканання правоў жанчын, якія выхоўваюць дзяцей пасля разводу, у тым ліку іх права на атрыманне ад бацькі дзіцяці сродкаў на яго ўтрыманне».
Па словах старшыні Вярхоўнага Суда, выхаванне ў поўнай сям’і — законнае права кожнага дзіцяці. «З гэтых пасылаў — сацыяльных, агульначалавечых — мы і павінны сыходзіць, фарміруючы судовую практыку», — рэзюмаваў Андрэй Швед.
«Летась судамі рэспублікі вынесена больш як 20 тысяч рашэнняў аб скасаванні шлюбу»
У 2025 годзе ў вытворчасці судоў знаходзілася 17 432 справы аб спагнанні аліментаў (8,7 % ад усіх грамадзянскіх спраў) і 1361 справа (0,7 % ад усіх грамадзянскіх спраў), звязаная з устанаўленнем паходжання дзяцей. У 98 % спраў патрабаванні аб спагнанні аліментаў задавальняюцца, аб устанаўленні паходжання дзяцей — больш як па 90 % спраў. У 92 % выпадкаў з іскам аб спагнанні аліментаў звяртаюцца жанчыны.

«Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці заключаюцца не толькі ў саюзе мужчыны і жанчыны, але і ў адказных адносінах да стварэння сям’і, нараджэння дзіцяці, яго выхавання і ўтрымання, — звярнуў увагу суддзя Вярхоўнага Суда Аляксандр ІВАНКОЎ. — Таму правільны і своечасовы разгляд спраў накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйных гарантый абароны сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. Правы дзіцяці, якое народжанае ў незарэгістраваных адносінах, могуць быць парушаны — права ведаць абаіх сваіх бацькоў, права атрымліваць утрыманне ад іх і іншыя гарантыі, звязаныя з роднасцю».

Аляксандр Іванкоў канстатаваў, што мацярынства або бацькоўства можа быць устаноўлена ў любы момант незалежна ад часу нараджэння дзіцяці. «Дзяржаўная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь накіравана на захаванне сям’і, прыярытэт пражывання дзіцяці ў поўнай сям’і, — падкрэсліў ён. — Разам з тым колькасць разводаў у цяперашні час дастаткова вялікая. Летась судамі рэспублікі вынесена больш як 20 тысяч рашэнняў аб скасаванні шлюбу паміж мужам і жонкай, якія маюць агульных непаўналетніх дзяцей. Як правіла, у такіх выпадках дзіця застаецца пражываць з адным з бацькоў. Узнікаюць пытанні выплаты аліментаў».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА