Наша гераіня мае шмат захапленняў, але асаблівае месца адведзена музыцы. Ёю Амалія Сухан займаецца ўжо пяць гадоў пад кіраўніцтвам вопытнай каманды ў Гранд-студыі мастацтваў «Malіnovka by Spamash». У пошуках уласнага рэцэпта прафесіяналізму дзяўчына паспела, напрыклад, паказаць сябе на Міжнародным конкурсе эстраднай песні «Халі-Хало — 2023» (Гран-пры), на тэлешоу «Голас. Дзеці», на шматлікіх канцэртах. А сёлета перамагла на нацыянальным адборы на Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2025». Сустрэліся з юнай артысткай, каб распытаць пра конкурснае закуліссе, жыццё па-за сцэнай і наступныя крокі да поспеху.
Штодзённая праца дзеля выніку
— Амалія, віншуем з перамогай! Раскажы, як рыхтаваліся з камандай да адбору?
— Мы пачалі рыхтавацца яшчэ летась, калі на гэтым жа конкурсе я заняла ў фінале 3-е месца. Тады ў мяне з’явілася жаданне падняцца на два ўзроўні вышэй. Любы артыст у першую чаргу робіць упор на вакал, таму рэпетыцыі праходзілі штодня. Аднак вакаліст — гэта адно, а артыст — зусім іншае. Каб прадстаўляць Беларусь на «Славянскім базары», трэба быць менавіта артыстам: не проста выканаць песні, а пражыць іх на сцэне, знайсці кантакт з публікай. Таму, калі ўсё адточана па вакальнай частцы, пачынаецца карпатлівая праца над харэаграфіяй, акцёрскім майстэрствам, над прапрацоўкай сцэнічнага вобраза і рыхтуецца фінальная карцінка.
— Любы артыст на конкурсах жадае перамагчы, але, як паказвае і твой вопыт, бываюць розныя вынікі... Што матывуе не спыняцца і рабіць яшчэ адну спробу?
— Я веру ў свае сілы, але і разумею, наколькі моцныя дзеці выступаюць побач. Таму імкнуся настройвацца на перамогу, але помніць, што вынік можа быць любы. Разуменне, ці гатовая яшчэ да адной спробы, прыходзіць заўсёды пасля конкурснай барацьбы. Часам ужо сумняваешся, што ты і твае блізкія могуць маральна яшчэ раз усё перажыць. Год рэпетыцый, розных паездак і іншых высілкаў дзеля некалькіх хвілін выступлення на сцэне — няпростае выпрабаванне. І калі перамагаю, то ў першыя хвіліны нібыта пражываю стан поўнай безэмацыянальнасці. Проста стаю на сцэне, разумеючы што ўсе глядзяць на мяне, і чакаю, чым усё скончыцца.
— Як выбіралі кампазіцыі для нацыянальнага адбору?
— Беларускую песню напісалі пра мяне і пад мяне, я нават удзельнічала ў яе стварэнні разам з Леанідам Шырыным і Алесем Камоцкім. Кампазіцыя «Я не спынюся» апісвае ўвесь шлях, які мы пераадолелі за апошнія два гады. Спачатку няўдача і роўна з таго ж месца я зноў працягваю рабіць новыя крокі, каб дамагчыся жаданага. Плюс усё гэта адбывалася паралельна з маім удзелам у шэрагу іншых праектаў. Таму ў параўнанні з папярэдняй песняй «Спеў святла», дастаткова спакойнай, новая кампазіцыя мае ўжо зусім іншы настрой. А англійскую «House of Rusіng sun» гурта The Anіmals мы не мянялі, бо знайсці нешта больш моцнае і блізкае мне немагчыма.
— Амалія, у цябе за плячыма ўдзел у конкурсах і тэлепраектах. Як складваюцца ўзаемаадносіны за кулісамі?
— На адборы са мной быў хлопец з Брэста, з якім разам удзельнічалі на тэлепраекце «Голас. Дзеці». Мы з ім сябруем і зусім не адчуваем сябе канкурэнтамі. Многіх я ведала з мінулага года, і нам было прыемна зноў сустрэцца. Мне здаецца, ніякай канкурэнцыі там увогуле не адчуваеш.
Калі казаць пра настаўнікаў на праекце «Голас. Дзеці», то з Юліянай Караулавай, да якой я трапіла ў каманду, мы лёгка знайшлі агульную мову. Яна ўсім дапамагала, цікавілася нашым меркаваннем наконт касцюмаў, рэпертуару і падтрымлівала кожнага з нас. І Джоні быў з намі на адной хвалі, а ад Дзмітрыя Білана мне хацелася пачуць крытыку. Таму я ніколі не забуду вопыт, які там здабыла.
Галоўны канкурэнт — хваляванне
— А што адчувае артыст, калі выконвае гімн сваёй краіны перад шматтысячнай аўдыторыяй на спартыўнай арэне?
— Хакеем даўно захапляюся. На матчах перажываю самыя розныя эмоцыі. Таму, калі мой педагог паведаміла, што змагу выканаць гімн перад пятнаццацітысячнай аўдыторыяй на хакейным матчы, у мяне быў шок ад усведамлення маштабу. Перад выступленнем баялася паслізнуцца на лёдзе, у мяне трэсліся каленкі, бо навокал цемра і толькі пражэктар на цябе свеціць. Пасля пачынаеш спяваць і чуеш, як разам з табой гімн выконваюць усе на трыбунах. І хочацца спяваць ад сэрца, забыўшы пра хваляванне.
— Як настройваешся перад выхадам на сцэну?
— Спярша на выступленнях побач была мама. Пасля мы вырашылі, што лепш ёй назіраць за мной з залы. Мне так спакайней. Падчас конкурсу «Халі-Хало» ў 2023 годзе мяне падтрымлівала мой педагог па вакале Таццяна Аляксандраўна Трухан. З той пары за кулісамі толькі яна. Мой галоўны канкурэнт — хваляванне — нікуды не знік, але ёсць прыёмы, як яго перамагчы. Напрыклад, магу перад выступленнем зрабіць некалькі фізічных практыкаванняў, і тады ўжо выходжу і дакладна не думаю пра тое, як добра праспяваць. Лічу, калі непакоіцца пра кожную ноту, то ўсё проста пасыплецца. Таму я за тое, каб пражываць эмоцыі і атрымліваць на сцэне задавальненне.
— Які вопыт даў тэлепраект «Голас. Дзеці», дзе ты дайшла амаль да фіналу?
— Праект дазволіў заявіць пра сябе, але туды варта ісці добра падрыхтаванымі. Увесь мой шлях на «Голасе...» — неацэнны вопыт. Я трапіла на 11 сезон з крутымі настаўнікамі. Змагла выступіць з аркестрам. На дадатковым этапе мне даверылі спяваць песню маёй настаўніцы на праекце «Пазаарбітныя». З аднаго боку я адчувала двайную адказнасць, а з іншага — падтрымку ўсіх дзяцей, якія знаходзіліся са мной на сцэне. Таму ўвесь праект я пражыла б нанава, бо там было цікава і весела.
— Займацца музыкай ты пачала з падачы хроснай маці…
— Мая хросная Юлія сама нейкі час іграла на фартэпіяна, і ёй удалося пераканаць маіх бацькоў, што варта дачку аддаць у музычную школу. Добра, што мама і тата яе паслухалі. І цяпер бачаць вынік. Праўда, яны амаль увесь свой час трацяць на тое, каб я ўсюды паспявала. А хросная маці адказвае за мае прычоскі (усміхаецца).
— У чым табе хочацца быць падобнай да бацькоў?
— Найбольш я цаню іх уменне ва ўсім падтрымліваць. Яны не творчыя людзі, але заўсёды могуць мне нешта параіць, дапамагчы ў любой сітуацыі. З мамай любім хадзіць у тэатр. І я вельмі ўдзячная ёй за тое, што яна вытрымлівае мой рытм жыцця, раздзяляе мае захапленні. Увогуле, без бацькоў не было б нічога.
— Як складваюцца ў цябе адносіны са старэйшымі братамі?
— З імі бывае весела, хоць здараюцца і непаразуменні. Калі мой старэйшы брат Мікіта паведаміў, што пераязджае, то я вельмі засмуцілася, бо ён той чалавек, які здольны зарадзіць мяне пазітывам на тыдзень наперад. З Арсеніем у нас невялікая розніца ва ўзросце, таму часам мы сварыліся. Цяпер жа адчуванне, быццам яму хочацца мяне аберагаць. Бывае, што і з вучобай дапамагае.
Прыемна раздзяліць сваю радасць
— А як табе ўдаецца сумяшчаць вучобу ў школе з усімі заняткамі па інтарэсах?
— Імкнуся для ўсяго знаходзіць час. Напрыклад, калі хочацца сустрэцца з сяброўкамі, то запрашаю іх да сябе з начоўкай. Таксама адзначаю свае дні нараджэння і цікава праводжу выхадныя.
— Ведаю, што і чытаць любіш. Якой літаратуры аддаеш перавагу?
— Мне падабаюцца дэтэктывы. Цяпер чытаю кнігу Агаты Крысці. З дзяцінства люблю нешта разгадваць, над нечым разважаць у працэсе чытання.
— У асяродку аднагодкаў ты атрымліваеш больш падтрымкі ці часам сутыкаешся і з нядобразычлівасцю?
— Мае сябры мяне ва ўсім падтрымліваюць. Мы з імі даўно знаёмыя, яшчэ да майго ўдзелу ў розных праектах. На жаль, ёсць таксама тыя, хто не ведае мяне, але дазваляюць сабе выказвацца ў мой адрас. Для сяброўства я выбіраю добразычлівых людзей. Цудоўна, калі побач тыя, хто здольны падтрымаць і з кім можна раздзяліць радасць.
— У сацыяльных сетках, мабыць, таксама розную рэакцыю на сваю творчасць назіраеш…
— Прыемна мець зваротную сувязь ад аўдыторыі. Бывае, чытаеш каментарый накшталт «Ну такое...» і разумееш: хутчэй за ўсё ён напісаны тым, хто проста сядзіць дома і нічога не дасягнуў, але лічыць, быццам мае права ацэньваць іншых. І для такіх ты будзеш класным толькі тады, калі станеш знакамітым. Аднак спярша кожнаму артысту трэба прайсці шлях станаўлення. Я цаню, калі аўдыторыя разумее, што артысты — жывыя людзі, якія здольныя як перамагаць, так і памыляцца.
— Амалія, артыстам якога ўзроўню марыш стаць?
— Не буду загадваць, бо разумею, што жыццё можа скласціся па-рознаму. Мне цікава ісці гэтай дарогай, развівацца і хочацца стаць запатрабаванай артысткай.
Алена ДРАПКО
Фота дадзена прадзюсарскім цэнтрам «СПАМАШ»
Бліц-апытанне:
1. Песня, якая заўсёды паднімае мне настрой...
— Гэта кампазіцыя Фарэла Уільямса «Happy» з мультфільма «Гадкі я».
2. З кожнай перамогай я разумею, што...
— Усё не дарэмна!
3. Я хвалю сябе, калі...
— Скараю новыя вяршыні.
4. У творчасці мяне натхняе...
— Падтрымка людзей, якія вераць у мяне.
5. У жыцці галоўнае...
— Сям’я і працавітасць.